Сто гадоў адзіноты

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Сто гадоў самоты)
Сто гадоў адзіноты
Cien años de soledad
Выданне
Жанр Раман
Аўтар Габрыэль Гарсія Маркес
Мова арыгінала іспанская
Дата напісання 1967
Дата першай публікацыі 1967
Выдавецтва Sudamericana[d]
Месца публікацыі Буэнас-Айрэс[1][2]
Лагатып Вікісховішча Медыяфайлы на Вікісховішчы

Сто гадоў адзіноты (ісп.: Cien años de soledad) — раман калумбійскага пісьменніка Габрыэля Гарсія Маркеса, напісаны ў жанры магічнага рэалізму. Упершыню выдадзены у Буэнас-Айрэсе ў чэрвені 1967 года тыражом 8000 экзэмпляраў. Раман атрымаў прэмію Ромула Гальегаса. На сённяшні дзень прададзена больш за 30 млн экзэмпляраў, раман перакладзены на 35 моў свету. «Сто гадоў самоты» — адзін з самых чытаных і перакладаных твораў на іспанскай мове. Адзначаны як другі па важнасці твор па-іспанску пасля «Дон Кіхота» Мігеля Сервантэса.

Кампазіцыя[правіць | правіць зыходнік]

Кніга складаецца з 20 раздзелаў, у якіх апісваецца гісторыя сям'і Буэндзіа з часоў заснавання горада Маконда, калі першыя Буэндзіа пасяліліся на чароўных землях, да смерці апошняга з роду, якая суправаджаецца руйнаваннем усяго горада. Уся гісторыя сям'і быццам бы ідзе па кругу: з кожным пакаленнем узаемаадносіны ў сям'і і з наваколлем застаюцца такімі ж як і былі, мяняюцца толькі людзі, нават імёны ў сям'і паўтараюцца зноў і зноў, выклікаючы блытаніну. На працягу кнігі горад Маконда квітнее, а разам з ім і сям'я Буэндзіа, а потым прыходзіць у заняпад. Эканамічны, палітычны і сацыяльны стан горада непасрэдна ўплывае на сітуацыю ў сям'і, ствараючы замкнёнае кола.

Амаль усе сказы рамана пабудаваны ўскоснай мовай; простая мова і дыялогі амаль не выкарыстоўваюцца.

Гісторыя напісання[правіць | правіць зыходнік]

Раман «Сто гадоў адзіноты» быў напісаны на працягу 18 месяцаў, паміж 1965 і 1966 гадамі ў Мехіка. Арыгінальная ідэя гэтага твора з'явілася ў 1952 годзе, калі аўтар наведаў свой родны гарадок Аракатака разам са сваёй маці. Свой новы раман Маркес планаваў назваць «Дом», але ў выніку перадумаў, каб пазбегнуць аналогіі з раманам «Вялікі дом» Альвара Самудзіа.

Сюжэт[правіць | правіць зыходнік]

Падзеі адбываюцца ў выдуманым горадзе Маконда, які заснаваў Хасэ Аркадзіа Буэндзіа, імпульсіўны лідар, зацікаўлены таямніцамі сусвету, якія адкрываў перад ім цыган Мелькіядэс, перыядычна прыходзячы ў гарадок. Паступова паселішча расце, і ўрад пачынае цікавіцца Маконда і дасылае туды кіраўніцтва, але Хасэ Аркадзіа Буэндзіа захоўвае за сабой ўладу, перацягнуўшы на свой бок новага мэра. У краіне пачынаецца грамадзянская вайна. Палкоўнік Аўрэліана Буэндзіа, сын Хасэ Аркадзіа Буэндзіа, збірае групу добраахвотнікаў і ідзе змагацца супраць кансерватыўнага рэжыму. Пакуль палкоўнік удзельнічае ў ваенных дзеяннях, Аркадзіа, яго пляменнік, бярэцца кіраваць горадам і робіцца жорсткім дыктатарам. Праз 8 месяцаў яго праўлення кансерватары захопліваюць горад і расстрэльваюць Аркадзіа. Вайна доўжыцца два дзясяткі гадоў, то заціхаючы, то запальваючыся з новай сілай. Палкоўнік, стомлены бессэнсоўнай барацьбой, падпісвае перамір'е і вяртаецца дадому. У гэты час у Маконда прыбывае бананавая кампанія разам з тысячамі мігрантаў і іншаземцаў; горад пачынае квітнець, і адзін з прадстаўнікоў роду Буэндзіа — Аўрэліана Другі хутка становіцца самым заможным чалавекам у горадзе: дзякуючы сваёй сувязі з палюбоўніцай, яго быдла магічна хутка памнажаецца. Пад час бананавай кампаніі ў сувязі з дрэннымі ўмовамі працоўныя бастуюць, і аднойчы Нацыянальная армія расстрэльвае мірную дэманстрацыю ў 3 тыс. чалавек, грузіць мёртвых ў вагоны і скідае ў мора. Але, на дзіва, ніхто ў горадзе не прызнае, што была дэманстрацыя і былі забіты рабочыя, у рэшце рэшт жыхары Маконда нават адмаўляюць бананавую кампанію, а пазней — існаванне палкоўніка Аўрэліяна. Пасля гэтых падзей у горадзе амаль пяць гадоў не сканчаецца дождж. У хуткім часе нараджаецца перадапошні прадстаўнік роду Буэндзіа — Аўрэліяна Вавілонья. Ва ўзросце 120 гадоў памірае Урсула, жонка Хасэ Аркадзіа Буэндзіа, заснавальніка горада і роду, пахаваўшы перад гэтым мужа, сыноў, дачок і большую частку ўнукаў і праўнукаў. Маконда ператвараецца ў пустыннае месца, у якім не родзіць скаціна, а будынкі руйнуюцца і зарастаюць пустазеллем. Аўрэліяна Вавілонья ў хуткім часе застаецца адзін у доме Буэндзіа, дзе ён вывучае рукапісы цыгана Мелькіядэса. На пэўны час ён закідвае справу з-за жарсткага рамана са сваёй цёткай Амарантай Урсулай. Калі яна памірае пры родах, а іх сын (які нарадзіўся з парасячым хвастком) з'едзены мурашамі, Аўрэліяна нарэшце расшыфроўвае рукапісы. Ён разумее, што ўсе старонкі — гэта гісторыя роду Буэндзіа, прадказаная да дробязей цыганам Мелькіядэсам за сто год да гэтага. Аўрэліяна чытае пра сябе, шукаючы прадказання аб сваёй смерці, апошняга з роду Буэндзіа. У гэты час дом і горад трапляюць у смерч, і калі хлопец дачытвае апошнія словы рукапісу, канчаткова знікаюць пад сілай урагану.

Алюзіі на раман[правіць | правіць зыходнік]

  • У Лявона Вольскага ёсць песня пад назвай «Сто гадоў самоты».
  • У Зоі Яшчанка і групы «Белая гвардыя» ёсць песня «Сто гадоў самоты»
  • У вядомай кітайскай спявачкі Ван Фэй ёсць песня «Сто гадоў самоты»(百年孤寂)
  • У гурта Бі-2 у альбоме Moloko ёсць песня "Маконда, " дзе, у прыватнасці, спяваецца пра дождж.
  • У гурта Ackee Ma-Ma ёсць песня «Дождж у Маконда»
  • «Сто гадоў самоты» — назва музычнага альбома 1993 года панк-рок групы «Грамадзянская абарона», у якім ёсць аднайменны верш Ягора Летава.
  • Італьянскі фолк-рок-гурт Modena City Ramblers у 1997 году запісаў альбом «Terra e libertà» («Зямля і воля»), у які ўвайшлі песні, напісаныя па матывах рамана Маркеса: «Cent'anni di solitudine», «Macondo Express», «Il ballo di Aureliano» і «Remedios la Bella».
  1. Internet Speculative Fiction DatabaseEditorial Sudamericana, 1967. Праверана 3 студзеня 2022.
  2. Identifiants et RéférentielsABES, 2011. Праверана 3 студзеня 2022.