Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч
Станіслаў Шушкевіч на з’ездзе БХД.
Станіслаў Шушкевіч на з’ездзе БХД.
Сцяг Старшыня Вярхоўнага Савета БССР
25 жніўня 1991 — 19 верасня 1991
Папярэднік Мікалай Дземянцей
Пераемнік пасада скасаваная
Сцяг Старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь
19 верасня 1991 — 26 студзеня 1994
Папярэднік пасада заснаваная
Пераемнік Мечыслаў Грыб

Нараджэнне 15 снежня 1934(1934-12-15)[1]
Смерць 3 мая 2022(2022-05-03)[3] (87 гадоў)
Месца пахавання
Бацька Станіслаў Пятровіч Шушкевіч
Маці Гелена Раманоўская
Жонка Ірына Шушкевіч[d]
Дзеці Станіслаў Станіслававіч Шушкевіч[d] і Алена Станіславаўна Шушкевіч[d]
Нацыянальнасць беларус
Веравызнанне каталіцтва
Партыя КПСС (1968—1991)
Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада (з 1998)
Адукацыя
Навуковая ступень доктар фізіка-матэматычных навук (1970)
Навуковае званне
Прафесія інжынер
Дзейнасць палітык, навуковец, грамадскі дзеяч
Навуковая дзейнасць
Навуковая сфера ядзерная фізіка, палітыка[4] і фізіка[4]
Месца працы
Аўтограф Выява аўтографа
Званне палкоўнік
Узнагароды
Медаль да стагоддзя БНР Прэзідэнцкі медаль Свабоды Commander of the Order of Vytautas the Great
прэмія Савета Міністраў СССР Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларускай ССР Дзяржаўная прэмія БССР
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Станісла́ў Станісла́вавіч Шушке́віч (15 снежня 1934, Мінск — 3 мая 2022, Мінск) — беларускі фізік, дзяржаўны дзеяч, першы кіраўнік незалежнай Рэспублікі Беларусь, адзін з трох удзельнікаў падпісання Белавежскага пагаднення, якое юрыдычна замацавала распад СССР.

Член-карэспандэнт Нацыянальнай Акадэміі навук Беларусі (1991). Доктар фізіка-матэматычных навук (1970), прафесар (1972). Заслужаны дзеяч навукі і тэхнікі Беларусі (1982).

У 1990 годзе абраны першым намеснікам старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання. З 1991 да 1994 — старшыня Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь. У 1991 годзе абраны членам-карэспандэнтам Нацыянальнай акадэміі навук па спецыяльнасці радыёспектраскапія[5]. З 1994 года — дырэктар Цэнтра палітычных і эканамічных даследаванняў Еўрапейскага гуманітарнага ўніверсітэта (зачынены ўлетку 2004 года). Лідар партыі Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада ў 1998—2018 (з 2018 — ганаровы старшыня). У 2007 Лех Валенса вылучыў Станіслава Шушкевіча на атрыманне Нобелеўскай прэміі міру[6].

Біяграфія[правіць | правіць зыходнік]

Нарадзіўся 15 снежня 1934 года ў Мінску. Маці — пісьменніца Гэлена Раманоўская. Бацька — Станіслаў Пятровіч Шушкевіч, таксама пісьменнік, у 1930-я гады быў рэпрэсаваны савецкай уладай, вызвалены ў 1956 годзе. Бацькі былі дзецьмі беларускіх сялян і, як потым стала вядома, збяднелай шляхты[7]. Падчас Другой сусветнай вайны жыў у Беларусі. У 1951 годзе з сярэбраным медалём скончыў сярэднюю школу[8]. У 1956 годзе — фізіка-матэматычны факультэт Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, у 1959 — аспірантуру Інстытута фізікі Акадэміі навук Беларускай ССР па спецыяльнасці «Радыёспектраскапія». Сістэмы, распрацаваныя С. С. Шушкевічам і асвоеныя прамысловасцю ў 1961—1963 гадах, з’явіліся за мяжой толькі ў пачатку 70-х гадоў.

У 1956—1960 — малодшы навуковы супрацоўнік Інстытута фізікі АН БССР. З 1960 да 1961 года — старэйшы інжынер на Мінскім радыёзаводзе[9]. Падчас працы на радыёзаводзе навучаў рускай мове Лі Харві Освальда, верагоднага забойцу прэзідэнта ЗША Джона Фіцжэральда Кенэдзі.

У 1963 годзе абараніў у БДУ кандыдацкую дысертацыю па фізіка-матэматычных навуках па тэме «Фізічныя прынцыпы выяўлення разведвальных прымачоў»[10]. У 1963—1965 гадах — дацэнт кафедры ядзернай фізікі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. У 1966—1970 гадах — прарэктар па навуковай рабоце Мінскага радыётэхнічнага інстытута. У 1970 годзе абараніў ва Усесаюзным навукова-даследчым інстытуце оптыка-фізічных вымярэнняў доктарскую дысертацыю па тэме «Інфармацыйныя параметры сігналаў»[11]. З 1971 года — загадчык кафедры ядзернай фізікі БДУ. У 1972 годзе атрымаў званне прафесара. У 1982 годзе атрымаў званне заслужанага дзеяча навукі і тэхнікі БССР.

У маі 1985 года за комплекс работ па стварэнні і ўкараненні ў народную гаспадарку радыёскапічных экспрэс-метадаў вымярэння канцэнтрацыі рэдказямельных элементаў С. С. Шушкевіч сумесна з супрацоўнікамі кафедры быў ганараваны званнем Лаўрэата прэміі Савета Міністраў СССР; у 1988 годзе сумесна з дацэнтам М. К. Яфімчык — Дзяржаўнай прэміі БССР за падручнік «Асновы радыёэлектронікі» для фізічных факультэтаў СССР.

У 1986—1990 гадах С. С. Шушкевіч, працягваючы загадваць кафедрай, працаваў прарэктарам па навуковай рабоце БДУ. У 1991 годзе быў абраны членам-карэспандэнтам АН БССР[12].

Запрашаўся для чытання лекцый ва ўніверсітэты ГДР (Енскі — 1976, 1978), Югаславіі (Люблянскі — 1966), Польшчы (Ягелонскі — 1974, 1994 годзе, 1997), ЗША (Гарвардскі — 2000; Ельскі — 2001; Калумбійскі — 2001). У 1999—2000 гадах працаваў у Даследчым цэнтры імя Вудра Вільсана ў Вашынгтоне.

Падчас пандэміі COVID-19 знаходзіўся на жорсткай самаізаляцыі[13]. Памёр 3 мая 2022 года ў Мінску пасля перанесенага каранавіруса і рэанімацыі[14]. Пахаваны на Паўночных могілках Мінска.

Палітычная кар’ера[правіць | правіць зыходнік]

Член КПСС з 1968 года.

У 1989 годзе Станіслаў Шушкевіч абраны народным дэпутатам СССР. Кандыдатам у дэпутаты яго вылучылі супрацоўнікі кафедры ядзернай фізікі фізічнага факультэта БДУ, якую ён у той час узначальваў. На Першым з’ездзе народных дэпутатаў СССР у траўні 1990 года ўвайшоў у склад Міжрэгіянальнай дэпутацкай групы.

У сакавіку 1990 года ў першым туры быў абраны народным дэпутатам БССР. У траўні 1990, на першай сесіі Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь 12-га склікання балатаваўся на пасаду старшыні, аднак па колькасці галасоў саступіў Мікалаю Дземянцею. Абраны першым намеснікам старшыні, займаў нейтральную пазіцыю да апазіцыі БНФ і адначасова заставаўся членам КПСС, быў членам канстытуцыйнай камісіі[15].

На сесіі, якая распачалася 24 жніўня 1991 года, спачатку не падтрымліваў ідэі надаць Дэкларацыі аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР статус канстытуцыйнага закону, бо, як тлумачыў пазней, лічыў гэта нерэальным. Аднак 25 жніўня, пасля адстаўкі з пасады старшыні М. Дземянцея, які падтрымаў «жнівеньскі путч», паспрыяў прыняццю станоўчага рашэння і павіншаваў дэпутатаў і жыхароў Беларусі з абвяшчэннем незалежнасці.

Вярхоўны Савет Беларускай ССР меў выбраць новага старшыню. У першым туры Станіслаў Шушкевіч набраў 151 голас, супраць 122 галасоў В. Кебіча. У другім туры С. Шушкевіч таксама не набраў неабходнай колькасці галасоў (157). Паводле Часовага рэгламента не дазвалялася паўторна вылучаць тыя кандыдатуры, якія ўжо ўдзельнічалі ў выбарах. Аднак В. Кебіч зняў сваю кандыдатуру на карысць С. Шушкевіча, а Вярхоўны Савет змяніў рэгламент. Станіслаў Шушкевіч атрымаў права яшчэ раз узяць удзел у выбарах старшыні, але патрэбна была альтэрнатыўная кандыдатура, якой пагадзіўся стаць Леанід Козік.

18 верасня 1991 года Станіслаў Шушкевіч абраны старшынём Вярхоўнага Савета БССР, пры дамінаванні ў парламенце старой савецкай наменклатуры. На наступны дзень парламент пад ягоным старшынствам надаў бела-чырвона-беламу сцягу і гербу «Пагоня» статус дзяржаўных сімвалаў і прыняў новую назву краіны — Рэспубліка Беларусь.

Станіслаў Шушкевіч (другі злева) пасля падпісання Белавежскага пагаднення

Ініцыятар сустрэчы ў Віскулях, дзе 8 снежня 1991 года разам з кіраўнікамі Расіі Барысам Ельцыным і Украіны Леанідам Краўчуком падпісаў Белавежскія пагадненні ад імя дзяржаў-заснавальніц СССР з канстатацыяй, што СССР як суб’ект міжнароднага права і геапалітычная рэальнасць спыняе сваё існаванне, там жа было абвешчана аб стварэнні Садружнасці Незалежных Дзяржаў.

На пасадзе старшыні Вярхоўнага Савета Станіславу Шушкевічу даводзілася займаць кампрамісную пазіцыю паміж дэпутатамі Апазіцыі БНФ, якія настойвалі на ажыццяўленні эканамічных рэформ і максімальна самастойнай ды незалежнай ад Масквы дзяржаўнай палітыцы, і пракамуністычнай большасцю, якая не ўспрыняла дэмакратычныя змены і спадзявалася на падтрымку Расіі. Такая пазіцыя часта выклікала крытыку з абодвух бакоў.

У красавіку 1992 года было прынята заключэнне ЦВК РБ аб рэферэндуме і канчаткова сфармулявана пытанне, якое меркавалася вынесці на рэферэндум: «Ці лічыце Вы неабходным правядзенне ўвосень 1992 г. выбараў у вышэйшы орган дзяржаўнай улады Рэспублікі Беларусь на падставе „Закону аб выбарах народных дэпутатаў Беларусі“, праект якога ўнесены апазіцыяй БНФ у Вярхоўным Савеце, і ў сувязі з гэтым датэрміновы роспуск цяперашняга Вярхоўнага Савета?». У гэты час як раз праходзіла сесія Вярхоўнага Савета, на якой заставалася толькі прызначыць дату рэферэндума. Станіслаў Шушкевіч распускае сесію, і паўгода Вярхоўны Савет не збіраецца. Рэферэндум забаранілі[16].

Тым не менш Станіслаў Шушкевіч і дэпутаты БНФ знаходзілі паразуменне ў справе стварэння заканадаўчых падмуркаў беларускай дзяржаўнасці, ім удалося пераканаць у неабходнасці гэтага парламенцкую большасць. У 1992—1993 гадах былі створаны беларускае войска, памежная і мытная службы, закладзены асновы ўласнай фінансавай сістэмы.

Ён быў прыхільнікам нэйтралітэту Беларусі і вываду з тэрыторыі краіны ядзернай зброі, і ў гэтым меў падтрымку Вярхоўнага Савета. Беларусь стала першай краінай, якая добраахвотна і без усялякіх умоваў адмовілася ад ядзернай зброі.

У 1993 годзе Станіслаў Шушкевіч выступіў супраць ініцыяванага атачэннем Вячаслава Кебіча далучэння Беларусі да сістэмы калектыўнай бяспекі СНД (АДКБ), якая фактычна кантралявалася Масквой. Старшыня Вярхоўнана Савета заявіў, што не падпіша пагаднення. Пасля гэтага ў канцы ліпеня 1993 года лідары дэпутацкай групы «Беларусь», якія падтрымлівалі Кебіча, ініцыявалі адстаўку Шушкевіча. Было праведзена галасаванне, аднак Апазіцыя БНФ і дэпутаты Дэмклуба яго блакавалі і патрэбнай для адстаўкі колькасці галасоў не набралася. А ў апошні дзень 1993 года пад націскам парламенцкай большасці Станіслаў Шушкевіч падпісаў пагадненне аб далучэнні Рэспублікі Беларусь да АДКБ.

Увосень 1993 года Вячаслаў Кебіч пачаў фарсіраваць увядзенне прэзідэнцкай пасады, якую меўся сам і заняць. Станіслаў Шушкевіч быў перашкодай на гэтым шляху. Адразу пасля візіта ў Беларусь Прэзідэнта ЗША Біла Клінтана, што было ўспрынята як міжнародны трыумф Шушкевіча, падкантрольная Кебічу парламенцкая большасць прыступіла да адклікання Станіслава Шушкевіча з пасады.

26 студзеня 1994 года ён адпраўлены ў адстаўку з пасады старшыні Вярхоўнага Савета. Як заўважыў палітычны аглядальнік Валерый Карбалевіч, ягоны вобраз палітычнага цэнтрыста, які ўвесь час шукае кампрамісу, згоды, не вытрымаў выпрабавання крызісам — віна за эканамічныя катаклізмы пачатку 1990-х гадоў упала найперш на Станіслава Шушкевіча, хоць ён і не быў кіраўніком выканаўчай улады[17].

Вынікі галасавання за Шушкевіча на выбарах прэзідэнта Беларусі 1994 года

У 1994 годзе на выбарах балатаваўся на пасаду Прэзідэнта Беларусі, але саступіў у першым туры. У 1995 годзе абраны дэпутатам Вярхоўнага Савета Беларусі 13 склікання. У 1998 годзе аднавіў Беларускую сацыял-дэмакратычную Грамаду. Кіраваў гэтай партыяй да лістапада 2018 г., пасля чаго застаўся ганаровым старшынёй БСДГ[18].

Станіслаў Шушкевіч (трэці злева) у Варшаве, 26 верасня 2011

З-за адмовы некаторых краін ад кантактаў з Аляксандрам Лукашэнкам Станіслава Шушкевіча часам запрашалі на афіцыйныя мерапрыемствы як прадстаўніка Беларусі. На святкаванні 440-годдзя Люблінскай уніі ў Польшчы Шушкевіч быў названы арганізатарамі прадстаўніком беларускага народа.

Навукова-даследчыцкая дзейнасць[правіць | правіць зыходнік]

Навуковыя працы па радыёфізіцы, опта- і ядзернай электроніцы. Адзін з аўтараў асноватворных прац па аднаэлектроннай фотарэгістрацыі. Развіў метады электроннай інтраскапіі, спосабы візуалізацыі і каардынатаадчувальныя цвёрдацельныя дэтэктары іанізавальных выпрамяненняў.

Падрыхтаваў 33 кандыдата фізіка-матэматычных навук, з’яўляўся навуковым кіраўніком 5 доктарскіх дысертацый.

Узнагароды[правіць | правіць зыходнік]

Бібліяграфія[правіць | правіць зыходнік]

  • Марон Р. С.; Позняк А. Л.; Шушкевич С. С. Аппаратура для измерения электронного парамагнитного резонанса. — Л.: «Энергия», Ленингр. отд-ние, 1968. — 140 с.
  • Ефимчик М. К., Шушкевич С. С. Основы радиоэлектроники: учеб. для студентов физ. спец. ун-тов. — Минск: Университетское, 1986. — 302 с.
  • Шушкевич С. Неокоммунизм в Беларуси: идеология, практика, перспективы. — Смоленск: Скиф, 2002. — 284 с. — ISBN 5-2000-0617-1.
  • Шушкевич С. С. Моя жизнь, крушение и воскрешение СССР. — Москва: РОССПЭН, 2012. — 470 с. — ISBN 978-5-8243-1708-4.

Зноскі

  1. Stanislau Schuschkewitsch // Munzinger Personen Праверана 9 кастрычніка 2017.
  2. Deutsche Nationalbibliothek Агульны нарматыўны кантроль — 2012—2016. Праверана 13 снежня 2014.
  3. Умер бывший руководитель независимой Белоруссии Станислав Шушкевич
  4. а б в г Czech National Authority Database Праверана 7 лістапада 2022.
  5. Член-карэспандэнт Шушкевіч Станіслаў Станіслававіч. Нацыянальная акадэмія навук Беларусі. Праверана 22 чэрвеня 2017.
  6. Одного из инициаторов развала СССР номинировали на Нобелевскую премию мира Lenta.ru (руск.)
  7. Станіслаў Шушкевіч. Маё жыццё, крах і ўваскрошанне СССР = Моя жизнь, крушение и воскрешение СССР. — Мінск, 2013. — С. 15.
  8. Шушкевич Станислав Станиславович | Физический факультет БГУ(недаступная спасылка). www.physics.bsu.by. Архівавана з першакрыніцы 16 лістапада 2020. Праверана 3 лістапада 2020.
  9. Шушкевич Станислав Станиславович | Физический факультет БГУ(недаступная спасылка). www.physics.bsu.by. Архівавана з першакрыніцы 16 лістапада 2020. Праверана 3 лістапада 2020.
  10. Шушкевич Станислав Станиславович | Физический факультет БГУ(недаступная спасылка). www.physics.bsu.by. Архівавана з першакрыніцы 16 лістапада 2020. Праверана 3 лістапада 2020.
  11. Шушкевич Станислав Станиславович | Физический факультет БГУ(недаступная спасылка). www.physics.bsu.by. Архівавана з першакрыніцы 16 лістапада 2020. Праверана 3 лістапада 2020.
  12. Шушкевич Станислав Станиславович | Физический факультет БГУ(недаступная спасылка). www.physics.bsu.by. Архівавана з першакрыніцы 16 лістапада 2020. Праверана 3 лістапада 2020.
  13. Станіслаў Шушкевіч знаходзіцца на жорсткай самаізаляцыі
  14. Памёр Станіслаў Шушкевіч
  15. Постановление Верховного Совета Республики Беларусь от 20 июля 1990 г. № 166-XII «Об избрании Конституционной комиссии» Архівавана 27 сакавіка 2018. (руск.)
  16. Пазняк З. Незалежнасці можна дамагчыся малымі сіламі, але ўтрымаць Незалежнасць малымі сіламі цяжка.
  17. Трыюмф і драма Станіслава Шушкевіча
  18. https://belisrael.info/?p=18523
  19. Станіслава Шушкевіча ўзнагародзілі Ордэнам Вітаўта Вялікага // Наша Ніва, 22 чэрвеня 2010
  20. Trzej prezydenci odebrali doktoraty honoris causa KUL(недаступная спасылка) // Polskie Radio, 1.07.2009 (польск.)
  21. Laureaci Nagrody Архівавана 7 сакавіка 2016. // Nagroda Jana Nowaka-Jeziorańskiego (польск.)
  22. Алексіевіч, Пазьняк, Вольскі, Эрыксан, Белавус. Хто яшчэ ўзнагароджаны мэдалём у гонар БНР-100

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

У Вікіцытатніку ёсць старонка па тэме Станіслаў Шушкевіч