Рака Меконг
| Меконг в'етн. Mê Kông |
|
| Вусце | Паўднёва-Кітайскае мора |
| Даўжыня | 4500 км |
| Расход вады | 15 000 м³/с |
| Вадазбор | 810 тыс. км² |
Меконг — рака ў Азіі, у Кітаі, М'янме, Лаосе, Тайландзе, Камбоджы, В'етнаме (часткова ўтварае мяжу Лаоса з М'янмай і Тайландам), самая вялікая на п-ве Індакітай.
Даўжыня каля 4500 км, плошча басейна 810 тыс. км².
Пачынаецца (пад назвай Дза-Чу) на Тыбецкім нагор'і (каля хр. Тангла, на вышыні больш за 3000 м). Цячэ ў глыбокіх цяснінах Сіна-Тыбецкіх гор, цераз Юньнань-Гуйчжоўскае нагор'е (дзе называецца Ланьцанцзян), у заходніх адгор'ях гор Чыангшон, па Камбаджыйскай раўніне (пры выхадзе на раўніну вадаспад Кон). Упадае ў Паўднёва-Кітайскае мора. Ніжэй г. Пнампень пачынаецца дэльта ракі (плошча каля 70 тыс. км²), дзе вылучаюцца два галоўных рукавы. Дэльта забалочаная, месцамі пакрытая мангравымі зараснікамі.
Галоўныя прытокі: Мун, Танлесап (справа), У, Кадынг, Сан, Нам Оў (злева).
Жыўленне ў верхнім цячэнні снегавое і ледавіковае, у ніжнім — дажджавое. Летне-асенняе разводдзе з пад'ёмам узроўню да 10—15 м. Сярэдні гадавы расход вады каля г. Пнампень 13,2 тыс. м³/с (у разводдзе да 30 тыс. м³:/с, у межань да 1,5 тыс. м³/с). Замярзае ў верхнім цячэнні на 1—2 месяцы. Натуральны рэгулятар сцёку Меконга ў ніжнім цячэнні — возера Танлесап, якое злучана з Меконгам аднайменным прытокам. У вільготны сезон (чэрвень—лістапад) возера папаўняецца водамі Меконга, у сухі (лістапад—чэрвень) — узровень вады ў Меконгу ніжэйшы, чым у возеры, і адбываецца скід азёрнай вады ў рэчышча ракі. Цвёрды сцёк каля 1,5 км³ за год, што абумоўлівае рост дзльты на 80—100 м штогод.
Выкарыстоўваецца для арашэння (пераважна рысавых палёў). ГЭС Нам Нгум (Лаос) на р. Нгум (левы прыток Меконга). Рэкі і азёры басейна Меконга багатыя рыбай, шмат вадаплаўных птушак, ёсць кракадзілы. Суднаходства на 700 км ад вусця, у разводдзе на 1600 км (да г. В'енцьян). Марскія судны падымаюцца на 350 км (да г. Пнампень). На Меконгу — гарады Луангпрабанг, В'енцьян, Саванакхет (Лаос), Пнампень (Камбоджа).
Літаратура [правіць]
- Лоўчая Л. Меконг // БЭ ў 18 т. Т. 10. Мн., 2000.