Род Гедзімінавічаў

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Гедзімінавічы, Гедымінавічы (літ.: Gediminaičiai, польск.: Giedyminowicze) — шматлікі і разгалінаваны арыстакратычны род, прадстаўнікі найвышэйшай арыстакратыі у ВКЛ, Польшчы, Венгрыі, Чэхіі і Маскоўскай дзяржаве (пазней Расіі), нашчадкі сыноў, унукаў і праўнукаў вял.кн. літоўскага Гедзіміна.

Кожны з сыноў Гедзіміна (апроч Монвіда або Мантоўта) пакінуў нашчадкаў, якія мусілі ўтварыць асобныя ўдзельныя дынастыі ў тых княствах, якімі валодалі іх бацькі. Але ва ўмовах ўтварэння цэнтралізаванай дзяржавы наступныя па Гедзіміне вялікія князі імкнуліся пазбегнуць утварэння ўдзелаў асабліва ў цэнтральнай частцы краіны. Так, Новагародак пасля смерці Карыята Гедзімінавіча перайшоў у велікакняжацкую ўласнасць, а Карыятавічы атрымалі ўдзелы на тэрыторыі Падолля, адваяванай Альгердам у татар. Увогуле Альгерд імкнуўся рассадзіць сваіх шматлікіх сыноў і пляменнікаў на новадалучаных тэрыторыях (якіх за час свайго панавання ён набыў шмат, скарыстаўшы часовае аслабленне Залатой Арды).

Альгерд аддаў Полацк свайму старэйшаму сыну Андрэю, а яшчэ чацвёра Альгердавічаў атрымалі княствы ў Бранску, Кіеве, Чарнігаве і Ратне (апошняе княства вылучана са складу Валыні). Кейстут для сваіх сыноў вылучыў часткі ўласных уладанняў: Гродна і Берасце (пазней Кейстутавічы валодалі і Новагародкам). З сыноў Нарымонта старэйшы, Міхаіл, захаваў за сабой бацькоўскі Пінск. Астатнім яго сынам дасталіся Белз на захадзе Валыні, Старадуб на Севершчыне (былой частцы Чарнігаўскага княства) і правы на тыя вотчыны, якія Нарымонт атрымаў ад Вялікага Ноўгарада. Сыны Яўнута захавалі Заслаўскае княства, а іх нашчадкі праз шлюб набылі яшчэ і Мсціслаўскае княства.

Вынікам рускай палітыкі Гедзіміна стала хрышчэнне большасці яго нашчадкаў ў праваслаўе. Паступова яны пранікаліся мясцовымі інтарэсамі сваіх княстваў і практычна цалкам русіфікаваліся, таму часта у крыніцах называліся «рускімі князямі» і «русінамі». Некаторыя з Гедзімінавічы па розных прычынах выказвалі сімпатыі да Вялікага княства Маскоўскага — асноўнага канкурэнта ВКЛ ў падпарадкаванні княстваў колішняй Русі і выяджалі туды часовы або заставаліся там на заўсёды. Часова ў Маскву выязджалі Яўнут Гедзімінавіч, Андрэй, Дзмітрый і Свідрыгайла Альгердавічы, а Патрыкей Нарымонтавіч з двума малодшымі сынамі, Фёдарам і Юрыем, увогуле застаўся там назаўсёды. Абодва Патрыкеевічы зрабіліся потым важнымі маскоўскімі баярамі. Ад Фёдара пайшоў род князёў Хаванскіх, а ад Юрыя — князёў Патрыкеевых, якія пазней падзяліліся на князёў Галіцыных і Куракіных (гэтыя роды пакінулі значны адбітак у гісторыі Расіі). Старэйшы сын Патрыкея, Аляксандр Старадубскі, застаўся ў ВКЛ, у кан. 14 ст. ён быў пераведзены са Старадуба ў Карэц на Валыні. Яго нашчадкі ўтварылі род князёў Карэцкіх.

Пераемнікам Альгерда ў выніку жорсткай міжусобнай барацьбы стаў яго сын ад другой жонкі (Ульяны Цверскай) Ягайла. У 1386 г. ён быў абраны каралём Польшчы пад імем Уладзіслава II. Велікакняжацкую пасаду Ягайла перадаў малодшаму брату Скіргайлу, але ў 1392 г. сын Кейстута Вітаўт дамогся таго, што Ягайла прызнаў яго вялікім князем. Пасля Крэўскай уніі 1385 на змену русізацыі прыйшла паланізацыя Гедзімінавічаў, якая адбывалася на працягу двух наступных стагоддзяў. Пасля смерці Вітаўта у 1430 г. вялікім князем стаў самы малодшы сын Альгерда — Свідрыгайла. Ён спрабаваў апірацца на прыхільнікаў незалежнасці і рускага вектара палітыкі, але пацярпеў паражэнне. Яго канкурэнт — брат Вітаўта Жыгімонт Кейстутавіч, працягваў прапольскую палітыку.

Альгердавічы і Кейстутавічы карысталіся, апроч герба «Калюмны», агульнадзяржаўным гербам «Пагоня» (Уладзіслаў-Ягайла унёс яго і ў дзяржаўны герб Польшчы побач з традыцыйным белым арлом). Пазней іх нашчадкі пачалі ўжываць «Пагоню» ў якасці родавага герба. «Пагоня» стала і эмблемай дынастыі Ягелонаў, заснаванай сынамі Ягайлы ад шлюбу з княжной Соф'яй Гальшанскай Уладзіславам і Казімірам. Прадстаўнікі іншых галін Гедзімінавічаў працягвалі існаваць побач з Ягелонамі як найвышэйшая арыстакратыя.