Руаль Амундсен
Руаль Амундсен (нарв. Roald Engelbregt Gravning Amundsen; 16 ліпеня 1872 — 18 чэрвеня 1928) — нарвежскі палярны падарожнік і даследчык.
Руаль Амундсен нарадзіўся ў Боргу паблізу Осла. Паступіў на медыцынскі факультэт мясцовага універсітэта, але неўзабаве пакінуў вучобу.
У 1897—1899 удзельнічае ў экспедыцыі ў Антарктыку, якую ўзначальваў бельгійскі марскі афіцэр лейтэнант Адрыен дэ Жэрлаш. Амундсен быў першым памочнікам капітана на караблі «Бельжыка».
17 чэрвеня 1903 на судне «Йоа» Амундсен адправіўся ў Арктыку. Арганізаваўшы базу ў бухце Йоа, ён распачаў паходы на санях да Паўночнага геамагнітнага полюса і вызначыў яго размяшчэне, а таксама прайшоў уздоўж берагоў вострава Вікторыя. Затым праплыў на «Йоа» праз праліў Сімпсана, знайшоў Паўночна-Заходні марскі шлях і ў 1906 дабраўся да Сан-Францыска.
Экспедыцыя ў Антарктыду [правіць]
Наступнай мэтай Амундсена было дасягненне Паўночнага полюса. Але калі з'явілася паведамленне аб тым, што гэта здзейсніў Роберт Піры, ён вырашыў дасягнуць Паўднёвага полюса.
9 жніўня 1910 адправіўся ў Антарктыку на «Фраме» — знакамітым караблі Фрыцьёфа Нансена. У тойжа час брытанская экспедыцыя пад кіраўніцтвам Роберта Скота таксама спрабавала дабрацца да Паўднёвага полюса. Амундсен старанна падрыхтаваўся: удала абраў маршрут, арганізаваў сістэму складоў з харчамі і паспяхова выкарыстаў санкавыя запрэжкі з сабакамі. З чатырма спадарожнікамі дасягнуў Паўднёвага полюса 14 снежня 1911 (Скот з чатырма спадарожнікамі дайшоў да полюса толькі 18 студзеня 1912).
Пазнейшыя даследаванні [правіць]
15 ліпеня 1918 Амундсен адправіўся з Аляскі на судне «Мод» Паўночна-Усходнім шляхам, але лядовыя ўмовы перашкодзілі выкананню яго задумы. Тады Амундсен вырашыў даследаваць Арктыку з паветра.
11 мая 1926 Амундсен разам з амерыканскім даследчыкам Лінкальнам Элсуортам і італьянскім інжынерам Умберта Нобіле стартаваў са Шпіцбергена на дырыжаблі «Нор'е» («Нарвегія»). Яны праляцелі над Паўночным полюсам і праз 71 гадзіну прызямліліся ў Тэлеры на Алясцы.
17 чэрвеня 1928 Амундсен ізноў падняўся ў паветра, каб знайсці экіпаж дырыжабля Нобіле, і загінуў у Баранцавым моры.
Памяць [правіць]
У гонар Р. Амундсена названа мора каля берагоў Антарктыды, заліў і катлавіна ў Паўночным Ледавітым акіяне, гара, амерыканская навуковая станцыя Амундсэн-Скот у Антарктыдзе, месяцовы кратар, ледавік у Антарктыцы.