Сільвестр II

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Сільвестр II
лац.: Silvester PP. II
Сільвестр II
Герберт Арыльякскі.
139-ы Папа Рымскі
2 красавіка 999 — 12 мая 1003
Царква: Рымска-каталіцкая царква
Папярэднік: Рыгор V
Пераемнік: Ян XVII
 
Імя пры нараджэнні: Герберт Арыльякскі
Нараджэнне: каля 946
Арыяк, Авернь, Францыя
Смерць: 12 мая 1003({{padleft:1003|4|0}}-{{padleft:5|2|0}}-{{padleft:12|2|0}})
Рым, Італія
Пахаваны: сабор Святога Іаана Латэранскага

Сільве́стр II (лац.: Silvester PP. II), Ге́рберт Арылья́кскі (Аўрыла́кскі) ((лац.: Gerbertus Aureliacus, фр.: Gerbert d'Aurillac), таксама Герберт Рэймскі (каля 946 — 12 мая 1003) — сярэднявечны навуковы і царкоўны дзеяч, Папа Рымскі з 2 красавіка 999 года па 12 мая 1003 года. Ён папулярызаваў арабскія навуковыя дасягненні ў матэматыцы і астраноміі ў Еўропе. Адрадзіў выкарыстанне абака, армілярнай сферы і астралябіі, забытыя ў Еўропе пасля падзення Рымскай імперыі. Герберт быў першым Папам французскага паходжання. Яго імя было ахутана легендамі.

Жыццё[правіць | правіць зыходнік]

Помнік Сільвестру II у Арыяку

Герберт нарадзіўся каля 946 года ў Аўрылаку (у сучасным чытанні Арыяку, правінцыя Авернь, Францыя). Каля 963 года ён уступіў у кляштар Святога Герольда (там жа). У 967 годзе кляштар наведаў граф Барселоны Барэль II, і абат папрасіў яго ўзяць з сабой адоранага манаха для таго, каб ён мог у Іспаніі працягваць заняткі матэматыкай і вывучаць арабскія навуковыя працы. Са згоды графа Герберт быў пераведзены ў Вік, дзе працягнуў навучанне пад кіраўніцтвам біскупа Ато. Граф Барэль II тым часам падрыхтаваў дыпламатычную місію да кордаўскага халіфа ал-Хакама II і гэту дэлегацыю ўзначаліў біскуп Ато. З гэтай паездкі біскуп прывёз новыя дакументы і кнігі. Герберт са стараннасцю вывучаў матэматыку і астраномію. Дзякуючы цесным сувязям хрысціянскай Барселоны і арабскай Кордавы, ён меў магчымасць доступу да навуковай інфармацыі, якую не меў ніхто ў тагачаснай Еўропе. У прыватнасці ён адным з першых сярод еўрапейцаў пазнаёміўся з арабскімі лічбамі, зразумеў выгоду іх ужывання ў параўнанні з рымскімі і пачаў усяляк прапагандаваць іх укараненне ў еўрапейскую навуку.

У 969 годзе Герберт суправаджае графа Барэля II у яго паездцы ў Рым. У Рыме Герберт мае зносіны з Папам Рымскім Янам XIII і імператарам Атонам I Вялікім. Папа рэкамендаваў Герберта імператару ў якасці настаўніка для яго маладога сына, будучага імператара Атона II. Праз некалькі гадоў Атон I адпусціў Герберта ў Рэймс, дзе архібіскуп Адальберан прызначае яго схаластам школы кляштара Святога Рэмігія ў Рэймсе. У 973 годзе Атон II, які пасля смерці бацькі атрымаў у спадчыну тытул імператара, прызначыў Герберта абатам у Бобіа. Паступова Герберт уцягваецца ў палітыку. Разам з архібіскупам Адальберанам ён супрацьстаіць спробам караля Заходне-франкскага каралеўства Лотара пры падтрымцы Гуга Капета адрынуць Латарынгію ад імперыі Атона III.

Пасля смерці біскупа Адальберана пачынаецца барацьба за месца архібіскупа Рэймса. Герберт выступае адным з верагодных кандыдатаў, але Гуга Капет падтрымлівае Арнульфа, незаконнага сына караля Лотара, які і быў абраны ў 989 годзе. У 991 годзе, у выніку ўзніклых супярэчнасцей паміж архібіскупам і каралём Гуга Капетам, Арнульф быў зрынуты і на яго месца абраны Герберт. Але папа Ян XV, а затым і рымскі Сінод не прызнаў гэтага абрання і хоць Герберт прызнаў рашэнне Папы, а ў 995 годзе Арнульф быў фармальна адноўлены на кафедры, яна заставалася фактычна вакантнай, з прычыны таго, што Арнульф быў пасаджаны ў турму Гуга Капетам і заставаўся ў ёй да яго смерці.

Новы Папа Рыгор V, які быў стрыечным братам імператара Атона III, у 998 годзе прызначае Герберта архібіскупам Равены, а 2 красавіка 999 года, пасля смерці Рыгора V, пры падтрымцы імператара Герберт быў абраны Папам Рымскім пад імем Сільвестра II (Герберт узяў гэта імя ў гонар Папы Сільвестра I, які ў IV стагоддзі быў саветнікам імператара Канстанціна I Вялікага). Пасля абрання Папам Сільвестр пацвердзіў правы свайго былога ворага Арнульфа на архібіскупства Рэймскае. У якасці Папы Сільвестр актыўна змагаўся з сіманіяй і канкубінатам, якія квітнелі сярод рымскага духавенства.

У 1001 годзе ў выніку народнага паўстання ў Рыме імператар і Папа былі выгнаны ў Равену. Атон III распачаў два няўдалых пахода, каб вярнуць сабе Рым і памёр падчас трэцяга. Сільвестр II вярнуўся ў Рым неўзабаве пасля смерці імператара, калі ўлада ў горадзе перайшла да набілітэту. Трохі пазней, 12 мая 1003 года, Сільвестр II памёр і быў пахаваны ў саборы Святога Іаана Латэранскага ў Рыме.

Навуковыя дасягненні[правіць | правіць зыходнік]

Рэканструкцыя рымскага абака
Армілярная нябесная сфера з карціны Сандра Бацічэлі

Як навуковец Герберт значна апярэдзіў свой час. А таму, спрабуючы знайсці тлумачэнне яго незвычайнай вучонасці, сучаснікі вінавацілі яго ў вядзьмарстве і чарнакніжжы, лічачы, што тут не абыйшлося без умяшання звышчалавечых сіл. Грэчаскай мовы ён не ведаў і знаёміўся з працамі грэчаскіх мысляроў па перакладах. [1] Асноўныя яго навуковыя заняткі працякалі ў сферы квадрывія. Адным з асноўных дасягненняў Герберта было вывучэнне арабскай сістэмы лічбаў і яе ўжыванне. На аснове дзесятковай сістэмы злічэння (праўда без выкарыстання нуля) Герберт аднавіў абак, забыты з часоў Рымскай імперыі, і ўдасканаліў яго на аснове арабскіх матэматычных дасягненняў. Герберт таксама прэзентаваў у Еўропе армілярную нябесную сферу, на якой пазначаны нябесны экватар, тропікі, экліптыка і полюсы. Таксама распрацоўваў канструкцыю астралябіі, удасканаленай пазней.

Сістэма выкладання Герберта ў Рэймскай кафедральнай школе была апісана яго вучнем Рыхерам Рэймскім у III кнізе яго «Гісторыі».

Герберт у легендах[правіць | правіць зыходнік]

Сільвестр II і д'ябал. Сярэднявечная ілюстрацыя

Герберту прыпісвалі вывучэнне магіі і астралогіі ў ісламскіх гарадах Кордаўскага халіфата, і нават зносіны з самім д'яблам. Меркавалася, што Герберт з дапамогай дачкі арабскага філосафа, у якога вучыўся, завалодаў кнігай загавораў, і што ён схаваўся ад філосафа, які пераследваў яго, зрабіўшыся нябачным.

У легендзе пра сувязь яшчэ юнага Герберта з сукубам, перададзенай аўтарам XII стагоддзя Уолтэрам Мапесам, распавядаецца, што аднойчы будучы Папа Рымскі сустрэў дзяўчыну дзіўнай прыгажосці па імі Мерыдыяна, якая абяцала яму багацце і свае магічныя паслугі, калі той згодзіцца быць з ёю. Юнак паддаўся спакусе і кожную ноч атрымліваў асалоду са сваёй таямнічай палюбоўніцай.

Меркавалася, што Герберт стварыў медную галаву — тэрафім. Гэта магічная галава адказвала на яго пытанні: «так ці не». Лічылася, што з дапамогай меднай галавы ён здолеў падняцца да папскага трона (іншая легенда кажа, што ён выйграў папства, гуляючы ў косці з д'яблам).

Паводле легенды бронзавая галава паведаміла Герберту, што, калі ён калі-небудзь будзе чытаць імшу ў Іерусаліме, д'ябал схопіць яго. Герберт адмяніў паломніцтва ў Іерусалім, але калі ён чытаў імшу ў царкве Святой Марыі Іерусалімскай (таксама званай «Іерусалімская царква») у Рыме, яму стала дрэнна і, паміраючы, ён прасіў сваіх кардыналаў рассекчы яго цела, каб яно не дасталася д'яблу. Па іншай версіі, ён быў атакаваны д'яблам, пакуль чытаў імшу, і той разарваў яго на часткі.

Легендарны вобраз Герберта выкарыстаны Міхаілам Булгакавым у яго «Майстры і Маргарыце». Неабходнасцю разабраць паперы Герберта тлумачыць Воланд сваё знаходжанне ў Маскве.

Зноскі

  1. Гревс И. М. Сильвестр II.// Христианство. Энциклопедический словарь. М., 1995. Т. 2. С. 567

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Бубнов Н. М. Сборник писем Герберта как исторический источник (983—997). Критическая монография по рукописям. ТТ. 1-3. Санкт-Петербург, 1888—1890.
  • Gerberti postea Silvestri II papae opera mathematica, ed. N. Bubnov. Berlin, 1899. CXIX, 620 pp.
  • Gerbert. Isagoge Geometriae. Manuscript on Vellum. //Collection of Schoenberg, ms. no. ljs194
  • Христианство. Энциклопедический словарь — М., 1993—1995.

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]