Самазарадны карабін Сіманава

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Самазарадны карабін Сіманава
Апісанне
Тып: самазарадны карабін
Краіна: Сцяг СССР СССР
Гады эксплуатацыі: з 1949 года[1] (Гл. Гісторыя)
Мадыфікацыі: Гл. Мадыфікацыі
Гісторыя мадэлі
Канструктар: Сяргей Гаўрылавіч Сіманаў
Серыйны выпуск: 1949 год — пачатак 1950-х
Усяго выраблена: больш за 15 млн.[2]
Характарыстыкі
Маса, кг: 3,75 (без набояў)
3,9 (узброены)[3]
Даўжыня, мм: 1260/1020 (з штыхом у баявым/паходным становішчы)
Даўжыня ствала, мм: 520
Калібр, мм: 7,62
Патроны: 7,62×39 мм (Гл. Патроны)
Прынцып дзеяння: адвод парахавых газаў, замыканне перакошваннем затвора ўніз, самазарадны
Хуткастрэльнасць, стрэлаў/хв: 35—40 (баявая)[4]
Боезабеспячэнне: каробкавы двухрадны неад'емны магазін, што набіваецца абоймай на 10 патронаў
Прыцэл: сектарны
Характарыстыкі пры выкарыстанні стандартнага патрона
Пачатковая хуткасць кулі, м/с: 735

7,62-мм самазарадны карабін Сіманава (СКС, Індэкс ГРАУ — 56-А-231, за мяжой таксама вядомы як СКС-45) — савецкі самазарадны карабін канструкцыі Сяргея Сіманава, прыняты на ўзбраенне ў 1949 годзе.

Першыя экзэмпляры пачалі паступаць у дзеючыя часткі напачатку 1945 г. — то быў адзіны выпадак ужыцця патрону 7,62×39 мм у Другой сусветнай вайне.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Змена варты, узброенай СКС 1990, ГДР

Пасля прыняцця ў 1943 годзе на ўзбраенне прамежкавага патрона 7,62×39 мм канструкцыі Елізарава і Сёміна, распачалася праца над стварэннем новай сістэмы стралковага ўзбраення пад гэты патрон. Першыя ўзоры СКС пад патрон 7,62×39 мм былі створаны Сіманавым да канца 1944 г. на падставе карабіна, што быў распрацаваны ім жа ў рамках конкурсу на новы карабін яшчэ ў 1940—1941 гг., але не пайшоў у вытворчасць з прычыны эвакуацыі заводаў. Апроч патрона новы карабін вылучаецца неад'емна-адкідным штыхом, адсутнасцю дульнага тормаза-кампенсатара, здымнай газавай каморай. Невялікая партыя новых карабінаў праходзіла выпрабаванні ў дзеючых частках 1-га Беларускага фронту напачатку 1945 г., а таксама пастаўлялася на курсы «Выстрел». Зброя дастала станоўчыя водгукі, аднак дасканаленне карабіна і ўласна новага патрона працягвалася ажно да 1949 г., калі СКС паступіў на ўзбраенне Савецкай Арміі.[2][5]

На працягу дзесяцігоддзя СКС стаяў на ўзбраенні савецкай арміі разам з аўтаматам Калашнікава і ручным кулямётам Дзегцярова. Усе тры мадэлі пад прамежкавы патрон істотна дапаўнялі адна адну, мелі пэўныя перавагі і недахопы. Прыкладам, АК праз магчымасць стральбы чэргамі ствараў вялікую шчыльнасць агню, што павялічвала эфектыўнасць стральбы на невялікіх адлегласцях, а таксама пры вядзенні агню па групавых цэлях. У той жа час, прыцэльная лінія і ствол СКС на 10 і 10,5 см адпаведна даўжэйшыя, чым у АК, што станоўча адбівалася на дакладнасці. З улікам аўтаматызацыі набівання і магчымасці папаўняць магазін пры дапамозе абоймы, карабін адпавядаў усім патрабаванням вядзення агнявога бою на сярэдніх і далёкіх дыстанцыях.

Да канца 50-х гг., з мэтай уніфікацыі стралковай зброі ў Савецкай Арміі, пастанавілі паўсюдна ў стралковых частках замяніць карабіны аўтаматамі. На думку камандавання, з улікам бясспрэчнай перавагі АК у высокай шчыльнасці агню стралковых аддзелаў, на перавагі СКС у вядзенні адзінкавага агню можна не зважаць, бо ў сучасным баі апошні чыннік ужо не граў вырашальнай ролі.

Тым не менш, СКС да канца 80-х гадоў знаходзіўся на ўзбраенні рада інжынерных, вайсковабудаўнічых частак, частак забеспячэння — там, дзе вядзенне агнявога бою не было асноўнай задачай. У цяперашні час СКС знаходзіцца на ўзбраенні ВОХР (ваенізаванай аховы), а таксама, дзякуючы сваім эстэтычным якасцям, ужываецца як парадна-цырыманіяльная зброя.[5][6]

Гэтаксама СКС пастаўляўся на ўзбраенне ў многія краіны Азіі і Афрыкі і шырока ўжываўся ў вайсковых канфліктах 50—70-х гг., у тым ліку ў Карэйскай і В'етнамскай вайне. Дадзеным карабінам савецкай альбо кітайскай вытворчасці забяспечваліся найбольш баяздольныя часткі В’етконга, а ў ходзе баявых дзеянняў спраўдзілася адпаведнасць СКС патрабаванням вайны ў джунглях. Па сутнасці, карабін меў нават лішак агнявой магутнасці, бо сутыкненні з амерыканскімі жаўнерамі праходзілі на дыстанцыях, значна меншых за далечыню эфектыўнай стральбы з СКС. Таксама адзначылі вышэйшую хуткастрэльнасць зброі ў параўнанні са звычайнымі магазіннымі вінтоўкамі, што грала немалаважную ролю ў хуткацечных баях.[7]

Як тое часта здаралася з узорамі савецкай зброі, у сяброўскіх краінах была пастаўленая вытворчасць ліцэнзійных копій карабіна: Тып 56 (КНР), Karabiner-S (ГДР), Тып 59 і Тып 59/66 (югаслаўскія варыянты з дульнай насадкай і адкідным прыцэлам для стральбы ружэйнымі гранатамі), «Рашыд» (егіпецкі варыянт са змененай канструкцыяй ствольнай накладкі, накрыўкі ствольнай каробкі і іншым размяшчэннем ручкі перанабівання) і інш. варыянты. Агулам на ўсіх прадпрыемствах было выраблена 15 млн. экзэмпляраў. У сучасным свеце СКС ёсць папулярным узорам грамадзянскай зброі (збольшага дзякуючы нізкаму кошту, непераборлівасці і надзейнасці), прыкладам, у ЗША было прададзена да 2,5 млн. карабінаў, таксама ў продажы шырокі асартымент аксесуараў амерыканскай вытворчасці (складныя прыклады, аптычныя прыцэльнікі, ад'емныя магазіны і пад.).[2][8]

Канструкцыя[правіць | правіць зыходнік]

Карабін утрымлівае наступныя часткі і механізмы:[3]

Для хуткага напаўнення неад'емнага магазіна на 10 патронаў выкарыстоўваецца абойма[9]. Дзеля гэтага на затворнай раме ёсць адмысловыя накіроўныя. Па вычарпанні патронаў, пры пустым магазіне, пасля апошняга стрэлу затвор становіцца на затворную затрымку, што скарачае час на паслейшае папаўненне магазіна патронамі.

Прыцэльныя прыстасаванні СКС складаюцца з прыцэльніка і мушкі. Прыцэльнік на свой чарод складаецца з калодкі прыцэльніка з пластковай спружынай, прыцэльнай планкі і хамутка з зашчапкай і спружынамі. Калодка прыцэльніка мае два сектары для надання прыцэльнай планцы пэўнай вышыні. На планцы нанесена ска́ла з рыскамі ад 1 да 10 (азначаюць далечыню стральбы ў сотнях метраў) і літарай «П» (пастаянная асадка прыцэльніка, адпаведная прыцэлу 3).[3]

Штых — клінковы неад'емна-адкідны, складаецца з клінка з асновай і трубкі са спружынай (што забяспечвае амартызацыю штыха дзеля аднастайнага бою СКС незалежна ад становішча штыха). Некаторыя раннія карабіны мелі гальчасты штых.[3]

Камплект карабіна становяць: спрат (штэмпель, працірка, яршок, выбівачка, пенал і маслёнка), рамень, ладункі і абоймы.[3]

СКС перанабіваецца аўтаматычна, скарыстоўваючы энергію парахавых газаў, што адводзяцца з канала ствала. Замыканне канала ствала ажыццяўляецца перакошваннем затвора ўніз. Ствол чарнакуты, не храміраваны.

Газавы поршань выкананы асобна, мае кароткі ход, у зваротнае становішча вяртае яго штурхач са спружынай

Заўвагі[правіць | правіць зыходнік]

  1. З 1959 года заменены ў асноўных аддзелах арміі на АКМ, але застаўся на ўзбраенні некаторых частак
  2. а б в Артыкул «Карабин ОП-СКС — жизнь после дембеля» на сайце kalibr.ru
  3. а б в г д Наставление по стрелковому делу. 7,62-мм самозарядный карабин Симонова. 1962 год
  4. Наставление по стрелковому делу. 7,62-мм самозарядный карабин Симонова. 1962 год С. 129
  5. а б Апісанне СКС на сайце legendary-arms.ru Архівавана 1 верасня 2009.
  6. Женщина с ружьем(недаступная спасылка)
  7. Артыкул Міхаіла Нікольскага «В джунглях Южного Вьетнама» («Техника и вооружение. Вчера, сегодня, завтра» 1997 год) на сайце otvaga2004.narod.ru Архівавана 23 мая 2012.
  8. «Оружие пехоты 97»
  9. Фота абоймы