Сельская гаспадарка Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Трактар «Беларус» на капусным полі
Сярэдняя ўраджайнасць збожжа па раёнах Беларусі (2013).     >50 ц/га      45—50 ц/га      40—45 ц/га      35—40 ц/га      30—35 ц/га      25—30 ц/га      <25 ц/га
Камбайн Claas-560
Каровы на выпасе ў Шумілінскім раёне
Пагалоўе буйной рагатай жывёлы (без фермераў і індывідуальных гаспадарак)
Пагалоўе свіней (без фермераў і індывідуальных гаспадарак)
Пагалоўе дамашніх птушак (без фермераў і індывідуальных гаспадарак)

Сельская гаспадарка Беларусі — важная галіна беларускай эканомікі, якая забяспечвае 7,5 % ВУП краіны, 17,1 % інвестыцый у асноўны капітал. У сельскай гаспадарцы працуе 9,7 % насельніцтва.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Сучаснае становішча[правіць | правіць зыходнік]

У 2010 годзе сельская гаспадарка забяспечыла 7,5 % ВУП краіны (12 225 млрд рублёў), у 2000 — 11,6 %[1]. Пры гэтым на сельскую гаспадарку ў 2010 годзе прыйшлося 17,1 % усіх інвестыцый у асноўны капітал (у 2000 годзе — 6,8 %)[1]. У 2010 годзе ў сельскай гаспадарцы было занята 9,7 % насельніцтва краіны (у 2000 годзе — 14,1 %)[1]. Сярэдні заробак у сельскай гаспадарцы з'яўляецца самым нізкім сярод усіх галін эканомікі і складае 815 200 рублёў (2010; 67 % ад сярэднерэспубліканскага ўзроўню)[1].

Аснову сельскай гаспадаркі складаюць калгасы і саўгасы, якія звычайна пераўтвораны ў агракамбінаты і іншыя арганізацыйныя формы. Яны дзейнічаюць на рыначнай аснове з актыўнай дзяржаўнай падтрымкай і асобнымі элементамі планавання. На іх долю прыпадае 99,6 % вытворчасці льновалакна, 98,6 % цукровых буракоў, 93,6 % збожжа, 86,8 % мяса, 86,5 % малака, 67,7 % яек, 12,9 % гародніны, 11,1 % бульбы, 7 % воўны[1]. Гаспадаркі насельніцтва, якія практычна не карыстаюцца дзяржаўнай падтрымкай, вырабляюць 88,7 % воўны, 86,9 % бульбы, 81 % гародніны, 32,2 % яек, 13,3 % малака, 12,7 % мяса[1]. Фермерскія гаспадаркі (асабістыя гаспадаркі, якія аформлены як юрыдычныя асобы) не гуляюць вялікай ролі і вырабляюць 6,1 % гародніны, 4,3 % воўны, 2 % бульбы, 1,4 % збожжа і цукровых буракоў, 0,5 % мяса[1].

Сукупная плошча сельскагаспадарчых зямель на пачатак 2011 года — 8897,5 тыс. га (5510,5 тыс. га — ворныя землі, 3240,6 тыс. га — лугавыя землі). 16,4 % земляў былі меліяраваны[1]. З 5510,5 тыс. га ворных зямель 4698,2 тыс. га знаходзяцца ў карыстанні сельгасарганізацый, 682,1 тыс. га — у карыстанні грамадзян (у 2001 годзе — 1022 тыс. га), з якіх 640 тыс. га адведзена пад асабістыя падсобныя гаспадаркі, а 31,6 тыс. га — пад дачы, яшчэ 85,4 тыс. га знаходзіцца ў карыстанні фермерскіх гаспадарак[1].

У 2010 годзе ўсімі гаспадаркамі краіны было выраблена сельскагаспадарчай прадукцыі на 35,6 трлн рублёў (у бягучых цэнах). 55,2 % складала прадукцыя раслінаводства, 44,8 % — жывёлагадоўлі. Каля 2/3 прадукцыі было выраблена ў сельгасарганізацыях (менш за палову сукупнай прадукцыі раслінаводства, амаль 90 % прадукцыі жывёлагадоўлі), каля 1/3 — у асабістых гаспадарках насельніцтва, каля 1 % — у фермерскіх гаспадарках[1]. Доля сельгасарганізацый у вытворчасці збожжа складае 93,6 %, бульбы — 11,1 %, гародніны — 12,9 %[1].

За 2000-10 гады колькасць тэхнікі ў гаспадарках прыкметна скарацілася. Колькасць трактароў знізілася з 72,9 тыс. у 2000 годзе да 47,3 тыс. на пачатак 2011 года, колькасць грузавых аўтамабіляў — з 46,3 тыс. да 25,1 тыс., збожжаўборачных камбайнаў — з 17,1 тыс. да 11,4 тыс., сіласа- і кормаўборачных камбайнаў — з 7,2 тыс. да 2,6 тыс.[1]. Павялічылася толькі колькасць буракаўборачных камбайнаў і трактарных апырсквальнікаў і апыляльнікаў[1]. Большасць сельскагаспадарчай тэхнікі — беларускай вытворчасці (Мінскі трактарны завод, Лідсельмаш, Гомсельмаш і іншыя). Штогадовае вытворчасць трактароў за 2000-10 гады вырасла з 22 470 да 44 370, трактароў магутнасцю больш 100 конскіх сіл — з 2617 да 9454, збожжаўборачных камбайнаў — з 445 да 2035[1]. Значная частка новай тэхнікі, аднак, пастаўляецца на экспарт. У выніку зніжэння агульнай колькасці сельгастэхнікі, забяспечанасць сельскагаспадарчай зямлі трактарамі знізілася з 15 трактароў на 1000 га ворыва ў 2000 годзе да 10 у 2010 годзе[1].

Асноўная частка выкарыстоўваных угнаенняў — мясцовай вытворчасці (найбуйнейшы вытворца калійных угнаенняў — «Беларуськалій», азотных — «Гродна Азот»). За 2000-10 гады вытворчасць азотных угнаенняў вырасла з 597 да 761 тыс. тон, фосфарных — з 87 да 192 тыс. тон, калійных — з 3,4 да 5,2 млн тон[2], вапняковай і даламітавай мукі — з 1,5 да 1,9 млн тон[1]. Унясенне мінеральных угнаенняў пад сельскагаспадарчыя культуры павялічылася за гэты ж перыяд з 850 да 1323 тыс. тон, у тым ліку азотных угнаенняў з 270 да 463 тыс. тон, фосфарных з 119 да 230 тыс. тон, калійных з 462 да 630 тыс. тон[1]. У разліку на адзін гектар ворных зямель прырост склаў з 169 да 284 кг[1]. Сукупнае ўнясенне арганічных угнаенняў павялічылася з 35,9 да 43,2 млн тон[1].

Падрыхтоўкай спецыялістаў у сферы сельскай гаспадаркі займаюцца Беларускі дзяржаўны аграрны тэхнічны ўніверсітэт (Мінск), Беларуская дзяржаўная сельскагаспадарчая акадэмія (горад Горкі, Магілёўская вобласць) і Гродзенскі дзяржаўны аграрны ўніверсітэт, падраздзяленні іншых ВНУ, а таксама шэраг спецыялізаваных сярэдніх спецыяльных навучальных устаноў.

Праблемы развіцця[правіць | правіць зыходнік]

У 2005-10 гадах рэалізоўвалася дзяржаўная праграма адраджэння і развіцця вёскі. У рамках гэтай праграмы, напрыклад, у 2007 годзе было выдаткавана 2,5 млрд. долараў, аднак эканамічны эфект быў нязначным, што было прызнана і ўрадам[3]. Тым не менш, праграма не была прыпыненая. Толькі за першыя тры гады яе рэалізацыі ў Беларусі было пабудавана 666 аграгарадкоў з неабходнай інфраструктурай[3]. Да 2008 годзе ўзровень датацый у сельскай гаспадарцы дасягнуў 60% пры сусветнай норме ў 20-30%. На 1 снежня 2010 года запазычанасць па крэдытах і пазыках сельскай гаспадаркі склала 18,1 трлн. рублёў (6 млрд. долараў па тагачаснаму курсу)[4].

Тым не менш, нягледзячы на значныя датацыі, шэраг экспертаў лічыць беларускую сельскую гаспадарку неэфектыўнай. Былы міністр сельскай гаспадаркі Леанід Русак паведаміў, што значная частка беларускай прадукцыі нават з улікам вялікіх датацый каштуе даражэй, чым еўрапейская, што прыводзіць да стратнасці экспарту[5]. Напрыклад, мяса-малочная прадукцыя пастаўляецца ў Расію па коштах, якія не пакрываюць выдаткі на вытворчасць гэтай прадукцыі[5]. На вытворчасць аднаго кілаграма мяса ў Беларусі выдаткоўваецца ў 8-10 разоў больш электраэнергіі, чым у развітых краінах, а вытворчасць аднолькавай колькасці малака і ялавічыны патрабуе значна большай колькасці кармоў[5]. Яшчэ адной важнай праблемай сельскай гаспадаркі з'яўляецца састарэлая матэрыяльна-тэхнічная база[5].

Хоць «Праграма адраджэння і развіцця вёскі» была матывавана тым, што «у ходзе ліберальных рэформ першай паловы 90-х гадоў ХХ стагоддзя многае з дасягнутага было разбурана», ураджай бульбы ў Беларусі так і не дасягнуў узроўню 1993 года, калі быў таксама дасягнуты рэкордны ўзровень вытворчасці мяса[6]. Толькі ў 2004 годзе быў дасягнуты ўзровень ураджайнасці збожжавых 1990 і 1993 гадоў[6].

На думку эканаміста Сяргея Балыкіна, адсутнасць прыватнай уласнасці на зямлю таксама перашкаджае развіццю сельскай гаспадаркі[7]. На яго думку, зрабіць сельскую гаспадарку больш эфектыўнай мог бы пачатак банкруцтва стратных прадпрыемстваў, што, аднак, не робіцца кіраўніцтвам краіны па ідэалагічных меркаваннях[7]. Эканаміст Міхаіл Залескі прыводзіць прыклад, што прыватныя гаспадаркі забяспечваюць вялікую частку вытворчасці бульбы і гародніны. Гэта сведчыць аб высокай эфектыўнасці развіцця фермерскіх гаспадарак у Беларусі[5].

Перад сельскай гаспадаркай існуе план: да 2015 года атрымаць 7 млрд. долараў ад экспарту[4].

Статыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Статыстыка Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН пра Беларусь[правіць | правіць зыходнік]

Паводле статыстыкі Харчовай і сельскагаспадарчай арганізацыі ААН (ФАО), Беларусь знаходзіцца на другім месцы ў свеце пасля Польшчы па плошчы сельскагаспадарчай зямлі, якая засеяна трыцікале (516,6 тыс. га), і на чацвёртым месцы па яго зборы (1,78 млн тон супраць 2 млн у Францыі, 2,5 млн у Германіі і 5,2 млн у Польшчы)[8]. Беларусь знаходзіцца на пятым месцы ў свеце па плошчы сельскагаспадарчай зямлі пад жытам (448 тыс. га) і на чацвёртым месцы ў свеце па яго зборы (1,2 млн тон супраць 4,3 млн у Расіі і Германіі і 3,7 млн у Польшчы)[8]. Беларусь таксама знаходзіцца на восьмым месцы ў свеце па плошчы сельскагаспадарчай зямлі пад бульбай і на дзесятым месцы па яе зборы (7,1 млн тон супраць 73,3 млн у лідара, Кітая)[8].

Сярэдняя ўраджайнасць у беларускай сельскай гаспадарцы звычайна знаходзіцца на прыблізна аднолькавым узроўні з ураджайнасцю ў суседніх краінах. Тым не менш, Беларусь значна саступае ва ўраджайнасці ў параўнанні з краінамі Заходняй Еўропы і ЗША (а ў шэрагу выпадкаў — і з краінамі Лацінскай Амерыкі і Азіі). Па ўраджайнасці кукурузы Беларусь знаходзіцца на шостым месцы з канца ў Еўропе, ураджайнасць бульбы ўтрая ніжэй аналагічнага ўзроўню ў ЗША, ураджайнасць жыта і ячменю ў 2-3 разы ніжэй за аналагічны ўзровень Вялікабрытаніі, Германіі, Швецыі, Францыі, Бельгіі, Нідэрландаў[8].

Агульныя паказчыкі[правіць | правіць зыходнік]

  • Вытворчасць галоўных сельскагаспадарчых культур на душу насельніцтва
Культура 1989 1995 2000 2005 2008 2009 2010[9]
Бульба 1082 932 871 837 904 737 825
Збожжа 720 540 485 657 931 881 737
Гародніна 87 101 138 205 237 239 246
Мяса 116 64 60 79 87 95 102
Малако 723 497 449 581 643 681 698
Яйкі, шт. 354 331 329 317 342 355 373
  • Сярэдняя ўраджайнасць збожжавых культур, ц/га[1]:
  • Агульная пасяўная плошча, тыс. га[1]:
  • Пасяўная плошча паводле абласцей, тыс. га[1]:
  • Пасяўная плошча пад розныя культуры (чырвоны — збожжавыя, залаты — бульба, зялёны — кармавыя, шэры — іншыя)[1]:

Зноскі