Сінгл

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі

Сінгл (англ.: Single ад Single Play record) — першапачаткова грамафонная пласцінка, на кожным з бакоў якой змяшчалася толькі адна музычная кампазіцыя. Паняцце «сінгл» з’явілася ў 1950-я гады, каб акрэсліць розніцу паміж паўнавартаснымі пласцінкамі і пласцінкамі з адной або дзвюма песнямі. Цяпер сінглы таксама выдаюцца на кампакт-дысках і DVD.

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Першапачатковы стандарт на сінглы быў закладзены ў канцы XIX стагоддзя падчас з’яўлення камерцыйных грамафонных запісаў.

«Саракапятка», дыск на 45 абаротаў на хвіліну
«Саракапятка», дыск на 45 абаротаў на хвіліну

Спачатку існавалі шматлікія стандарты дыскаў з рознымі хуткасцямі (ад 18 да 78 абаротаў на хвіліну) і фізічнымі памерамі (да 12" ці 30 сантыметраў), але да 1910 года ўстаялася практыка выкарыстання 10" (25 см) 78-абаротавых дыскаў.

Тэхнічныя адметнасці грамафонных дыскаў вызначылі фармат камерцыйных запісаў на пачатку 1900-х. Прымітыўная тэхналогія і характарыстыкі рэкордараў і прайгравальнікаў абмяжоўвалі шчыльнасць запісу і змушалі выкарыстоўваць вялікія хуткасці кручэння дыскаў дзеля дасягнення прымальнай якасці запісу. Лічба ў 78 абаротаў на хвіліну была абраная ў якасці стандарту з-за таго, што прадстаўлены электрычна-прывадны рухавік, які сталі выкарыстоўваць у гукапрайгравальнай апаратуры, меў хуткасць 3600 абаротаў на хвіліну і перадаткавы лік 46:1, што забяспечвала хуткасць у 78.26 абаротаў на хвіліну.

Пералічаныя фактары сумесна з дыяметрам дыска ў 10" абумовілі працягласць запісу на кожным баку дыска ў 3 хвіліны. Гэты фармат істотна паўплываў на працэс стварэння музыкі, бо і аўтары, і выканаўцы сталі імкнуцца да таго, каб трапіць у гэтыя межы. Троххвілінны стандарт захоўваўся да 1960-х, калі паляпшэнне тэхнікі запісу і прынцыпова новы мастэрынг дазволілі павялічыць працягласць запісу, сінгл The Beatles 1968 «Hey Jude» доўжыўся 7 хвілін, прадэманстраваўшы гэткім чынам новую свабоду творцаў.

Сінглы змяшчаліся на разнастайных носьбітах, такіх як 7" (18 см), 10" (25 см) і 12" (30 см) вінілавыя дыскі (звычайна разлічаныя на хуткасць у 45 аб/хв); 10" (25 см) шэлакавыя дыскі (78 аб/хв); касеты, 8- і 12-сантыметровыя (3" і 5") CD-сінглы і 7" (18 см) пластыкавыя флексі-дыскі. Іншыя, менш распаўсюджаныя фарматы ўключалі сінглы на лічбавай кампактавай касеце, DVD, і LD, гэтаксама як і шматлікія разнастайныя нестандартныя вінілавыя дыскі (5" / 12 см, 8" / 20 см і г. д.).

Найбольш распаўсюджаным фарматам сінгла з’яўляецца так званая «саракапятка» (45 аб/хв, 7").

Стандарт 45 аб/хв быў прадстаўлены ў 1949 кампаніяй RCA як больш якасная і трывалая замена старым шэлакавым дыскам на 78 аб/хв. Першыя «саракапяткі» былі манафанічнымі, з запісам на абодвух баках дыска. Стэрэафанічныя запісы набылі распаўсюджанне ў 1960-х, амаль усе запісы на пачатку 1970-х ужо былі стэрэафанічнымі.

Акрамя стандарту на 7" сінглы, распаўсюджанне ў 1970-х дыскатэк прывяло да таго, што дыджэі стварылі попыт на 12" сінглы з большым часам гучання, які дазваляў змясціць дадатковыя танцавальныя міксы трэкаў. Да таго ж, большы памер дыска абумоўліваў яго большую трываласць і лепшы дынамічны дыяпазон гуку. Нягледзячы на спад папулярнасці, 12" дыскі застаюцца стандартам на танцавальных пляцоўках.

Продажы сінглаў фіксаваліся ў хіт-парадах, часцяком у так званых Top-40. Гэтыя спісы публікаваліся ў мас-медыях, такіх як часопісы, тэлевізійныя і радыё-праграмы. Трапіць у хіт-парад мог толькі той сінгл, які адпавядаў гэтак званаму «фармату», які тычыўся як колькасці трэкаў, так і яго даўжыні.

У папулярнай музыцы камерцыйная і мастацкая каштоўнасць сінглаў (у параўнанні з альбомам і EP) істотна змянялася ў розныя часы. Першапачаткова сінглы былі накіраваныя на рынак тынэйджараў і дзетак, чые фінансавыя мажлівасці былі больш абмежаваныя. Росквіт сінглаў прыпаў на 1950-я — пачатак 1960-х, час узнікнення рок-музыкі. У далейшым роля сінглаў паступова змяншалася, а роля альбомаў — павышалася. Да 2000-х роля іх працягвала памяншацца, а з масавым пераходам на CD склалася сітуацыя, калі сінгл і альбом у прамоцыі каштуюць аднолькава, але альбом прадаецца за большыя грошы, таму можна казаць аб амаль суцэльнай адмове ад ужывання сінглаў.

У танцавальнай музыцы склалася іншая сітуацыя, і значная частка танцавальнай музыкі па-ранейшаму распаўсюджваецца на 12" вінілавых сінглах.

Як на 2006, сітуацыя крыху змянілася. Татальнае распаўсюджанне лічбавых прайгравальнікаў музыкі прывяло да таго, што продажы лічбавых копій трэкаў праз камерцыйныя інтэрнэт-сайты высветлілі перавагі карыстальнікаў у бок асобных кампазіцый[1]. Гэта адрадзіла паняцце сінгла на якасна новым узроўні, не прывязаным да нейкага фізічнага носьбіта.

Звязанай з’явай можна лічыць з’яўленне рынглаў (ад англійскіх назваў сінгл і рынгтон — мелодыя званка), калі актуальныя сінглы ператвараюцца ў мелодыю званка мабільнага тэлефона. У верасні 2007 Sony BMG прадставіла новы фармат так званага рынгла, які змяшчаў, акрамя трох кампазіцый выканаўцы, яшчэ і дасягальны з камп’ютара рынгтон на мабільны тэлефон[2]. У працяг гэтай тэндэнцыі сінгл стаў уяўляць сабой сам рынгтон. Рынгтон звар'яцелая жабка, гіт 2004 года, ператварыўся ў чэрвені 2005 у асобны сінгл, які заняў першае месца ў брытанскіх хіт-парадах.

Назва[правіць | правіць зыходнік]

Іншай распаўсюджанай беларускай назвай сінгла з’яўляецца самотнік. Слова было прыдумана ў калектыве гурта N.R.M., калі той у 2000 годзе запісаў і выдаў свой першы сінгл Samotnik.

Зноскі