Рэвалюцыя ў Кыргызстане, 2010

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Рэвалюцыя ў Кыргызстане, 2010 (Кыргызстан)
Бішкек
Бішкек
Талас
Талас
Такмок
Такмок
Нарын
Нарын
Месцы асноўных падзей

Рэвалюцыя ў Кыргызстане, 2010 — дзяржаўны пераварот, які адбыўся 7 красавіка 2010 на хвалі антыўрадавых выступленняў і масавых беспарадкаў, якія ахапілі Кыргызстан у пачатку красавіка 2010.

Асноўныя падзеі адбываліся ў сталіцы краіны — Бішкеку, гарадах Талас, Такмок і Нарын. Загінула больш за 75 чалавек, атрымалі раненні звыш 1500 чалавек.

Галоўнымі прычынамі рэвалюцыі стала незадаволенасць народа нарастаннем аўтарытарных тэндэнцый падчас прэзідэнцтва Курманбека Бакіева, які ў сваю чаргу прыйшоў да вышэйшай улады ў краіне дзякуючы папярэдняй — «цюльпанавай» — рэвалюцыі 2005. Непасрэднай падставай для народных хваляванняў сталі павышэнне камунальных тарыфаў на святло і цяпло, распродаж буйных дзяржаўных актываў, карупцыя, арышты апазіцыйных лідараў напярэдадні народных сходаў. Дыскусійным у грамадстве было і пытанне аб амерыканскай ваеннай прысутнасці.

Павышэнне камунальных тарыфаў у Кыргызстане было выклікана ўздаражаннем з 1 красавіка імпарту энергарэсурсаў з Расіі пасля стварэння апошняй з Беларуссю і Казахстанам у пачатку 2010 мытнага саюзу.

З пачаткам беспарадкаў прэзідэнт Бакіеў пакінуў сталіцу і ўкрыўся на поўдні краіны ў горадзе Ош. Праціўнікі Бакіева стварылі пераходны ўрад на чале з Розай Атунбаевай.

У адрозненне ад Цюльпанавай рэвалюцыі 2005 рэвалюцыя 2010 не была звязана з выбарчым працэсам і не арганізоўвалася па «аранжавай» («аксамітнай») тэхналогіі, для падзей 2010 характэрныя рысы класічнай рэвалюцыі. Абедзве рэвалюцыі азнаменаваліся маштабным марадзёрствам у гарадах, якія сталі арэнай асноўных падзей.

19 красавіка 2010 адхілены ад улады прэзідэнт Кыргызстана Курманбек Бакіеў разам з сям'ёй прыбыў у Мінск. 21 красавіка ён заклікаў міжнародную супольнасць не патураць перавароту ў Кыргызстане.