Сан, народ

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Сан
(Saan, San)
BushmenSan.jpg
Агульная колькасць 96400 (2014 г.)
Рэгіёны пражывання Паўднёвая Афрыка
Мова кайсанскія мовы
Рэлігія шаманізм, татэмізм, хрысціянства
Блізкія этнічныя групы гатэнтоты, нама, грыква, магчыма сандавэ і хадза

Сан (саманазва San або Saan), вядомыя таксама як бушмены (англ.: Bushmen, афр.: Boesman) — частка кайсанскіх этнасаў на поўдні Афрыкі, аб'яднаных падабенствамі культуры і самавызначэннем. Жывуць невялікімі групамі па некалькі тысяч або сотняў чалавек у розных раёнах Паўднёва-Афрыканскай Рэспублікі, Батсваны, Намібіі, Замбіі, Зімбабве, Анголы. Агульная колькасць (2014 г.) - 96 400 чалавек[1].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Згодна даследаванням групы генетыкаў, якія праводзіліся ў Афрыцы на працягу 1999 - 2009 гг., сан, што жывуць на мяжы Намібіі і ПАР, з'яўляюцца найстаражытнейшай групай людзей сучаснага тыпу, паколькі паходзяць напроста ад ранніх продкаў чалавека і маюць найбольшую генетычную разнастайнасць[2]. Большасць антраполагаў лічаць, што ў мінулым сан займалі значна большую тэрыторыю Афрыкі, у тым ліку на поўнач ад экватара. Гэта часткова падцвярджаецца археалагічнымі знаходкамі. Генетыкі выявілі, што блізкімі па паходжанню да сан з'яўляюцца некалькі груп афрыканскага насельніцтва ў раёне Чырвонага мора і Заходняй Афрыкі[3].

Археолагі сведчаць, што 20 - 10 тысяч гадоў таму сан мігрыравалі ў Паўднёвую Афрыку, дзе вялі лад жыцця паляўнічых і збіральнікаў. Захаваліся рэшткі іх прысутнасці ў гэтым рэгіёне ў старажытнасці, у тым ліку наскальныя малюнкі ў Драконавых гарах[4][5]. У першыя стагоддзі нашай эры на поўдзень Афрыкі пачалася міграцыя банту. Яны паступова выціснулі сан у раён Калахары. Але яшчэ некалькі стагоддзяў таму тэрыторыя, населеная сан была значна шырэйшай, чым у нашы дні[6][7]. Прыход еўрапейцаў у Паўднёвую Афрыку выклікаў новую хвалю міграцый афрыканскіх народаў. Хаця еўрапейскія пасяленцы доўгі час не сутыкаліся непасрэдна з сан, іх прысутнасць вымушала іншых пасяленцаў поўдню Афрыкі рухацца на поўнач і займаць паляўнічыя тэрыторыі сан. У XIX ст. сан моцна пацярпелі ад перасяленцаў грыква і бураў.

У выніку выжылыя групы бушменаў былі выціснуты на поўнач або апынуліся ў ізаляцыі адна ад адной. Да сярэдзіны XX ст. захавалася больш за дзясятак вандроўных груп, кожная з якіх мела сваю саманазву і размаўляла на асобнай мове або дыялекце. У еўрапейскай літаратуры ў адносінах да іх выкарыстоўваліся розныя назвы, але пераважала супольная назва бушмены. У XX ст. хрысціянскія місіянерскія арганізацыі, улады ПАР і Батсваны пачалі прадпрымаць захады для прыцягвання сан да цывілізаванага грамадства. Характэрна, што разбурэнне іх традыцыйнага ладу жыцця не ставілася на мэту. Для сан будавалі спецыяльныя станцыі, дзе яны маглі атрымаць ваду, ежу, медыцынскую дапамогу, школьную адукацыю. Асабліва плённым быў вопыт Батсваны, дзе дзяржаўныя ўстановы шчыльна супрацоўнічалі з міжнароднымі арганізацыямі.

З 1970-ых гг. прадпрымаліся захады для наладжвання кантактаў паміж рознымі групамі. Пры гэтым першапачаткова ў навуковай літаратуры, а потым і сярод саміх паляўнічых і збіральнікаў пачала пашырацца супольная назва сан. Меркавалася, што іншыя назвы былі дадзены звонку і мелі прыніжальны характар. Але, як высветлілася пазней, назва сан таксама была вонкавай і прыйшла з мовы іншага кайсанскага народа нама.

Культура[правіць | правіць зыходнік]

Група сан

Асноўныя традыцыйныя заняткі сан — вандроўнае паляванне і збіральніцтва. Аб'яднанні сан прыкладна па 20 чалавек[8] самастойна перамяшчаюцца па пэўнай тэрыторыі і спыняюцца на часовыя стаянкі ў месцах, дзе найлепей могуць забяспечыць сябе здабычай і вадой. Часцяком шлях міграцыі сан звязаны з міграцыяй дзікай жывёлы.

Паляванне лічыцца выключна мужчынскім заняткам, збіральніцтвам і зборам вады займаюцца пераважна жанчыны[9]. Паляўнічыя карыстаюцца лукам і дзідамі. Навершы дзід і стрэл змазваюць расліннай і змяінай атрутай. Загоннае паляванне амаль не практыкуецца. Сан набліжаюцца да жывёлы як мага бліжэй і раняць яе. Калі рана не смяротная, і жывёла працягвае рухацца, паляўнічыя арганізуюць пераслед, пакуль яна не памрэ. Пераслед параненай жывёлы можа цягнуцца некалькі дзён, і паляўнічыя перамяшчаюцца ўслед за здабычай на многія кіламетры. Такі спосаб палявання лічыцца адным з найстаражытнейшых. Найчасцей сан выбіраюць у якасці ахвяры ўжо параненых або хворых жывёл. Канфлікты паміж сан і суседнімі народамі-жывёлагадоўцамі ў мінулым часткова тлумачыліся выпадкамі нападаў сан на свойскую жывёлу. Паляўнічыя сан — выдатныя следапыты, умеюць арыентавацца ў незнаёмай пустыннай мясцовасці. Кожны паляўнічы мае скураны мех, які чапляецца за плячыма і ўтрымоўвае неабходны запас ежы і лекаў.

Збіральніцтва забяспечвае сан асноўным харчам (каля 80%)[10]. Сан ужываюць у ежу практычна ўсе віды дзікіх жывёл і ядомых раслін. У балоцістых або рачных мясцовасцях ловяць на водмелях рыбу, збіраюць казурак і вусеняў. Гатуюць ўсе часткі забітай жывёлы, у тым ліку раздробненыя косткі. Ваду ў засушлівы сезон захоўваюць у страусіных яйках, якія закопваюць у пясок.

На месцах стаянак сан будуюць часовыя хаціны з галля і лісця ў выглядзе буданоў, шырока распаўсюджаны простыя заслоны з галін, што ахоўваюць ад ветру ў халодны перыяд. Жытлы ўзводзяць мужчыны, яны таксама нясуць адказнасць за вогнішча.

У мінулым сан карысталіся простай вопраткай у выглядзе накідак або насцегнавых павязак. Іх рабілі з раслін або скуры і выкарыстоўвалі пераважна ўзімку.

Аб'яднанні вандроўнікаў звычайна фарміруюцца па сваяцкай прыкмеце, але не абавязкова. Часам да групы далучаюцца прышлыя сем'і. У аб'яднанняў няма выразнага лідара[11]. У выпадку канфліктаў аб'яднанні могуць распадацца, асобныя сем'і пакідаць сваякоў. На працягу года аб'яднанні сустракаюцца некалькі разоў з суседзямі, абменьваюцца падарункамі, навінамі, часам заключаюць сумесныя шлюбы.

Пераважаюць малыя нуклеарныя сем'і, дазволены палігінія і паліандрыя, а таксама шлюбы з блізкімі сваякамі[12]. Першы шлюб звычайна адбываецца па дамоўленасці бацькоў. Жаніх павінен забіць жывёлу і прынесці яе да сваякоў нявесты, каб давесці ім, што ён здольны забяспечыць будучую сям'ю. Пасля арганізацыі належных шлюбных рытуалаў жаніх перахозіць жыць у сям'ю нявесты і абавязваецца некаторы час падпарадкоўвацца ёй[13]. Малыя дзеці не прыцягваюцца да штодзённай працы, але разам з гэтым не заўсёды атрымоўваюць належны догляд.

Сан вядомы сваім наскальным жывапісам, рытуальнымі спевамі і танцамі.

Мовы[правіць | правіць зыходнік]

Сан размаўляюць на больш чым 10 розных мовах, якія адносяцца да кайсанскай сям'і моў. Толькі некаторыя з іх у наш час з'яўляюцца пісьмовымі.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Сан падзяляюць сусвет на навакольны матэрыяльны і духоўны. Уваходжанне ў духоўны сусвет магчыма ў выніку рытуалаў ініцыяцыі, якія рушаць за выніковым паляваннем на некалькі асаблівых на думку сан жывёл і ўжываннем іх мяса. Рытуалы суправаджаюцца танцамі і спевамі, падчас якіх удзельнік адчувае транс. У некаторых групах прысутнічаюць шаманы, што займаюцца арганізацыяй рытуалаў, захоўваць вусныя паданні групы, дапамагаюць хворым. Найвышэйшай істотай лічыцца 'Kaggen (літаральна "багамол")[14]. У міфах сан ён выступае ў якасці продка або стваральніка матэрыяльнага сусвета, у залежнасці ад сітуацыі можа прымаць аблічча людзей і жывёл.

У наш час сярод сан таксама распаўсюджана хрысціянства.

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]