Соф'я Гальшанская

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Соф'я Гальшанская
Zofia Holszańska
Jogaila and Zofia Holszańska. Pic. by A. Leser.jpg
Дата нараджэння: каля 1405 
Дата смерці: 21 верасня 1461(1461-09-21)
Лагатып ВікіСховішча Соф'я Гальшанская на Вікісховішчы
Соф'я Гальшанская на памятнай манеце Нацбанка Беларусі, 2006

Соф'я Андрэеўна ГАЛЬШАНСКАЯ (каля 1405 — 21 верасня 1461) — прадстаўніца роду Гальшанскіх, дачка Андрэя Вязынскага і Аляксандры Друцкай, каралева польская.

Паводле Хронікі Быхаўца, пасля смерці бацькі выхоўвалася разам з сёстрамі ў Друцку у матчынага брата Сямёна Друцкага[1]. У 1422 выйшла замуж за польскага караля Ягайлу, нарадзіла сыноў Уладзіслава і Казіміра, заснавальніца дынастыі Ягелонаў.

Шлюб з Ягайлам[правіць | правіць зыходнік]

Дажыўшы да 70 гадоў і перажыўшы трох жонак (Ядвігу, Анну Цылейскую і Альжбету Граноўскую), кароль польскі Уладыслаў Ягайла не меў наследніка. Германскі імператар Сігізмунд прапанаваў яму ажаніцца з удавой чэшскага караля Вацлава, абяцаючы ў пасаг Сілезію. Рада і каронная шляхта згаджаліся з гэтай прапановай, аднак Ягайла ажаніўся з праваслаўнай князёўнай Соф'яй Гальшанскай, у той час 17-гадовай дзяўчынай, якая вызначалася «прыгажосцю болей, чым цнотамі»[2]. Шлюб адбыўся ў снежні 1421 г. на Вялікі дзень у Навагрудку. У дзень вяселля ўзрост Ягайлы перавысіў 71 год. Пасля шлюбу (вянчання) «маладыя» выехалі ў Ліду, дзе і адбываліся асноўныя ўрачыстасці.[3] У Лідзе сабралася мноства гасцей, у ліку якіх быў нунцый папы Марціна V Антоній Зена, чэшскае пасольства, літвінскае баярства. Банкетаванне ў Лідзе прадаўжалася аж да вялікага посту. Каранацыя Соф'і адбылася ў Кракаве ў сакавіку 1424 г. Гэта была самая ўрачыстая каранацыя каралевы ў гісторыі Польшчы.

Соф'я нарадзіла Ягайлу трох сыноў (сярэдні памёр немаўлём) і стала заснавальніцай дынастыі Ягелонаў. У сучаснікаў былі сумненні наконт бацькоўства першага хлопчыка, але трэці сын Казімір, які нарадзіўся, калі каралю Ягайлу споўнілася 76 гадоў, быў настолькі падобны да бацькі, што атрымаў мянушку Ягелончык. Дынастыя Ягелонаў правіла аб'яднанай польска-літвінскай дзяржавай да 1572 г., Венгрыяй і Чэхіяй — да 1529 г. Два сыны, чатыры ўнукі і два праўнукі Соф'і Гальшанскай сталі каралямі.

Вобраз у мастацтве[правіць | правіць зыходнік]

Соф'я Гальшанская з'яўляецца гераіняй аповесці «Маці каралёў» польскага пісьменніка Юзафа Крашэўскага. Дзеянне твора абымае час ад 1421 г., калі Соф'і было 16 гадоў, і да 1434 г., калі яе старэйшы сын быў абраны польскім каралём. Юзаф Крашэўскі згадвае ў аповесці пра тое, што Соф'я як пляменніца князя Вітаўта была пад яго апякунствам, што не адпавядае гістарычнай праўдзе (хоць Соф'я і часта гасцявала ў яго). Сюжэт аповесці «Маці каралёў» Ю. Крашэўскі будаваў на падставе «Хронікі Польшчы» гісторыка, кракаўскага каноніка Яна Длугаша, які непрыхільна ставіўся да Вітаўта і Соф'і.[4]

Шлюбу Ягайлы, які не меў дынастычнага наступніка, з беларускай князёўнай Соф'яй Гальшанскай прысвечана асобная частка паэмы «Пруская вайна» Яна Вісліцкага. Маладая, кажа паэт, «чароўная німфа ў краіне русінаў, Боская німфа — найпрыгажэйшая ў свеце дзяўчына». Поруч з урачыстым аратарскім стылем тут ёсць пастаральныя матывы, дасціпныя эўфімізмы, напрыклад, пра тое, як Юпітэр турбаваў алімпійскіх багоў, «шукаючы князю сівому сужонку». Увага перанесена на лірычную тэму — песню пра любіміцу народа, добрую шляхцянку слаўнага роду Гальшанскіх, што красою сваёю пераўзышла грэчаскіх багінь і німфаў. На вяселле Юпітэр склікае ўсіх алімпійцаў: багіня Юнона абяцае маладой шчасце і багацце, Мінеўра гарантуе яе дзецям мудрасць, а Марс зычыць усёй дынастыі ваенную славу. Урэшце багіня кахання прыводзіць на вяселле «німфу русінаў» Соньку. Народ славіць каралеўскі шлюб радаснымі песнямі, музыкай, гучаць ліры і гуслі.

Зноскі

  1. У Вольфа ў раздзеле пра Гальшанскіх «u wuja swego kniazia Iwana Dymitrowicza Druckiego», аднак у раздзеле пра Друцкіх у якасці апекуна дзяўчын указаны Сямён, як і ў летапісе.
  2. паводле Я. Длугаша
  3. Памяць: Ліда. Лідскі р-н (2004)
  4. М. Кенька (2007)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Kniaziowe litewsko-ruscy od końca czternastego wieku. Warszawa, 1895;
  • Рудзкі Э. Соф'я Гальшанская — апошняя жонка Ягайлы, маці Ягелонаў / Польскія каралевы / Част. пер. з Еdward Rudzki. Polskie Krolowie. Zony Piastow I Jagiellonow. Warszawa, 1985. // Спадчына. — 1993. — № 6.
  • Памяць: Ліда. Лідскі р-н: Гіст.-дак. хронікі гарадоў і р-наў Беларусі / Рэдкал. В. Баранаў і інш. - Мн.: Беларусь, 2004.