Сусветнае дрэва (беларуская міфалогія)

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Сусветная дрэва — гіганцкае касмічнае дрэва, якое, на думку некаторых даследчыкаў (У. М. Тапароў, І. А. Швед і інш), магло служыць воссю светапабудовы ў старажытнай беларускай міфалогіі. Дакладных звестак аб дахрысціянскім светаўяўленні беларусаў не захавалася, таму вобраз Сусветнага Дрэва з’яўляецца рэканструкцыяй па народных песнях, загадках, казках, арнаментах і г.д. З’яўляецца міфалагічных аналагам сусветных дрэў іншых міфалогій (у праватнасці, скандынаўскага ясеня Ігдрасіля).

Апісанне[правіць | правіць зыходнік]

Па меркаваннях даследчыкаў, гэтае дрэва знаходзіцца ў цэнтры сусвету, неба — яго карона. На вяршыне размясцілася птушка — Сонца, на галінах (па версіі валачобнай песні) гараць свечы (зоркі). У галінах Сусветнага Дрэва размяшчаўся Птушыны Вырай, а каранях — Змяіны. Сусветнае дрэва расце на вялікім валуне, які стаіць пасярод бясконцай вады (акіяну). З каронай суадносіліся істоты «верхняга» сусвету — птушкі, з сярэдзінай — пчолы, людзі, звяры, з каранямі — хтанічныя жывёлы «ніжэйшага» сектару — змеі, рапухі і г.д.

Прыклады фальклорных крыніц[правіць | правіць зыходнік]

  • Народная загадка:

«Стаіць дуб-старадуб,

На тым дубе-старадубе

Сядзіць пцічка-варанічка.

Ніхто яе не спаймае:

Ні цар, ні царыца,

Ні красна дзявіца».

Адгадка — «Сонца». Тут прасочваецца наступная карціна Сусвету — воссю космасу з’яўляецца дрэва, на вершаліне якога сядзіць птушка — сонца[1] (гл. Сонца, беларуская міфалогія).

  • Урывак народнай песні:

«І да раілася пчолачка

Да ў вяршэчку сосанькі,

Да вылятала ластаўка

Сы-пад сіня возера

Сы-пад белага камня».

Пчала заўсёды суадносіцца з вяршыняй ці сярэднім узроўнем Сусвету. Некаторыя народныя песні надаюць ёй функцыю штогадовага «адмыкання» вясны і замыкання зімы, а таксама адмыкання Выраю, які знаходзіцца ў галінах Сусветнага Дрэва.

  • Народныя замовы, накшталт: «На сінім моры ёсь выспа, на той выспі стаіць дуб, на тым дубу дванаццаць сукоў, на тых дванаццаць сукоў па дванаццаць гняздзён, там разныя пташкі райскія песні пяюць»[2], «На моры, на лукаморы — гара, на той гарэ — яблыня, на яблыні — гняздо, у гняздзе — змяя-шкурапея». Гара пасярод мора, якая не аднаразова згадваецца як лакацыя дрэва, можа быць тоеснай Залатой гары з валачобных песень і замоў. Гэта дазваляе меркаваць, што «падмуркам» Сусветнага дрэва ў старажытнай міфалогіі магла служыць менавіта гара (ці валун). Рай часта атоесамліваўся ў фальклоры і міфалогіі з Выраем, у які адбываюць птушкі. У замове, дзе згадваюцца райскія птушкі на галінах дуба, верагодна, гаворка ідзе пра карону Сусветнага Дрэва, якая служыла гэтым Выраем — зімовым прытулкам дзеля пералётнага птаства.
  • Звесткі аб магчымым «нараджэнні» Сусветнага могуць утрымліваць некаторыя валачобныя песні накшталт гэтай, з яўна касмаганічным сюжэтам:

«Да ляцелі да два галубочкі…

Да зранілі да два жалудочкі,

З тых жалудочкаў сталі два дубочкі,

А на тых дубочках свечы гарэлі,

Свечы гарэлі, іскры сыпацелі,

А з тых іскраў сіня мора стала…» [3]

«Свечы», што гараць на дубочках, верагодна, з’яўляюцца нябеснымі зоркамі. У іншых песнях згадваецца падобны матыў, але жалуд, з якога вырастае дуб, губляе сава ці іншая птушка.

  • У некаторых замовах хвоя замяшчае сабою дуб ў статусе Сусветнага Дрэва: «Стаіць у бару сасна, усяму бору прыкрасна. Пад тою сасной залаты тын, пад тым тынам залатое крэсла. А ў тым крэслі сам Гасподзь Сус Хрыстос сядзіць…» [4]

Зноскі

  1. [Міфалогія славян. Дуб http://mifijslavyan.ru/stories2/553.htm Архівавана 4 сакавіка 2016.]
  2. Міфалогія беларусаў: энцыкладпедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011. — 607 с.: іл. С. 90
  3. [Выд.: Паэзія беларускага земляробчага календара / Укладанне, сістэматызацыя тэкстаў, уступны артыкул і каментарыі А. С. Ліса. Мн., 1992. http://starbel.narod.ru/folk/valaczob.htm Архівавана 14 мая 2013.]
  4. [Міфалогія славян. Хвоя http://mifijslavyan.ru/stories2/98.htm Архівавана 4 сакавіка 2016.]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Швед І. А. Космас у каардынатах дэндралагічных // Вучоныя запіскі Брэсцкага дзяржаўнага ўніверсітэта імя А. С. Пушкіна. 2006. Т.2. Ч.1.
  • Топоров В. Н. Модель мира // МНМ-2
  • Міфалогія беларусаў: энцыкладпедычны слоўнік / склад. І. Клімковіч, В. Аўтушка; навук. рэд. Т. Валодзіна, С. Санько. — Мн.: Беларусь, 2011. — 607 с.: іл. С. 272, 466—467.