Сігізмунд Герберштэйн

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Сігізмунд Герберштэйн. Зубр

Сігізмунд ГЕРБЕРШТЭЙН (23 жніўня 1486, Штырыя — 28 сакавіка 1566) — свяшчэннарымскі палітычны дзеяч, дыпламат. Меў тытул рыцара (за ваенную службу).

Аўтар працы «Запіскі ад Масковіі», у якой асобны раздзел «Аб Літве» быў прысвечаны землям сучаснай Беларусі[1].

Вырас у асяроддзі славенцаў. Вучыўся ў Венскім універсітэце, і атрымаў ступень бакалаўра ў 16 гадоў.

Аб Літве[правіць | правіць зыходнік]

Праца «Запіскі аб Масковіі» была напісаная ў выніку службовых падарожжаў Герберштэйна ў Маскву і Ноўгарад (1516—1517, 1526—1527).

Раздзел «Аб Літве» пачынаецца з панегірыка Я. Дашковічу, і быў складзены як паводле ўласных назіранняў Герберштэйна, так і паводле звестак яго знаёмых: Я. Дашковіч даў звесткі пра падрабязнасці набегу войска ВКЛ і татараў на Северскую зямлю (1521), пра характар узаемадзеяння саюзнікаў у час гэтага паходу, пра адносіны чаркаскага ваяводы і крымскага хана Мухамеда-Гірэя; канцлер ВКЛ А. Гаштольд — пра вайну з Маскоўскай дзяржавай у 1517—1518 (яму ж Герберштэйн прыпісвае і звесткі пра гандаль у Кіеве); падрабязна апісаны мяцеж Глінскага (1508).

Праца Герберштэйна ўтрымлівае шмат звестак па геаграфіі «Літвы і Русі», класіфікуе рэкі паводле іх басейнаў, адзначае такую характэрную прыкмету краіны, як балоты, называе краіну «лясістым краем». Апісваюцца Гродна, Крэва, Барысаў, Менск і інш.

Герберштэйн заўважыў, што праваслаўныя жыхары («Літвы») перамешаны з «чужымі, іншамоўнымі і іншавернымі плямёнамі»; ён дзівіўся бяспраўнаму становішчу прыгоннага сялянства і дробнай шляхты, цвердзячы: «Народ там прыгнечаны цяжкім рабствам». Крытыкаваў мясцовую шляхту за слабае грамадзянскае пачуццё, самахвальства, за карыстанне і злоўжыванне «непамернай свабодай».

Ёсць звесткі пра гаспадарку тагачаснай Беларусі, напрыклад, Гарадзеншчыны. Паводле звестак Герберштэйна, з Беларусі актыўна вывозілася сыравіна (мёд, воск, паташ, смала, збожжа, драўніна для будовы караблёў) у Гданьск, а адтуль у Нідэрланды; з усходу завозіліся соль, скуры, футра, маржовая косць. Паводле Герберштэйна, беларускія купцы карысталіся прывілеямі ў гандлі з Маскоўскай дзяржавай.

Важным пунктам з'яўляецца разуменне Герберштэйнам назвы «Літва»: «…бліжэй за ўсіх да Масковіі… Я гавару цяпер не пра адну толькі вобласць, але аб краінах, якія да яе прылягаюць і разумеюцца пад агульнай назвай Літва. Яна цягнецца доўгай паласой ад горада Чаркасы, які знаходзіцца ля Барысфена (Дняпра), аж да Лівоніі». У іншым месцы Герберштэйн называе беларускія землі Руссю, сцвярджаючы, што большай часткай Русі валодае вялікі князь маскоўскі, а астатнімі яе часткамі — вялікі князь літоўскі Жыгімонт: гарады на заходнім беразе Дняпра «падпарадкаваны каралю польскаму, тыя ж, што ляжаць па ўсходняму берагу, падуладны гаспадару Маскоўскаму, акрамя Дуброўны і Мсціслава, якія знаходзяцца пад уладай Літвы»[2].

Зноскі

  1. Белазаровіч, С.42.
  2. Паводле: Белазаровіч, С.42,43.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Белазаровіч В. А. Гістарыяграфія гісторыі Беларусі: вучэб. дапаможнік; Установа Адукацыі "Гродзенскі Дзярж. Ун-т імя Я.Купалы". — Гродна : ГрДУ, 2006. — 345 с. ISBN 985-417-858-7. С. 42—44.