Рыгор Раманавіч Шырма
| Рыгор Раманавіч Шырма | ||||||||
Марка Беларусі «100 гадоў з дня нараджэння Р. Р. Шырмы». 1992 |
||||||||
| Асноўная інфармацыя | ||||||||
|---|---|---|---|---|---|---|---|---|
| Дата нараджэння | ||||||||
| Месца нараджэння | ||||||||
| Дата смерці |
23 сакавіка 1978 (86 гадоў) |
|||||||
| Месца смерці |
г. Мінск |
|||||||
| Краіна | ||||||||
| Прафесіі | ||||||||
| Псеўданімы |
Р. Баравы; Вучыцель. Крыптанімы: В. М.; В.-ч; Г. Ш.; Р. Ш. |
|||||||
| Узнагароды |
|
|||||||
Рыгор Раманавіч ШЫРМА (Псеўданімы: Р. Баравы; Вучыцель. Крыптанімы: В. М.; В.-ч; Г. Ш.; Р. Ш.; 8 (21) студзеня 1892[1], в. Шакуны Пружанскага павета Гродзенскай губерні, цяпер Пружанскі раён Брэсцкай вобласці — 23 мая 1978, г. Мінск) — беларускі харавы дырыжор, фалькларыст, грамадскі і музычны дзеяч, публіцыст, літаратуразнавец.
Мастацкі кіраўнік і галоўны дырыжор Дзяржаўнай акадэмічнай харавой капэлы БССР (1939—1970). Лаўрэат Дзяржаўных прэмій БССР за канцэртна-выканаўчую дзейнасць (1966) і за «Беларускія народныя песні ў апрацоўках для хору» (1974). Народны артыст БССР (1949) і СССР (1955), Герой Сацыялістычнай Працы (1977), заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1946). Узнагароджаны ордэнамі Леніна, Кастрычніцкай Рэвалюцыі, Працоўнага Чырвонага Сцяга, «Знак Пашаны», балгарскім ордэнам Кірылы і Мефодзія II ступені, медалямі.
Сабраў больш за 2 тысячы беларускіх народных песень. Выдаў першыя зборнікі Міхася Васілька, Максіма Танка, Сяргея Крыўца.
Змест |
Біяграфія [правіць]
Нарадзіўся ў вялікай сям'і, дзе спевакамі былі ўсе, пачынаючы з бондара дзеда Васіля па мянушцы Майстровіч. Добра спявалі дзянна[2] Ганна Іванаўна Шырма, яе дачка Алеся. Лепшыя калыханкі хлопчык пачуў ад маці Тэадоры Дзям'янаўны. Таленавітым выканаўцам быў бацька Раман Васільевіч (~1863—1947), які двойчы прызываўся ў царскую армію і ведаў даволі казацкіх, рэкруцкіх і салдацкіх песень. Адсюль пачалося захапленне малога Рыгора роднай песняй.
З прычыны беднаты сям'і з шасьцігадовага ўзросту Рыгору Шырму даводзілася працаваць па найме, а першапачатковую адукацыю атрымоўваць у «школе граматы», дзе працавалі найманыя настаўнікі. Адзін з настаўнікаў-семінарыстаў добра ведаў спевы, і Рыгор у гэты час пачаў спяваць у хоры.
У 1904 употай ад бацькі з 15 капейкамі ў кішэні Рыгор пешкі накіраваўся ў Пружаны, каб паступіць у гарадскую вучэльню. Таленавіты хлопчык ужо праз год стаў лепшым вучнем, іграў на струнных інструмэнтах і ўдзельнічаў у аркестры і хоры вучэльні. Моцна ўразіла юнака тое, што ў хоры не спявалі беларускіх песень. Яшчэ большае абурэнне выклікалі шавіністычныя наскокі на родныя песні, калі іх называлі перакручанымі расійскімі ці ўкраінскімі або ўвогуле адмаўлялі іх мастацкую каштоўнасць[3]. Скончыў школу на ўсе пяцёркі.
Цягу Рыгора да народнай паэзіі заўважыў настаўнік літаратуры Манцэвіч. Ён і заахвоціў таго запісваць песні. Спачатку гэта былі запісы ад Ганны Дудзейкі, у якой кватараваў юнак, пазней і ад іншых спевакоў. У 1907, у час летніх вакацый, Рыгор Шырма пешшу адправіўся ў сваю першую фальклорную вандроўку па Белавежскай пушчы, дзе запісаў беларускія народныя песні «Ой, не вылятай, сіва зязюлька», «Я з казаком стаяла», «Там за гаем». Але першай песенніцай была бацькава сястра Захвея Васільеўна (па мужы Хвораст, маці Янкі Хвораста) з вёскі Кацёлкі. Звычайна яе запрашалі на ўсе ўрачыстасці як першую спявачку. Акрамя такіх выдатных народных песен, як восеньская «Ой, не вылятай, сіва зязюлька», Шырма запісаў ад яе радзінны і вясельны абрады. Пра багацьце паэтычнай душы цёткі Захвеі ён напіша ў 1941 годзе ў артыкуле «Выдатная песенніца з народу». Калі фалькларыст назваў Захвеі Васільеўне лічбу ў сто пяцьдзясят запісаных уласна ад яе песняў, тая ўсклікнула: «Мусіць, я самая грэшная на свеце!» — «Чаму, бабко?» — «Бо ў нас ніхто столькі гэтых песняў ня помніць, колькі я».
У час навучання на двухгадовых настаўніцкіх курсах у Свянцянах у 1911—1912 Шырма праходзіць сальфеджыа, вучыцца іграць на скрыпцы, арганізуе настаўніцкі хор. Адначасова ён спрабуе запісваць мелодыі. Пасля сканчэння курсаў настаўнічаў у Лідскім і Свянцянскім паветах. Больш плённа канцэртная работа працягнулася ў Седлецкім настаўніцкім інстытуце (1914), які на той час быў эвакуяваны спачатку ў Маскву і Яраслаўль, а потым у Варонеж (скончыў у 1918). Аднак ладзячы канцэрты, яго глыбока абражала тое, што ён не мог знайсьці аніводнай апрацоўкі беларускай народнай песні. Можа з тых пор ён і пакляўся запоўніць гэтую пустку ў нацыянальнай культуры беларусаў.
Усе запісы, зробленыя Шырмам да Першай сусветнай вайны, згарэлі разам з хатай у Шакунах.
У канцы 1-ай сусветнай вайны мабілізаваны ў армію. Пасля вайны актыўна ўключыўся ў беларускі рух, у 1922 г. дзейнічаў у Беларускім выбарчым камітэце. У 1924 г. арганізаваў хор у Пружанах. З 1926 г. выкладчык спеваў Віленскай беларускай гімназіі, выхавацель у інтэрнаце гімназіі. Стваральнік харавых калектываў, у тым ліку хору Беларускага саюза студэнтаў у Вільні. У 1926—1937 г. быў сакратаром Галоўнай управы Таварыства беларускай школы. Выдаваў зборнікі беларускіх песняў. Стварыў і кіраваў двума хорамі ў Вільні: вучнёўскім пры гімназіі і студэнцкім. Быў звольнены з пасады настаўніка гімназіі. Арыштоўваўся польскімі ўладамі ў 1930 і 1933 г.
З літаратуразнаўчымі артыкуламі і рэцэнзіямі пачаў выступаць у друку з 1933 г. У 1933 г. разам з Ф. Стацкевічам пачаў выдаваць часопіс «Летапіс ТБШ» (з 1936 «Беларускі летапіс»). Наладжваў беларускія музычныя перадачы на польскім радыё, супрацоўнічаў са спеваком М. Забэйдам-Суміцкім. У сярэдзіне 1930-х адзін з першых дзеячаў культуры падтрымаў праграму Народнага фронту, актыўна супрацоўнічаў як публіцыст з народнафронтаўскай газетай «Наша воля». Выдаў для школьных і самадзейных хораў зборнікі «Беларускія народныя песні» (1929) і «Наша песня» (1938). У 1940 арганізаваў і ўзначаліў (да 1970) Дзяржаўную акадэмічную харавую капэлу БССР (з 1978 яго імя).
Быў адным з заснавальнікаў грамадскай арганізацыі «Беларускае таварыства па сувязях з суайчыннікамі за рубяжом».
Доўгі час шэфстваваў над Лебедзеўскай народнай харавой капэлай.
Арыштаваны ў 1941 г., сядзеў на Лубянцы. Вызвалены па хадайніцтве Я. Коласа перад П. Панамарэнкам. Сабраў больш за 2 тыс. беларускіх народных песень. У 1966—1978 г. старшыня праўлення Саюза кампазітараў БССР і сакратар праўлення Саюза кампазітараў СССР. Герой Сацыялістычнай Працы (1977), заслужаны дзеяч мастацтваў Беларусі (1946). Пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках.
Творы [правіць]
- Песня — душа народа: Публіцыстыка; Фальклор; Музыка; Літаратура: 1929—1939; 1944—1974 -Мн., 1976;
- Песня — душа народа: З літаратурнай спадчыны. Мн., 1993.
Зноскі
- ↑ Васіль Жураў. Рыгор Шырма: вялікі ў славе і просты ў жыцці // Звязда.
- ↑ дзядзькава жонка
- ↑ Рыгор Шырма / складальнік В. Дз. Ліцьвінка — Мінск: «Беларусь», 1990. — С. 5.
Літаратура [правіць]
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.2. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
- Нисневич И. Г. Г. Р. Ширма: Очерк жизни и творчества. 2 изд. Л., 1971.
- Песня на ўсё жыццё: Успаміны пра Р. Р. Шырму. Мн., 1983.
- Рыгор Шырма: (Фотаальбом) / Аўтар-склад. В.Ліцвінка. Мн., 1990.
- Шырма Рыгор Раманавіч // Беларускія пісьменнікі: Біябібліяграфічны слоўнік. У 6 т. / пад рэд. А. І. Мальдзіса. Мн.: БелЭн, 1992—1995., Т. 6.
- Асобы
- Музыканты паводле алфавіту
- Нарадзіліся 21 студзеня
- Нарадзіліся ў 1892 годзе
- Памерлі 23 сакавіка
- Памерлі ў 1978 годзе
- Дырыжоры паводле алфавіту
- Дырыжоры Беларусі
- Дырыжоры СССР
- Дырыжоры XX стагоддзя
- Кампазітары паводле алфавіту
- Кампазітары Беларусі
- Кампазітары СССР
- Кампазітары XX стагоддзя
- Постаці педагогікі
- Музычныя педагогі Беларусі
- Музычныя педагогі СССР
- Музычныя педагогі XX стагоддзя
- Героі Сацыялістычнай Працы
- Народныя артысты СССР
- Кавалеры ордэна Леніна
- Кавалеры ордэна Кастрычніцкай Рэвалюцыі
- Кавалеры ордэна Працоўнага Чырвонага Сцяга
- Кавалеры ордэна «Знак Пашаны»
- Памерлі 23 мая
- Постаці беларускай фалькларыстыкі
- Публіцысты Беларусі
- Постаці беларускага літаратуразнаўства