Радамльскі замак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Радамльскі замак — колішні замак паміж вёскамі Радамля і Аляксандраўка Чавускага раёна, які існаваў у XIIXVII стагоддзях. Замчышча займала гарадзішча XIIXIII ст., размешчанае на мысе высокага левага берага ракі Радуча, прытока Проні. Пляцоўка гарадзішча авальнай формы (53x40 м) з поўначы была абаронена грэбнепадобным валам вышынёй каля 4,7 м і шырынёй да 8 м у аснове. Ранняе гарадзішча па ўсім перыметры было абнесена валам, які цяпер знівеліраваны за выключэннем паўночнага ўчастка. Паўднёвы, больш нізкі край замкавай пляцоўкі ўзвышаецца над далінай Радучы на 16 м, паўночна-ўсходні — больш як на 18 м. Ад берагавога плато замчышча было аддзелена ірвом глыбінёй 10 м і шырынёй 40 м.

Інвентары Радамльскага замка не захаваліся. Даследаванні даюць падставу меркаваць, што ў замку было не менш за 4 вежы: уязная вежа-брама, баявая вежа на грэбнепадобным валу з поўначы, 2 вежы размяшчаліся па перыметры сцен. Праз невялікую «брамку-фортку» у тоўшчы абарончых сцен ажыццяўляўся выхад з замка да ракі.

Археалагічныя даследаванні ў Радамлі сведчаць, што ў XIV—XVII ст. драўляныя абарончыя сцены ўзводзіліся тут у выглядзе вастракола і традыцыйных гародняў, абмазаных глінай. Яны стаялі на вале, які неаднаразова падсыпаўся. У паўднёвай, найбольш ахаванай частцы замка знаходзіўся старажытны калодзеж, ад якога збераглася варонкападобная западзіна дыяметрам каля 8 м і глыбінёй больш за 4,5 м.

12 верасня 1527 замак «з дворы и бояры, и их именьи, и з селы» былі падараваны вялікім князем літоўскім і каралём польскім Жыгімонтам I Старым князем Міхаілу Іванавічу Жаслаўскаму. У 1528 годзе Жаслаўскі па патрабаванні караля перадаў Радамлю свайму сыну Фёдару, які перайшоў на службу да маскоўскага князя. 3 1528 годзе Радамля зноў стала велікакняжацкім уладаннем.

У 1535 Радамльскі замак моцна пацярпеў у час аблогі. Кароль у пісьме панам-радзе звяртаў увагу на неабходнасць тэрміновага «отправеня замку… Радомля по добыванию Московского о опатрене спижею и учинене подможеня боярам». Палова ўсяго сабранага ў воласці хлеба ішла ў жытніцы Радамльскага замка для ўтварэння запасаў на выпадак аблогі, а прыбыткі з корчмаў і мыту — на ўтрыманне тутэйшых пушкароў. У арсенале Радамльскага замка захоўвалася агнястрэльная зброя, якую цэнтралізавана пастаўлялі з гарматнага Віленскага двара. У 15521565 гадах для пастаяннага гарнізона сюды прывозіліся гакаўніцы, ручніцы, розная амуніцыя. Мясцовая шляхта прасіла ў 1569 годзе на Віленскім сейме караля, каб ён «Радомлянский замок оправить або его знову будовать расказать рачил».

Падчас Лівонскай вайны 1558—1582 гадоў Радамльскі замак быў спалены[1].

У час вайны 1654—1667 гг. гадоў у Радамлі фарміраваўся беларускі казацкі полк К. Паклонскага, пазней размяшчаліся часці казакоў Нежынскага палка. Галоўнай ролі ў вайне замак не адыгрываў і пасля XVII стагоддзя ў гістарычных крыніцах не ўпамінаецца.

Зноскі

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]