Рагнеда Рагвалодаўна
Рагнеда Рагвалодаўна, Гарыслава (стар.-паўн.: Ragneiethr; 966 — 1000), княжна полацкая, дачка полацкага князя Рагвалода, адна з жонак вялікага князя кіеўскага Уладзіміра Святаславіча.
|
Жыццяпіс[правіць]
У пач. 978 г. Рагнеда была прасватаная за вял.кн. кіеўскага Яраполка, які шукаў саюзу з Рагвалодам супраць свайго брата Уладзіміра, кн. наўгародскага. Рагвалод ужо пачаў ваяваць наўгародскія воласці, калі ў Полацк прыехалі і ўладзіміравы сваты. Паводле летапісу, Рагвалод запытаўся ў дачкі ці хоча яна замуж за Уладзіміра, а Рагнеда адмовілася ад шлюбу з сынам рабыні.
Калі Уладзіміравы сваты паведамілі Дабрыні адказ Рагнеды, ён з войскам з варагаў, наўгародцаў, чудзі і крывічоў (ізборска–пскоўскіх) прыйшоў пад Полацк, калі Рагнеду ўжо сабраліся везці да Яраполка. Рагвалод выйшаў супраць, але пацярпеў паразу ў бітве і зачыніўся ў горадзе, спадзяючыся дачакацца кіеўскіх войскаў ужо пасланых Яраполкам. Ваяводы Яраполка спазняліся да Полацка, верагодна, на 5-10 дзён, горад быў узяты вясною 978 г. Рагвалод з сынамі, жонкай і Рагнедай трапіў у палон. Дабрыня зневажаў Рагвалода, нагадаў Рагнедзе, як назвала Уладзімірам рабінічам, і загадаў Уладзіміру згвалціць яе на вачах бацькі і маці. Пасля Рагвалод разам з жонкай і сынамі быў забіты.
Няслушна, што абразлівыя для Уладзіміра словы належаць 12-гадовай Рагнедзе і што гэтыя словы прычына вайны. Сапраўдная прычына вайны ў тым, што Рагвалод уступіў у барацьбу паміж Уладзімірам і Яраполкам на боку аднаго з іх. Адказ Рагнеды сведчыў пра палітычны выбар Рагвалода на карысць Кіева, што немінуча вяло да вайны з Ноўгарадам, пагатоў яна ўжо вялася Рагвалодам.
Хутка пасля гэтага — 11 чэрвеня 978 г. Уладзімір быў абвешчаны вял.кн. кіеўскім забіўшы свайго брата Яраполка. У Кіеве было спраўлена яго вяселле з Рагнедай, дзе ён даў сваёй новай, другой ужо жонцы імя Гарыслава. Пасля гэтага Рагнеда–Гарыслава была паселеная ў сяльцы на р. Лыбедзі пад Кіевам[1] Плануючы прыняць хрысціянства, каб ажаніцца з візантыйскай прынцэсай Аннай, недзе перад 986 г. Уладзімір мусіў развесціся з усімі сваімі паганскімі жонкамі, у т.л. з Рагнедаю. Верагодна, менавіта да гэтага часу (985-986) трэба аднесці і замах Рагнеды на Уладзіміра.
Спрэчныя моманты[правіць]
Колькасць дзяцей[правіць]
Паводле «Аповесці мінулых гадоў» у Рагнеды з Уладзімірам было 4 сыны і 2 дачкі — Ізяслаў, Яраслаў, Усевалад, Мсціслаў[2], Прадслава і Праміслава. Але пярэчанні паміж пералікамі ўладзіміравых жонак і адпаведна дзяцей ў розных летапісах даюць падставу сцвярджаць, што гэтыя пералікі няпэўныя і рэдагаваліся ў пазнейшыя часы.[3] У Лаўрэнцеўскім летапісе і ў Маскоўскім зводзе 1479 году ў Рагнеды называецца толькі адзін сын — Ізяслаў[4]. Вядомы летапісны антаганізм паміж "Рагвалодавымі ўнукамі" і "Яраслававымі ўнукамі" не меў бы сэнсу, калі б Яраслаў быў рагнедавым сынам, бо і яго ўнукі былі б адначасова ўнукамі Рагвалода[4]. Таксама, непрацяглы шлюб — каля 7 гадоў (1-ая пал. 978 — да 986), статус жонкі выдаленнай ад вялікакняскага двара, тры пазнейшыя паганскія шлюбы Уладзіміра (з "грэкіняй", "чэхіняй" і "балгарыняй") і 800 наложніц (300 у Вышгарадзе, 300 у Белгарадзе і 200 у Берастове) дазваляюць сумнявацца ў верагоднасці звестак летапісаў.[3]
Асабліва супярэчлівым з'яўляецца прылічэнне да сыноў Рагнеды Яраслава, які нарадзіўся ў 978 і пры гэтым паводле летапісаў быў малодшы за Ізяслава, для таго каб зняць гэтую супярэчнасць некаторыя даследчыкі прапануюць унесці змены ў храналогію падзей на Русі ў 970-х і змясціць узяцце Полацка пад 976 або 975 годам. Магчыма, прылічэнне Яраслава, а таксама яго братоў і сёстраў да сыноў Рагнеды адбылося ў часы Уладзіміра Усеваладавіча або яго сына Мсціслава, якія імкнуліся да падпарадкавання сабе Полацкай зямлі. У іх час летапісанне была перададзенае з Кіева-Пячэрскага ў Выдубіцкі манастыр, запісы былі перапрацаваныя, прылічэнне свайго продка да сыноў Рагнеды давала Уладзіміру і Мсціславу болей правоў на Полацк. Верагодна, Ізяслаў быў адзіным дзіцём Рагнеды.[3] Гэта пацвярджаецца як словамі самой Рагнеды да Уладзіміра: "Ты бацьку майго забіў і зямлю яго паланіў дзеля мяне, а цяпер не любішь мяне з гэтым дзіцём", так і словамі Уладзіміравых баяраў: "Не забівай яе дзеля гэтага дзіцяці, а аднаві яе отчыну і дай ёй са сваім сынам". У некаторых спісках Ізяслаў названы не дзіцём, а "младзенцам", што свечыць пра яго ўзрост на той момант не болей за 7 гадоў[3] — значыць, калі тыя падзеі адбываліся перад 986, што праўдападобна, нарадзіцца ён мог не раней за 979.
Яраслаў, які нарадзіўся не пазней за 978, храналагічна не мог быць малодшым братам Ізяслава і сынам Рагнеды, а толькі сынам першай жонкі Уладзіміра — Аловы, т.б. быў другім яго сынам пасля Вышаслава. Алова вядомая з скандынаўскіх сагаў пад імем Алогія, у сагах яна выступае ўплывовай на Русі жанчынай, якая жыла ў сталіцы і ўдзельнічала ў палітыцы, прымала да двара скандынаваў, мела значныя грашовыя сродкі і ўласную дружыну. Падобны статус больш адпавядае тытулу "царыца", якім пазней назвала сябе маці Яраслава, чым статус Рагнеды — жыхаркі прыгараднага сяльца. Калі Яраслаў не сын Рангеды, то яго браты і сёстры таксама не яе дзеці. (Гл.падр.: #Прыняцце пострыгу)
Замах на Уладзіміра[правіць]
Паводле легенды, Уладзімір прыехаў аднойчы ў сяльцо на Лыбедзі дзе жыла Рагнеда, і ўначы, калі ён спаў, яна хацела закалоць яго, але князь прачнуўся і паспеў адвесці ўдар. Спроба Рагнеды забіць мужа разглядаецца некаторымі даследчыкамі як праяўленне рэўнасці, а некаторымі як помста забойцу яе бацкоў. Уладзімір хацеў пакараць Рагнеду смерцю, але за маці ўступіўся сын Ізяслаў. Тады Уладзімір саслаў жонку і сына ў Ізяслаўль ці Полацк.
Прыняцце пострыгу[правіць]
У Цвярскім летапісе (1534) змешчана легенда аб тым што перад прыняццем хрысціянства Уладзімір Святалавіч прапанаваў саёй жонцы — маці Ярасалава развод і замужжа з любым са сваіх баяраў. Аднак маці Яраслава адмовілася адказаўшы: «Царыцай была, а рабыняй быць не хачу», а выказала жаданне прыняць пострыг, што пазней і зрабіла пад імем Анастасія, гэтае рашэнне нібыта настолькі ўразіла Яраслава, які прысутнічаў пры размове, што ён вылечыўся ад паралічу ног. Аўтар Цвярскога летапісу (1534), якія ведаў гэтую легенду аб маці Яраслава, але не ведаў яе імя, гледзячы ў рэдагаваныя ўжо ў 12 ст. летапісныя спісы жонак і сыноў Уладзіміра Святалавіча ўпісаў у легенду Рагнеду[3]. Адсюль пайшлі яшчэ больш пазнейшыя легенды аб тым, что Рагнеда пад імем Анастасія жыла ў Ізяслаўлі дзе нібыта для яе быў заснаваны манастыр, але гэтыя звесткі выключна гіпатэтычныя і не маюць пацверджання ў крыніцах. Некаторыя даследчыкі ўсёж-такі звязваюць дзве легенды (аб замахе і аб пострыге) і лічаць, што непасрэдна пасля адмовы выйсці замуж за баярына маці Яраслава (атрымліваецца, Рагнеда) і зрабіла ўначы замах на жыццё Уладзіміра, праўда ў такім выпадку дзеянні маці Яраслава выглядаюць даволі не паслядоўнымі. Да таго ж, Рагнеда наўрадці магла лічыць сябе "царыцай", такі статус хутчэй пасуе першай жонцы Уладзіміра — Алове. (Гл.падр.: #Колькасць дзяцей)
Вобраз у мастацтве[правіць]
Лёс і асоба Рагнеды здаўна цікавілі мастакоў, паэтаў і музыкантаў — мастакі А. Ласенка і С. Грыбкоў напісалі палотны «Уладзімір і Рагнеда» (гл. малюнак) і «Рэўнасць Рагнеды». Кампазітар А. Сероў напісаў оперу «Рагнеда», прэм’ера якой з вялікім поспехам адбылася ў Марыінскім тэатры (1865). Пра Рагнеду пісалі свае паэмы і вершы К. Рылееў, Т. Шаўчэнка, Я. Купала.
- Бондар Т. «Рагнеда»: (паэма) // Чырвоны месяц года. -Мн., 1985. — С.84-125
- Вольскі А. В. «Выгнанне Рагнеды»: (паэма) // Наваселле дрэў. -Мн., 1990. — С.99-123
- Елізар'еў В., Мдзівані А. «Страсці (Рагнеда)»: (балет)
- Іпатава В. «Рагнеда»: (верш) // Крыніца. — 1997. № 9. - С.22-23.
- Крэчэўскі П. «Рагнеда»: (гіст. драма Х ст. у 4 актах з пралогам) // Спадчына. -1993. № 3. -С.16-30
- Рылеев К. Ф. «Рогнеда»: (паэма) // Полоц. летописец. - 1992. № 1. - С.87-89
- Случанін Л. «Рагнеда» (паэма). Вільня, 1944; [Сідней], 1958; Спадчына. 1991, № 1.
- Тарасаў К. «Тры жыцці княгіні Рагнеды»: (аповесць)
- Дудараў А. «Палачанка»: (вершаваная драма) 1998.
Зноскі
- ↑ Пазней вядома пад назвай Прадславіна ад імя ўладзіміравай дачкі Прадславы, якая жыла там пасля Рагнеды (цяпер мясцовасць у межах Кіева).
- ↑ У пераліках уладзіміравых сыноў два Мсціслава, першы прыпісваецца Рагнедзе і, калі існаваў, а не з'яўляецца памылкай перапісчыкаў, памёр у маленстве. Другі Мсціслаў — сын іншай уладзіміравай жонкі, верагодней за ўсё Адэльі.
- ↑ 3,0 3,1 3,2 3,3 3,4 Заяц Ю.А. Заславль в... С. 112.
- ↑ 4,0 4,1 Рукавишников А.В. Почему полоцкие... С. 105.
Літаратура[правіць]
- Рагнеда Рагвалодаўна // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т.13. -Мн., 2001. — С.200-201.
- Рагнеда Рагвалодаўна // Асветнікі зямлі Беларускай: Энцыкл. даведнік. -Мн., 2001. — С.337-338.
- Рагнеда Рагвалодаўна // Беларусь: Энцыкл. даведнік. — Мн., 1995. — С.613-614.
- Бацькаўшчына: Зб. гіст. літ.: (Зб. прысвечаны Рагнедзе, дачцэ першага полац. князя Рагвалода). — Мн.: Юнацтва, 1999. — 367 с.: іл.
- Рагнеда Рагвалодаўна // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Полацка. -Мн., 2002. — С.101.
- Фількова А. Дачка я волі…: (Вобраз Рагнеды ў бел. літ.) // Першацвет. -1995. № 1. -С.111-120.
- Заяц Ю. А. Заславль в эпоху феодализма. —Мн.: Навука і тэхніка, 1995. —207 с.: іл. ISBN 5-343-01350-3
- Рукавишников А. В. Почему полоцкие князья были сосланы в Византию: Свидетельства источников // Древняя Русь: Вопросы медиевистики. 2003. № 2 (12). С. 99-111.
- Чамярыцкі В. Летапісныя рэдакцыі падання пра Рагнеду // Беларусіка — Albaruthenica. Кн. 9. 480 год беларускага кнігадрукавання: Матэрыялы Трэціх Скарынаўскіх чытанняў / Гал. рэд. А. Мальдзіс і інш. Мн., 1998. С. 163—169.
У Сеціве[правіць]