Соф'я Васільеўна Кавалеўская

З пляцоўкі Вікіпедыя.
(Пасля перасылкі з Соф'я Кавалеўская)
Перайсці да: рух, знайсці
Соф'я Васільеўна Кавалеўская

Соф'я Васільеўна Кавалеўская, у дзявоцтве Корвін-Крукоўская (руск.: Софья Васильевна Ковалевская; 3 (15) студзеня 1850 — 29 студзеня (10 лютага) 1891) — матэматык, пісьменніца, публіцыстка, першая ў свеце жанчына-прафесар, член-карэспандэнт Пецярбургскай акадэміі навук.

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзілася ў Маскве ў сям'і генерала В. В. Корвін-Крукоўскага, які паходзіў са старажытнага шляхецкага роду з Беларусі. Ранняе дзяцінства і юнацтва правяла ў радавым маёнтку бацькі ў вёсцы Палібіна тагачаснай Віцебскай губерні. Атрымала ўсебаковую адукацыю, выдатныя матэматычныя здольнасці выявіліся ўжо ў раннім дзяцінстве.

3 1866 у Санкт-Пецярбургу брала ўрокі матэматыкі ў педагога А. М. Странналюбскага (у той час доступ жанчынам у Пецярбургскі ўніверсітэт быў забаронены). Каб мець магчымасць займацца навукай, у 1868 Соф'я ўзяла з У. А. Кавалеўскім фіктыўны шлюб (пазней гэты шлюб стаў сапраўдным) і ў 1869 паехала ў Гайдэльберг, дзе вывучала матэматыку.

3 1870 у Берліне 4 гады працавала ў Карла Ваерштраса, які даваў ёй прыватныя ўрокі (у Берлінскі ўніверсітэт жанчын таксама не дапускалі). У 1874 на падставе трох прац Кавалеўскай, якія прадставіў Ваерштрас, Гётынгенскі ўніверсітэт завочна прысудзіў ёй ступень доктара філасофіі.

У 1874 Соф'я Кавалеўская вярнулася ў Расію, але месца ў Пецярбургскім універсітэце не атрымала. Амаль на 6 гадоў адышла ад навуковай дзейнасці, займалася літаратурна-публіцыстычнай працай, супрацоўнічала ў газетах. У 1880 пераехала ў Маскву, але здаваць магістарскія экзамены ва ўніверсітэт ёй не дазволілі. У 1881 Кавалеўская зноў паехала ў Берлін, потым у Парыж, маючы намер атрымаць месца прафесара на вышэйшых жаночых курсах у Францыі.

У 1883, атрымаўшы запрашэнне шведскага матэматыка Г. Мітаг-Лефлера, выехала ў Швецыю, дзе на пасадзе прыват-дацэнта Стакгольмскага ўніверсітэта на працягу 8 гадоў прачытала 12 курсаў. Была членам рэдкалегіі шведскага часопіса «Acta Mathematica». У 1888 напісала працу «Задача пра вярчэнне цвёрдага цела вакол нерухомага пункта», за якую Парыжская акадэмія навук прысудзіла ёй прэмію. За другую працу на тую ж тэму ў наступным годзе ёй была прысуджана прэмія Шведскай акадэміі навук.

Творчасць[правіць | правіць зыходнік]

Соф'я Кавалеўская — аўтар аповесці «Нігілістка» (1884), драмы «Барацьба за шчасце» (1887, сумесна са шведскай пісьменніцай А. Ш. Лефлер), сямейнай хронікі «Успаміны дзяцінства» (1890), у якой апавядае пра жыццё ў 1860-я гады, пра сваю сястру Г. Корвін-Крукоўскую, у далейшым удзельніцу Парыжскай камуны, пра Фёдара Дастаеўскага.

Успаміны пра дзяцінства і юнацтва[1][правіць | правіць зыходнік]

Дзяцінства С. Кавалеўская правяла ў бацькоўскім маёнтку на Віцебшчыне. Гэты перыяд жыцця яна апісала ў сямейнай хроніцы «Успаміны дзяцінства», дзе шмат увагі аддадзена апісанню побыту беларусаў, нашай прыроды і, вядома, яе дзявочых пачуццяў.

«Калі мне было каля шасці гадоў, бацька выйшаў у адстаўку і пасяліўся ў сваім родавым маёнтку Палібіна ў Віцебскай губерні. Тая мясцовасць, дзе знаходзіўся маёнтак Крукоўскіх, была хоць і вельмі дзікай, але больш маляўнічай за краявіды сярэдняй паласы Расіі. Віцебская губерня вядомая сваімі велічэзнымі лясамі і мноствам вялікіх прыгожых азёр…».

Кавалеўская падкрэслівае значэнне беларускай прыроды ў станаўленні яе асобы: «…Гэты лес… далучаўся да сядзібы з аднаго боку, з іншага ж ляжаў сад, што спускаўся да возера, а за ім цягнуліся палі і лугі. Дзенідзе з зеляніны выглядалі невялічкія вёсачкі, больш падобныя на норкі жывёл, чым на паселішчы людзей. Зямля ў Віцебскай губерні не такая ўрадлівая, як у чарназёмнай паласе Расіі і Маларосіі… Нездарма ж імператар Мікалай, едучы аднойчы праз гэтыя мясціны, назваў Беларусь беднай прыгажуняй, у супрацьлегласць Тамбоўскай губерні, якую ён ахрысціў багатай купчыхай…».

Будучы дасціпнай дзяўчынкай, С. Кавалеўская ў дзяцінстве з цікавасцю знаёмілася з жыццём простага люду, яго звычаямі і традыцыямі. Нават адметная сялянская ежа выклікала ў яе вялікае захапленне. У сваіх дзённікавых запісах яна прыгадвае адну сустрэчу ў хаце лесніка. «Вось і сялібу лесніка відаць здалёк. Хата яго абабіта дошкамі і выглядае больш утульнай і чыстай, чым звычайныя хаціны беларускіх мужыкоў… Велізарны медны самавар пыхкае на стале, дзе ўжо расстаўлены розныя незвычайныя стравы: аладкі з макам, агуркі з мёдам — усе такія ласункі, якія ніколі не дастаюцца дзецям іначай, як толькі ў дзядзькі Якава… У яго беларускай мове трапляецца нямала выразаў, незразумелых для дзяцей, але яны ўсё ж страшна любяць слухаць, як дзядзька Якаў распавядае: ён ведае так шмат пра лес, пра звяроў у ім, пра тое, што кожны звер думае…».

Ды юнацтва — гэта час не толькі прыгод і пазнання навакольнага свету, але і кахання. Даволі часта многія дзяўчынкі ў падлеткавым узросце захапляюцца сваімі настаўнікамі, старшымі сябрамі. Для С. Кавалеўскай першае каханне было звязана з іменем надзвычай вядомага чалавека таго часу, які таксама мае беларускія карані, — Фёдарам Дастаеўскім. І ведала яна класіка сусветнай літаратуры не толькі па яго кнігах: Дастаеўскі быў частым госцем сям'і Корвін-Крукоўскіх у Пецярбургу. З успамінаў Соф'і Кавалеўскай зразумела, што пісьменніку падабалася яе старэйшая сястра Ганна, якая пазнаёмілася з Дастаеўскім праз сваё першае апавяданне. Невядома, чым скарыў сэрца юнай дзяўчыны масціты пісьменнік, але Соф'я, у адрозненне ад сястры, дзень і ноч думала пра Дастаеўскага з таго моманту, як ён упершыню звярнуў на яе ўвагу.

«Да гэтай хвіліны я нават у таемных марах не прызнавалася сабе ў пачуццях да Дастаеўскага і не казала сама сабе, што закаханая ў яго. Хоць мне і было ўсяго 13 гадоў, я ўжо даволі шмат чытала і чула пра каханне, але мне неяк здавалася, што ўлюбляюцца ў кніжках, а не ў сапраўдным жыцці».

Праз дзясяткі гадоў Соф'я Кавалеўская ва «Успамінах дзяцінства» прыгадвала і іх апошнюю сустрэчу: «Са мной яго развітанне было вельмі пяшчотным. Пры расстанні ён мяне нават пацалаваў, але, упэўнена, быў вельмі далёкі ад думкі, якога кшталту былі мае пачуцці да яго і колькі пакут ён мне зрабіў…».

Зноскі

  1. Антановіч К. Пры расстанні…

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антановіч К. «Пры расстанні ён мяне пацалаваў…» // Культура № 10 (930), 6 сак. 2010;
  • Гапоненка В. Каралева дакладных навук. Соф'я Кавалеўская. ― Мн., 2010.
  • Кавалеўская Софія Васілеўна // Беларуская энцыклапедыя. У 18 т. Т. 7. — Мн., 1998;