Сінгалы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Сінгалы
(සිංහල ජාතිය)
Агульная колькасць 9682000 на Шры-Ланцы (2011 г.)
Рэгіёны пражывання Шры-Ланка
Мова сінгальская
Рэлігія будызм
Блізкія этнічныя групы бенгальцы, гуджаратцы, цыганы, дывехі

Сінга́лы (сінгальск.: සිංහල ජාතිය) - народ, які складае асноўнае насельніцтва Шры-Ланкі (9682000 у 2011 г.)[1]. Жывуць таксама ў Вялікабрытаніі, Аўстраліі, Італіі і г. д.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Згодна летапісу «Махавамса», сінгалы паходзяць з Паўночна-Заходняй Індыі. У сяр. VI ст. да н. э. 700 чал. на чале прынца Віджая прыплылі адтуль на караблі і высадзіліся ў 543 г. да н. э. у месцы Тамбапані (відавочна, на паўночным захадзеі Шры-Ланкі). Род Віджаі паходзіў ад сувязі яго бабулі са львом і дагэтуль гаспадарыў у горадзе Сінгапура (літаральна «Ільвіны горад») у вобласці Лал на тэрыторыі Гуджарата. Адсюль і паходзіць назва сінгалаў (літаральна «ільвінага роду»). Віджая і яго паслядоўнікі былі абвінавачаны на радзіме ў гвалце, і, каб пазбегнуць смерці, былі вымушаны збегчы разам з жанчынамі і дзецьмі. Сінгалы перамаглі тубыльцаў якха і заснавалі некалькі гарадоў.[2]. Аднак цікава, што генетычныя даследаванні паказваюць найбольшую блізкасць сінгалаў да насельніцтва не Заходняй, а Ўсходняй Індыі[3].

Віджая і яго спадчыннікі стварылі дзяржаву, цэнтрам якой першапачаткова быў горад Анурадхапура. У III ст. да н. э. сінгалы прынялі будызм. З кан. 1 тысячагоддзя да н. э. іх дзяржава вяла барацьбу з таміламі, якія перасяляліся з Паўднёвай Індыі. У 1017 г. Анурадхапура была захоплена магутнай імперыяй Чола. Новымі цэнтрамі сінгальскай дзяржаўнасці з сяр. ХII ст. былі Паланарува, Котэ (тэрыторыя сучаснага Каломба), Канды і Сітаваке (зараз горад Авісавела). К канцу ХVI ст. партугальцы захапілі ўзбярэжжа Шры-Ланкі. Адзіная незалежная дзяржавай сінгалаў з цэнтрам у Канды праіснавала да 1815 г., пакуль не была акупавана Вялікабрытаніяй.

У друг. пал. ХIХ ст. пачаўся перыяд нацыянальнага адраджэння сінгалаў. З самага пачатку сінгальскі нацыяналістычны рух арыентаваўся не толькі на дзяржаўны або этнічны, але і рэлігійны фактар[4][5]. 4 лютага 1948 г. быў абвешчаны дамініён Цэйлон — форма самакіравання, якая прадугледжвала захаванне на востраве шырокіх правоў брытанскай манархіі. 22 мая 1972 г. была абвешчана Сацыялістычная Рэспубліка Шры-Ланка.

Сінгальскія палітыкі, якія пераважалі ў парламенце Шры-Ланкі з 1947 г., імкнуліся да дамінуючай ролі сінгалаў, што прывяло да сутыкненняў з таміламі і грамадзянскай вайне 1983 - 2009 гг.

Палітычныя рэформы, якія праводзяцца з кан. 1970-ых гг. спрыяюць паступоваму знікненню напружанасці паміж сінгаламі і этнічнымі меншасцямі.

Асаблівасці традыцыйнай культуры[правіць | правіць зыходнік]

Галоўным заняткам большасці сінгалаў традыцыйна з'яўляецца сельская гаспадарка - вырошчванне рысу, садавіны, гародніны. Нават у цэнтральных раёнах Шры-Ланкі важнай культурай застаецца какосавая пальма. Для забеспячэння стабільнага развіцця земляробства са старажытных часоў узводзілі вялізарныя ірыгацыйныя збудаванні, стваралі дамбы, сажалкі і вадасховішчы.

Сем'і патрылакальныя, вялікія пашыраныя і малыя нуклеарныя. Главой сям'і заўсёды з'яўляецца мужчына. Пры адсутнасці прамых нашчадкаў, нашчадкамі першай чаргі з'яўляюцца дзеці старэйшай сястры. Да сяр. XIX ст. у багатых сем'ях была распаўсюджана палігінія.

Традыцыйная вопратка мужчын - насцегнавая повязь сарана, якой карыстаюцца і ў нашы дні, а таксама кашулі з доўгімі рукавамі. Жаночая вопратка - абліпальныя кашулі з кароткімі рукавамі, а таксама сары.

Сінгальская кухня зведала моцны ўплыў іншых культур. Найбольш распаўсюджаны стравы з рысу, запраўленага спецыямі. Садавіна і гародніна ўжывалася пераважна ў якасці гарніру, да якога падавалі мясныя і рыбныя стравы[6]. Найбольш распаўсюджаныя ў нашы дні напоі - какосавае малако і вельмі салодкі чай з малаком. Папулярны моцны алкагольны напой - арак[7], самагонка з какосавых арэхаў.

Традыцыйная культура развівалася ў цеснай сувязі з будызмам. Сінгалы адзначаюць будысцкія святы, з якіх асабліва вядомае Эсала Перахера, якое праводзіцца ў Канды[8]. Помнікі сінгальскіх архітэктуры і мастацтва захаваліся з кан. 1 тысячагоддзя да н. э. Найбольш вядомы будысцкія і палацавыя комплексы Анурадхапуры, Паланарувы, Сігірыі, Канды. Будысцкія манахі прынеслі з Індыі медыцынскія веды, заснаваныя на выкарыстанні пераважна фітатэрапіі.

Сінгалы вядомы музычным і танцавальным мастацтвам. Галоўным цэнтрам захавання і развіцця традыцыйнага танца з выкарыстаннем элементаў акрабатыкі, пантамімы і фокусаў у нашы дні з'яўляецца Канды.

Мова[правіць | правіць зыходнік]

Сінгальская мова належыць да індаарыйскай групы індаіранскай галіны індаеўрапейскай моўнай сям'і. Пісьмовасць развівалася з кан. 1 тысячагоддзя да н. э. пад моцным уплывам палі. У перш. пал. XX ст. літаратурная мова была значна рэфармавана і набліжана да гутарковага кандыйскага дыялекта.

Рэлігія[правіць | правіць зыходнік]

Асноўнай рэлігіяй з'яўляецца будызм напрамку школы Тхеравада. Характэрна, што сінгалы складаюць 74% насельніцтва Шры-Ланкі, а будызм спавядае 69,3% насельнікаў вострава[9].

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]