Сечура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Пустыня Сечура

Пустыня Сечура (Перуанская пустыня) — пустыня, размешчаная на заходнім узбярэжжы Перу, у паўночна-заходняй частцы Паўднёвай Амерыкі. Займае прыбярэжную паласу паміж Андамі і Ціхім акіянам, працягласць з поўначы на поўдзень да 150 км, з захаду на ўсход на 20—100 км. Плошча 188 735 км², глебы пясчаныя і камяністыя. З'яўляецца працягам пустыні Атакама на поўначы.

У пустыні Сечура знаходзіцца адно з найбуйнейшых у свеце радовішчаў фасфарытаў, якія змяшчаюць таксама рэдкія элементы і металы. Два з пяці найбуйнейшых гарадоў Перу (П'юра і Чыклаё) размешчаны ў гэтым рэгіёне.

Клімат[правіць | правіць зыходнік]

Пустыня Сечура адносіцца да экстраарыдных пустынь. Пасатная інверсія на ўсходнім краі магутнага субтрапічнага антыцыклону, якая ўзнікае ў гэтым рэгіёне, абцяжарвае перанос вільгаці ўверх, што з’яўляецца прычынай вельмі малой колькасці ападкаў (20-50 мм у год). Дажджы выпадаюць раз у некалькі гадоў.

Сечура — самая прахалодная з усіх пустыняў, сярэднегадавая тэмпература складае 22 °C. Халодныя прыбярэжныя воды і ўстойлівыя паўднёва-заходнія вятры зніжаюць тэмпературу паветра на ўзбярэжжы і абумоўліваюць яе пастаянства. Летам (са снежня па сакавік) цёпла і сонечна, сярэдняя тэмпература перавышае 24 °C. Зімой (з чэрвеня па верасень) халаднавата і воблачна, тэмпература змяняецца ад 16 °C ноччу да 24 °C днём. Узімку з мора ўтвараюцца негустыя туманы (таўшчыня пласта — 300—400 метраў), якія падымаюцца на вышыні 700—1000 м, даючы цень і прахалоду і абараняючы зямлю ад залішняга выпарэння. Паверхневыя воды з пустыні цалкам адсутнічаюць. Для пустыні характэрныя частыя і моцныя вятры, якія перамяшчаюць на значныя адлегласці масы пяску.