Сапатысты

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Сапатысты — удзельнікі нацыянальна-вызваленчага руху ў Мексіцы. Назва руху паходзіць ад імя генерала Эміліяна Сапаты — героя мексіканскай рэвалюцыі 1910—1920 гг. Сацыяльная апора руху — бедныя індзейцы-сяляне. Сапатысты патрабуюць канстытуцыйнага замацавання правоў карэнных народаў Мексікі, выступаюць супраць неаліберальных рэформ у Лацінскай Амерыцы, супраць ратыфікацыі дамовы НАФТА, супраць прыняцця законаў, якія дазваляюць купляць і прадаваць сялянскія грамадавыя землі. Лозунг сапатыстаў: «Свабода! Дэмакратыя! Справядлівасць!»

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

17 лістапада 1983 — дзень стварэння Сапатысцкага Войска Нацыянальнага Вызвалення (EZLN — Ejército Zapatista de Liberación Nacional) групай з трох індзейцаў і трох метысаў, палітычных актывістаў з розных арганізацый, якія трымаюцца рэвалюцыйных тэорый Чэ Гевары. Першапачаткова базай сапатыстаў былі Лакандонскія джунглі (Selva Lacandona), што ў паўднёвай Мексіцы. Праз некаторы час СВНВ звязваецца з індзейскімі грамадамі, якія звярнуліся да партызан, каб тыя пачалі ахоўваць індзейцаў ад нападаў «белых гвардзій» латыфундыстаў і навучылі грамады ваяваць, у сваю чаргу індзейцы паабяцалі забяспечыць сапатыстаў харчамі і прадуктамі першай неабходнасці. Адным з лідараў СВНВ становіцца субкамандантэ Маркас. На працягу 1992 колькасць рэгулярных сіл Сапатысцкага Войска павялічылася ад некалькіх дзесяткаў да некалькіх тысяч ваяроў. 1 студзеня 1994 — пачатак узброенага паўстання сапатыстаў (Сан-Крыстобаль-дэ-лас-Касас, San Cristobal de las Casa) у дзень, калі ўрады Мексікі, ЗША і Канады святкавалі ўваход у сілу дамовы аб свабодным гандлі паміж гэтымі краінамі (НАФТА). Атрады сапатыстаў без выкарыстання зброі захапілі 7 муніцыпальных цэнтраў штата Чыяпас. 2 студзеня сапатысты вяртаюцца ў горы праз ціск з боку федэральных войскаў, авіяцыя пачынае бамбардзіраваць лясы і паселішчы, дзе хаваліся сапатысты. На вуліцы Мехіка і іншых мексіканскіх гарадоў неарганізавана выходзяць сотні тысяч людзей, патрабуючы ад ураду спыніць бойню і пачаць перамовы. У 1995 адбываюцца доўгія перамовы з уладай. Падпісаныя СВНВ і федэральным урадам першыя «дамовы Сан-Андрэса», якія прадугледжваюць змену канстытуцыі Мексікі і прызнанне правоў і культуры індзейскіх народаў, іх права на аўтаномнасць і самакіраванне індзейскіх грамад і іх тэрыторыі, рэальна не выконваюцца, іх існаванне ігнаруецца цяперашняй уладай. 1 студзеня 1996 створаны Сапатысцкі Фронт Нацыянальнага Вызвалення — нацыянальная грамадская арганізацыя, якая выступае з тымі самымі патрабаваннямі, што і СВНВ, але легальна і без зброі. У наступныя гады сапатысты праводзяць шмат «кансультацый» з цывільнымі людзьмі, негвалтоўных акцый ціску на ўрад, каб прымусіць яго выконваць пункты дамовы Сан-Андрэса. У першыя дні 2006 пачаўся марш сапатыстаў па ўсіх 32 рэгіёнах краіны. Акцыя праводзіцца ў межах «Іншай кампаніі», якая, на думку сапатыстаў, павінна даць мексіканцам адрозную ад прапанаванай афіцыйнымі партыямі альтэрнатыву развіцця краіны.

На сённяшні дзень сапатысцкія фарміраванні дзейнічаюць ва ўсіх 40 муніцыпальных акругах Чыяпас.

Патрабаванні сапатыстаў[правіць | правіць зыходнік]

  1. прызнанне індзейскага ладу кіравання індзейскімі вёскамі (праз старэйшын);
  2. прызнанне права афіцыйна культываваць і ўжываць індзейскія мовы (нароўні з іспанскай);
  3. дзвюхмоўная адукацыя (іспанская мова + індзейская мова);
  4. дазвол на выкананне ўсіх індзейскіх традыцый (у тым ліку на апрананне ў індзейскія строі);
  5. падвышэнне грамадскага статусу індзейцаў;
  6. раўнаванне правоў людзей незалежна ад сексуальных, нацыянальных, культурных, лінгвістычных, палавых адрозненняў (адзіны пункт патрабаванняў, які не адпавядае старадаўнім традыцыям індзейцаў).

У сапатысцкай ідэалогіі вельмі важным пунктам з'яўляецца падвышэнне статусу жанчыны ў грамадстве. Для яго рэалізацыі ў арганізацыі вітаюць удзел жанчын у прыняцці рашэнняў. Адным з лідараў арганізацыі з'яўляецца жанчына, камандантэ Рамона (Commandante Ramona), якая стала такім жа сімвалам сапатыстаў, як і Маркас.

Сімвалы сапатыстаў[правіць | правіць зыходнік]

Сцяг СВНВ
  • Сцяг: чырвоная «камуністычная» зорка ў цэнтры на чорным «анархічным» палатне.
  • Характэрныя атрыбуты сапатыстаў — чорныя маскі і чырвоныя нашыйныя хусткі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • «Свабода без цябе.» // EZLN — МІРНАЯ АРМІЯ (Magda Grudzińska). Познань: Stowarzyszenia Młodych Twórców — «Ku Teatrowi», 2001.
  • Субкоманданте Маркос. Другая революция. Сапатисты против нового мирового порядка. Б.м.: Гилея, 2002. (Серия «Час „Ч“. Современная мировая антибуржуазная мысль») ISBN 5-87987-019-7.
  • Субкоманданте Маркос. Четвертая мировая война. Екатеринбург: Ультра. Культура, 2005. (Жизнь Zапрещенных Людей) ISBN 5-9681-0029-X

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]