Словаўтваральны тып

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Словаўтваральны тып– комплексная адзінка словаўтваральнай сістэмы; сукупнасць словаў з агульнымі словаўтваральнымі характарыстыкамі.

Словаўтваральны тып – галоўная ячэйка словаўтваральнай сістэмы, бо ў яго межах адбываецца ўтварэнне новых словаў. Толькі зусім нязначная колькасць словаў утвараецца па-за ўтваральнымі тыпамі, г.зн. не тыпізавана.

Інакш кажучы, пад словаўтваральным тыпам разумеецца схема (формула) пабудовы блізкіх, што характарызуецца адзінствам дэрывацыйнага афікса і катэгарыяльным адзінствам іх утваральных асноў.

Характарыстыка словаўтваральнага тыпу[правіць | правіць зыходнік]

  • Утваральныя асновы вытворных словаў павінны належаць да адной часціны мовы.
  • Агульнасць семантычных адносін паміж вытворным словам і ўтваральным.
  • Наяўнасць агульнага словаўтваральнага фарманта і спосабу словаўтварэння, тоеснасць афікса.

Прадуктыўнасць словаўтваральных тыпаў[правіць | правіць зыходнік]

Як і ўсякія іншыя элементы (канструкцыі) мовы, словаўтваральныя тыпы маюць розную ступень прадуктыўнасці. на ўзор адных словаўтваральных тыпаў новыя словы ўтвараюцца часцей, на ўзор другіх – радзей, або зусім не ўтвараюцца.

Непрадуктыўныя словаўтваральныя тыпы з'яўляюцца замкнёнымі. У іх межах не ўзнікаюць новаўтварэнні, колькасць словаў тут паддаецца дакладнаму падліку.

Высокапрадуктыўныя словаўтваральныя тыпы – адкрытыя, незамкнёныя. Яны папаўняюцца новымі словамі, і колькасны склад такіх тыпаў цяжка вызначыць, таму што нельга ўлічыць усе адпаведныя словы і асабліва тыя новаўтварэнні, якія не набылі яшчэ шырокага ўжытку. Цяжка, напрыклад, выявіць з вычарпальнай паўнатой колькасны склад словаўтваральнага тыпу з прыстаўкай не-. Вялікая колькасць вытворных уваходзіць таксама ў словаўтваральны тып назоўнікаў, утвораных ад прыметнікавых асноў пры дапамозе суфікса -асць (санлівасць, пужлівасць).

Марфемы ў высокапрадуктыўных словаўтваральных тыпах вызначаюцца вялікай выбіральнасцю і шырокімі марфематычнымі сувязямі. Гэта стварае спрыяльныя ўмовы для далейшай словатворчасці. Так побач з рэальнымі ўзнікаюць патэнцыяльныя словы.

У межах словаўтваральных тыпаў дзейнічае тэндэнцыя абмяжоўваць іх утваральныя магчымасці. Гэтыя абмежаванні тыражваюцца сістэмай мовы, якая рэгулюе стварэнне словаў паводле пэўнага тыпу або мадэлі. Утварэнне новых словаў з парушэннем тых фармальных абмежаванняў, што тыражваюцца сістэмай мовы, прыводзіць да ўзнікнення аказіяналізмаў.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Беларуская граматыка: У 2 ч. — Мінск: Навука і тэхніка. — Ч. 1. Фаналогія Арфаэпія. Марфалогія. Словаўтварэнне. Націск, 1985.
  • Шакун Л. М. Словаўтварэнне. Мінск: Вышэйшая школа, 1978.