Сенсорная сістэма
Сенсорныя сістэмы[1] — (ад лац. sensorium — пачуццё, адчуванне, успрыняцце) — сукупнасць спецыялізаваных нервовых утварэнняў, якія ажыццяўляюць працэсы прыёму і апрацоўкі інфармацыі аб уздзеянні на арганізм раздражняльнікаў са знешняга і ўнутранага асяроддзя, а таксама фарміруюць адчуванні.
Сенсорная сістэма складаецца з рэцэптараў, нейронных праводзячых шляхоў і адказных за апрацоўку артыманых сігналаў аддзелаў галаўнога мозга. Найбольш вядомымі такімі сістэмамі з'яўляюцца зрок, слых, смак і абанянне. з дапамогай сенсорнай сістэмы можна адчуць такія фізічныя ўласцівасці, як тэмпература, смак, гук, ціск.
Змест |
Будова і агульная характарыстыка [правіць]
Усе сенсорныя сістэмы пабудаваны па адзіным прынцыпе і складаюцца з трох аддзелаў: перыферычнага, правадніковага і цэнтральнага.
Перыферычны аддзел прадстаўлены органам пачуцця. У яго састаў уваходзяць рэцэптары — канцы адчувальных нервовых валокнаў або спецыялізаваныя клеткі. Яны забяспечваюць пераўтварэнне энергіі раздражняльніка ў нервовыя імпульсы. Рэцэптары адрозніваюцца па месцы размяшчэння (унутраныя і вонкавыя), будове і асаблівасцях успрыняцця энергіі раздражняльніка (адны ўспрымаюць механічныя, другія — хімічныя, трэція — светлавыя стымулы). Акрамя рэцэптараў, органы пачуццяў уключаюць у сябе дапаможныя структуры, якія выконваюць ахоўную, апорную і некаторыя іншыя функцыі. Напрыклад, дапаможны апарат вока прадстаўлены вокарухальнымі мышцамі, павекамі і слёзнымі залозамі.
Правадніковы аддзел сенсорнай сістэмы складаецца з адчувальных нервовых валокнаў, якія ўтвараюць у большасці выпадкаў спецыялізаваны нерв. Ён дастаўляе інфармацыю ад рэцэптараў у цэнтральны аддзел сенсорнай сістэмы.
Цэнтральны аддзел размешчаны ў кары вялікіх паўшар'яў галаўнога мозга. Тут знаходзяцца вышэйшыя сенсорныя цэнтры, якія забяспечваюць канчатковы аналіз атрыманай інфармацыі і фарміраванне адпаведных адчуванняў.
Адрозніваюць сенсорныя сістэмы зроку, слыху, раўнавагі, нюху, смаку і інш.
Сенсорная сістэма зроку [правіць]
Яе перыферычная частка прадстаўлена органам зроку (вокам), правадніковая — зрокавым нервам, а цэнтральная — зрокавай зонай, размешчанай у патылічнай долі кары вялікіх паўшар'яў.
Светлавыя прамяні ад прадметаў, якія разглядаюцца, дзейнічаюць на святлоадчувальныя клеткі вока і выклікаюць у іх узбуджэнне. Яно перадаецца па зрокавым нерве ў кару вялікіх паўшар'яў. Тут у патылічных долях узнікаюць зрокавыя адчуванні формы, афарбоўкі, велічыні, размяшчэння і напрамку руху прадметаў.
Сенсорная сістэма слыху [правіць]
Яе дзейнасць ляжыць у аснове навучання маўленню. Яна прадстаўлена вухам — органам слыху (перыферычны аддзел), слыхавым нервам (правадніковы аддзел) і слыхавой зонай, размешчанай у скроневай долі кары вялікіх паўшар'яў (цэнтральны аддзел).
Сенсорная сістэма раўнавагі [правіць]
Забяспечвае кіраванне становішчам цела ў прасторы, дастаўляе інфармацыю пра паскарэнні і запавольванні, якія ўзнікаюць падчас руху. Яна прадстаўлена органам раўнавагі, вестыбулярным нервам і адпаведнай зонай у скроневых долях кары вялікіх паўшар'яў.
Сенсорная сістэма смаку [правіць]
Ажыццяўляе аналіз растваральных хімічных раздражняльнікаў, якія дзейнічаюць на орган смаку (язык). 3 яе дапамогай вызначаецца смак і прыдатнасць ежы.
Язык пакрыты слізістай абалонкай, складкі якой змяшчаюць смакавыя пупышкі. Унутры кожнай пупышкі размешчаны рэцэпторныя клеткі з мікраварсінкамі. Рэцэптары звязаны з нервовымі валокнамі, якія ўваходзяць у мозг у складзе чарапных нерваў. Па іх імпульсы дасягаюць задняй часткі цэнтральнай звіліны кары галаўнога мозга, дзе і фарміруюцца смакавыя адчуванні.
Адрозніваюць чатыры асноўныя смакавыя адчуванні: горкае, салодкае, кіслае і салёнае. Кончык языка праяўляе найбольш высокую адчувальнасць да салодкага, краі — да салёнага і кіслага, а корань — да горкага рэчываў.
Сенсорная сістэма нюху [правіць]
Ажыццяўляе ўспрыняцце і аналіз хімічных раздражняльнікаў, якія знаходзяцца ў знешнім асяроддзі. Перыферычны аддзел сенсорнай сістэмы нюху прадстаўлены эпітэліем насавой поласці, у якім маюцца рэцэпторныя клеткі з мікраварсінкамі. Аксоны гэтых адчувальных клетак утвараюць нюхальны нерв, які накіроўваецца ў поласць чэрапа. Па ім узбуджэнне праводзіцца данюхальных цэнтраў кары вялікіх паўшар'яў, дзе і ажыццяўляецца распазнаванне пахаў.
Дотык [правіць]
Дотык забяспечвае здольнасць успрымаць і адрозніваць форму, памер і характар паверхні прадмета. Рэцэптары, якія ўдзельнічаюць у працэсах успрыняцця раздражняльнікаў, што дзейнічаюць на скуру рэагуюць не толькі на дотыкі, але таксама на цяпло, холад і болевыя ўздзеянні. Больш за ўсё тактыльных рэцэптараў на вуснах і далоневай паверхні пальцаў рук, менш за ўсё — на тулаве. Узбуджэнне ад рэцэптараў па адчувальных нейронах перадаецца ў зону скурнай адчувальнасці кары вялікіх паўшар'яў, дзе ўзнікаюць адпаведныя адчуванні.
Сенсорная сістэма чалавека [правіць]
Сэнсарная сістэма чалавека складаецца з наступных падсістэм:
- Сенсорная сістэма зроку
- Сенсорная сістэма слыху
- Сенсорная сістэма смаку
- Сенсорная сістэма нюху
- Саматасенсорная сістэма
У чалавека маюцца:
Гл. таксама [правіць]
Зноскі
- ↑ Напісанне "Сенсорная сістэма" ў адпаведнасці з Тлумачальным слоўнікам беларускай літаратурнай мовы. Мн.:БелЭн, 2002, С.595.
Вонкавыя спасылкі [правіць]
На ВікіСховішчы ёсць медыяфайлы па тэме Сенсорная сістэма
Літаратура [правіць]
- Машчанка М. Біялогія: вучэб. дапам. для 9-га кл. устаноў агульн. сярэдн. адукацыі з бел. мовай навучання / М.В.Машчанка, А.Л.Барысаў; пер. з рус. мовы В.У.Клімко. — 3-е выд. — Мн.: Нар. асвета, 2011. ISBN 978-985-03-1531-1.
| Гэта пачатак артыкула па анатоміі. Вы можаце дапамагчы праекту, выправіўшы і дапоўніўшы яго. |