Тамаш Ваўжэцкі
Тамаш ВАЎЖЭЦКІ (7 сакавіка 1753, маёнтак Мейшты Браслаўскага пав. Віленскага ваяв., цяпер Браслаўскі раён Віцебскай вобл. — 5 жніўня 1816, Відзы Лоўчынскія Браслаўскага пав.), адзін з кіраўнікоў паўстання 1794.
Вучыўся ў езуіцкай школе ў Відзах. Пасля шлюбу жыў у маёнтку жонкі Кавалёва на Ковеншчыне. Дэпутат ад шляхты Браслаўскага пав. на Чатырохгадовым сейме Рэчы Паспалітай 1788—1792, дзе выступаў 169 разоў з палымянымі прамовамі, настойваючы на прыняцці канстытуцыі. У пачатку паўстання 1794 дзейнічаў у чыне генерала ў Браслаўскім пав., потым — у Курляндыі. Вызначыўся ў штурме Лібавы і ў бітве пад Брэстам. Пасля паланення Т. Касцюшкі ўзначаліў усё паўстанне. Узяты ў палон, быў перавезены ў Пецярбург, дзе два гады знаходзіўся ў зняволенні. Пасля ўступлення на трон Паўла I вызвалены з турмы, вярнуўся на Радзіму. З цягам часу змяніў сваю арыентацыю на прарасійскую. У час вайны 1812 знаходзіўся ў Пецярбургу. Займаў у Царстве Польскім пасады сенатара, ваяводы і міністра юстыцыі. Памяць пра Ваўжэцкага ўшанавана ў Браслаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі.
Літаратура [правіць]
- Іпатава В. Крыніцы народнай памяці / В. Іпатава // Краязнаўчая газета. — 2006. — № 28 (ліпень).
- Маракоў Л. У. Рэпрэсаваныя літаратары, навукоўцы, работнікі асветы, грамадскія і культурныя дзеячы Беларусі, 1794—1991. Энц. даведнік. У 10 т. Т.1. —Мн:, 2003. ISBN 985-6374-04-9
- Пракопчык Л. Генерал з Відзаў / Л. Пракопчык // Голас Радзімы. — 1991. — 25 крас.
- Шыдлоўскі К. Паплечнік Тадэвуша Касцюшкі / К. Шыдлоўскі // Памяць : Браслаўскі раён : гісторыка-дакументальныя хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі / рэдкал. К. В. Велічковіч [і інш.]. — Мн., 1998. — С. 138—143.
- Tomasz Wawrzecki: Ostatni naczelnik powstania Kościuszkowskiego. Warszawa. 1976.