Спорт у Грэцыі

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Спірыдон Луіс на стадыёне Панатынаік у канцы марафону, Алімпійскія гульні 1896.
Ангелас Харыстэас забівае пераможны гол у фінале чэмпіянату Еўропы па футболе.

Грэцыя з'яўляецца радзімай старажытных Алімпійскіх гульняў, першыя дакладна вядомыя з якіх былі праведзены ў 776 да н.э. у Алімпіі, а таксама два разы прымала сучасныя Алімпійскія гульні — першыя Летнія Алімпійскія гульні 1896 года і Летнія Алімпійскія гульні 2004 года. Падчас параду нацый на Алімпійскіх гульнях Грэцыя заўсёды выходзіць першая ў якасці нацыі-заснавальніцы старажытнага папярэдніка сучасных Алімпійскіх гульняў. Грэцыя з'яўляецца адной з чатырох краін, якія спаборнічалі на ўсіх летніх Алімпійскіх гульнях з самога заснавання. У агульнай колькасці прадстаўнікі краіны выйгралі 110 алімпійскіх медалёў (30 залатых, 42 сярэбраных і 38 бронзавых), а ў 1896 годзе Грэцыя заняла другое месца паводле медальнага заліку сярод усіх зборных, выйграўшы 10 залатых медалёў. Нацыянальны алімпійскі камітэт Грэцыі быў створаны ў 1894 годзе і прызнаны Міжнародным алімпійскім камітэтам (МАК) ў 1895 годзе, а першым прэзідэнтам МАК стаў грэчаскі прадпрымальнік Дзяметрыас Вікелас.

Самымі папулярнымі відамі спорту ў Грэцыі з'яўляюцца футбол і баскетбол. Баскетбол набыў папулярнасць у Грэцыі пасля атрымання клубам АЕК Кубка ўладальнікаў кубкаў 1968 года. Другую хвалю ўздыму выклікалі перамогі нацыянальнай зборнай на чэмпіянаце Еўропы па баскетболе 1987 і асабліва 2005 года, а ў 2006 годзе Грэцыя дайшла да фіналу чэмпіянату свету. Грэчаскія баскетбольныя клубы з'яўляюцца самымі паспяховымі ў Еўропе за апошнія 25 гадоў, выйграўшы 9 тытулаў Еўралігі з 1988 года, калі быў створаны сучасны фармат турніру з фіналам чатырох. Самыя паспяховыя клубы грэчаскага чэмпіянатуПанатынаікос (34 перамогі), Арыс (10 перамог), Алімпіякас (10 перамог), АЕК (8 перамог) і Панялініас (6 перамог).

Падобным чынам адбыўся і ўздым футбола пасля перамогі зборнай Грэцыі на чэмпіянаце Еўропы па футболе ў 2004 годзе. Гэта падзея была названа адной з самых вялікіх нечаканасцяў у сучаснай гісторыі спорту[1]. Самымі паспяховымі футбольнымі клубамі Грэчаскай суперлігі, галоўнай футбольнай лігі ў краіне, з'яўляюцца Алімпіякос (41 перамога), Панатынаікос (20 перамог) і АЕК (11 перамог).

У апошнія дзесяцігоддзі ў Грэцыі таксама набралі папулярнасць валейбол, воднае пола, па якім жаночая зборная Грэцыі выйграла чэмпіянат свету ў 2011 годзе і з'яўляецца адной з найлепшых у свеце, і лёгкая атлетыка. Нацыянальныя зборныя годна прадстаўляюць Грэцыю на міжнародных спаборніцтвах па цяжкай атлетыцы, гімнастыцы, парусным спорце, веславанні на байдарках і каноэ, скачках у ваду, плаванні, акадэмічным веславанні, барацьбе, веласпорце, боксе, стралковым спорце, тэнісе, стральбе з лука, трыятлоне[2]. Пэўную папулярнасць маюць рэгбі, крыкет, гольф і конны спорт. У 1952 годзе было заснавана Ралі Грэцыі[3], якое ў 1973 стала этапам Чэмпіянату свету па ралі і сёння лічыцца адным з самых складаных, самых старых і прэстыжных спаборніцтваў па ралі ў свеце. З 1972 года штогод адбываецца Афінскі класічны марафон, ганараваны «залатым статусам» Міжнароднай асацыяцыі лёгкаатлетычных федэрацый[4].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]