Старажытнагрэчаская літаратура

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Грэчаская літаратура
Старажытнагрэчаская літаратура (да 4 ст. да н.э.)
Візантыйская літаратура (4 — 15 стст. н.э.)
Сучасная Грэчаская літаратура (пасля XI стагоддзя)

Гісторыя Грэцыі

Дагістарычная Грэцыя
(да XXX ст. да н. э.)
Эгейская культура
(XXX—XII да н. э.)
Заходнеанаталійская цывілізацыя
Мінойская цывілізацыя
Кікладская культура
Эладская цывілізацыя
Мікенская цывілізацыя
Старажытная Грэцыя
(XI — 146 да н. э.)
Цёмныя стагоддзі (XI—IX)
Архаічны перыяд (VIII—VI)
Класічны перыяд (V—IV)
Эліністычны перыяд (IV — 146)
Грэцыя ў складзе Рымскай дзяржавы
Рымская Грэцыя (146 да н. э. — 330 н. э.)
Сярэднявечча і Новы час
(330—1832)
Візантыйская Грэцыя (330—1453)
Франкакратыя (1204—1458)
Асманская Грэцыя (1458—1832)
Сучасная Грэцыя
(пасля 1821)
Вайна за незалежнасць (1821—1832)
Каралеўства (1832—1924)
Другая Рэспубліка (1924—1935)
Рэжым 4 жніўня (1936—1941)
Другая сусветная вайна (1941—1944)
Грамадзянская вайна (1944—1949)
Пасляваенны час (1950—1967)
Рэжым палкоўнікаў (1967—1974)
Трэцяя Рэспубліка (з 1974)
Тэматычныя артыкулы
Ваенная гісторыя
Грэчаскія імёны
Грэчаская мова
Грэчаская літаратура

Літаратура Старажытнай Грэцыі — найстаражытнейшая з літаратур Еўропы.

Разам са старажытнарымскай яна складае антычную літаратуру. Пераемна звязана з крыта-мікенскай культурай і з усім культурным арэалам Блізкага Усходу.

Яна зрабіла вялікі ўплыў на развіццё больш позніх літаратур і сусветнага мастацтва. Распрацавала ўстойлівую сістэму літаратурных родаў, жанраў і формаў, што былі запазычаны ўсімі еўрапейскімі літаратурамі з захаваннем грэчаскіх назваў (эпас, лірыка, трагедыя, камедыя, ідылія і інш.).

Яе вытокі ў фальклоры (абрадавыя песні, культавыя гімны, прыказкі, прымаўкі) і ў багатай, разнастайнай па сваіх вобразах і сюжэтах грэчаскай міфалогіі, якая была асноўным матэрыялам старажытнагрэчаскай літаратуры на працягу ўсяго яе развіцця.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Вядучыя жанры архаічнага перыяду (са старажытных часоў да 5 ст. да н.э.) — эпас (8—7 ст. да н.э.) і лірыка (7—6 ст. да н.э.). Першыя пісьмовыя помнікі — эпічныя паэмы «Іліяда» і «Адысея», аўтарства якіх звязваецца з імем Гамера. Захаваліся ўрыўкі ад т.зв. кіклічных паэм (7—6 ст. да н.э.), заснаваных на міфалагічных паданнях Траянскага цыкла, што не ўвайшлі ў «Іліяду» і «Адысею», а таксама Фіванскага і інш. цыклаў. Прыкладна ў той жа час узніклі гімны да багоў (дайшло больш за 30), якія прыпісваліся Гамеру і да нашага часу традыцыйна называюцца гамераўскімі. Дыдактычны эпас прадстаўлены паэмамі «Тэагонія» і «Турботы і дні», створанымі ў канцы 8 — пач. 7 ст. да н.э. Гесіёдам — першым паэтам, вядомым як рэальная асоба. У 7—6 ст. да н.э. галоўнае месца заняла лірыка (элегія, ямб, меліка). У форме элегіі іаніец Калін і спартанец Тыртэй развівалі патрыятычную тэму, заклікалі да воінскай доблесці і мужнасці ў барацьбе з ворагамі. Дэмакрат-рэфарматар Салон асуджаў карысталюбства і хцівасць знаці, Феагнід абараняў ідэалы арыстакратаў, Мімнерм стаў пачынальнікам эратычнай паэзіі. Ямбічныя вершы першым пачаў складаць Архілох. Сіманід вядомы сваімі «жаночымі ямбамі» — трапнымі сатырамі на асобныя тыпы жанчын. Апошні класік ямбаграфіі — Гіпанакт з Эфеса. Цэнтрам сольнай мелікі (песеннай лірыкі) быў востраў Лесбас, дзе на эалійскім дыялекце пісалі складанымі памерамі Сапфо і Алкей. Палітычную тэматыку Алкей сумяшчаў з бяседнай, ствараў застольныя песні (сколіі), распрацаваў сваю ўласную алкееву страфу. Каханне апяваў у сваіх вясёлых вытанчаных вершах Анакрэонт. Майстрамі харавой лірыкі былі Алкман, Стэсіхор, Арыён, Івік, Сіманід, Вакхілід, Піндар. Узнікненне прозы ў 6 ст. да н.э. звязана з развіццём навукі, філасофіі, гістарыяграфіі (Фалес, Анаксімандр, Анаксімен, Геракліт, Гекатэй Мілецкі). Героямі новага тыпу фальклорнага апавядання становяцца гіст. асобы (Кір, Крэз, Салон і інш.). Празаічныя байкі фэкі звязвалі з імем фрыгійскага раба Эзопа.

Класічны (атычны) перыяд (5—4 ст. да н.э.) — час найвышэйшага росквіту грэчаскай літаратуры. Духоўным запатрабаванням дэмакратычнага поліса найбольш адпавядала драматургія, што дасягнула найвышэйшай мастацкай дасканаласці ў творчасці трагікаў Эсхіла, Сафокла, Эўрыпіда, камедыёграфа Арыстафана. Крызіс поліснай ідэалогіі (з сярэдзіны 5 ст. да н.э.), павышэнне ролі асобы знайшлі адлюстраванне ў дзейнасці сафістаў, якія зрабілі ўплыў на драматургію і ў вялікай ступені вызначылі развіццё прозы, што стала пануючай у 4 ст. да н.э.

Высокага мастацкага ўзроўню яна дасягнула ў галіне гістарыяграфіі (Герадот, Фукідыд, Ксенафонт), аратарскага мастацтва (Лісій, Ісакрат, Дэмасфен), філасофіі (Платон, Арыстоцель). Першынство заваявала аратарская проза, звязаная з надзённымі палітычнымі пытаннямі. Узнікла рыторыка, тэорыя аратарскай аргументацыі, якая адкрыла ў слове новыя спосабы ўздзеяння на слухачоў. Філасофскі дыялог, ля вытокаў якога стаяў Сакрат, стаў вялікім дасягненнем Платона. Дзякуючы трактатам Арыстоцеля «Аб паэтах» (не захаваўся) і «Паэтыка» асобнай, самастойнай галіной ведаў стала тэорыя паэзіі. Тэорыя стылю, грунтоўна распрацаваная ў арыстоцелеўскай «Рыторыцы», зрабіла вялікі ўплыў на эстэтычную тэорыю і драматургічную практыку Адраджэння і класіцызму.

Літаратура эліністычнага перыяду (канец 4 — 1 ст. да н.э.) адышла ад грамадскіх і палітычных праблем і звярнулася да звычайных жыццёвых пытанняў і канфліктаў. На змену выкрывальнай камедыі Арыстафана прыйшла «новая камедыя» Менандра з сямейна-бытавой і любоўнай тэматыкай, з гуманна-філантрапічным тлумачэннем грамадскіх супярэчнасцей.

Пачынаючы з 3 ст. да н.э. літаратура развівалася пераважна ў новых культурных цэнтрах, найперш у егіпецкай Александрыі, куды перамясціўся сусветны цэнтр навукі і мастацтва. Александрыйская паэзія распрацоўвала малыя жанры (элегію, гімн, эпіграму, ідылію, эпілій), у якіх перавага аддавалася любоўнай тэматыцы, эксперыментавала з формай і словам, што надавала паэзіі элітарны характар. Александрыйцы (Калімах) спалучалі паэтычную дзейнасць з філалагічнымі заняткамі ў Александрыйскай бібліятэцы. Супраць малых формаў Калімаха выступаў Апалоній Родаскі, аўтар эпічнай паэмы «Арганаўтыка». Жанр ідыліі з тэмай пастухоўскага жыцця на ўлонні прыроды ўвёў у літаратуру Феакрыт. Традыцыю празаічных мімаў (у сатырычных сцэнах) Сафрона (5 ст. да н.э.) аднавіў александрыйскі паэт Геронд. Літаратурнае афармленне набыла навела з гістарычным і бытавым зместам (Арыстыд), што да эпохі элінізму заставалася фальклорнай.

У гэты перыяд выпрацавалася т.зв. «агульная мова» ўсіх грэкаў — койнэ, у аснове якой ляжаў атычны дыялект з прымессю іанійскага.

Рымскі (позні) перыяд (канец 1 ст. да н.э. — 5 ст. н.э.) звязаны з заваяваннем Грэцыі Рымскай імперыяй. Выдатнымі прадстаўнікамі т.зв. «элінскага адраджэння» былі філосаф-мараліст Плутарх, філосаф-кінік Дыён Хрысастом, майстар антычнай сатыры Лукіян. Апошні апавядальны жанр антычнасці — рамана (Харытон, Ксенафонт, Ямвліх, Ахіл Татый, Лонг, Геліядор). Многія жанры позняй грэчаскай літаратуры перайшлі ў хрысціянскую.

3 4—5 ст. н.э. развівалася візантыйскай літаратура.

Беларускія пераклады[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура Старажытнай Грэцыі на Беларусі — своеасаблівая школа мастацкай творчасці і філасофска-эстэтычнай адукацыі. Яе дасягненні выкарыстоўвалі ў сваёй дзейнасці выдатныя прадстаўнікі старажытнай беларускай літаратуры Клімент Смаляціч і Кірыла Тураўскі. Паэтычныя прыёмы гераічнага эпасу адраджаліся ў творчасці Ф. Скарыны і М. Гусоўскага. С. Кашуцкі і С. Будны натавалі Гамера, Платона, Арыстоцеля. На традыцыі платонаўскага дыялога апіраўся А. Волан. Да вобразаў і сюжэтаў грэчаскай міфалогіі і літаратуры звяртаўся Сімяон Полацкі, а ў 19 ст. — Я. Чачот, Я. Баршчэўскі, В. Дунін-Марцінкевіч. Класічную спадчыну грэкаў арганічна ўспрымаў М. Багдановіч. У лік ранніх помнікаў свецкай перакладной літаратуры на Беларусі ўваходзілі гістарычны раман «Александрыя» і «Аповесць пра Трою».

3 грэчаскай мовы перакладалі Б. Тарашкевіч (урыўкі з «Іліяды» Гамера), Ю. Дрэйзін (урыўкі з «Іліяды», «Антыгона» Сафокла, «Бакханкі» Эўрыпіда), Л. Баршчэўскі («Прыкуты Праметэй» Эсхіла, «Эдып-цар» Сафокла, «Медэя» Эўрыпіда, «Жабы» Арыстафана, «Песні» Сапфо), А. Клышка (урыўкі з «Адысеі» Гамера, «Дафніс і Хлоя» Лонга).

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Антычная літаратура ў беларускіх перакладах. Старажытная Грэцыя. Хрэстаматыя / Уклад. Д. М. Лебядзевіч. — Гродна, 2002.
  • Малюковіч С. Літаратура // Грэцыя // БЭ ў 18 т. Т. 5. — Мн., 1997.