Сем пагоркаў Рыма

З Вікіпедыя.

Перайсці да: рух, знайсці

РЫМСКІЯ ПАГОРКІ – мясцовасць у Лацыі на якой узнік Рым. У гістарычнай традыцыі налічваюць сем пагоркаў на якіх пабудаваны Рым – Палатын, Эсквілін, Цэліё, Вімінал, Квірынал, Капітолій, Авентын.

Першыя сталыя паселішчы ў Лацыі з’явіліся ў кан. 2 тыс. да н.э. на купе Альбанскіх пагоркаў. Гэтыя пагоркі былі асяродкам распаўсюджвання ла́цінаў, а пазней, у 7 ст. да н.э. – асяродкам злучэння прымітыўных лацінскіх полісаў у так званую Альбанскую ўнію.

Змест

[правіць] Рымскія пагоркі

Іншая купа пагоркаў, будучыя Рымскія пагоркі, ў ніжняй плыні Тыбру была заселеная значна пазней. Становішча гэтых пагоркаў было надзвычай прывабным, яны мясціліся на адлегласці каля 25 км ад мора на левым беразе ракі ў багністай мясцовасці. Некаторыя з пагоркаў мелі стромкія схілы і былі прыдатныя для абароны. У вусці Тыбра з марской вады здаўна здабывалася соль, і па левым беразе Тыбра ўглыб абшару ішоў так званы Саляны шлях - Via salaria.

[правіць] Палатын ці Roma quadrata

Першым у 10 - 9 ст. да н.э. лацінамі быў заселены Палатын. Гэта пацвярджаецца антычнай традыцыяй і тапаграфічнымі ўмовамі. Схілы Палатына з трох бакоў былі вельмі стромкія, толькі з паўночна-ўсходняга боку быў праход да вяршыні, але і яго было лёгка абараняць. Вяршыня Палатына мела плошчу да 6-8 га і мела магчымасць змяшчаць даволі значнае па тых часах паселішча. Пагорак у тыя часы акаляла дрыгва, паблізу быў брод праз Тыбр, у падоллі ішоў вышэйзгаданы Саляны шлях. Гэта першы этап у развіцці Рыму, старажытнарымскія пісьменнікі звалі яго «Roma quadrata» - «Квадратны Рым».

[правіць] Знешнія пагоркі ці Septimontium

Знешнія пагоркі – пагоркі акаляючыя Палатын. Першым з іх у кан. 9 ст. да н.э. быў заселены Эсквілін, на ім стварылі паселішча сабіны.

У 8 ст. да н.э. у развіцці Рыму быў перыяд які старажытнарымскія пісьменнікі звалі «Septimontium» - «Сямігоршчына». Але яны мелі на ўвазе ня тыя пагоркі якія зараз завуцца «Сем рымскіх пагоркаў». Меліся на ўвазе дзьве верхавіны Палатына - Палацый і Гермаль, тры верхавіны Эсквіліна - Цыспій, Фагутал і Опій, перахлябіна Велія злучаючая Палатын з Эсквілінам, пагорак Цэліё. Такім чынам, магчыма лічыць, што у гэты час ужо былі заселеныя тры пагоркі – Палатын, Эсквілін і Цэліё.

У 7 ст. да н.э. Рым яшчэ больш пашырыўся на поўнач – у гэты час былі заселеныя пагоркі Вімінал і Квірынал. Пагорак Капітолій быў заселены у 6 ст. да н.э., а пагорак Авэнтын толькі ў сярэдзіне 5 ст. да н.э.

[правіць] Іншыя пагоркі ў Рыме

Акрамя вышейзгаданых у Рыме, на правым беразе Тыбра, ёсць яшчэ пагорак Янікул (вышыня 85 м.), а на поўнач ад яго пагорак Ватыкан ці Ватыканскія горы (вышыня 146 м).

[правіць] Рымскае падолле

Пагоркі Палатын і Эсквілін злучаныя паміж сабой скалістай перахлябінай Велія. У іншых месцах пагоркі падзяляюць долы якія ў старажытнасці з'яўляліся багнамі, а пазней былі асушаныя.

Паміж Палатынам і Капітоліям месцяцца долы Велябр і Валові рынак (лац.: forum Boarium). Паміж Палатынам, Капітоліям і Квірыналам - дол Форум. Паміж Палатынам і Авентынам - дол Мурцыі, які пазней зваўся Вялікім цыркам (Circus Maximus). Паміж Эсквілінам, Віміналам і Квірыналам - долы Аргілет і Субура. Паміж Цэліё і Авантынам - Апіева дарога.