Рэйхстаг (Веймарская рэспубліка)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Reichstag
Рэйхстаг
Герб
Тып
Тып Двухпалатны
Дзяржава

Германія Германія:

Гісторыя
Дата заснавання 1919
Дата скасавання 1945
Папярэднік Рэйхстаг Германскай імперыі
Пераемнік Кантрольны савет
Падпалены ў выніку падпалу рэйхстаг. 27 лютага 1933 года

Рэйхстаг (ням.: Reichstag — «дзяржаўны сход») — вышэйшы прадстаўнічы і заканадаўчы орган у Германіі часоў Веймарскай Рэспублікі, а таксама фармальна пры нацыянал-сацыялістах. Увесь гэты перыяд афіцыйнай назвай дзяржавы была «Германскі Рэйх» (ням.: Deutsches Reich), як і ў часы кайзераўскай Германіі.

Веймарскі перыяд[правіць | правіць зыходнік]

Паводле канстытуцыі Веймарскай рэспублікі (1918), рэйхсканцлер нёс адказнасць перад рэйхстагам, які меў шырокія заканадаўчыя паўнамоцтвы. Разам з тым рэйхспрэзідэнт меў права па канстытуцыі распускаць рэйхстаг калі заўгодна (хоць бы ў першую секунду першай сесіі). З 1930 года рэйхспрэзідэнт Паўль фон Гіндэнбург сістэматычна тармазіў дзейнасць рэйхстага, карыстаючыся арт. 48 Канстытуцыі аб надзвычайным становішчы.

На выбарах у ліпені 1932 года НСДАП атрымала істотную колькасць месцаў, і старшынёй рэйхстага быў выбраны Герман Герынг.

Рэйхстаг пры нацызме[правіць | правіць зыходнік]

Адольф Гітлер на пасяджэнні рэйхстага абвяшчае вайну ЗША, 11 снежня 1941 года

У студзені 1933 года канцлерам быў прызначаны Адольф Гітлер, і Гіндэнбург па яго просьбе распусціў рэйхстаг, прызначыўшы новыя выбары на сакавік. За шэсць дзён да іх, 27 лютага 1933 года адбыўся падпал рэйхстага, у якім былі абвінавачаны камуністы і ворагі нацыстаў. На іншы дзень Гіндэнбург падпісаў складзены нацыстамі ўказ, які адмяняў цэлы шэраг грамадзянскіх свабод, уключаючы свабоду друку.

Выбары 5 сакавіка 1933, аднак, не далі нацыстам (якія атрымалі мандаты забароненай пасля пажару КПГ) абсалютнай большасці, якую яны збіралі толькі разам з саюзнікамі, Нямецкай нацыянальнай народнай партыяй (52 месцы). Такая залежнасць не задавольвала Гітлера, і 23 сакавіка рэйхстаг прыняў Закон «Аб прадастаўленні надзвычайных паўнамоцтваў» (ням.: Ermächtigungsgesetz), інакш Закон «Аб пераадоленні бядотнага становішча народа і рэйха» (ням.: Gesetz zur Behebung der Not von Volk und Reich), паводле якога кабінет Гітлера меў права на працягу чатырох гадоў ці да змены кабінета ажыццяўляць заканадаўчыя функцыі без удзелу рэйхстага. Гэта пасяджэнне (як і ўсе далейшыя да 1942 года) адбываліся не ў будынку Рэйхстага, які пацярпеў ад пажару, а ў Кроль-Оперы, будынку насупраць.

Пасяджэнне Рэйхстага ў Кроль-Оперы. Сакавік 1933 год.

Пасля прыняцця закона аб надзвычайных паўнамоцтвах урада фактычна спынілася гісторыя парламента, які склікаўся толькі для таго, каб заслухоўваць выступленні Гітлера і іншых кіраўнікоў ці фармальна ўхваляць некаторыя іх рашэнні (які і без таго былі правадзейнымі); у прыватнасці, рэйхстаг прыняў закон, які заднім чыслом ухваляў дзеянні Гітлера падчас «Ночы доўгіх нажоў» у 1934 годзе.

Усе далейшыя выбары ў рэйхстаг, пачынаючы з выбараў лістапада 1933 г. былі безальтэрнатыўнымі і ўяўлялі сабой галасаванне па адзіным спісе НСДАП. У спіс уключаліся і нешматлікія беспартыйныя кандыдаты, якія лічыліся «гасцямі» нацысцкай фракцыі ў рэйхстагу. Гэтыя выбары былі пазачарговымі, падаваліся як вялікія прапагандысцкія падзеі і праводзіліся адначасова з плебісцытамі: з выбарамі 1933 г. быў праведзены плебісцыт аб выхадзе з Лігі Нацый, з выбарамі 1936 г. — аб рэмілітарызацыі Рэйнскай вобласці, з выбарамі 1938 г. — аб далучэнні Аўстрыі да Германіі. На выбарах лістапада 1933 і 1936 г. у бюлетэні наогул не было пункта «супраць». На выбарах 1938 г. кружок у бюлетэні, які адпавядае голасу «супраць», быў намаляваны нашмат меншым, чым той, што пазначаў «за», а незапоўненыя бюлетэні прыраўноўваліся да галасоў «за». 4 снежня 1938 г. былі праведзены таксама давыбары дэпутатаў у далучанай да Германіі Судэцкай вобласці. Старшынёй рэйхстага ўсіх гэтых скліканняў заставаўся Герман Герынг.

У 1937 годзе закон аб надзвычайных паўнамоцтвах урада быў падоўжаны на чатыры гады, у 1939 годзе з пачаткам вайны — датэрмінова яшчэ на чатыры, а пасля заканчэння гэтага перыяду ў 1943 годзе ўказам Гітлера абвешчаны бестэрміновым. Зрэшты, да гэтага часу рэйхстаг наогул перастаў збірацца (апошні раз 26 красавіка 1942 года). 22 лістапада 1943 года будынак Кроль-Оперы быў знішчаны падчас авіяцыйнага налёту саюзнікаў.

Далейшая гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Пасля капітуляцыі Трэцяга рэйха 9 мая 1945 года рэйхстаг, як і іншыя элементы дзяржаўнага ладу Германіі, быў скасаваны. Акупацыйныя зоны, на якія была падзелена акупаваная Германія, зразумела, не мелі патрэбы ў агульнадзяржаўным парламенце. Толькі да 1949 годзе, калі тры заходнія зоны акупацыі (амерыканская, брытанская і французская) былі аб'яднаны ў Федэратыўную Рэспубліку Германію, паўстала пытанне аб стварэнні агульнага парламента. Парламент атрымаў назву «бундэстаг» і пад гэтай назвай існуе і ў аб'яднанай Германіі. У ГДР была створана Народная палата.

Органы[правіць | правіць зыходнік]

  • Старшыня — вёў пасяджэнні
  • Намеснікі Старшыні
  • Прэзідыум (Präsidium)
  • Савет Старэйшын (Seniorenkonvent des Reichstages)
  • Пастаянны камітэт для аховы правоў народнага прадстаўніцтва ў адносінах да імперскага ўрада (ständige Ausschuß zur Wahrung der Rechte der Volksvertretung gegenüber der Reichsregierung) — ажыццяўляў паўнамоцтвы Рэйхстага паміж яго сесіямі
  • Суд па праверцы выбараў (Wahlprüfungsgericht)
  • Камітэты
  • Фракцыі

Старшыні[правіць | правіць зыходнік]

Намеснікі старшыні[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Martin Döring: Parlamentarischer Arm der Bewegung — Die Nationalsozialisten im Reichstag der Weimarer Republik, Droste: Düsseldorf 2001, ISBN 3-7700-5237-4
  • Thomas Mergel: Parlamentarische Kultur in der Weimarer Republik. Politische Kommunikation, symbolische Politik und Öffentlichkeit im Reichstag, Droste: Düsseldorf 2002, ISBN 3-7700-5249-8
  • Martin Schumacher (Hg.): M.d.R. Die Reichstagsabgeordneten der Weimarer Republik in der Zeit des Nationalsozialismus. Politische Verfolgung, Emigration und Ausbürgerung 1933—1945, 2. Aufl., Droste: Düsseldorf 1992, ISBN 3-7700-5169-6

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]