Служба хуткай медыцынскай дапамогі (Мінск)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Служба хуткай медыцынскай дапамогі (ХМД) г. Мінска

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

З 17 кастрычніка 1910 года ў г. Мінску пры Таварыстве дапамогі бедным хворым яўрэям у адпаведнасці са Статутам было заснавана дзяжурства лекараў для «падачы медыцынскай дапамогі» хворым. Створаная служба хуткай медыцынскай дапамогі (далей — ХМД), мела ў сваім распараджэнні конную карэту, тэлефонную сувязь, з сабой дзяжурныя лекары везлі «аптэчку і неабходныя перавязачныя сродкі для падачы першай дапамогі».

У 1911 годзе службай ХМД было выканана 650 выклікаў. У тым-жа годзе на бязвыплатна сабраныя сродкі ў Мінску, раней чым у Маскве, Санкт-Пецярбургу, Кіеве, Дрэздэне, у Аўстрыі быў закуплены і пачаў эксплуатавацца першы санітарны аўтамабіль ХМД, які з пачаткам Першай сусветнай вайны быў перададзены франтавому шпіталю.

З верасня 1922 года ў начны час арганізацыя ХМД была ўскладзена на першую гарадскую амбулаторыю. Служба ХМД атрымала конную карэту, якая знаходзілася пры пажарнай камандзе. Частка выклікаў ХМД у бліжэйшыя раёны выконваліся лекарамі пешшу. За 1922 г. служба ХМД выканала 2040 выклікаў. У 1923 годзе для ХМД быў закуплены санітарны аўтамабіль, служба ХМД перайшла на кругласутачную працу.

Да 1932 года служба ХМД пераехала ў цэнтральную гарадскую паліклініку на вуліцы Кірава, у ёй з'явілася спецыяльная конная карэта для перавозкі інфекцыйных хворых.

У 1934 годзе, з утварэннем станцыі ХМД, яе ўзначаліў Сямён Давыдавіч Пеўзнер. Да пачатку 1941 г. на Мінскай станцыі ХМД працавала 6 брыгад. З ліпеня 1944 г., пасля вызвалення Мінска ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, станцыя ХМД аднавіла працу, яна размяшчалася ў 3-й гарадской бальніцы. У 1944-45 гг. санітарныя аўтамашыны ХМД выязджалі толькі на тэрміновыя выклікі і да парадзіх. Частку выклікаў медработнікі абслугоўвалі пешшу.

У ліпені 1945 г., пасля дэмабілізацыі, станцыю хуткай медыцынскай дапамогі ізноў узначаліў С. Д. Пеўзнер. З кожным годам колькасць зваротаў на станцыю хуткай медыцынскай дапамогі павялічвалася.

У 1947 г. станцыі хуткай дапамогі ўпершыню быў выдзелены асобны будынак па вул. Захарава, 11 (зараз вул. Кісялёва, 6).

Для больш аператыўнага абслугоўвання хворых і пацярпелых у 1947 г. была адкрыта падстанцыя хуткай медыцынскай дапамогі на вул. Грушаўскай.

У 1948 г. усе выклікі, якія паступалі на Мінскую станцыю ХМД, сталі падзяляць на выклікі па хуткай медыцынскай дапамозе і выклікі па неадкладнай медыцынскай дапамозе. У сярэднім штомесяц станцыя ХМД абслугоўвала больш 4300 выклікаў.

Для больш хуткага прыбыцця да хворых і пацярпелых у 1951 г. былі адкрыты падстанцыі ХМД у раёне Мінскага аўтамабільнага завода і пры чатырох гарадскіх паліклініках.

У 1957 г. станцыю ХМД узначаліў І. М. Парфянкоў Да гэтага часу на станцыі працавала 19 выязных брыгад, сярэдняя нагрузка на 1 брыгаду ў суткі складала 14 выклікаў.

Для памяншэння нагрузкі на хуткую медыцынскую дапамогу ў 1959 годзе ў Мінску пры паліклініках былі арганізаваны пункты неадкладнай медыцынскай дапамогі. Аднак адкрыццё пунктаў неадкладнай медыцынскай дапамогі пры паліклініках прывяло толькі да нязначнага змяншэння колькасці неадкладных выклікаў.

У 1963 г. служба хуткай медыцынскай дапамогі выйшла на новы якасны ўзровень аказання экстранай дапамогі, дзякуючы арганізацыі спецыялізаваных брыгад, першай з якіх стала тромбаэмбалічная брыгада. Гэтая брыгада не толькі аказвала медыцынскую дапамогу на даму хворым з інфарктам міякарда, арытміяй, сардэчнай астмай, але і праводзіла кансультацыі хворых з інфарктам міякарда ў стацыянарах горада.

Да 1964 года ў сталіцы працавала 26 кругласутачных брыгад ХМД. Тады-ж у будынку на вул. Мяснікова, 80 быў арганізаваны аператыўны аддзел, стэрылізацыйнае аддзяленне, стаянка для санітарнага транспарту.

У 1966 г. станцыя ХМД засялілася ў першы зноў пабудаваны двухпавярховы будынак на вул. Захарава, 52, дзе размяшчаецца і дагэтуль. Тады-ж на станцыі ХМД былі арганізаваны спецыялізаваныя траўматалагічная, супрацьшокавая і псіхіятрычная брыгады. У 1966 г. упершыню былі ўсталяваны прыярытэты выезду брыгад ХМД (тэрміновы, экстраны, неадкладны).

Арганізаваныя ў канцы 50-х гадоў пункты неадкладнай медыцынскай дапамогі пры паліклініках не карысталіся аўтарытэтам у насельніцтва, аператыўнасць абслугоўвання выклікаў брыгадамі неадкладнай дапамогі была нізкай, часта выклікі абслугоўваліся праз 4-8 гадзін пасля паступлення. Таму пачынаючы з 1967 г было прынята рашэнне перакладаць пункты неадкладнай медыцынскай дапамогі ў склад станцыі СМП. У 1969 г. была арганізавана першая педыятрычная брыгада ХМД.

З 1970 г. Мінскую гарадскую станцыю ХМД узначаліў вопытны арганізатар аховы здароўя І. С. Кудлачоў. У гэты час на станцыі працавалі 40 кругласутачных брыгад ХМД.

У 70-90-х гадах Мінская Служба ХМД развівалася і ўдасканальвалася: адкрываліся новыя карпусы, арганізоўваліся новыя брыгады, асвойваліся новыя паходы ў лячэнні.

Высокую аператыўнасць, добрую арганізаванасць і выразнасць у працы, паказалі брыгады ХМД падчас надзвычайнай сітуацыі, якая адбылася на станцыі метро «Няміга» 30 мая 1999 года. Для аказання экстраннай медыцынскай дапамогі пацярпелым, на месца здарэння было накіравана 59 брыгад, якія аказалі ўсім неабходную медыцынскую дапамогу і забяспечылі тэрміновую дастаўку 105 найбольш цяжка пацярпелых у профільныя стацыянары горада. Праз 35 хвілін ад моманту атрымання паведамлення аб надзвычайнай сітуацыі ўсе пацярпелыя былі дастаўленыя брыгадамі ХМД у медыцынскія ўстановы.

З 2004 па 2007 гг. хуткай медыцынскай дапамогай г. Мінска кіраваў Віктар Іванавіч Сірэнка.

Сёння[правіць | правіць зыходнік]

У 2006 г. для выканання сацыяльнага стандарту па колькасці брыгад ХМД на колькасць жыхароў горада колькасць брыгад ХМД была павялічана да 144.

З 2007 г. ўстанову аховы здароўя «Гарадская станцыя хуткай медыцынскай дапамогі» г. Мінска (далей УАЗ ГССМП) узначальвае Э. В. Козыраў, які адначасова з'яўляецца кіраўніком рэспубліканскага цэнтра «Хуткая медыцынская дапамога».

На 2010 год ва УАЗ ГСХМД працуе 148,5 брыгад ХМД, што адпавядае дзяржаўнаму мінімальнага сацыяльнаму стандарту па забяспечанасці брыгадамі ХМД насельніцтва (1 брыгада на 12500 насельніцтва). У іх ліку 58,5 спецыялізаваных (6 рэанімацыйных, 30 інтэнсіўнай тэрапіі, 2 неўралагічных, 4 псіхіятрычных, 16 педыятрычных і 0,5 уралагічнай), 15 урачэбных агульнапрофільных, 75 фельчарскіх брыгад. У структуры УАЗ ГСХМД 9 падстанцый ХМД.

За 2009 год брыгады ХМД выязджалі больш, чым да 600 тысяч грамадзян (1600—1900 выездаў у суткі), 30 % з якіх дастаўляліся ў стацыянары горада; больш, чым 2700 раз выезды былі па нагоды розных ДТЗ, больш за 1100 раз — на пажары. Штогод больш за 120 пацыентаў у стане «сярэдняй» і «цяжкай» ступені цяжару дастаўляюцца ў стацыянары горада з іншых рэгіёнаў Рэспублікі Беларусь і з краін блізкага і далёкага замежжа (Расія, Украіна, Прыбалтыйскія дзяржавы, Турцыя і інш.) У 2009 г. медыцынскае забеспячэнне больш за 1300 грамадска-масавых і спартыўных мерапрыемстваў забяспечвалася брыгадамі ХМД.

Штодня ў аператыўны аддзел УАЗ ГСХМД па лініі «103» паступае от 5 да 7 тысяч тэлефонных званкоў.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]