Старажытныя Алімпійскія гульні

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Алімпійскія гульні (грэч. Ολυμπιακοί αγώνες) — агульнагрэчаскія ўрачыстыя спаборніцтвы культавага характару ў гонар Зеўса Алімпійскага, якія праходзілі з 776 года да н.э. кожныя 4 гады ў горадзе Алімпія на беразе ракі Алфей (на Пелапанесе).

Алімпійскія спаборніцтвы былі сімвалам адзінства грэчаскіх гарадоў-дзяржаў і гулялі вялікую ролю ў развіцці культуры. Паводле падання, яшчэ да ўстанаўлення Алімпійскіх спаборніцтваў тут адбываліся пахавальныя гульні ў гонар Пелопа. Заснавальнікам Алімпійскіх гульняў лічыўся Геракл, які аднавіў гульні ў гонар Пелопа, прысвяціўшы іх Зеўсу. Алімпійскія гульні аднаўляліся і ўпарадкоўваліся некалькі разоў.

Для жанчын, праз месяц пасля Алімпійскіх гульняў, ладзіліся Герайскія гульні.