Стрэльба

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

Стрэ́льба (магчыма, ад польск. strzelba «стралянне»[1]): ручная агнястрэльная гладкаствольная зброя з доўгім ствалом.

Тып з’явіўся ў 2-й пал. 14 ст. і меў жалезна-каваны, пазней бронзава-літы ствол калібру 12,5 — 25 мм, прымацаваны да драўлянай ложы[2]. У пач. 16 ст. тып быў выцеснены мушкетамі.

Такая зброя называлася разнастайнымі назвамі ў розных краінах — пішчаль і ручніца на землях Русі (таксама гакаўніца, калі з крукам-гакам), ручная бамбарда (bombarde portative) ці куляўрына (coulevrine) ў Францыі, Італіі, ручная гармата (handgonne) ў Англіі.

Маса да 8 кг, прыцэльная дальнасць стральбы да 150 м[3]. Французскія куляўрыны 14 — 16 ст. мелі даўжыню 1,2 — 2,4 м, важылі 5 — 28 кг.[4] Ручніцы гусітаў 15 ст. мелі кароткі жалезна-каваны васьмікантовы ствол калібру 26-33 мм на прымітыўнай ложы; г.зв. табарыцкія ручніцы мелі калібр 15 мм, а іх ствол і ложа былі ўжо ўзаемапрыстасаваныя[5].

Кітайскае «агнявое кап’ё» 14 ст.

З’яўленне «ручных бамбард» у 2-й пал. 14 ст. запісанае, напрыклад, у гарадской хроніцы Перуджыі, дзе гарадскія ўлады замовілі «50 бамбардаў даўжынёй з далонь (г.зн., 22 — 24 см), якія прабіваюць усякі даспех». У хроніках раннія выпадкі баявога выкарыстання такой зброі зафіксаваныя, напрыклад, Жанам Фруасадам у паведамленні пра бітву пад Комін (1382). Вядомая фрэска 1343 года ў манастыры Паола-дзі-Неры ў Лечэта каля Сіены, дзе абложнікі абстрэльваюць горад з прымітыўных ручніц.

Французскі стралец 15 ст. (Гістарычная энцыклапедыя The Historians' History of the World, том 11.

З цягам часу ручніцы сталіся важкім баявым фактарам, напрыклад, гусіцкіх войнаў і Стогадовай вайны; паведамляецца, што ў 1450 годзе французскія кулеўрынеры былі рэальнай пагрозай для англійскіх лучнікаў. У 1430 годзе Піероні Белі апісваў дзеянне куляў, якія «валяць двух і нават трох людзей, не абароненых даспехам». З’явіліся і майстры стральбы, такія, як нейкі мэтр Жан з Латарынгіі, які падстрэліў шмат англійцаў у час аблогі Руана (1428)[6].

Сярод ранейшых ацалелых узораў — бронзавы ствол даўжынёй 281 мм з руінаў замку Таненберг (разбуранага ў 1399)[5], гакаўніца з Ведэльспанг (1400), якая, магчыма, паходзіла з Даніі ці Германіі і захоўвалася ў Тойхусмузеет (Капенгаген).

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі

  1. Пачатковым значэннем слова было стралянне, а як азначэнне гатунку зброі, яно стала ўжывацца з 17 ст. Этымалагічны слоўнік беларускай мовы.
  2. Існавалі разнастайныя ўзоры ранніх ложаў: металічныя швораны, змацаваныя са ствалом; ложы-коп’і і пад.
  3. ВЭС-83, С.647,648.
  4. ВЭС-83, С.382.
  5. 5,0 5,1 Кабельскі.
  6. Функен, С.72.

Літ.:
  • Военный энциклопедический словарь, 1983. — 863 с. : 30 л. ил.
  • Stanisław Kobielski. Polska broń palna, 1975. — 201 с.: іл.


  • Эварт Окшотт. Рыцарь и его оружие [A knight and his weapons]; Рыцарь и его доспехи. Латное облачение и вооружение. — М. : ЗАО Центрполиграф, 2007. — 187 с. ISBN 978-5-9524-2636-8.


  • Средние века. VIII-XV века: Доспехи и вооружение / Функен Ф., Функен Л. — М., 2002.