Рыгор Юстынавіч Якубёнак

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Рыгор Юстынавіч Якубёнак
Род дзейнасці настаўнік, грамадскі дзеяч
Дата нараджэння 1882
Месца нараджэння
Дата смерці 1944
Месца смерці

Рыгор Юстынавіч Якубёнак (1882, Залясінкі — 1944, Лужкі) — беларускі грамадскі дзеяч міжваеннага часу, педагог.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў 1882 годзе ў в. Залясінкі (цяпер Шаркаўшчынскі раён). Адукацыю атрымаў да вайны ў Маладзечанскай настаўніцкай семінарыі. Падчас Першай сусветнай вайны Якубёнак служыў у царскім войску. Вярнуўся на радзіму ў 1917 годзе. З 1921 па 1924 гг. працаваў настаўнікам беларусазнаўства ў Нясвіжскай беларускай гімназіі. Ужо ў 1923 годзе польскія ўлады, нягледзячы на тое, што быў праведзены набор новых навучэнцаў, не далі гімназіі дазволу на правядзенне навучання, матывуючы тым, што беларусы не маюць патрэбы ў беларускай сярэдняй адукацыі, што навучэнцаў мала, а ўзровень навучання нізкі і што памяшканне школы не адпавядае патрабаванням. Нягледзячы на афіцыйнае закрыццё гімназіі, настаўнікі працягвалі ў 1923—1924 навучальным годзе вучыць гімназстаў у канспіратыўных умовах на прыватных кватэрах. У 1924 годзе Нясвіжская беларуская гімназія канчаткова спыніла сваё існаванне.

Падпольнае існаванне Нясвіжскай гімназіі не магло далей працягвацца, і пасля безвыніковых пошукаў памяшкання для школы ў Нясвіжы і Гарадзеі, з вялікімі цяжкасцямі было знойдзена памяшканне ў Клецку. Польскія ўлады чынілі ўсемагчымыя перашкоды адкрыццю Клецкай гімназіі. Пасля заступніцтва паслоў Сейму, у тым ліку Браніслава Тарашкевіча, пад націскам бацькоў патэнцыяльных гімназістаў, а таксама самаахвярных дзеянняў заснавальніка Нясвіжскай і Клецкай беларускай гімназій Язэпа Шнаркевіча, ліцэнзія на дзейнасць Клецкай беларускай гімназіі, напачатку для 1-4 класаў, была нарэшце атрымана. Дырэктарам гімназіі быў прызначаны Рыгор Якубёнак.

Якубёнак распачаў актыўную дзейнасць па арганізацыі і добраўпарадкаванні гімназіі, размешчанай у Клецку па адрасу: вул. Татарская, 4. У 1926 годзе быў арганізаваны інтэрнат для гімназістаў. Якубёнак, які меў сталярныя, цяслярныя і мулярныя здольнасці, падчас канікулаў уласнаручна рабіў мэблю для інтэрната і для гімназіі, клаў печы і нават драўляны прасторны туалет. Ужо ў наступныя гады ў гімназіі было 8 асноўных класаў і адзін падрыхтоўчы, у якіх вучылася каля 200 гімназістаў. За тры выпускі гімназіі яе скончыла 46 навучэнцаў. У 1931 годзе Клецкая гімназія была ліквідавана польскімі ўладамі.

Грамадская дзейнасць Якубёнка не абмяжоўвалася кіраўніцтвам гімназіі. Ён быў адным з кіраўнікоў Таварыства беларускай школы, віцэ-старшынёй Беларускага прафесіянальнага вучыцельскага саюза, існаваўшага ў 19291937 гг. і заснаванага па ініцыятыве А. Луцкевіча, Р. Астроўскага, В. Грышкевіча і інш. Гэты факт паказвае, што і пасля закрыцця Клецкай гімназіі Якубёнак не заставаўся ў баку ад асветніцкай дзейнасці. Справа ў тым, што ў 1931 годзе Рыгор Юстынавіч вярнуўся ў родныя Залясінкі, працаваў на супольнай з братам гаспадарцы, займаўся пчалярствам і сталярствам. Польскія ўлады неаднаразова прапанавалі яму працу ў Лужэцкай школе, але Рыгор Юстынавіч гаварыў: «Я на палякаў працаваць не буду», так і не згадзіўшыся на гэтыя прапановы.

Падчас Другой сусветнай вайны акупацыйныя нямецкія ўлады адчынілі ў Лужках беларускую школу і Якубёнак вярнуўся да сваёй любімай справы, працуючы там выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры. У 1944 годзе Рыгор Юстынавіч Якубёнак загінуў ці памёр пры нявысветленных абставінах. Якубёнка знайшлі мёртвым у лесе па дарозе з Залясінак у Лужкі. Па адной з версій, яго забілі польскія асаднікі-АКаўцы, якія ненавідзелі Рыгора Юстынавіча за яго беларускую дзейнасць.