Славянскія мікрамовы

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Славя́нская мікрамо́ва — тэрмін, уведзены напрыканцы 1970-х гадоў расійскім лінгвістам Аляксандрам Дулічэнкам для пазначэння асаблівых літаратурных і лінгвістычных формаў, што існуюць побач з больш вядомымі славянскімі мовамі. Славянскія мікрамовы звычайна вызначаюцца як стандартызаваныя формы некаторых з ізаляваных або перыферыйных дыялектаў буйнейшых нацыянальных моў, пры гэтым мікрамовы, як і нацыянальная мова, маюць шэраг літаратурных функцый у грамадстве, аднак у заўважна меншым аб'ёме ў адрозненне ад нацыянальнай. Усе літаратурныя мікрамовы, як правіла, маюць некаторую лінгвістычную сувязь з будзь-якой нацыянальнай мовай, у выніку чаго славянскія мікрамовы часта фактычна ўяўляюць сабою стандартызаваныя формы дыялектаў нацыянальнай мовы. Тым не менш, з гэтага правіла могуць быць выключэнні.

Астраўныя і перыферыйныя мікрамовы[правіць | правіць зыходнік]

Носьбіты або карыстальнікі сучасных славянскіх мікрамоў звычайна пражываюць сярод няроднасных моўных грамадаў, складаючы тым самым своеасаблівы этнічны «востраў», або ў перыферыйных рэгіёнах сваёй гістарычнай этнічнай групы. Адпаведна з гэтым, славянскія мікрамовы падзяляюцца на «астраўныя» і «перыферыйныя» (апошнія з іх таксама вядомыя як рэгіянальныя). Сярод астраўных славянскіх мікрамоў найвядомейшымі з'яўляюцца панонска-русінская, градышчанска-харвацкая, малізска-славянская, рэзьянская, (часам азначаецца як «паўастраўная») і банацка-балгарская мікрамовы. Асноўнымі перыферыйнымі славянскімі мікрамовамі з'яўляюцца прэкмурская, усходнеславацкая, ляшская, русінская, заходнепалеская і г.д.

Функцыянальныя рысы[правіць | правіць зыходнік]

Дакладныя іерархічныя зносіны між нацыянальнымі літаратурнымі мовамі і мікрамовамі могуць быць устаноўленымі шляхам даследаванняў унутраных уласцівасцей, такіх як неадпаведнасць між строгай маўленчай нормай нацыянальнай мовы і ўмеранай нормай мікрамовы, якая нярэдка зліваецца з дыялектамі. Нацыянальная літаратурная мова часта адлюстроўвае стандартызаваную форму маўлення, што, аднак, можа адсутнічаць у мікрамоў, чые нормы нярэдка складаюцца з досыць адрозных дыялектаў. Апрача таго, розніца можа складацца між шырынёй выкарыстання нацыянальнай мовы і мікрамовы.

Між тым, мікрамовы звычайна маюць большае функцыянальнае выкарыстанне ў адрозненне ад адпаведных дыялектаў; яны праяўляюць тэндэнцыю да стандартызацыі, што цягне за сабою значнае пашырэнне лексікі, больш кадыфікаваную граматыку (часта — шляхам знешніх запазычванняў), а таксама зварот да папярэдняй літаратурнай і лінгвістычнай традыцыі іншых дыялектаў. У адрозненне ад дыялектаў, якія могуць ужывацца ў мастацкіх мэтах, мікрамова звычайна ў той ці іншай ступені рэгулюецца арганізаваным літаратурным і моўным працэсам, які ўяўляе стварэнне і функцыянаванне мікрамовы.

З пункту гледжання геаграфіі славянскія мікрамовы могуць існаваць сярод іншых славянскіх альбо сярод не-славянскіх рэгіёнаў. Такім чынам, адны з мікрамоў маюць становішча своеасаблівых «астравоў», паўсталых у выніку міграцыі, у той час як іншыя — як мовы, што не адасабляліся ад рэгіёна свайго паходжання.

Спіс сучасных мікрамоў[правіць | правіць зыходнік]

Ніжэй прыведзены спіс шырока вядомых сучасных славянскіх мікрамоў. Мікрамовы згрупаваныя паводле дыялектнай прыналежнасці да іншай, буйной нацыянальнай мовы (то бок да мовы, адным з дыялектаў якой ёсць дыялект, на якім заснаваная мікрамова), а таксама паводле прыналежнасці да той ці іншай групы славянскіх моў.

Асаблівае становішча займае панонска-русінская мова (русіны-перасяленцы ў Ваяводзіне і Харватыі, таксама вядомая як югаславарусінская), якая генетычна адносіцца да славацкага моўнага масіву, аднак мае моцны субстратны і адстратны русінскі ўплыў. Паводле сукупнасці крытэраў займае прамежкавае становішча між мікрамовамі і асноўнымі славянскімі мовамі.

Да апошняга часу адзіным моўным арэалам, дзе не ўзніклі літаратурныя мікрамовы, заставалася руская мова. У пачатку ХХІ ст. у Расіі з'явілася некалькі праектаў, сярод якіх можна адзначыць сібірскую і паморскую мікрамовы. У пачатку мінулага стагоддзя ставіліся спробы стварэння літаратурнай мовы на аснове мясцовых гаворак для Усевялікага Войска Данскога — кароткатэрміновай дзяржавы на поўдні Расіі.

Этнічны фактар[правіць | правіць зыходнік]

Большасць славянскіх мікрамоў, як правіла, прасоўваюць не нацыі або этнічныя групы, а культурна-моўныя і этнамоўныя групы як субэтнічныя групы таго ці іншага славянскага этнасу.

Перыферыйныя літаратурныя мікрамовы функцыянуюць у асяроддзі культурна-моўных груп, што існуюць у межах перыферыйнага (этнічнага) арэалу і вылучаюцца ў яго межах толькі мясцовымі асаблівасцямі культурна-гістарычнага і дыялектнага (моўнага) характару, — да падобных груп належаць чакаўцы, кайкаўцы ў Харватыі і г.д. Да астраўных літаратурных мікрамоў адносяцца этнамоўныя групы, што рэзка адрозніваюцца ад атачальнай большасці — градышчанскія харваты, малізскія славяне, банацкія балгары і г.д., у адрозненне ад культурна-моўных груп гэтыя групы характарызуюцца трохі большай этнічнай і моўнай адасобленасцю. І перыферыйныя, і астраўныя этнічныя групы ў пераважнай большасці (за некаторымі выключэннямі) разглядаюць уласную ідэнтычнасць як частку большай, буйной славянскай нацыі (банацкія балгары — балгараў; малізскія славяне, градышчанскія харваты, чакаўцы, кайкаўцы — харватаў і г.д.). Зыходзячы з падобнага крытэру, панонска-русінская мова можа разглядацца як асобная з прычыны прэтэндавання панонскіх русінаў на статус асобнага народа. З іншага боку, пад падобны крытэрый і пад вызначэнне мікрамова не трапляюць лужыцкія мовы, якія маюць астраўное размяшчэнне, але не адносяцца да якой-небудзь буйнейшай славянскай мовы, а таксама кашубская мова, якая, нягледзячы на перыферыйнае дачыненне адносна польскай, лічыцца большасцю лінгвістаў асобнай мовай.

Гісторыя ўзнікнення[правіць | правіць зыходнік]

Сярод асноўных умоў, што спрычыняліся да ўзнікнення літаратурных мікрамоў, перадусім вылучаюцца наяўнасць кампактнага асяроддзя і звязаная з гэтым адасобленасць ад асноўнага дыялектнага кантынууму; усведамленне моўнай і этнічнай спецыфічнасці; складанасць дыялектнага ландшафту, якая вымушае звярнуцца да пошукаў уласнай літаратурнай мовы (асабліва ў перыяд фарміравання нацыянальных літаратурных моў) на бліжэйшай дыялектнай аснове; наяўнасць літаратурна-моўнай перадтрадыцыі на роднаснай ці няроднаснай мове, якая забяспечвала ўмовы для эксперыментаў па прымяненні роднага маўлення ў ролі літаратурнай мовы. Пры гэтым колькасны фактар не з'яўляецца вырашальным, але аказвае ўплыў на патэнцыйныя магчымасці літаратурна-моўнага працэсу.

Стымуламі для ўзнікнення шэрагу мікрамоў стаў пратэстантызм, які быў распаўсюджаны сярод некаторых славянскіх этнічных груп і прапагандаваў набажэнства на мясцовай мове (XVI ст.), рухі за нацыянальнае адраджэнне славянскіх народаў (ХІХ ст.) і суб'ектыўны фактар — існаванне асветнікаў, здольных уласным прыкладам, у асноўным у літаратурнай галіне, даць штуршок да арганізацыі літаратурна-моўнага працэсу на мясцовых дыялектах.

Асаблівасцю перыферыйных літаратурных мікрамоў з'яўляецца тая акалічнасць, што амаль усе з іх на пачатковай стадыі свайго развіцця (да эпохі нацыянальнага адраджэння) прадстаўлялі сабою рэгіянальныя варыянты, якія ўступалі ў канкурэнцыю адзін з адным з мэтай стаць грунтам для стварэння нацыянальнай літаратурнай мовы.

Зноскі

  1. Милетич, Любомир. I, кн. 5 и 6 // Нова латинска писменост за македонските българи под Гърция — Македонски преглед, 1925. — С. 229-233.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Дуличенко А. Д. Малые славянские литературные языки, микроязыки // Языки мира — Славянские языки. — М.: Academia, 2005.
  • Дуличенко А. Д. Славянские литературные микроязыки. Вопросы формирования и развития — Таллин, 1981.
  • Дуличенко А. Д. Языки малых этнических групп: функциональный статус и проблемы развития словаря (на славянском материале) // Modernisierung des Wortschatzes europäischer Regional- und Minderheitensprachen — Tübingen, 1999.
  • Duličenko А. D. Kleinschriftsprachen in der slawischen Sprachenwelt // Zeitschrift für Slawistik — 1994, Bd. 39.