Сіманасекскі дагавор

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці
Падпісанне Сіманасекскага дагавора

Сіманасекскі дагавор (яп.: 下関条約, у Кітаі вядомы як Дагавор Магуань, кіт.: 馬關條約) — нераўнапраўны дагавор, заключаны паміж Японскай імперыяй і Імперыяй Цын 17 красавіка 1895 года ў горадзе Сіманасекі ў выніку паражэння Кітая ў япона-кітайскай вайне 1894—1895. Паклаў пачатак барацьбе імперыялістычных дзяржаў за тэрытарыяльны падзел Кітая і стаў важным этапам ператварэння краіны ў напаўкалонію[1].

Перадумовы[правіць | правіць зыходнік]

Ужо праз тры месяцы пасля пачатку япона-кітайскай вайны (1894—1895) Кітай пачаў шукаць шляхі для заключэння перамір'я: апроч немінучага ваеннага паражэння прычынай гэтаму было жаданне імператрыцы Цысі спыніць ваенныя дзеянні да свайго 60-гадовага юбілею. Напачатку лістапада 1894 года Цыны прапанавалі мірны дагавор на ўмовах прызнання суверэнітэту Карэі. Аднак Японія ўжо не задавольвалася гэтай прапановай, сфера яе тэрытарыяльных дамаганняў уключала Ляадунскі паўвостраў, Тайвань, а-вы Пэнху (Пескадорскія) і нават прыбярэжную правінцыю Фуцзянь і Макаа.

Пасля таго, як у студзені 1895 года Японія адпрэчыла кандыдатуры Чжан Іньхуана і Шаа Юляня па прычыне «недахопу паўнамоцтваў» у якасці пасла з боку Кітая ў Сіманасекі быў адпраўлены Лі Хунчжаннамеснік сталічнай правінцыі Чжылі, прыхільнік міру і адзін з самых уплывовых і адыёзных саноўнікаў Цынскай імперыі. Яму былі ўручаны паўнамоцтвы «тэрытарыяльных саступак», якія былі вынікам поўнай безвыходнасці Цынаў: Кітай быў упэўнены, што Японія запатрабуе далучэнне Тайваня, і пасля таго як Брытанія і Расія адпрэчылі прапановы аб выкарыстанні вострава як закладу для крэдыту, прыгатаваўся да гэтай тэрытарыяльнай страты, разлічваючы захаваць «землі продкаў (Ляадун)».[2]

Падпісанне дагавора[правіць | правіць зыходнік]

Ход перамоў[правіць | правіць зыходнік]

Перамовы праходзілі з 20 сакавіка па 17 красавіка 1895 года пры ўдзеле былога амерыканскага дзяржаўнага сакратара Джона Фостэра, які выконваў функцыі саветніка Цынскай дынастыі. Паралельна перамовам да кітайскіх астравоў прасоўваўся японскі флот, гатовы неадкладна прыступіць да акупацыі набытых тэрыторый.

Лі Хунчжан
Іта Хірабумі

24 сакавіка на Лі Хунчжана быў здзейснены напад японскім экстрэмістам, які параніў яго ў спіну. Замах на жыццё кітайскага дыпламата выклікаў буру абурэння і вымусіў японцаў некалькі зменшыць патрабаванні і пагадзіцца на часовае спыненне агню. Мірныя перамовы прыйшлося часова прыпыніць. Аднавіліся яны толькі 1 красавіка. Японія запатрабавала саступіць значныя тэрыторыі (Ляадун з Ляаянам, Тайвань з прылеглымі астравамі і архіпелаг Пэнху), пра што Лі Хунчжан неадкладна паведаміў у Пекін. Фактычна кітайскі дэлегат апынуўся ў вельмі цяжкай сітуацыі, калі на саступкі не жадалі ісці абодва бакі. Рашучая пазіцыя прадстаўніка японскага боку Іта Хірабумі, які катэгарычна настойваў на перадачы Тайваня, вымушала Пекін паступова адмовіцца ад ідэі захавання вострава: 10 красавіка пасля чацвёртай сустрэчы Лі атрымаў з Пекіна тэлеграму з дазволам у крайнім выпадку саступіць нетры Тайваня, а землі і падданых пакінуць па-ранейшаму ва ўладзе Кітая; 12 красавіка Пекін апавясціў, што «дапушчальна саступіць палову Тайваня, аддаць блізкі да Пэнху паўднёвы Тайвань», а поўнач Тайваня па-ранейшаму пакінуць за Кітаем. Пасля таго як Іта Хірабумі прыстрашыў зрывам перамоў у выпадку яшчэ адной правалокі з боку Пекіна, 14 красавіка Лі Хунчжану было дазволена падпісаць умовы міру, 17 красавіка быў падпісаны Сіманасекскі дагавор.

Умовы дагавора[правіць | правіць зыходнік]

Дагавор складаўся з 11 артыкулаў, паводле якіх Кітай прызнаваў самастойнасць Карэі, што стварала спрыяльныя магчымасці для японскай экспансіі ў Карэі; перадаваў Японіі навечна востраў Тайвань, астравы Пэнху і Ляадунскі паўвостраў; выплачваў кантрыбуцыю ў 200 млн лян; адкрываў шэраг портаў для гандлю; падаваў японцам права будаўніцтва прамысловых прадпрыемстваў у Кітаі і ўвозу туды прамысловага абсталявання. Апошні пункт, у сілу прынцыпу найбольшай спрыяльнасці, уключанага ў дагаворы Кітая з іншымі дзяржавамі, адкрываў шырокія магчымасці для эканамічнага пранікнення замежнага капіталу ў Кітай.

Акрамя таго, пасля ратыфікацыі і абмену мірным дагаворам абедзвюм краінам трэба было неадкладна паслаць на Тайвань чыноўнікаў высокага рангу і на працягу двух месяцаў абмяняцца дакументамі аб канчатковай перадачы Тайваня Японіі.

Траістая інтэрвенцыя[правіць | правіць зыходнік]

Умовы, навязаныя Японіяй Кітаю, прывялі да так званай «траістай інтэрвенцыі» Расіі, Германіі і Францыі — дзяржаў, якія да гэтага часу ўжо падтрымлівалі шырокія кантакты з Кітаем і таму ўспрынялі падпісаны дагавор як шкодны для іх інтарэсаў. 23 красавіка 1895 года Расія, Германія і Францыя звярнуліся да японскага ўрада з патрабаваннем адмовы ад анексіі Ляадунскага паўвострава, якая магла б прывесці да ўсталявання японскага кантролю над Порт-Артурам, у той час як Мікалай II, падтрыманы заходнімі саюзнікамі, меў уласныя віды на Порт-Артур як незамярзаючы порт для Расіі.

Наступствы[правіць | правіць зыходнік]

Японія, абяскроўленая вайной, была вымушана саступіць у лістападзе 1895, атрымаўшы наўзамен з Кітая дадатковую кантрыбуцыю ў 30 млн лян. Тым не менш гэта вымушаная саступка была ўспрынята ў Японіі як зневажэнне, і шматлікія японскія гісторыкі прытрымліваюцца меркавання, што менавіта гэта стала паваротным пунктам да ператварэння знешняй палітыкі Японіі, раней заснаванай на эканамічнай гегемоніі, да адкрытага нацыяналізму, мілітарызму і тэрытарыяльнай экспансіі. Захоп Тайваня, першай калоніі Японіі, зрабіў яе адзінай нееўрапейскай каланіяльнай дзяржавай у Азіі, што таксама прыкметна паскорыла рост імперскіх амбіцый і каланіяльных дамаганняў Токіа[2].

У 1898 годзе саслаблены Кітай пагадзіўся перадаць Порт-Артур Расіі ў канцэсію на 25 гадоў, а таксама падаў Расіі права на будаўніцтва чыгункі. Тым самым сутыкнуліся інтарэсы і сферы ўплыву Расіі і Японіі, бо для таго, каб мець доступ да ўмацаванага раёна Порт-Артура, Расіі неабходна было кантраляваць усю Усходнюю Маньчжурыю, аж да Харбіна — землі, якія непасрэдна суседнічалі з Карэяй, якую Японія лічыла сваёй сферай уплыву.

Саступка Японіі ў адносінах да заходніх краін была рэзка адмоўна ўспрынята японскім грамадствам, і з узмацненнем мілітарысцкіх і экспансіянісцкіх кругоў у Японіі прывяла да Руска-японскай вайны 19041905.

Зноскі

  1. Симоносекский договор 1895 // Историческая энциклопедия / Жуков Е.М., Науч. совет изд-ва «Сов.энциклопедия», Отд-ние истории АН СССР. — М.: Сов.энциклопедия, 1969. — Т. 12. — С. 874.
  2. 2,0 2,1 Головачев В. Ц. Симоносекский договор и борьба Китая против уступки Тайваня (1894 - 1895) // Восток. — 2008. — № 5. — С. 20—30.