Самуэль Кастравіцкі (1902—1953)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Самуэль Кастравіцкі)
Самуэль Кастравіцкі
герб «Байбуза»[d]
герб «Байбуза»[d]
Дата нараджэння 4 снежня 1902(1902-12-04)
Месца нараджэння
Дата смерці 12 жніўня 1953(1953-08-12) (50 гадоў)
Месца смерці
Бацька Амброзій Кастравіцкі
Маці Марыя з Багушэўскіх[d]
Жонка Аліна з Прыбыткаў[d]
Альма-матар

Самуэль Андрэй Кастравіцкі (4 снежня 1902, Ліда12 жніўня 1953, Буэнас-Айрэс) — польскі і беларускі ваенны дзеяч.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Належаў да каталіцкага сярэднезаможнага шляхецкага роду Кастравіцкіх гербу «Байбуза», прадстаўнікі якога займалі розныя земскія пасады ў Менскім ваяводстве ВКЛ і Мінскім павеце Мінскай губерні Расійскай імперыі. Менавіта з гэтай галіны роду паходзіць знакаміты французскі паэт Гіём Апалінер.

Самуэль Кастравіцкі быў сынам лекара, беларускага грамадскага дзеяча Амброзія Кастравіцкага і яго жонкі Марыі Багушэўскай. У 1915—1918 вучыўся ў мінскай гімназіі.

Удзельнічаў у лідскай Самаабароне, паранены, быў выкуплены ў чырвоных з палону. Пазней служыў у Войску Польскім, скончыў школу падхарунжых у Варшаве, у снежні 1921 звольнены ў запас. У 1923 вывучаў права ва універсітэце Стэфана Баторыя ў Вільні. У 1930-я працаваў у Варшаўскай зямельнай Палаце.

Перад самай вайной пасяліўся ў Вільні. Пасля вераснёўскай кампаніі спачатку хаваўся ў Вільні, а пад канец 1939 прыбыў у Варшаву, удзельнічаў у канспірацыйных вайсковых арганізацыях. У канцы 1940 стаў членам Партыі беларускіх нацыяналістаў (ПБН), таксама супрацоўнічаў з СУБ-АК.

У 1941 шэф разведкі СУБ-АК на паўночна-ўсходнім абшары палкоўнік Тамаш Зан даручыў Самуэлю Кастравіцкаму кіраўніцтва разведвальным прадстаўніцтвам аддзела Галоўнага Камандавання ў Мінску. У гэты ж час Кастравіцкі запісаўся ў Беларускі камітэт, дзе на сваіх членаў глядзелі як на будучых кандыдатаў да займання разнастайных пасад у цывільнай адміністрацыі на Беларусі. У жніўні 1941 разам з Вітаўтам Буткевічам Самуэль Кастравіцкі выехаў ненадоўга ў Баранавічы і Вільню, але пасля спаткання з добра яму знаёмым Вацлавам Іваноўскім вярнуўся ў Варшаву. У канцы лістапада прыбыў у Мінск з мэтай арганізаваць на месцы разведвальную ячэйку СУБ, з ім прыехаў Вітаўт Буткевіч. Пасля сустрэчы з Вацлавам Іваноўскім, які быў прызначаны на пасаду бургамістра Мінска, Самуэль Кастравіцкі вярнуўся ў Варшаву, а ў Мінску застаўся Вітаўт Буткевіч, які атрымаў пасаду ў гарадской управе. У далейшым С. Кастравіцкі трымаў з ім канал сувязі. Пасля вяртання ў Варшаву С. Кастравіцкі застаўся ў контрразведчым сектары на пасадзе кіраўніка ячэйкі, якая займалася, між іншым, беларускімі справамі. На гэтай пасадзе ён прымаў захады дзеля падрыхтоўкі ў Галоўным камандаванні СУБ-АК спрыяльнай глебы для перамоў з прадстаўнікамі ПБН, але яго высілкі не прынеслі плёну.

У ліпені 1944 Самуэль Кастравіцкі атрымаў званне маёра запасу. Пасля Варшаўскага паўстання апынуўся ў лагеры палонных Лямсдорф, затым Волдэнберг. Са жніўня 1945 служыў у ахоўных ротах у Германіі. Быў дэмабілізаваны ў 1948. Пасля дэмабілізацыі эміграваў у Аргенціну.

Сям’я[правіць | правіць зыходнік]

Самуэль Кастравіцкі быў жанаты з Алінай з Прыбыткаў (1913 г.н.). Яе маці Ева Прыбытка (1885 г.н.) з Алінай Кастравіцкай, з сынамі Аліны і Самуэля Крыштафам Нарымундам (1936 г.н.) і Аляксандрам Каралем (1938 г.н.), а таксама разам з малодшай сястрой Аліны Ядвігай і братам Янушам, вясной 1940 года былі высланы ў Казахстан. Вядома, што ў 1941 годзе Аліна Кастравіцкая знаходзілася ў шпіталі для нервовахворых на станцыі Аляксееўка, а ў 1942 разам з сястрой працавала рабочай у геалагічнай экспедыцыі па пошуку нафты. У 1946 годзе яны ўсе выехалі ў Польшчу[1].

Зноскі

  1. Шымялеівіч М. Высяленне ў Казахстан у 1940 г. значнай часткі жыхароў Лідскага павета // АСОБА І ЧАС. Беларускі біяграфічны альманах. Выпуск 8. Мінск, 2018. С. 174