Смяротная кара ў Беларусі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Карта свету, на якой чырвоным колерам адзначаны краіны, якія ўжываюць смяротнае пакаранне ў якасці прысуду. Добра бачна, што Беларусь — адзіная еўрапейская дзяржава са смяротным пакараннем

Смяротная кара ў Беларусі — выключны метад пакарання, які выкарыстоўваецца судамі дзяржавы за некаторыя віды асабліва цяжкіх злачынстваў, якія звязаны з наўмысным пазбаўленнем жыцця чалавека пры цяжкіх абставінах. Можа быць прызначана толькі мужчынам (да жанчын смяротнае пакаранне заканадаўча не можа выкарыстоўвацца), якія зрабілі злачынства пасля надыходу 18-гадовага ўзросту і якія не дасягнулі на момант вынясення прысуду 65 гадоў. Здзяйсняецца праз расстрэл. Рэспубліка Беларусь з’яўляецца адзінай дзяржавай у Еўропе і СНД, у якой ужываецца смяротнае пакаранне. Ужыванне смяротнай кары штодзённа падвяргаецца крытыцы з боку Еўрапейскага саюзу, ПАСЕ і іншых міжнародных арганізацый; у гэты жа час, згодна з апытаннямі насельніцтва, меркаванні грамадзян Беларусі аб яе неабходнасці неадназначныя.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

З прычыны таго, што смяротная кара ўжывалася ў СССР як выключная мера пакарання, па яго распадзе і абвяшчэнні Беларусі суверэннай дзяржавай смяротная кара была пакінутая (як і ў большасці астатніх постсавецкіх дзяржаў)[1]. Пытанне скасавання смяротнага пакарання ўздымалася на рэферэндуме, прычым гэтае пытанне было толькі кансультацыйным, у той час як рэзультаты па астатніх пытаннях рэферэндуму загадам прэзідэнта былі абавязковымі да выканання. На пытанне «Ці падтрымліваеце Вы скасаванне смяротнай кары ў Рэспубліцы Беларусь?» 80,44 % з прагаласавалых (каля 6 мільёнаў чалавек) адказалі адмоўна і толькі 17,93 % (трохі больш за мільён) — станоўча. У час рэферэндуму максімальным пакараннем было 15 гадоў зняволення, у 1997 годзе ўвялі магчымасць 25-гадовага тэрміну і пажыццёвага зняволення. У 1990-х гадах колькасць смяротных прысудаў даходзіла да 47 чалавек у год[1].

Канстытуцыя[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь (арт. 24): «Смяротная кара да яе адмены можа ўжывацца ў адпаведнасці з законам як выключная мера пакарання за асабліва цяжкае злачынства і толькі згодна прысуду».

Рэспубліканскі рэферэндум[правіць | правіць зыходнік]

У лістападзе 1996 года праведзены рэспубліканскі рэферэндум, у лік пытанняў якога было ўключана пытанне аб адмене смяротнага пакарання. Супраць адмены смяротнага пакарання прагаласавала 80,44 % выбаршчыкаў.

Крымінальны кодэкс[правіць | правіць зыходнік]

Паводле Крымінальнаму кодэксу Беларусі (1999) да смяротнага пакарання могуць быць прысуджаны асобы за:

  • развязванне або вядзенне агрэсіўнай вайны (арт. 122, ч.2);
  • забойства прадстаўнікоў іншай дзяржавы або міжнароднай арганізацыі з мэтай правакацыі міжнароднага ўскладнення або вайны (арт. 124, ч.2);
  • міжнародны тэрарызм (арт. 126);
  • генацыд (арт. 127);
  • злачынствы супраць бяспекі чалавецтва (дэпартацыя, незаконнае ўтрыманне ў зняволенні, абарачэнне ў нявольніцтва, масавае ці сістэматычнае ажыццяўленне смяротных пакаранняў без суда, выкраданне людзей, за якімі вынікае іх знікненне, катаванне ці акты жорсткасці, здзейсненыя ў сувязі з расавай, нацыянальнай, этнічнай прыналежнасцю, палітычнымі перакананнямі і веравызнаннем грамадзянскага насельніцтва) (арт. 128);
  • ужыванне зброі масавага паражэння (арт. 134);
  • наўмыснае забойства асоб, якія склалі зброю ці не маюць сродкаў абароны, параненых, хворых, пацярпелых караблекрушэнне, медыцынскага, санітарнага і духоўнага персаналу, ваеннапалонных, грамадзянскага насельніцтва на акупаванай тэрыторыі ці ў раёне ваенных дзеянняў, іншых асоб, якія карысталіся пад час ваенных дзеянняў міжнароднай аховай (арт. 135, ч. 3);
  • забойства дзвюх ці больш асоб; заведама малалетняга, састарэлага ці асобы, якая знаходзіцца ў бездапаможным стане; заведама для вінаватага цяжарнай жанчыны; спалучанае з выкраданнем чалавека альбо захопам закладніка; здзейсненае агульнанебяспечным спосабам; здзейсненае з асаблівай жорсткасцю; спалучанае з згвалтаваннем ці гвалтоўнымі дзеяннямі сексуальнага характару; з мэтай схаваць іншае злачынства ці аблегчыць яго здзяйсненне; з мэтай атрымання трансплантанта ці выкарыстоўвання частак трупа; асобы ці яго блізкіх у сувязі з ажыццяўленнем ім службовай дзейнасці ці выкананнем грамадзянскага абавязку; асобы ці яго блізкіх за адмову гэтай асобы ад удзелу ў здзяйсненні злачынства; з карыслівых меркаванняў, альбо па найму, альбо спалучанае з разбоем, вымагальніцтвам ці бандытызмам; з хуліганскіх меркаванняў; па матывах расавай, нацыянальнай, рэлігійнай варожасці ці няроўнасці; здзейсненае групай асоб; здзейсненае асобай, якая раней учыніла забойства, за выключэннем забойства маткаю нованароджанага, забойства па неасцярожнасці, пры перавышэнні меж неабходнай самаабароны, пры перавышэнні мер, неабходных для затрымання асобы, якая здзейсніла злачынства і забойства, здзейсненага ў стане афекту (арт. 139, ч. 2);
  • тэрарызм, спалучаны з забойствам альбо здзейснены арганізаванай групай (арт. 289, ч. 3);
  • здрада дзяржаве, спалучаная з забойствам (арт. 356, ч. 2);
  • захоп ці ўтрыманне дзяржаўнай улады неканстытуцыйным шляхам, што прычынілася згубе людзей або спалучана з забойствам (арт. 357, ч. 2);
  • тэрарыстычны акт (арт. 359);
  • дыверсію, якая здзейснена арганізаванай групай або прычынілася згубе людзей або іншым цяжкім наступствам (арт. 360, ч. 2);
  • забойства супрацоўніка міліцыі (арт. 362).

Памілаванне[правіць | правіць зыходнік]

Правам памілавання асоб, прысуджаных да смяротнай кары, валодае Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь.

Ажыццяўленне[правіць | правіць зыходнік]

Смяротная кара ажыццяўляецца праз расстрэл. Прысуд прыводзіцца ў выкананне ў СІЗА № 1 горада Мінска (Пішчалаўскі замак). Цела расстралянага не выдаецца сваякам, а пра месца яго захавання не паведамляецца[2].

Статыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Па статыстыцы Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі, у краіне з 1990 па 2011 гг. вынесеныя 326 смяротных прысудаў.

  • У 2005 г. да смяротнага пакарання былі прысуджаны 2 чалавекі, у 2006 — 9 чалавек, у 2011 — 4 чалавекі. Значная колькасць у 2006 г. тлумачыцца вынясеннем прысуду па справах некалькіх вялікіх злачынных груповак, абвінавачаных у шматлікіх цяжкіх і асабліва цяжкіх злачынствах[3].
  • 30 лістапада 2011 года да смяротнага пакарання прысудзілі арганізатараў тэракта ў мінскім метро ў красавіку 2011 года.
  • 17 сакавіка 2012 года матцы Кавалёва па пошце прыйшоў ліст, адпраўлены 16 сакавіка, у якім было сказана, што прысуд у дачыненні яе сына прыведзены ў выкананне[4]. Прысуд Канавалаву таксама прыведзены ў выкананне[5].

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. а б Памылка ў зносках: Няслушны тэг <ref>; для зносак meduza няма тэксту
  2. Смертная казнь в Беларуси в фактах и цифрах Архівавана 5 красавіка 2016.
  3. Вера Стремковская: «Белорусская судебная система нуждается в реформах» (сайт naviny.by)
  4. "Приговор в отношении Владислава Ковалева приведен в исполнение" [руская]. Белорусы и рынок. * 17 красавіка 2012. Архівавана з арыгінала 19 кастрычніка 2016. Праверана 2012-03-17. {{cite news}}: Невядомы параметр |deadurl= ігнараваны (прапануецца |url-status=) (даведка); Праверце значэнне даты ў: |date= (даведка)
  5. Смяротныя прысуды ў стаўленні да Кавалёва і Канавалава прыведзены ў выкананне Архівавана 23 ліпеня 2012.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]