Рака Вента
| Вента лат.: Venta, літ.: Venta |
|
| Вусце | Балтыйскае мора |
| Даўжыня | 346 км |
| Расход вады | 95,5 м³/с |
| Вадазбор | 11800 км² |
Ве́нта, Вэнта (літ.: Venta (прамаўляецца як «Вянта»); лат.: Venta; польск.: Windawa) — рака басейна Балтыйскага мора, якая працякае ў Літве і Латвіі. Яе даўжыня — 346 км, плошча басейна — 11 800 км², перапад вышыняў — 166 м. Вента выцякае з Жэмайцкага ўзвышша з возера Венэ недалёк ад горада Куршэнай, а ўпадае ў Балтыйскае мора праз Вентспілскі марскі порт. Асноўны накірунак плыні — на паўночны захад. Па тэрыторыі Літвы рака працякае 168 км, па тэрыторыі Латвіі — 178 км. Самыя вялікія гарады на берагах Венты — Мажэйкяй, Кулдыга і Вэнтспілс. Самыя значныя прытокі — рэкі Вірвітэ ў Літве і Абава ў Латвіі.
Ля Кулдыгі на Веньце знаходзіцца знакамітая Вентас румба — самы доўгі ў Еўропе вадаспад шырынёй 240 м. Недалёк ад яго (дзе рэчка Алекшупітэ ўпадае ў Венту) месціцца і самы высокі вадаспад у Латвіі (4,2 м увышкі).
Прыкладна 50 % басейна ракі пакрыта лесам. Лёд на рацэ стаіць з канца снежня і да пачатку сакавіка. Частка ракі ад літоўска-латышскай мяжы і да Кулдыгі выкарыстоўваецца як турыстычная траса для паходаў на байдарках. Вента — вельмі шчодрая рака для рыбакоў. У ёй ловяцца акуні, галавачы, карасі, ляшчы, судакі, шчупакі, язі.