Слуцкі пояс

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Слуцкі пояс

Слуцкія паясы — вырабы ручнога ткацтва ў Вялікім Княстве Літоўскім, элемент традыцыйнага параднага мужчынскага строю шляхты. Назва паходзіць ад назвы горада Слуцк у Беларусі, дзе іх ткалі на мануфактуры шаўковых паясоў. Змяшчаліся на кунтушы (пояс складваўся ўдвая на ўсёй даўжыні). Пояс лічыўся прыкметай высакароднага паходжання і яго наяўнасць паказвала на дабрабыт уладальніка, паясы мелі вялікі кошт і перадаваліся ў спадчыну.

Паясы, падобныя слуцкім, выраблялі таксама ў Гродне, Нясвіжы, Ружанах, Кракаве, Ліпкаве і Кабылках пад Варшавай, а таксама ў Францыі[1].

Тэхналогіі ткацтва, якія выкарыстоўваліся пры вытворчасці слуцкіх паясоў, цяпер страчаны.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Спярша як і нясвіжскія, Слуцкія паясы капіравалі ўзоры, прывезеныя з Блізкага Усходу, потым пачалі ўлучаць у арнамент нацыянальныя матывы, кветкі мясцовай флоры — валошкі, незабудкі і інш. 3 1750-х у Нясвіжскай, пазней у Слуцкай мануфактуры працаваў вядомы майстар з горада Станіславаў (Украіна) Ян Маджарскі, які распрацаваў новы тып пояса — Слуцкі, назва якога зрабілася сінонімам усіх доўгіх шаўковых паясоў. Сувязі з усходнімі ўзорамі страчваліся.

Па трэцім падзеле Рэчы Паспалітай (1795) асартымент паясоў скараціўся. Па здушэнні вызваленчага паўстання (18301831) улады Расійскай імперыі забаранілі нашэнне традыцыйнага строю шляхты, у выніку чаго паясы паступова выйшлі з ужытку. У 1848 вытворчасць спынілася ў сувязі з закрыццём мануфактуры[2].

У 2-й палове XIX — пачатку XX стст. Слуцкія паясы сталі прадметам калекцыявання. Іх збіралі музеі і прыватныя асобы. У гэты час паясы пачалі вывучацца як вырабы мастацкага ткацтва. Значную калекцыю сабраў расійскі калекцыянер Пётр Шчукін (цяпер захоўваеццца ў Дзяржаўным гістарычным музеі Расіі), невялікая калекцыя ёсць у Новачаркаску, у Музеі казацтва.

У наш час у розных музеях Беларусі захоўваюцца не больш як 20 паясоў, пераважна ў фрагментах. Калекцыю колішняй Дзяржаўнай карціннай галерэі з 48 паясоў (32 з іх — з нясвіжскага збору Радзівілаў) вывезлі ў Германію ў Другую сусветную вайну, калекцыя Беларускага дзяржаўнага музея з 21 пояса таксама была страчана (6 паясоў з яе перайшлі да Дзяржаўнага гістарычнага музея ў Мінск на сталае захоўванне ў 1927, а ў паваенны час — у 1968 Мінскаму абласному краязнаўчаму музею ў Маладзечне, Заслаўскаму краязнаўчаму музею ў 1978 і сталічнаму музею Максіма Багдановіча ў 1989). Лёс паясоў, перададзеных у даваенны час, пакуль невядомы. Пошукі іх не далі вынікаў.

У Слуцкім краязнаўчым музеі ўласны пояс з'явіўся ў 2013 годзе. Сродкі на яго збіраліся шляхам дабрачынных ахвяраванняў[3].

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Паштовы блок «Слуцкія паясы»
Капэрта першага дню «Слуцкія паясы» з партрэтам Тадэвуша Багдановіча пэнздля Вікенція Сляндзінскага. 14.03.2014

Ткаліся ўручную з тонкіх шаўковых, залатых і срэбных нітак. Даўжыня пояса дасягала ад 2 да 4,5 метраў, а шырыня ад 30 да 50 см. На краях упрыгожваліся ўзорнай аблямоўкай, на канцох — пышным, галоўным чынам раслінным арнаментам, у якім народныя ўзоры спалучаліся з усходнімі матывамі. Не мелі адваротнага боку, усе бакі былі асобнымі. Вырабляліся аднабаковымі (са зваротным бокам), двухбаковымі. Найбольш каштоўнымі лічыліся чатырохбаковыя — кожны бок падзяляўся на дзве часткі з рознымі колерамі, пояс складваўся ўдвая. Канцы пояса мелі складаны арнамент, часцей з двума матывамі: авал, аточаны лісцем са сцяблом і кветкамі, якія выходзяць з зямлі ці з вазаў, і букеты кветак з хвалепадобным аблямаваннем. Канцы пояса часам абшывалі махрамі.

У куце пояса з абодвух бакоў ткалі метку на стараславянскай і лацінскай мовах (Слуцк, У горадзе Слуцку, Зроблена ў Слуцку)[4].

Некаторыя майстры[правіць | правіць зыходнік]

  • Барсук Іосіф — ткач. У 1750-я навучаўся майстэрству ў Яна Маджарскага[5].
  • Барсук Фама — кіраўнік слуцкай мануфактуры (1807-44). У перыяд яго кіраўніцтва разам са слуцкімі паясамі выпускаліся залататканыя і ўзорыстыя тканіны[5].

Галерэя[правіць | правіць зыходнік]

Цікавыя факты[правіць | правіць зыходнік]

  • Насуперак вершу Максіма Багдановіча паясы ткалі толькі мужчыны: працэс ткацтва вымагаў значных фізічных выдаткаў. Існуе нават легенда, што калі жанчына да іх дакранецца, то ўсе срэбныя ніткі пацямнеюць[2].

Зноскі

  1. Дзіна Трызна. Слуцкія паясы // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 6. Кн. 2: Усвея — Яшын; Дадатак / Беларус. Энцыкл.; Рэдкал.: Г. П. Пашкоў (галоўны рэд.) і інш.; Маст. Э. Э. Жакевіч. — Мн.: БелЭн, 2003. С. 355.
  2. 2,0 2,1 Іна Наркевіч. Квітнеюць серабром і золатам слуцкія паясы // «Культура» № 21 (839), 2008.
  3. Слуцкий пояс! (руск.) 
  4. Дзіна Трызна. Слуцкія паясы // Вялікае княства Літоўскае: Энцыклапедыя. У 3 т. / рэд. Г. П. Пашкоў і інш. Т. 2: Кадэцкі корпус — Яцкевіч. — Мінск: Беларуская Энцыклапедыя, 2005. С. 596.
  5. 5,0 5,1 Барсуки // Биографический справочник — Мн.: «Белорусская советская энциклопедия» имени Петруся Бровки, 1982. — Т. 5. — С. 42. — 737 с.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Якунина Л. И. Пояса слуцкие в собрании Государственного Исторического Музея. М., Наркомпрос РСФСР. 16 страниц; 1941 г 570 экз.
  • Якунина Л. И., Слуцкие пояса, Минск, 1960.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]