Саламон Майман

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Саламон Майман
ням.: Salomon ben Josua Maimon[1]
іўр.: Šlomoh ben Yhwšuʿa Maymwn[1]
Дата нараджэння 1754[2][3]
Месца нараджэння
Дата смерці 22 лістапада 1800(1800-11-22)[4][5]
Месца смерці
Грамадзянства
Род дзейнасці філосаф
Навуковая сфера філасофія[1]
Альма-матар
Школа/традыцыя Кантыянства, Асветніцтва
Кірунак Заходняя філасофія, нямецкая класічная філасофія
Перыяд Філасофія XVIII стагоддзя
Асноўныя інтарэсы эпістэмалогія, метафізіка, этыка
Значныя ідэі адмаўленне іманентнасці рэчаў у сабе, дыферэнцыял вызначанай свядомасці[6], прынцып азначальнасці ў свядомасці
Аказалі ўплыў Майманід, Спіноза, Лейбніц, Юм, Майсей Мендэльсон, Кант
Зведалі ўплыў Іаган Фіхтэ
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Саламон Майман (сапр. Хейман; 1753 або 1754, Жукаў Барок — 22 лістапада 1800, Нідэрзігерсдорф ля Фрайштата, Сілезія) — яўрэйскі філосаф-асветнік, паходзіў з Беларусі.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся ў мястэчку Жукаў Барок. Яго дзед і бацька былі арандатарамі ў адным з маёнткаў князя Радзівіла. Пачатковую адукацыю атрымаў дома пад кіраўніцтвам бацькі, потым скончыў яўрэйскую школу ў Міры, працягваў навучанне ў івянецкай талмудычнай школе і да 9 гадоў спасцігнуў усе «прамудрасці талмудычнай вучонасці». Вельмі рана пачаў чытаць гістарычныя і астранамічныя кнігі, якія меліся ў багатай хатняй бібліятэцы і спадабаліся яму больш, чым Талмуд. Саламону Майману не было яшчэ і 12 гадоў, калі яго ажанілі з дачкой гаспадыні заезнага двара ў Нясвіжы; у 14 гадоў ён ужо быў бацькам і зарабляў на хлеб выкладаннем Талмуда.

Вывучыўшы, хоць і недасканала, нямецкую мову, ён адправіўся пешшу ў Слуцк да галоўнага рабіна, які атрымаў адукацыю ў Германіі, і ўзяў у яго навуковыя творы па фізіцы, оптыцы і медыцыне. «Калі я прачытаў гэтыя кнігі, — успамінаў пазней Майман, — то мне адчыніўся новы свет. Я лічыў, што цяпер валодаю ўжо ключом да ўсіх тайнаў прыроды… Я ганарліва глядзеў на ўсіх тых, хто яшчэ не ведаў гэтага, смяяўся з іх забабонаў і выказаў гатоўнасць асведчыць іх паняцці і розум».

Ва ўзросце каля 25 гадоў Майман паехаў у Германію вывучаць медыцыну, філасофію, фізіку, матэматыку. Некаторы час жыў у Кёнігсбергу і Шчэціне, потым перабраўся ў Берлін. Адтуль яго выслалі незадаволеныя кіраўнікі яўрэйскай грамады, якія палічылі яго намеры ерэтычнымі, і ён пасяліўся ў Познані. Тут Майман на працягу 2 гадоў быў настаўнікам у багатай яўрэйскай сям’і, але ў 1780 пад націскам рэлігійных фанатыкаў Познані быў вымушаны пакінуць горад і вярнуцца зноў у Берлін. Тут пазнаёміўся з вядомым філосафам і пісьменнікам Мендэльсонам, доступ да якога яму адчыніла напісаная на яўрэйскай мове філасофская манаграфія. Майман настойліва вывучаў філасофію і фізіку, выявіў здольнасці ў матэматыцы і ў пэўнай ступені авалодаў французскай мовай. У жаданні Маймана паглыбіцца ў вывучэнне навук і «развіць свой розум і веды» набожныя яўрэі ўбачылі штосьці небяспечнае для рэлігіі і добрых нораваў, наракаючы за гэта на польскіх рабінаў, якія «шчаслівым выпадкам вызваліліся ад рабства забабонаў, раптам убачылі святло розуму і знялі ранейшыя кайданы».

Пазбаўлены сродкаў для існавання, Майман у 1782 выправіўся ў Галандыю, але расчараваны вярнуўся ў Гамбург. Тут, каб атрымаць матэрыяльную падтрымку, ён наважыўся перайсці ў хрысціянства, хоць лічыў іўдаізм ў дагматычным плане больш чыстай рэлігіяй, і таму больш сумяшчальнай з яго светапоглядам. Аднак адзін евангельскі святар адгаварыў яго ад гэтага кроку. Жывучы ў Гамбургу ў беднасці, Майман моцна хварэў, але ў 30-гадовым узросце паступіў у гімназію ў Альтане, вывучаў філасофію, матэматыку, лаціну, англійскую мову. З Гамбурга Майман пераехаў у Берлін, а адтуль у Брэслау. Тут ён пераклаў «Ранішнія часы» Мендэльсона, напісаў «Дапаможнік да прыродазнаўства і пачаткаў» Ньютана.

Пасля некалькіх гадоў вандраванняў і распаду сям’і Майман зноў вярнуўся ў Берлін, дзе вывучаў Канта, Спінозу, Лока і ў 1790 выдаў першую сваю філасофскую працу «Спроба трансцэндэнтальнай філасофіі» на нямецкай мове. У гэты перыяд пашыраюцца яго сувязі з вядомымі філосафамі, вучонымі і пісьменнікамі канца XVIII ст. Творы Маймана чыталі і высока ацэньвалі Імануіл Кант, Іаган Вольфганг Гётэ, Фрыдрых Шылер, Гумбальт; яго таленавітасцю захапляўся Іаган Готліб Фіхтэ, які ў сваёй філасофіі развіў далей асобныя яго ідэі.

Свае апошнія гады з 1795 па 1800 Саламон Майман правёў у маёнтку графа Калькрайта (каля Познані), высланага з Берліна за вальнадумства. Пахаваны ў Глогаве. Ёсць звесткі, што ўсе рэчы і творы Маймана, якія знаходзіліся ў мясцовай яўрэйскай грамадзе, былі ёю спаленыя.

Філасофскія погляды[правіць | правіць зыходнік]

У навуковай літаратуры Маймана называюць нямецкім, яўрэйскім або польскім мысліцелем, хоць вядома, што значную частку свайго жыцця ён правёў у Беларусі, дзе фарміраваўся яго светапогляд, дзе ён пачаў сваю выкладчыцкую і літаратурную дзейнасць. Станаўленне Маймана як філосафа непасярэдна звязана з асноўнымі перыядамі яго жыцця і дзейнасці на Беларусі, у Польшчы і Германіі. З дзіцячых гадоў ён быў сведкам сацыяльнай несправядлівасці, прыгнёту і бяспраўнага становішча сялян-беларусаў, сваіх землякоў-яўрэяў, самавольства і пагардлівых адносін да людзей з боку магнатаў і князёў. У сваёй «Аўтабіяграфіі» (1791) Майман усебакова адлюстраваў жыццё і побыт насельніцтва Беларусі, надзённыя праблемы сацыяльна-эканамічнага і духоўнага жыцця грамадства. «Тагачасны лад нашай краіны наогул, — адзначаў ён, — і нашага народа, які, як асёл, стагнаў пад дзвюма ношамі — сваім уласным невуцтвам і забабонамі пануючага насельніцтва, няшчасці маёй сям’і — усё спалучылася разам, каб памяшаць майму развіццю і перашкодзіць праяўленню маіх прыродных здольнасцей». Майман падкрэсліваў змешаны характар польскай і беларускай шляхты, сярод якой толькі нямногія маюць магчымасць прасвятліць сябе выхаваннем, навучаннем і мэтазгоднымі падарожжамі і судзейнічаюць такім чынам свайму агульнаму дабру і дабру сваіх падданых, а большасць праводзіць сваё жыццё ў невуцтве і амаральнасці, безразважна аддаецца самым гнюсным захапленням, якія губяць тысячы іх падначаленых. «Яны, — пісаў Саламон Майман, — адзначаюцца тытуламі і ордэнамі, якія знеслаўляюць сваімі дзеямі, валодаюць велізарнымі маёнткамі, якімі не ўмеюць кіраваць, пастаянна вядуць паміж сабой сваркі, у выніку чаго дзяржава непазбежна становіцца здабычай суседзяў, што зайздросцяць яе вялікасці». У пацверджанне сваіх высноў Майман прыводзіў шэраг канкрэтных прыкладаў жорсткасці і нядобразычлівых адносін да людзей з боку прадстаўнікоў улады, у тым ліку гетмана польнага і ваяводы літоўскага Радзівіла.

У светапогляднай эвалюцыі Маймана паказальным ёсць яго стаўленне да яўрэйскага рэлігійна-містычнага вучэння Кабалы, якое прыцягнула ўвагу прагнага да ведаў юнака найперш сваім метадам, што дазваляў развіваць новыя палажэнні з законаў Святога пісання. Пазнаёміўшыся з асноўнымі палажэннямі гэтага вучэння, ён пераканаўся, што яно «ёсць не што іншае, як наданне тайнам прыроды формы баек і алегорый». Падобнымі тлумачэннямі Саламон Майман выклікаў незадаволенасць з боку артадаксальных кабалістаў, якія сцвярджалі, што Кабала — гэта не чалавечая, а боская навука і тлумачыць яе тайны згодна з розумам і прыродай — значыць прыніжаць яе. Майман зрабіў крытычны аналіз палажэнняў і практыкі хасідызму — рэлігійнага руху сельскага яўрэйскага насельніцтва Валыні і Падоліі, асноўная ідэя якога заключалася ў прынцыпе «літара мёртвая, дух жыватворны, мэта жыцця — злучэнне з Богам пры дапамозе малітвы».

Выхаваны ў духу іўдаізму, Майман стаў гарачым прыхільнікам філасофіі яўрэйскага тэолага і лекара XII ст. Майсея Майманіда, таму і змяніў сваё прозвішча. Яшчэ ў Польшчы ён пазнаёміўся з найбольш вядомым творам Майманіда «Морэ Небухім» («Даведнік блукаючага») і напісаў да яго каментар, у якім падкрэсліваў рацыяналізм свайго духоўнага настаўніка, яго імкненне абмежаваць веру на карысць ведаў, растлумачыць усё незразумелае і загадкавае натуральнымі законамі. Паводле ўласнага прызнання, авалоданне вучэннем Майманіда стала паваротным момантам у станаўленні Маймана як мысліцеля, дало моцны штуршок развіццю яго здольнасцей. Пры гэтым, як адзначаў сам філосаф, пераважны ўплыў на яго мела не ўласна філасофская сістэма Майманіда, а смелы палёт яго думак, яго любоў да ісціны, цвёрдасць у прынцыпах, строгі метад даследавання, энергічны пратэст супраць невуцтва і забабонаў. Праз Майманіда Майман-Хейман прыйшоў да арыстоцелевай філасофіі, што дазволіла яму пазней напісаць спецыяльную працу «Катэгорыі Арыстоцеля». Думкі Арыстоцеля аб прымаце формы над матэрыяй, а таксама вучэнне Платона аб ідэях сустракаюцца і ў майманавай «Трансцэндэнтальнай філасофіі». На станаўленне яго светапогляду на першым этапе паўплывала і знаёмства з філасофскай сістэмай Спінозы. «Глыбокія думкі гэтага філосафа, — пісаў Саламон Майман у „Аўтабіяграфіі“, — і яго любоў да ісціны мне моцна спадабаліся, і так як я ўжо ў Польшчы пры дапамозе кабалістычных кніг наткнуўся на яго сістэму, то я зноў пачаў разважаць аб ёй і да таго пераканаўся ў ісціннасці яе, што ніякія старанні Мендэльсона не ў стане былі адцягнуць мяне ад яе». Уплыў Спінозы праявіўся і ў вучэнні Маймана аб бясконцым розуме, у яго спробах стварыць, падобна да геаметрычнага метаду Спінозы, сваю ідэальную, чыста аналітычную сістэму.

Сталым творчым пошукам, нястомнай працай у авалоданні асновамі навук, плённай асветніцкай дзейнасцю пазначаны другі перыяд жыцця і творчасці Маймана, які пачаўся з другога наведвання Берліна (1780). Тут вырашальны ўплыў на яго зрабілі філасофскія погляды Імануіла Канта, глыбокае вывучэнне яго сістэмы і абгрунтаваныя спробы ўдасканаліць яе. Спачатку беларускі яўрэйскі філосаф склаў заўвагі да «Крытыкі чыстага розуму» Канта, потым на аснове гэтых матэрыялаў падрыхтаваў фундаментальную працу «Спроба трансцэндэнтальнай філасофіі», у якой найбольш поўна і грунтоўна выкладзены яго філасофскія погляды. Азнаёміўшыся з рукапісам Маймана, Кант адзначаў, што ніхто з яго праціўнікаў не толькі не зразумелі яго і галоўнага пытання так добра, як ён, але «вельмі нямногія асобы наогул валодаюць такой дасціпнасцю для падобнага роду даследаванняў».

З пункту гледжання Маймана, існуе толькі свядомасць з яе ўяўленнямі, якая з самой сябе па сваіх уласных законах упершыню стварае свой уласны прадмет і тым самым надае яму аб'ектыўнасць і рэальнасць, гэта значыць усеагульны і неабходны характар. Паводле Маймана, усякае пазнанне магчыма толькі як пазнанне працэсу ўзнікнення прадмета: яно спасцігае толькі тое, што само стварае ў выглядзе сваіх аб’ектаў, надаючы ім характар неабходнасці. Законы ж прыроды вызначаюцца дзейнасцю розуму, а катэгорыі логікі з’яўляюцца ўмовамі існавання ўсіх прадметаў магчымага вопыту. У сваёй крытыцы філасофскай канцэпцыі Канта ён зыходзіць з палажэння аб тым, што па-за межамі нашай свядомасці нічога не можа існаваць, і таму з пункту гледжання тэарэтычнага розуму ўяўленне незалежнай ад свядомасці, без канкрэтных прыкмет «рэчы ў сабе» з’яўляецца неймаверным і немагчымым. «Усякая прыкмета, — пісаў Майман у сваёй працы „Аб прагрэсе філасофіі“, — пры дапамозе якой мы ўяўляем які-небудзь прадмет, знаходзіцца ў свядомасці, рэч у сабе павінна быць па-за свядомасцю і незалежнай ад яе: значыць, яна ёсць рэч без прыкметы, неўяўляемая, неймаверная рэч, бяссэнсіца. У паняцці рэчы ў сабе заключаецца цэнтр цяжару дагматычнай метафізікі, з ім яна стаіць і падае». Такім чынам, Майман пераадольвае дуалізм Канта, суб’ектыўна-ідэалістычна лічыць, што існуе толькі адзін свет — свет свядомасці і як дадзенае не можа быць растлумачаны. Філосаф Вітэ адзначаў, што Саламон Майман стаў «пачынальнікам таго філасофскага кірунку, у якім зыходзяцца Фіхтэ, Гегель і Шэлінг, ён з’явіўся пачынальнікам маністычнага ідэалізму, які ў першай палове нашага стагоддзя адыгрываў вялікую ролю не толькі ў філасофіі, але ва ўсей навуцы і вынікі чаго ўсе яшчэ відавочныя».

Пэўны ўнёсак зрабіў Майман у распрацоўку трансцэндэнтальнай дыялектыкі (вучэнне аб катэгорыях, аб антыноміях і паралагізмах і інш.), праблем логікі, этыкі і эстэтыкі. Як і іншыя вальнадумцы-асветнікі, Майман сцвярджаў права людзей на жыццё, авеянае радасцю пазнання, напоўненае святлом розуму і ісціны. У адрозненне ад Мендэльсона, які патрабаваў ад яўрэйскай інтэлігенцыі «разумнай маралі» і «натуральнай рэлігіі», ён лічыў, што людзям найперш неабходна даць кнігі, у якіх галоўнае месца займалі б пытанні прыродазнаўства, матэматыкі і філасофіі. З уласцівай яму энергіяй Саламон Майман узяўся за выданне навуковай літаратуры для польскіх яўрэяў, але адсутнасць сродкаў і адмова сяброў Мендэльсона фінансаваць такія выданні сарвалі гэта пачынанне. Адной з прычын такога становішча магло быць і тое, што, як пісаў Майман у сваёй «Аўтабіяграфіі», пры тагачасным рэлігійным і палітычным становішчы яўрэяў частка адукаваных людзей не жадала вывучаць навуку па падручніках на яўрэйскай мове, «нязручнай для выкладання навуковых палажэнняў», а неадукаваная большасць народа лічыла ўсякую навуку, хоць і на яўрэйскай мове, забароненым плодам і займалася толькі вывучэннем Талмуда і яго шматлікіх каментараў. Асветніцтву Майман адводзіў асабліва вялікую ролю ў вырашэнні надзённых праблем дня, рэфармаванні існуючай сістэмы ўлады і грамадскіх адносін, маральным і духоўным узбагачэнні людзей.

Зноскі

  1. а б в г д Bibliothèque nationale de France data.bnf.fr: платформа адкрытых даных — 2011. Праверана 10 кастрычніка 2015.
  2. Swartz A. Salomon Maimon — 2007.
  3. Salomon Maimon — 2009.
  4. Salomon Maimon // Encyclopædia Britannica Праверана 9 кастрычніка 2017.
  5. Salomon Maimon // Internet Philosophy Ontology project Праверана 9 кастрычніка 2017.
  6. Тэрмін уведзены Майманам па аналогіі з дыферэнцыяльным вылічэннем у матэматыцы.
  7. Polski Słownik Judaistyczny Праверана 15 лютага 2022.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Ма́йман (сапр. Хейман) Саламон // Беларусь: энцыклапедычны даведнік / Рэдкал. Б. І. Сачанка (гал. рэд.) і інш.; Маст. М. В. Драко, А. М. Хількевіч. — Мн.: БелЭн, 1995. — С. 455. — 800 с. — 5 000 экз. — ISBN 985-11-0026-9.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]