Стараславянская мова

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Стараславянская мова
Саманазва:

словѣ́ньскъ ѩзꙑ́къ

Краіны:

краінах Усходняй Еўропы

Рэгіёны:

Усходняя Еўропа

Афіцыйны статус:

у некаторых сярэдневяковых краінах Усходняй Еўропы (як кніжная)

Арганізацыя, якая рэгулюе:

Класіфікацыя
Катэгорыя:

Мовы Еўразіі

Індаеўрапейская сям'я

Славянская галіна
Паўднёваславянская група
Стараславянская мова
Пісьменнасць:

глаголіца, кірыліца

Моўныя коды
ISO 639-1:

cu

ISO 639-2:

chu

ISO 639-3:

chu

Гл. таксама: Праект:Лінгвістыка

Ста́раславя́нская мова (саманазва: словѣ́ньскъ ѩзꙑ́къ, літаральна — «славянская мова», трансл. slověnĭskŭ językŭ) — першая пісьмовая мова славян, заснаваная, як мяркуюць, у асноўным на дыялектах тагачасных славян, што жылі на тэрыторыі Грэчаскай Македоніі. Унармаванне мовы прыпісваецца візантыйскім грэчаскім місіянерам Кірылу і Мяфодзію, якія пасля стандартызацыі мовы пачалі выкарыстоўваць яе для перакладу Бібліі ды іншых грэчаскіх літургічных дакументаў, патрэбных, каб прапаведаваць хрысціянства сярод славян[1].

Мова адыграла прыкметную ролю ў гісторыі ўсіх сучасных славянскіх моў і паслужыла асноваю і ўзорам для развіцця пазнейшых традыцый царкоўнаславянскае мовы, якую некаторыя праваслаўныя і каталіцкія цэрквы дагэтуль выкарыстоўваюць у літургіі. Стараславянская мова з'яўляецца найстарэйшай пісьмова засведчанай з усіх славянскіх моў і таму вельмі карысная для рэканструкцыі праславянскае мовы — агульнай мовы-продка ўсіх славянскіх моў, якая не была пісьмова засведчана. У сваю чаргу, стараславянскую мову не трэба блытаць з праславянскай мовай: дыялекты, што леглі ў аснову стараславянскай мовы, узніклі пасля распаду праславянскай мовы.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Стараславянская мова ўзнікла як стандартызаваная мова для мэт місіі двух прапаведнікаў у Вялікую Маравію ў 863 годзе. Для гэтае мэты Кірыл і Мяфодзій пачалі перакладаць рэлігійную літаратуру на новую мову, заснаваную, як мяркуе большасць даследчыкаў, на тагачасных дыялектах радзімы асветнікаў — горада Фесалонікі, што на поўначы Грэцыі (заваяванай на той час славянамі)[2]. Пры падрыхтоўцы да місіі была створана новая азбука — глаголіца, якой сталі запісвацца пераклады асноўных малітоўных і літургічных кніг (Евангелле было перакладзена прыкладна ў гэты ж перыяд, але невядома, якія адносіны да гэтага мелі Кірыл і Мяфодзій). Мова і яе алфавіт вывучаліся ў Вялікамараўскай Акадэміі і выкарыстоўваліся для царкоўных і адміністрацыйных патрэб у 863885 гадах. Тэксты гэтага перыяду ўтрымліваюць рысы тагачасных славянскіх дыялектаў Вялікае Маравіі. У 885 годзе мова ў краіне была забаронена Папам Рымскім. Вучні прапаведнікаў, будучы выгнанымі з краіны, у 886 годзе прынеслі глаголіцу ў Балгарыю.

У Балгарыі мова пачала выкладацца паводле дзвюх кніжных школ: Прэслаўскай і Охрыдскай[3][4][5]. Глаголіца першапачаткова выкарыстоўвалася ў абедзвюх школах, але ў Прэслаўскай неўзабаве на замену глаголіцы была створана кірыліца. Тагачасныя тэксты, напісаныя ў Балгарыі, маюць характэрныя дыялектныя рысы, уласцівыя тагачаснаму славянскаму насельніцтву царства. Прыблізна ў гэты ж перыяд стараславянская мова пачынае распаўсюджвацца па іншых славянскіх землях, такіх як Боснія, Харватыя, Сербія, Багемія, Малая Польшча, а таксама княствах Кіеўскае Русі, захаваўшы пры гэтым паўднёваславянскія дыялектныя асаблівасці. Пазнейшыя тэксты, напісаныя на кожнай з гэтых тэрыторый, пачалі насычацца рысамі мясцовых славянскіх гаворак той эпохі, у выніку чаго прыкладна ў сярэдзіне ХІ ст. стараславянская мова набыла вялікую колькасць рэгіянальных варыянтаў. Гэтыя мясцовыя варыянты агулам вядомыя пад імем царкоўнаславянскае мовы[6].

За межамі славянскіх краін стараславянская пісьмовая мова выкарыстоўвалася ў якасці богаслужэбнае мовы Румынскай Праваслаўнай Царквы і мовы справаводства ў Валахіі і Малдове, але ў XVIXVII стст. была заменена мясцовай народнай мовай — румынскай. Пазнейшая форма мовы — царкоўнаславянская мова — на працягу многіх стагоддзяў мела прэстыжны статус сярод усходніх славян (асабліва ў Маскоўскай дзяржаве) і выконвала прыблізна тыя ж функцыі, што і латынь у заходніх славян. Але ў параўнанні з латынню царкоўнаславянская мова мела перавагу, бо была значна бліжэйшаю да народнай мовы. Некаторыя праваслаўныя цэрквы, напрыклад, Балгарская Праваслаўная Царква, Руская Праваслаўная Царква, Сербская Праваслаўная Царква, Украінская Праваслаўная Царква і Македонская Праваслаўная Царква дагэтуль выкарыстоўваюць царкоўнаславянскую мову поруч з нацыянальнымі мовамі сваіх дзяржаў у якасці моў богаслужэнняў.

Пісьменнасць[правіць | правіць зыходнік]

Першапачаткова пісьмовая стараславянская мова выкарыстоўвала для сваіх патрэб глаголіцу, але пазней гэту азбуку амаль поўнасцю выцесніла кірыліцай, створаная па загаду балгарскага цара Барыса І у Х ст.[7]

Лінгвістычная характарыстыка[правіць | правіць зыходнік]

Фанетыка, фаналогія[правіць | правіць зыходнік]

Ніжэй прыведзены гукавы лад, які ў асноўным рэканструюецца для стараславянскай мовы. Гукі прыведзеныя ў спецыяльнай сістэме транскрыпцыі (а не IPA). Канкрэтная рэалізацыя кожнага гука невядомая з прычыны іх рознага вымаўлення ў кожным з рэгіёнаў выкарыстання мовы.

  • Зычныя:
Лабіяльныя Зубныя Палатальныя Велярныя
Выбухныя p b t d k g
Афрыкаты c dz č
Фрыкатывы s z š ž x
Насавыя m n n'
Латэральныя l l'
Дрыжачыя r r'
Апраксіманты v j
  • Літара щ пазначала розныя гукі, з гэтае прычыны яе гукавае значэнне не ўказана ў табліцы. У Балгарыі яна пазначала паслядоўнасць зычных /ʃt/ і таму транслітаруецца як št. На захад і поўнач ад краіны літара, імаверна, указвала зычны /c(ː)/ або /tɕ/ на ўзор сучасных македонскай, сербскахарвацкай моў і тарлацкіх дыялектаў;
  • /dz/ траплялася ў ранніх тэкстах, ператварыўшыся пазней у /z/;
  • Адрозненне між цвёрдымі l, n, r і іх палаталізаванымі аналагамі l’, n’, r’ на пісьме адлюстроўвалася не заўсёды. У выпадку пазначэння гэтага адрознення выкарыстоўваўся дыякрытычны знак камора.
  • Галосныя:

Адною з цікавых асаблівасцей стараславянскае мовы было шырокае выкарыстанне насавых галосных гукаў, якія мова гістарычна пераняла ад больш старажытных форм славянскага маўлення. У сучасных славянскіх мовах гэтыя галосныя амаль паўсюдна страчаныя, захаваліся толькі ў польскай ды кашубскай мовах, а таксама ў адзінкавых гаворках некаторых заходнеславянскіх і паўднёваславянскіх моў. Вылучалася наяўнасць асаблівых звышкароткіх галосных, якія ў сучасных славянскіх мовах паўсюдна страчаныя.

Звычайныя галосныя
Пярэдняга рада
Неагубленыя
Задняга рада
Неагубленыя
Задняга рада
Агубленыя
i y u
ь/ĭ ъ/ŭ
e o
ě a
Насавыя
Пярэдняга рада Задняга рада
ę ǫ
  • Націск у мове не пазначаўся. Ён аднаўляецца дзякуючы звесткам сучасных славянскіх моў і рэканструкцый праславянскае мовы;
  • Вымаўленне яця (ě) было варыяцыйным у залежнасці ад рэгіёна. У Балгарыі ён звычайна ўяўляў сабою галосны ніжняга ўздыму, які рэканструюецца як /æ/. На поўнач ад Балгарыі ягонае вымаўленне імкнулася да верхняга ўздыму і, такім чынам, пераўтваралася ў /je/ або нават /i/ ў многіх рэгіёнах;
  • Былі звышкароткія галосныя, якія транскрыбуюцца звычайна як ĭ ды ŭ. Гэтыя галосныя былі больш сярэднімі і кароткімі ў адрозненне ад іх поўных аналагаў, i ды y/u. Іх знікненне пачалося ў большасці пазіцый у слове, яны сталі спарадычнымі ўжо ў найранейшых тэкстах. Мелі тэндэнцыю зліцця з іншымі поўнымі галоснымі, асабліва ĭ з e і ŭ з o, што, аднак, адрознівалася ў залежнасці ад рэгіёну. ŭ не трэба блытаць з сучасным беларускім лацінскім ŭ, якое пазначае іншы гук — /w/;
  • Дакладная артыкуляцыя насавых галосных невядомая, што тлумачыцца іх зліццём са звычайнымі галоснымі ў розных рэгіёнах. У паўднёваславянскіх мовах ę зліўся з e або ě, але ў паўднёваславянскіх ëн перайшоў у ja. ǫ агулам зліўся з u або o, але ў Балгарыі гэты гук, верагодна, стаў агубленым і зліўся з ŭ.
  • Фанатактыка:

У стараславянскай мове можна вызначыць некалькі заканамернасцей, якія абмяжоўвалі размеркаванне фанем. Гэтыя заканамернасці ўзніклі як вынік працэсаў часоў праславянскай мовы такіх як міжскладовы сінгарманізм і правіла адкрытых складоў. Для сцячэнняў зычных, сцячэнняў галосных і паслядоўнасцей галосных ды зычных могуць вызначацца наступныя заканамернасці[8]:

  • Дзве суседнія зычныя фанемы, як правіла, не маюць аднолькавую артыкуляцыю;
  • Ні адзін склад не заканчваецца на зычную;
  • Кожная латэральная зычная ўзгадняецца з наступнай паводле аглушэння або азванчэння;
  • Велярныя зычныя не стаяць перад галоснымі пярэдняга рада;
  • Фанетычна палаталізаваныя зычныя не з'яўляюцца перад пэўнымі галоснымі задняга рада сярэдняга ўздыму;
  • Галосныя задняга рада /y/, /ъ/, а таксама галосныя пярэдняга рада за выключэннем /i/ не ўзнікаюць у пачатку слоў: першыя атрымліваюць пратэтычнае /v/, другія — /j/. Пачатковая /a/ можа атрымаць пратэтычную зычную або не атрымаць яе ўвогуле;
  • Паслядоўнасці галосных засведчаныя толькі ў адной лексеме (paǫčina «павуцінне»), а таксама ў суфіксах незакончанага трывання /aa/, /ěa/;
  • На межах марфем могуць узнікаць наступныя паслядоўнасці галосных: /ai/, /au/, /ao/, /oi/, /ou/, /oo/, /ěi/, /ěo/.
  • Морфафанемічныя чаргаванні:

У выніку першай і другой палаталізацый велярныя зычныя пачалі чаргавацца з зубнымі і палатальнымі. Акрамя гэтага, у выніку працэсу, вядомага як ятацыя, велярныя і зубныя пачалі чаргавацца з палатальнымі пры словазмяненні.

Чаргаванні велярных
першапачатковыя /k/ /g/ /x/ /sk/ /zg/ /sx/
па першай палаталізацыі і ятацыі /č/ /ž/ /š/ /št/ /žd/ /š/
па другой палаталізацыі /c/ /dz/ /s/ /sc/, /st/ /zd/ /sc/
Чаргаванні іншых зычных
першапачатковыя /b/ /p/ /sp/ /d/ /zd/ /t/ /st/ /z/ /s/ /l/ /sl/ /m/ /n/ /sn/ /zn/ /r/ /tr/ /dr/
па ятацыі /bl'/ /pl'/ /žd/ /žd/ /št/ /št/ /ž/ /š/ /l'/ /šl'/ /ml'/ /n'/ /šn'/ /žn'/ /r'/ /štr'/ /ždr'/

У некаторых формах чаргаванне /c/ з /č/ ды /dz/ з /ž/ адбывалася ў лексемах, у якіх адсутнічалі адпаведныя ім велярныя. Зубныя пары велярных рэгулярна ўзнікалі перад /ě/, /i/ ў скланенні і загадным ладзе, трохі радзей — у розных формах пасля /i/, /ę/, /ь/, /rь/. Палатальныя аналагі велярных з'яўляліся перад галоснымі пярэдняга рада ва ўсіх іншых формах у пазіцыях, калі не з'яўляўся зубны аналаг, а таксама ў розных пазіцыях словазмянення і словаўтварэння (гл. ніжэй)[9].

У выніку ранейшых чаргаванняў кароткіх і доўгіх галосных у праіндаеўрапейскую, прабалта-славянскую ды праславянскую эпохі і пераўтварэння галосных у галосныя пярэдняга рада перад палаталізаванымі зычнымі ў стараславянскай мове былі наступныя чаргаванні (з вядомых):

/ь/ : /i/; /ъ/ : /y/ : /u/; /e/ : /ě/ : /i/; /o/ : /a/; /o/ : /e/; /ě/ : /a/; /ъ/ : /ь/; /y/ : /i/; /ě/ : /i/; /y/ : /ę/[9].

Часам адбывалася чаргаванне ∅ (нуль гука), якое ўзнікала ў выніку спарадычнае страты слабага ера (назва гука), што пазней адбылося амаль ва ўсіх тагачасных славянскіх дыялектах. Фанетычнае значэнне вакалізаванага моцнага ера залежыць ад дыялекту.

Марфалогія, сінтаксіс[правіць | правіць зыходнік]

Як і праіндаеўрапейская мова, стараславянская мова мела ярка выражаную флектыўную марфалогію. Зменныя формы падзяляліся на імя і дзеясловы, імя, у сваю чаргу, уключала назоўнікі, прыметнікі і займеннікі. Лічэбнікі скланяліся на ўзор прыметнікавага або займеннікавага скланенняў, да таго ж, лічэбнікі 1—4 мелі адрозненне паводле граматычнага роду.

Імя адрознівалася паводле граматычнага роду (мужчынскі, жаночы, ніякі), ліку (адзіночны, парны, множны) і склону (назоўны, родны, давальны, вінавальны, творны, клічны, месны). Назоўнік адрозніваўся таксама паводле пяці граматычных класаў: з o/jo-коранем, a/ja-коранем, i-коранем, u-коранем і зычным коранем. Формы ўсіх флектыўных парадыгм звычайна алюстроўваюць морфафанемічныя чаргаванні. Пераход галосных у галосныя пярэдняга рада пасля палатальнымі і j стварыла два падвойныя флектыўныя класы — o : jo, a : ja, тады як палаталізацыя ўнутры кораня стала ў сваім родзе сінхроннай (параўн. адз. л. Н. с. vlьkъ «воўк» > адз. л. К. с. vlьče, адз. л. М. с. vlьcě). Прадуктыўныя класы мелі выгляд o/jo, a/ja ды i-каранёў. Некаторыя ўзоры падобных парадыгм прыведзеныя ніжэй:

Адзіночны Парны Множны
Глёса Тып кораню Н.с. К.с. В.с. Р.с. М.с. Д.с. Т.с. Н.с./К.с./В.с. Р.с./М.с. Д.с./Т.с. Н.с./К.с. В.с. Р.с. М.с. Д.с. Т.с.
«места» o м.р. gradъ grade gradъ grada gradě gradu gradomь grada gradu gradoma gradi grady gradъ graděxъ gradomъ grady
«нож» jo м.р. nožь nožu nožь noža noži nožu nožemь noža nožu nožema noži nožę nožь nožixъ nožemъ noži
«воўк» o м.р. vlьkъ vlьče vlьkъ vlьka vlьcě vlьku vlьkomь vlьka vlьku vlьkoma vlьci vlьky vlьkъ vlьcěxъ vlьkomъ vlьky
«віно» o н.р. vino vino vino vina vině vinu vinomь vině vinu vinoma vina vina vinъ viněxъ vinomъ viny
«поле» jo н.р. polje polje polje polja polji polju poljemь polji polju poljema polja polja poljь poljixъ poljemъ polji
«жанчына» a ж.р. žena ženo ženǫ ženy ženě ženě ženojǫ ženě ženu ženama ženy ženy ženъ ženaxъ ženamъ ženami
«душа» ja ж.р. duša duše dušǫ dušę duši duši dušejǫ duši dušu dušama dušę dušę dušь dušaxъ dušamъ dušami
«рука» a ж.р. rǫka rǫko rǫkǫ rǫky rǫcě rǫcě rǫkojǫ rǫcě rǫku rǫkama rǫky rǫky rǫkъ rǫkaxъ rǫkamъ rǫkami
«косць» i ж.р. kostь kosti kostь kosti kosti kosti kostьjǫ kosti kostьju kostьma kosti kosti kostьjь kostьxъ kostъmъ kostъmi
«дом» u м.р. domъ domu domъ/-a domu domu domovi domъmь domy domovu domъma domove domy domovъ domъxъ domъmъ domъmi

Прыметнікі мужчынскага і ніякага роду скланяліся паводле тыпу o/jo, жаночага — a/ja. Прыметнік мог мець кароткую (няпэўную) і поўную (пэўную) формы, апошняя ўтваралася шляхам дадання да няпэўнай формы суфікса анафарычнага займенніка трэцяй асобы. Сінтэтычнае словаўтварэнне выяўлялася ў цяперашнім, незакончаным часах і аорысце (від часу), у той час як закончаны час, плюсквамперфект, будучы і умоўны часы і лады ўтвараліся шляхам аб'яднання дапаможных дзеясловаў з дзеепрыметнікамі або сінтэтычнымі часавымі формамі. Ніжэй прыведзены ўзор падобных змен на прыкладзе дзеяслова vesti («весці»).

Асоба, лік Цяперашні Асігматычны аорыст Сігматычны аорыст Новы аорыст Незакончаны Загадны
1 ас. адз. л. vedǫ vedъ věsъ vedoxъ veděaxъ
2 ас. адз. л. vedeši vede vede vede veděaše vedi
3 ас. адз. л. vedetъ vede vede vede veděaše vedi
1 ас. п. л. vedevě vedově věsově vedoxově veděaxově veděvě
2 ас. п. л. vedeta vedeta věsta vedosta veděašeta veděta
3 ас. п. л. vedete vedete věste vedoste veděašete
1 ас. мн. л. vedemъ vedomъ věsomъ vedoxomъ veděaxomъ veděmъ
2 ас. мн. л. vedete vedete věste vedoste veděašete veděte
3 ас. мн. л. vedǫtъ vedǫ věsę vedošę veděaxǫ

Іншыя рысы[правіць | правіць зыходнік]

Захавалася даволі маленькая колькасць пісьмовых помнікаў стараславянскае мовы, большая частка з іх складзена ў Першым Балгарскім Царстве ў перыяд ХХІ стст. Мова гэтых помнікаў мае паўднёваславянскую аснову з невялікім дадаткам заходнеславянскіх рыс, прынесеных місіяй Кірылы і Мяфодзія з Вялікай Маравіі — тэрыторыі, дзе цяпер распаўсюджаныя заходнеславянскія мовы. Адзіны добра захаваны рукапіс мараўскага ізводу стараславянскай мовы, т. зв. Кіеўскія Лісткі, адзначаецца заменай некаторых паўднёваславянскіх лексічных і фанетычных характарыстык заходнеславянскімі. У рукапісах Другога Балгарскага Царства колькасць заходнеславянскіх рыс павялічваецца.

Стараславянская мова цікавіць гістарычных лінгвістаў з прычыны захавання ў ёй архаічных рыс, якія, як лічацца, у мінулым былі агульнымі для маўлення славян. Некаторыя прыклады гэтых асаблівасцей:

  • Наяўнасць звышкароткіх галосных, т. зв. ераў: /ĭ/, /ŭ/;
  • Наяўнасць насавых галосных: /ɛ̃/, /ɔ̃/;
  • Ненапружаны ніжні ўздым пры артыкуляцыі яця (/æ/);
  • Палатальныя зычныя /ɲ/ і /ʎ/ (ад праславянскіх *ň, *ľ);
  • Праславянская склонавая сістэма на аснове каранёвых канчаткаў, у тым ліку з тымі, якія пазней зніклі ў задакументаваных мовах (напрыклад, u-корань);
  • Існаванне асобнага парнага ліку, адметнага ад адзіночнага і множнага (ягоныя сляды трапляюцца ў беларускай мове ў якасці слоў, якія не выкарыстоўваюцца ў адзіночным ліку: порткі, нажніцы і г.д.);
  • Існаванне аорысту, незакончанага часу, праславянскія парадыгмы для дзеепрыметнікаў (аорыст можна сустрэць у славенскай і лужыцкіх мовах).

У стараславянскай мове таксама захоўвалася надзвычай старажытная сістэма акцэнтуацыі (сістэма націску), але яна не адлюстроўвалася ў пісьмовых дакументах. Імаверна, гэтая архаічная сістэма можа прыблізна захоўвацца ў чакаўскім дыялекце сербскахарвацкае мовы.

Стараславянская мова мае паўднёваславянскае паходжанне. Гэта відаць з наступных крытэрыяў:

  • Фанетычныя:
  • Пераход ra > /la/ згодна з мэтатэзай плаўных праславянскіх сцячэнняў *or, *ol;
  • Пераход праславянскага *xě < *xai ў sě;
  • Пераход праславянскіх *kvě, *gvě < *kvai, *gvai ў cv, (d)zv
  • Марфасінтаксічнае выкарыстанне прыналежнай формы давальнага склону ў асабістых займенніках і назоўніках: рѫка ти (rǫka ti, «твая рука»), отъпоущенье грѣхомъ (otŭpuštenĭje grěxomŭ, «прабачэнне грахоў»), перыфрастычны будучы час з выкарыстаннем дзеяслова хотѣти (xotěti, «хацець»), выкарыстанне параўнальнай формы мьнии (mĭniji, «менш») у значэнні «маладзейшы».
  • Марфасінтаксічнае выкарыстанне суфіксальных указальных займеннікаў тъ, та, то (, ta, to «той», «тая», «тое»). У балгарскай ды македонскай мовах пераўтварыліся ў суфіксальныя пэўныя артыклі.

Акрамя гэтага, стараславянская мова па шэрагу рыс збліжаецца непасрэдна з адной з паўднёваславянскіх моў — балгарскай.

  • Ненапружаны ніжні ўздым пры артыкуляцыі яця ([æː]), якая да гэтага часу захоўваецца ў дыялектах Радопскага хрыбта (мяжа Балгарыі з Грэцыяй);
  • /ʃt/ і /ʒd/ як рэфлексы праславянскіх *ť (< *tj ды *gt, *kt) і *ď (< *dj);
  • Выкарыстанне прыналежнай формы давальнага склону для асабістых займеннікаў і назоўнікаў (братъ ми (bratŭ mi, «брат мой»), храмъ молитвѣ (xramŭ molitvě, «храм малітвы»);
  • Выкарыстанне перыфрастычнай аб'яднанай формы будучага часу з удзелам дапаможнага дзеяслову хотѣти (xotěti, «хацець»): напрыклад, хоштѫ писати — xoštǫ pisati, «я пісацьму».
Праславянская Стараславянская Балгарская Чэшская Македонская Польская Руская Славацкая Славенская Сербскахарвацкая
*dʲ ʒd ʒd z ɟ dz ʑ dz j
*ɡt/kt, *tʲ ʃt ʃt ts c ts ts

Ізводы[правіць | правіць зыходнік]

Вялікая Маравія[правіць | правіць зыходнік]

Мова была ўпершыню стандартызавана дзякуючы місіі Кірылы і Мяфодзія ў Вялікую Маравію 863 года. Рукапісы Маравіі лічацца найранейшым ізводам стараславянскай мовы. Ён названы ў гонар свайго паходжання, дзяржавы, што існавала ў перыяд Х ст. на тэрыторыях сучасных Чэхіі і Славаччыны.

  • Мараўскі ізвод:

У т. зв. Пражскіх фрагментах мараўскі ўплыў выяўляўся толькі ў замене /ʃt/ на /ts/ і /ʒd/ на /z/, пра што сведчыць узор Кіеўскай Лісткоў (гл. вышэй). Некаторыя іншыя моўныя асаблівасці:

  • Блытаніна між вялікім і малым юсамі: замест въсоудъ vъsudъ — въсѫдъ vъsǫdъ;
  • /ts/ з праславянскага *tj, выкарыстанне /dz/ з *dj, /ʃtʃ/ — з *skj;
  • Выкарыстанне слоў mьša, cirky, papežь, prěfacija, klepati, piskati і г.д.;
  • Захаванне старога збегу зычных /dl/ (напрыклад, modlitvami, параўн. з бел. «малітвамі»);
  • Выкарыстанне канчатка -ъmь замест -omь у адзіночным ліку мужчынскім родзе творнага склону, займеннік čьso.

Першае Балгарскае Царства[правіць | правіць зыходнік]

Стараславянская мова была кадыфікавана ў Першым Балгарскім царстве і вывучалася спачатку ў Прэславе (сталіца дзяржавы, 893972 гг.), потым — у Охрыдзе (сталіца 991995, 1015 гг.)[10][11][12]. Гэты варыянт мовы пакуль яшчэ не ўяўляў сабою рэгіянальны дыялект мовы, але быў своеасаблівым папярэднікам усходняй падгрупы паўднёваславянскіх моў, якая, аднак, немагчыма лакалізаваць[13]. Існаванне двух асноўных цэнтраў літаратуры царства прывяло да ўзнікнення двух ізводаў, балгарскага і македонскага (ізвод — рэгіянальная вэрсія якой-небудзь старой пісьмовай мовы, звычайна тэрмін выкарыстоўваецца адносна славянскіх моў)[14][15]. Некаторыя лінгвісты, зрэшты, не выдзяляюць двух ізводаў, называючы абодва разам македонска-балгарскім або проста балгарскім ізводам[16][17][18].

Некаторыя лінгвісты змянялі сваё меркаванне па гэтым пытанні: так, амерыканскі лінгвіст Г. Лунт меркаваў, што адрозненні ў першапачатковай стараславянскай мове недастатковыя, каб сцвярджаць існаванне двух розных ізводаў, македонскага і балгарскага. Пазней ён жа, грунтуючыся на палеаграфічных, фаналагічных і іншых адрозненнях, прыйшоў да вываду пра існаванне двух асобных ізводаў стараславянскай мовы[19].

На думку некаторых даследчыкаў развіццё стараславянскае мовы спрыяла прадухіленню асіміляцыі паўднёвых славян і фарміраванню асобнай балгарскай ідэнтычнасці[20][21].

Іншыя ізводы[правіць | правіць зыходнік]

Пазнейшае выкарыстанне стараславянскае мовы ў іншых рэгіёнах прывяло да насычэння мовы мясцовымі рысамі, але шэраг паўднёваславянскіх рыс захаваўся. Сярод пазнейшых ізводаў мовы адзначаюцца славенскі, харвацкі, сербскі і рускі ізводы, але яны адносяцца да пазнейшай формы мовы — царкоўнаславянскай. Практычна ва ўсіх іх адбылася дэназалізацыя юсаў.

Наменклатура[правіць | правіць зыходнік]

Большая частка заходніх лінгвістаў выкарыстоўвае для пазначэння мовы тэрмін старацаркоўнаславянская мова або скарачэнне OCS, радзей ужываецца тэрмін старабалгарская мова. У літаратуры Беларусі і СССР выкарыстоўваецца ў асноўным тэрмін стараславянская мова.

Крыніцы[правіць | правіць зыходнік]

  1. Dmitrij Cizevskij. Comparative History of Slavic Literatures — Vanderbilt University Press, 2000. — С. 27.
  2. Florin Curta & Paul Stephenson. Southeastern Europe in the Middle Ages, 500-1250 — Cambridge University Press, 2006. — С. 214.
  3. Glanville Price. Encyclopedia of the Languages of Europe — Wiley, 2000. — С. 42-43. — 520 с.
  4. Ken Parry. The Blackwell Companion to Eastern Christianity — John Wiley & Sons, 2010. — С. 50-51. — 528 с.
  5. Jan Olof Rosenqvist. Interaction and Isolation in Late Byzantine Culture — I. B. Tauris, 2004. — С. 58. — 169 с.
  6. B. Gasparov. Speech, Memory, and Meaning: Intertextuality in Everyday Language — Walter de Gruyter, 2010. — С. 185. — 309 с.
  7. Horace Gray Lunt. Old Church Slavonic Grammar — Berlin, 2001. — С. 15.
  8. Huntley (1993, стст. 127—128)
  9. 9,0 9,1 Huntley (1993, ст. 133)
  10. Alan W. Ertl. Toward an Understanding of Europe: A Political Economic Précis of Continental Integration — Universal-Publishers, 2008. — С. 436. — 560 с.
  11. Chris Kostov. Contested Ethnic Identity: The Case of Macedonian Immigrants in Toronto, 1900-1996 — Peter Lang, 2010. — С. 50. — 318 с.
  12. Zdenko Zlatar. The Poetics of Slavdom: Part III: Njegoš — Peter Lang, 2007. — С. 532-533. — 912 с.
  13. Horace Gray Lunt. Old Church Slavonic Grammar — Walter de Gruyter, 2001. — С. 1. — 264 с.
  14. A. P. Vlasto. The Entry of the Slavs Into Christendom: An Introduction to the Medieval History of the Slavs — CUP Archive, 1970. — С. 174-176. — 435 с.
  15. Benjamin W. Fortson. Indo-European Language and Culture: An Introduction — John Wiley & Sons, 2010. — С. 431. — 568 с.
  16. Henrik Birnbaum, Jaan Puhvel. Ancient Indo-European Dialects: Proceedings — University of California Press, 1966. — С. 154. — 247 с.
  17. Sussex/Cubberley. The Slavic Languages — Cambridge University Press, 2006. — С. 64-65. — 638 с.
  18. И. И. Калиганов. Размышления о македонском «срезе» палеоболгаристики // Македония — проблемы истории и культуры. — Институт славяноведения, РАН.
  19. Alexander M. Schenker. American contributions to the Tenth International Congress of Slavists — Slavica. — Sofia, 1988. — С. 47. — ISBN 0-89357-190-3.
  20. Иван Микулчиќ. Средновековни градови и тврдини во Македонија — Скопје: Македонска академија на науките и уметностите. — С. 72.
  21. R. J. Crampton. "R.+J.+Crampton"&hl=bg&source=gbs_navlinks_s A Short History of Modern Bulgaria — CUP Archive, 1987. — С. 5. — 221 с.

Вонкавыя спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Вікіпедыя

Вікіпедыя мае раздзел, напісаны
стараславянскай