Субстрат (мовазнаўства)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
(Пасля перасылкі з Субстрат, лінгвістыка)

Субстрат (ад лац.: sub — «пад» і stratum — «пласт», гэта значыць «ніжні пласт») у мовазнаўстве — мова, якая ўплывае на іншую мову, што выцясняе яе з ужытку. З'яўляецца адным з трох відаў моўных кантактаў; іншымі словамі, пад моўным субстратам варта разумець «сукупнасць фактаў і з'яў усіх моўных узроўняў у распаўсюджанай на пэўнай тэрыторыі мовы, паходжанне якой звязанае з зніклай мовай, якая раней існавала на гэтай тэрторыі»[1].

Апісанне з'явы[правіць | правіць зыходнік]

Няхай мова «А» займае пэўную тэрыторыю. На той жа тэрыторыі з'яўляецца мова «Б», прынесеная, напрыклад, вонкавай міграцыяй насельніцтва. Мовы кантактуюць і пачынаюць узаемадзейнічаць. Мова «Б» паступова выцясняе з ужытку мову «А»: носьбіты мовы «А» перастаюць яе ўжываць і пераймаюць мову «Б», як звычай праз тое, што ўяўляюць мову «Б» больш прыдатнай і карыснай для іх уласных зацікаўленняў (напрыклад, эканамічных, палітычных, культурных або сацыяльных). Пры гэтым у сваю чаргу мова «А» уплывае на мову «Б», таму што носьбіты мовы «А» свядома або падсвядома захоўваюць пэўныя рысы сваёй мовы (вымаўленне, пэўныя асаблівасці марфалогіі і сінтаксісу), выкарыстоўваючы іншую мову. Найменей за ўсё такі ўплыў адчуваецца ў слоўніку — пры запазачынні іншай мовы, у першую чаргу вывучаюцца яе словы. Аднак рэшткі лексікі зніклай мовы могуць захавацца сярод назваў з'яў або рэчаў, якія не былі вядомыя носьбітам іншай мовы, што прыйшлі на тэрыторыю мовы «А», і для якіх не мелі сваіх словаў, а таксама сярод геаграфічных назваў, назваў пэўных жывёл або раслін, якія не былі вядомыя чужынцам.

Такі тып уплыву мовы «А» на мову «Б» называецца субстатным, а мова «А» — субстратам для мовы «Б».

Лінгвістычны субстрат вельмі складана вылучыць, асабліва калі субстратная мова і яе бліжэйшыя суродзічы цалкам выйшлі з ужытку і вымерлі. Існуе вялікая колькасць спрэчных тэорый наконт субстратных узаемадзеянняў. Напрыклад, пэўныя мовазнаўцы даводзяць, што японская мова складаецца з алтайскага суперстрату, накладзенага на аўстранезійскі субстрат, або што выспавыя кельцкія мовы з'яўляюцца спадкаемцамі кельцкага суперстрату, які зведаў уплыў афраазіяцкага субстрату.

Для таго, каб мова лічылася субстратам (а не адстратам ці суперстратам), яе ўплыў на іншую мову мусіць быць значна большым, чым наяўнасць нешматлікіх выпадковых пазычанняў або чым тое, што можна назіраць пры фарміраванні моўнага саюза (такія з'явы лічацца вынікам адстратнага ўзаемадзеяння), аднак менавіта лексічныя (асабліва ў сукупнасці з граматычнымі з'явамі) пазычанні збольшага вызначаюцца як моўны субстрат. Таксама такі ўплыў не мусіць быць вынікам дамінавання (магчыма, з старажытных часоў) субстратнай мовы над мовай, на якую аказваецца ўплыў (такое ўзаемадзеянне лічыцца суперстратным). Субстратныя сляды ў мове ўзнікаюць таксама ў выніку трывалага білінгвізму і этнічных кантактаў насельніцтва.

Калі ж кантакт між мовамі ажыццяўляецца на працягу значнага перыяду, і тып уплыву адной мовы на іншую складана вызначыць дакладна, тэрмін «субстрат» выкарыстоўваецца па змоўчанні як родавы, які мае найбольш шырокае значэнне, хаця можа выявіцца, што міжмоўнае ўзаемадзеянне з'яўляецца насамрэч адстартам і нават суперстратам.

Прыклады[правіць | правіць зыходнік]

Ніжэй прыведзеныя прыклады моўных субстратаў у пэўных пашыраных мовах свету.

  • У французскай мове, якая належыць да раманскіх моў, значным моўным субстратам з'яўляецца гальскі. Галіі, народ кельцкага паходжання, насяляў сучасную тэрыторыю распаўсюджання французскай мовы да прыходу туды рымлян. Валоданне лацінскай мовай надавала значныя магчымасці і перавагі ў палітыцы, гандлі і культуры, таму кельцкае насельніцтва Галіі праз пэўны час забылася на сваю мову і перайшло на лаціну, якая пачала эвалюцыянаваць у тым рэгіёне, ператвараючыся ў сучасную французскую мову. Гальская мова знікла, але ў французскай мове магчыма вылучыць пакінутыя ёй рэшткі (агулам больш за дзевяноста словаў).
  • Для заходне-раманскіх моў увогуле характэрны ўплыў, а значыць наяўнасць моўных субстратаў, як кельцкіх, так і германскіх. Напрыклад, у каталонскай мове вылучаюць значны (у параўнанні з суседняй іспанскай) візігоцкі субстрат.
  • У румынскай мове значным з'яўляецца дакійскі моўны субстрат.
  • Для ўкраінскай мовы асноўным субстратам з'яўляецца стараславянскі.
  • Цяпер лічыцца даведзеным, што на раннім этапе фарміравання нямецкай мовы яна зазнала моцны ўплыў нейкай мовы, якая не належала да індаеўрапейскай сям'і (каля чвэрці ўсёй старажытнанямецкай лексікі), аднак сярод даследчыкаў няма згоды наконт падрабязнасцей гэтага працэсу.
  • Наяўнасць некалькіх (2 і болей) моўных субстратаў асабліва ўласцівае мовам народаў, якія здзяйснялі значныя гістарычныя міграцыі — напрыклад, разам з нямецкім і лацінскім моўным субстратамі першасным моўным субстратам венгерскай мовы з'яўляецца старажытны ўгра-фінскі.
  • У выпадку з японскай мовай, відаць, нават паняцце «адстрат» можа аказацца занадта вузкім для адэкватнага апісання сітуацыі.

Зноскі

  1. Семчинський С.В Субстрат у мовознавстві // Українська радянська енциклопедія / За ред. М. Бажана. — 2-ге вид. — К., 1974—1985., Том 11. кн.1., К., 1984, стор. 39 (укр.)

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]