Спам

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Тэчка са спамам у паштовым кліенце Kmail.

Спам (англ.: spam)— масавая рассылка карэспандэнцыі рэкламнага ці іншага характару людзям, якія не выказвалі жадання атрымліваць яе. У першую чаргу, тэрмін «спам» датычыцца рэкламных электронных паведамленняў. Тэрмін пачаў ужывацца ў 1993 годзе, калі рэкламныя кампаніі сталі публікаваць у групах Usenet, дыскусійных лістах, гасцёўнях паведамленні, якія не маюць дачынення да дадзенай тэматыкі альбо з'яўляюцца яўнай рэкламай. На пачатку спам дасылаўся праз пошту. З цягам часу рассылка спаму пашырылася на сайты, блогі, сацыяльныя сеткі, мабільныя тэлефоны, ICQ і г.д. Спамеры сталі хаваць зваротныя адрасы і выкарыстоўваюць для масавага рассылання допісаў заражаныя траянамі камп'ютары.

Паходжанне тэрміна[правіць | правіць зыходнік]

У 1936 годзе амерыканскае прадпрыемства «Hormel Foods» выпусціла мясныя кансервы «Spam» (ад англ.: spiced ham — вяндліна з вострымі прыправамі). У 1970 годзе на брытанскім тэлебачанні ў перадачы «Лятучы цырк Монці Пайтана» паказалі жарт з кавярні, назвы ўсіх страў якой змяшчалі слова «спам». На думку канадскага праграміста Брэда Тэмплтана, назва масавых паштовых рассыланняў паходзіць ад таго жарту.[1]

Гісторыя спаму[правіць | правіць зыходнік]

3 мая 1978 года супрацоўнік амерыканскага прадпрыемства «Digital Equipment» Гэры Туэрк даслаў паведамленне 393 карыстальнікам амерыканскай урадавай сеткі ARPANET. У паведамленні ўтрымоўвалася рэклама новай мадэлі камп'ютара. Адрасы ўсіх атрымальнікаў набіраліся ўручную. Атрыманне рэкламнага паведамлення выклікала абуранасць у супрацоўнікаў, і яны паскардзіліся кіраўніцтву сеткі, пасля чаго прадпрыемства, на якім працаваў Гэры Туэрк, атрымала вымову.

У 1994 годзе два адвакаты з Арызоны размясцілі паведамленне аб сваіх паслугах па іміграцыі ў 6 тысячах канферэнцый Usenet. У выніку яны атрымалі мноства гняўлівых адказаў. У 2003 годзе амерыканскі Кангрэс ухваліў Закон аб спыненні спаму, што акрэсліў правілы рассылкі для прадпрыемстваў. У 2009 годзе дзель спаму ў адасланай пошце перавысіла 90 адсоткаў, што ў штодзённым вымярэнні склала каля 120 мільярдаў паведамленняў.[2]

Разнавіднасці спаму[правіць | правіць зыходнік]

Рэклама[правіць | правіць зыходнік]

Адна з найбольш распаўсюджаных разнавіднасцяў спаму. Некаторыя кампаніі рэкламуюць свае тавары ці паслугі з дапамогай спаму. Такая рэклама мае нізкі сабекошт і (меркавана) вялікі ахоп патэнцыйных кліентаў. Зрэшты, такая рэклама можа выклікаць абурэнне атрымальнікаў. З дапамогаю спаму можа распаўсюджвацца і забароненая заканадаўствам антырэклама, а таксама і рэклама саміх паслуг рассылкі спаму.

«Нігерыйскія лісты»[правіць | правіць зыходнік]

Часам спам выкарыстоўваецца махлярамі для вымантачвання грошаў у атрымальніка. Найбольш распаўсюджаны спосаб атрымаў назву «Нігерыйскія лісты», бо вялікая колькасць такіх паведамленняў прыходзіла з Нігерыі. Такі ліст утрымоўвае паведамленне аб тым, што адпраўнік можа нейкім чынам атрымаць вялікія грошы (напрыклад, у спадчыну), а атрымальнік можа яму дапамагчы ў абмен на пэўны адсотак ад сумы. Затым ашуканец просіць даслаць яму грошаў, напрыклад, для адкрыцця банкаўскага рахунку ці афармлення дакументаў. Вымантачванне гэтых грошаў і з'яўляецца мэтай махляроў.

Вядомыя некаторыя «нігерыйскія лісты» гумарыстычнага зместу, напрыклад, паведамленне пра лёс нігерыйскага касманаўта, які ўжо чатырнаццаць гадоў (з 1990 па 2004 год) знаходзіцца ў космасе на сакрэтнай расійскай касмічнай станцыі.[3]

Фішынг[правіць | правіць зыходнік]

Фішынг (англ.: phishing, ад password — пароль і fishing — рыбалка) — яшчэ адзін спосаб ашуканства, заключаецца ў вымантачванні ў атрымальніка нумара крэдытнай карткі ці пароляў ад сістэмы online-плацяжоў. Такія паведамленні звычайна маскіруюцца пад афіцыйныя лісты ад адміністрацыі банка. У іх гаворыцца, што атрымальнік мусіць запоўніць форму на сайце (прыналежным спамерам), каб пацвердзіць асабістыя дадзеныя, інакш рахунак будзе заблакаваны. Каб не выклікаць падазрэнняў, афармленне сайта імітуе дызайн сапраўднага сайта банка.

«Лісты шчасця»[правіць | правіць зыходнік]

Таксама з дапамогаю спаму распаўсюджваюцца «лісты шчасця» махлярскага ці містычнага зместу. У падобных лістах адпраўнік нярэдка заклікае карыстальніка даслаць такі спам сваім сябрам ці знаёмым і пагражае няшчасцямі (вірусы, хваробы і г.д.), калі атрымальнік праігнаруе даручэнне. Некаторыя «лісты шчасця» носяць жартоўны характар.

SMS-рассылкі[правіць | правіць зыходнік]

Спам распаўсюджваецца не толькі праз інтэрнэт, але і з дапамогаю SMS. Ад такіх рэкламных паведамленняў складаней абараніцца.

Іншыя разнавіднасці[правіць | правіць зыходнік]

З дапамогаю спаму рэалізуюцца Dos- і DDoS-атакі, вірусныя рассылкі, распаўсюджванні г. зв. «паштовых чарвякоў». Таксама рассылаецца рэлігійны і прапагандысцкі спам.

Барацьба са спамам[правіць | правіць зыходнік]

Найбольш надзейны спосаб барацьбы са спамам — не дазваляць спамерам даведацца пра ваш адрас электроннай пошты. Гэта даволі няпроста, але можна ўжываць некаторыя меры перасцярогі.

  • Не публікаваць свой e-mail на веб-сайтах і ў групах Usenet без неабходнасці альбо прадставіць адрас у фармаце выявы (*.jpg, *.gif, *.png).
  • Не рэгістравацца на падазроных сайтах і форумах ці ствараць адмысловы e-mail для падобных рэгістрацыяў.
  • Не адказваць на спам і не пераходзіць па спасылках у спам-рассылках, каб не пацвярджаць, што вы карыстаецеся сваім адрасам і не атрымліваць яшчэ больш спаму.
  • Можна выбіраць доўгае і нязручнае для ўгадвання імя электроннай пошты.

Існуе таксама праграмнае забеспячэнне для барацьбы са спамам у электроннай пошце і групах навінаў (спам-фільтры), напрыклад, SpamAssassin, Bogofilter, Razor і г.д.[4]

Юрыдычныя аспекты праблемы[правіць | правіць зыходнік]

У шэрагу краін прымаюцца заканадаўчыя меры супраць спамераў.[5] Спробы заканадаўчай забароны ці абмежавання дзейнасці спамераў сутыкаюцца з мноствам цяжкасцяў. Няпроста вызначыць у законе, якое рассыланне з'яўляецца законным. Горш за ўсё тое, што кампанія (ці асоба), якая рассылае спам, можа знаходзіцца ў іншай краіне. Да таго ж, законы, якія прымаюцца для барацьбы з масавымі рассылкамі могуць супярэчыць канстытуцыі. Вярхоўны Суд Вірджыніі (ЗША) адмяніў прысуд спамеру Джэрэмі Джэйнсу і прызнаў неканстытуцыйным закон аб барацьбе са спамам, бо ён парушае права на свабоду слова.[6]

Спам у папулярнай культуры[правіць | правіць зыходнік]

Існуюць шматлікія показкі пра спамераў, нярэдка абразлівыя.[7][8][9] У такіх анекдотах звычайна адлюстроўваецца негатыўнае стаўленне да спаму і да тых, хто яго рассылае.

Зноскі