Табель аб рангах

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Табель аб рангах, арыгінал

Та́бель аб ра́нгах[1] — заканадаўчы акт Расійскай імперыі, які ў XVIII — пачатку XX стагоддзя вызначаў падзел на класы ваенных, стацкіх і прыдворных чыноў.

Уведзены Пятром I у 1722 годзе. Складаўся ўласна з Табеля з пералікам 14 рангаў (класаў) ад 1-га вышэйшага да 14 ніжэйшага і з 19 пунктаў каментарыяў да яго.

Вайсковыя чыны падзяляліся на сухапутныя, гвардыю, артылерыю, марскія. Сярод іх адрозніваліся генеральскія чыны (1—5-ы клас), штаб-афіцэрскія (6-8-ы клас), обер-афіцэрскія (9—14-ы клас). Пры роўным чыне старшы́нства вызначалася часам атрымання чыну. Вайсковыя чыны мелі старшынства перад цывільнымі адпаведнага рангу. Чыны гвардыі мелі перавагу на 1—2 рангі.

Паводле 1-й рэдакцыі Табеля, атрыманне чыноў 7—14-га рангаў давала пэўныя правы цывільным чыноўнікам на час выканання службовых абавязкаў (пазней асабістае дваранства), спадчыннае дваранства атрымлівалі вайскоўцы ад 14-га і цывільныя асобы ад 8-га класа. З 1845 года асабістае дваранства атрымлівалі чыны ад 9-га класа, спадчыннае дваранства — вайсковыя чыны ад 6-га і цывільныя ад 5-га (з 1856 года — 4-га) класа. Недваране для атрымання афіцэрскага чыну служылі 12 гадоў у унтэр-афіцэрскіх чынах. Асобы, што былі ў чынах, якія не давалі асабістага дваранства, з 1832 года маглі набываць правы ганаровых грамадзян. У пазнейшых рэдакцыях у Табель унесены горныя чыны і вучоныя ступені. Сістэма старшынства Табеля ахоплівала і членаў сямей чыноўнікаў: дочкі атрымлівалі ранг ніжэйшы на 4 рангі ад бацькавага, пасля шлюбу — ранг мужа.

Чыны 1—2-га класа тытулаваліся «высокаправасхадзіцельства», 3—4-га класа — «правасхадзіцельства», 5-га — «высакароддзе», 6—8-га — «высокаблагароддзе», 9—14-га — «благароддзе». Правы на пэўныя ступені ордэнаў мелі чыны адпаведных класаў, а ўзнагарода ордэнам «вышэйшага» класа аўтаматычна азначала пераход у гэты клас. У 1801—1841 гадах друкаваліся спісы ўсіх цывільных чыноў, 1842—1916 — цывільных чыноў першых 4 класаў; выдаваліся спісы генералаў, штаб-афіцэраў і обер-афіцэраў паводле старшынства.

Тытулаванне ў арміі адменена загадам ваеннага міністра Часовага ўрада 5(18).3.1917, ваенна-прыдворныя чыны скасаваны загадам 21.3(3.4.)1917. Палажэнні Табеля аб рангах адменены дэкрэтам ВЦВК і СНК 10(23).11.1917 «Аб скасаванні саслоўяў і грамадзянскіх чыноў».

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Сінчук І. І. Табель аб рангах // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 15: Следавікі — Трыо / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. — Мн. : БелЭн, 2002. — Т. 15. — С. 366. — 10 000 экз. — ISBN 985-11-0035-8. — ISBN 985-11-0251-2 (т. 15).
  • Та́бель о ра́нгах // Военный энциклопедический словарь / Отв. ред. Еремина Н.. — М.: Эксмо, 2007. — С. 896. — 1024 с. — 5 000 экз. — ISBN 978-5-699-23223-9. (руск.)
  • Та́бель о ра́нгах // Т. 25. Струнино — Тихорецк. — М. : Советская энциклопедия, 1976. — С. 159—160. — (Большая советская энциклопедия : [в 30 т.] / гл. ред. А. М. Прохоров; 1969—1978). (руск.)
  • Шепелёв Л. Е. Титулы, мундиры и ордена Российской империи. — М.—СПб.: Центрполиграф; МиМ-Дельта, 2005. — 423 с. — ISBN 5-9524-1046-4. (руск.)
  • Оболонский А. В. «Табель о рангах» // Юридическая энциклопедия / Отв. ред. Б. Н. Топорнин. — М.: Юристь, 2001. — С. 1075—1076. — 1272 с. — 8000 экз. — ISBN 5-7975-0429-4 (в пер.) (руск.)

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]