Сяргей Балахонаў

З пляцоўкі Вікіпедыя.

Перайсці да: рух, знайсці
С. Балахонаў

Сярге́й Аляксандравіч БАЛАХО́НАЎ (нар. 24 красавіка 1977, в. Свяцілавічы Веткаўскага раёну[1]), беларускі пісьменнік; працуе ў плыні постмадэрнізму.

Скончыў гістарычны факультэт Гомельскага дзяржаўнага універсітэту (1999). З 2001 працуе настаўнікам гісторыі і грамадствазнаўства ў Гомелі.

Літаратурную творчасць пачаў яшчэ да 1992, аднак творы, напісаныя да восені 1998, не публікаваліся. Сярод іх зборнікі вершаў "Сонцавароты", "Брама сталасці", "Мой беларускі...", "Дваццатае вока вясны", "Паляванне на тэкст" няскончаныя эпічныя паэмы "Прывітанне, мая каханая" і "Алесь Гальшэўскі", некалькі фантастычных апавяданняў і аповесць "Іх спаткала нявосень".

Першыя публікацыі з'явіліся ўвосень 1998 у самвыдаце "Сымболь" (Мінск, рэд. Вадзім Карцаў) і адначасова ў газетах "Наша слова" і "Наша Ніва". У 1999 стаў адным з аўтараў, без якіх, па словах Л. Рублеўскай, нельга было ўявіць тагачаснай "Нашай Нівы". Ад таго часу на старонках "Нашай Нівы" публікаваліся ягоныя дзённікавыя творы, шэраг апрацаваных гарадскіх легенд "Die modernen Sagen" ("Сучасныя сагі"), эсэ, гістарычныя містыфікацыі, вершы, музычныя рэцэнзіі ды іншае.

У 1999-2000 шэраг тэкстаў С. Балахонава друкавала газета гомельскага Задзіночання беларускіх студэнтаў "ЗуБаСцік". У той самы час і да 2001 наладзілася творчае супрацоўніцтва з гомельскай маладзёвай газетай "Undergroўnd" (рэд. Кастусь Гусараў), у якой была надрукавана апавяданне-трылогія "Мажджаліна" пад псеўданімам Сяргей Лобан.

У 2001 дэбютаваў на старонках часопіса "ARCHE" з апавяданнем "Сьмерць лютністы", у анатацыі да якога аўтара ўпершыню звязваюць з постмадэрнісцкай плынню. Надалей пісьменнік выяўляе сябе апалагетам постмадэрнізму, ведучы палеміку з крытыкам літаратуры Данілам Жукоўскім (артыкулы "Сартр за наваградскай камяніцай", "Ізноў пра кляты постмадэрнізм", "Архіпелаг постмадэрн", "Entlarvung адзінокага ў пустэльні").

У 2005 адбыўся замежны дэбют, чэшскі часопіс "Host" змясьціў яго літаратуразнаўчы артыкул "Nĕkdo tam je, aneb Rozcestí nove bĕloruské literatury". Пры канцы 2005 ў выдавецтве Ігара Логвінава была выдадзена першая кніга пісьменніка — зборнік прозы "Імя грушы", які на пачатку 2007 трапіў у шорт-ліст прэтэндэнтаў на атрыманне літаратурнай прэміі "Гліняны Вялес — 2006". У 2006 у літаратурна-мастацкім альманаху "Калоссе" (рэд. Алесь Аркуш) была апублікавана аповесць "Снег капітана Мантгомэры", падзеі якой разгортваюцца ў Гомелі часоў казацка-сялянскай вайны 17 ст. Падборка твораў С. Балахонава ўвайшла ў аўдыёхрэстаматыю сучаснай беларускай літаратуры "Начная чытанка" (2007), частка якой трапіла ў плэйліст інтэрнет-праекта "Літаратурнае радыё"[2]. У 2008 г. пісьменьнік стаў пераможцам літаратурнага конкурсу Радыё Свабода з аповесцю альтэрнатыўнай фантастыкі "Пятля зацятасці".

[правіць] Творы

  • Балахонаў С.А. Імя грушы: раман, апавяданні / С. Балахонаў. – Мн.: Логвінаў, 2005. – 226 с.
  1. Афіцыйна ў Гомелі.
  2. Гл. аўтарскую старонку на сайце "Літаратурнага радыё "

[правіць] У Сеціве

  • http://balachonau.puls.by/ — "Тэзэй беларускага постмадэрнізму" // Старонка творчасці С. Балахонава
  • http://balachon.livejournal.com — "Вяртаньне на крукі свая..." — блог С. Балахонава ў ЖЖ