Таіна

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Таіна
(Taino)
Enriquillo Statue Santo Domingo.jpg
Статуя касіка Энрыкільё ў Санта-Дамінга
Агульная колькасць
Рэгіёны пражывання Антыльскія астравы
Мова таіна
Рэлігія політэізм, шаманізм
Блізкія этнічныя групы лукая

Таі́на (саманазва Taino, літаральна "добрыя людзі"[1]) — аравакскае насельніцтва, карэнныя жыхары Антыльскіх астравоў.

Вызначэнне[правіць | правіць зыходнік]

Назва таіна была запазычана ў канцы XV ст. іспанцамі ў карэнных насельнікаў Вялікіх Антыльскіх астравоў, аднак большасць сучасных даследчыкаў сцвярджае, што таіна падзяляліся на шэраг плямён і народаў, таму яна не з'яўлялася супольным самапазначэннем. Некаторыя лічаць, што назва таіна азначала пэўны сацыяльны пласт (касікаў), або такім чынам таіна адрознівалі сябе ад іншых індзейцаў ("дрэнных людзей").

У нашы дні назвай таіна прынята называць аравакскае насельніцтва Вялікіх Антыльскіх астравоў і поўначы Малых Антыльскіх астравоў, аднак іх адрозніваюць ад сібанеяў, гуанахатабеяў і карыбаў, якія таксама жылі ў гэтым рэгіёне. З таіна атаясамляюць сябе асобы індзейскага паходжання, што насяляюць Пуэрта-Рыка, Гаіці і Кубу. Эмігранты-таіна сустракаюцца таксама ў ЗША, асабліва ў Фларыдзе. Дакладная колькасць таіна ў нашы дні невядома. Толькі ў Пуэрта-Рыка пражывае 19 тысяч індзейцаў[2]. Не ўсе з іх лічаць сябе таіна, але можна меркаваць, што агульная колькасць таіна можа дасягаць некалькі тысяч чалавек.

Паходжанне[правіць | правіць зыходнік]

Міграцыі індзейцаў на Антыльскія астравы да прыходу еўрапейцаў

Таіна лічылі сябе выхадцамі з Вялікіх Антыльскіх астравоў. Згодна паданню, яны з'явіліся з пячоры на востраве Гаіці. Даследчыкі сярэдзіны XX ст. лічылі іх прамымі нашчадкамі аравакаў Паўднёвай Амерыкі. На самой справе, працэс фарміравання культуры таіна быў даволі працяглым і складаным.

Першымі насельнікамі Карыбскіх астравоў былі казіміроіды (названы па найменню мястэчка Казіміра на поўдні Дамініканы, каля якога была знойдзена археалагічная культура), магчыма прамыя продкі сібанеяў і гуанахатабеяў, якія перасяліліся на Вялікія Антыльскія астравы з паўвострава Юкатан прыкладна з 4 тысячагоддзя да н. э. Яны занялі Кубу і Гаіці. Археолагамі знойдзены стаянкі казіміроідаў на востраве Мона і заходнім узбярэжжы Пуэрта-Рыка. Галоўным заняткам архаічных мігрантаў з Цэнтральнай Амерыкі былі рыбалоўства, паляванне і збіральніцтва.

У 2 тысячагоддзі да н. э. на Малыя Антыльскія астравы з дэльты ракі Арынока і вострава Трынідад з'явілася новая хваля перасяленцаў-артаіроідаў (названы па найменню ракі на Трынідадзе, каля якой была знойдзена археалагічная культура). Відавочна, яны дабраліся да Трынідада, калі той яшчэ быў злучаны з паўднёваамерыканскім кантынентам, і адтуль пачалі паступова засяляць ланцуг Малых Антылаў. Прыкладна за 1000 гадоў артаіроіды дасягнулі Пуэрта-Рыка, дзе сутыкнуліся з казіміроідамі. Праліў Мона стаў натуральнай мяжой паміж двума старажытнымі народамі. Артаіроіды з'яўляліся прыбярэжнымі жыхарамі, апрацоўвалі камень, карысталіся касцянымі навершамі для дзід, духавымі кідальнымі трубкамі.

Нарэшце, каля 500 г. да н. э. частка аравакаў рушыла ўзніз па Арынока і насяліла паўночнае ўзбярэжжа Паўднёвай Амерыкі і Малыя Антыльскія астравы. Да пачатку нашай эры яны дасягнулі Віргінскіх астравоў і працягнулі перасяленне далей, на Пуэрта-Рыка і Гаіці. Археолагі называюць прадстаўнікоў гэтай трэцяй хвалі міграцыі ў Вест-Індыю саладоідамі або протатаіна. У адрозненні ад папярэднікаў, яны займаліся земляробствам, выраблялі кераміку і падтрымлівалі гандлёвыя кантакты з Паўднёвай Амерыкай.

Протатаіна здолелі вынішчыць або асіміляваць артаіроідаў. Але казіміроіды, насельнікі Гаіці, аказалі ім супраціўленне. У IV - VI стст. н. э. саладоіды занялі большую частку гэтага вострава. Але на захадзе Гаіці захаваліся карэнныя жыхары, якія здолелі пратрымацца да прыходу іспанцаў. Заваяванне Гаіці было звязана з моцным часовым рэгрэсам у развіцці гаспадаркі і згубай сувязяў з Паўднёвай Амерыкай. Але перыяд застою скончыўся паміж VI і VII стст. Мяркуецца, што змяшэнне мігрантаў розных хваль на Гаіці прывяло да фарміравання культуры таіна. Адтуль яны перасяліліся на поўнач Малых Антылаў, Ямайку, усход і цэнтральную частку Кубы, пазней рушылі на Багамскія астравы.

Традыцыйная культура[правіць | правіць зыходнік]

Дакладная колькасць таіна да прыбыцця Х. Калумба не вядома. Мяркуюць, што толькі на востраве Гаіці насельніцтва складала 500 тысяч - 1 мільён чал. Іспанцы апісвалі таіна як добра складзеных і прыгожых людзей. Яны ўпрыгожвалі цела з дапамогай пігментнай фарбы і татуіроўкі, насілі каралі, кольцы і праколкі з ракавін, пер'я птушак, каменю і дрэва. Меліся рэдкія ювелірныя ўпрыгожванні з гуаніна - сплава медзі, срэбра і золата.

Асноўным заняткам было земляробства. Таіна вырошчвалі клубневыя культуры, арахіс, тытунь, бавоўну, перац, ананасы, розную гародніну. Асноўнай ежай з'яўляліся аладкі з клубневых культур. Былі вядомы паляванне на яшчарак, птушак, змей, грызуноў, марскіх жывёл, лоў рыбы з дапамогай кручкоў, сетак, кашоў і плацін. Найбольш важныя рамёствы — баваўнянае ткацтва, ганчарства, апрацоўка некаторых металаў, драўніны і каменю. Прыкладам мастацтва рамеснікаў-таіна можна лічыць драўляныя рытуальныя сядзенні духа. Найлепшыя з іх вырабляліся на востраве Ганаў. У 1492 г. гаіцянскі касік Гуаканагары падараваў Х. Калумбу каменныя каралі, разьбяныя драўляныя прадметы, залатыя ювелірныя ўпрыгожванні і цудоўнай якасці баваўняную тканіну. Наўзамен ён атрымаў шкляныя каралі і ваўняную накідку.

Паселішчы таіна якаеке мелі розныя памеры — ад адной сям'і да 3000 чалавек. У цэнтры буйных вёсак будавалася прамавугольная каркасная хаціна касіка. Астатнія вяскоўцы жылі ў круглявых хацінах, якія накрывалі веткамі дрэў і саломай. Ежу гатавалі каля хаціны. Набор хатніх прылад быў просты — баваўняныя гамакі, керамічны посуд, у касікаў таксама — драўляныя духа. Жыхары пэўнага якаеке былі аб'яднаны агульнымі рэлігійнымі рытуаламі, разам праводзілі танцы і гульні ў мяч.

Сацыяльная арганізацыя грамадства адрознівалася складанасцю. Іспанцы вылучалі высакародных людзей нітаіна і простых абшчыннікаў набарыя. Галоўная ўлада была засяроджаная ў руках правадыроў-касікаў. Яна перадавалася па лініі маці, што рабіла жанчын-нітаіна важнымі асобамі. Трэба зазначыць, што іспанцы назіралі гендарную роўнасць сярод таіна. Жанчыны звычайна займаліся земляробствам і некаторымі відамі рамяства, таму шанаваліся ў грамадстве. Багі і духі належылі да двух полаў. Вярхоўныя касікі практыкавалі палігамію і мелі часам да некалькі дзесяткаў жонак. Але гэта тлумачыцца іх імкненнем набыць сваяцкія сувязі з як мага большай колькасцю высакародных сем'яў.

У канцы XV ст. на Гаіці існавала 5 буйных тэрытарыяльных аб'яднанняў на чале вялікіх касікаў, на Пуэрта-Рыка - 1. Вялікія касікі адасабляліся ад астатніх суайчыннікаў вопраткай і ўпрыгожваннямі, а таксама ежай, якую спажывалі. Яны абменьваліся паміж сабою візітамі і падарункамі.

Рэлігія таіна складалася з політэістычных уяўленняў аб існаванні багоў і духаў земі, а таксама шаманскіх рытуалаў. Іх праводзілі жрацы бахіке, якія падобна касікам мелі высокі сацыяльны статус.

Каланізацыя і лёс таіна[правіць | правіць зыходнік]

Хрыстафор Калумб на востраве Гаіці

З пачатку 2 тысячагоддзя н. э. з Паўднёвай Амерыкі пачалася яшчэ адна хваля перасяленняў, на гэты раз карыбаў. За некалькі стагоддзяў яны здолелі цалкам віціскнуць аравакаў або авалодаць узбярэжжам большасці Малых Антыльскіх астравоў, а таксама распачалі сталыя напады на таіна Пуэрта-Рыка і Гаіці. Некаторыя даследчыкі лічаць карыбаў сур'ёзнай сілай і сцвярджаюць, што яны былі блізкія да заваявання Вялікіх Антыльскіх астравоў.

З'яўленне іспанцаў было ўспрынята таіна Гаіці як магчымасць набыць новага саюзніка ў барацьбе з карыбамі, таму ў 1493 г. Х. Калумб і яго спадарожнікі былі прыняты даволі лагодна. Іспанцы сапраўды прынялі ўдзел у спыненні экспансіі карыбаў, але сваю місію на зноў адкрытых тэрыторыях разглядалі інкаш. Індзейцы не ўспрымаліся імі як раўнацэнныя партнёры. З самага пачатку Х. Калумб абвяшчаў новыя землі валоданнямі іспанскай манархіі. Сам ён павінен быў стаць іх адміністратарам. Іспанцы разглядалі індзейцаў як дзікуноў і паганцаў, а таму вялі сябе з імі надзвычай напышліва. У 1493 г. Х. Калумб пакінуў на Гаіці добраахвотнікаў. Але ў адсутнасці вялікага мараплаўца яны распачалі з таіна спрэчку з-за жанчын і зямлі і, ў выніку, былі вынішчаны індзейцамі. Пасля вяртання ў Новы Свет у 1494 г. Х. Калумб правёў карную акцыю, якая павінна была застрашыць таіна, але толькі стала пачаткам зацяжнога канфлікту. У 1495 г. гаіцянскія таіна пацярпелі першае істотнае паражэнне.

Згодна з дагаворам з манархамі, у канцы XV - пачатку XVI ст. (з перапынкам у 7 гадоў) Гаіці і суседнія астравы знаходзіліся пад кіраўніцтвам сям'і Калумбаў. Х. Калумб сам стаў ініцыятарам гандлю таіна як рабамі, а пасля забароны ператвараць таіна ў рабоў — выкарыстання іх нявольнай працы на залатых капальнях і на плантацыях. Нават тыя, хто заставаўся фармальна свабоднымі, павінны былі здаваць у скарбніцу пэўную колькасць золата і бавоўны. У 1500 г. Х. Калумб быў арыштаваны і адпраўлены ў кайданах у Іспанію. Сярод абвінавачанняў значылася і дрэнныя адносіны да тубыльцаў. У 1503 г. каралева Ізабела I канчаткова забараніла гандаль таіна як рабамі. Каралеўскія ўлады нават прадпрымалі меры па паляпшэнню станавішча абарыгінаў Вялікіх Антыльскіх і Багамскіх астравоў. Аднак многія з іх распараджэнняў не выконваліся.

Заваяванне вострава Гаіці суправаджалася паўстаннямі на чале касікаў. Але з-за ваеннай перавагі іспанцаў таіна прайгравалі. У 1508 г. па ініцыятыве Дыега Калумба быў заваяваны Пуэрта-Рыка, а ў 1511 г. — Куба. Разгром індзейцаў кожны раз суправаджаўся крывавымі рэпрэсіямі і вынішчэннямі. У канцы жыцця Х. Калумб выступаў супраць забойства індзейцаў, але тлумачыў гэта праблемамі, якія ўзнікалі з-за недахопу танных працоўных рук. У XVI ст. многія таіна станавіліся ахвярамі пірацкіх набегаў французаў і англічан, што асабліва адлюстравалася на сумным лёсе тубыльцаў астравоў Ганаў і Мона, якія іспанцамі не вынішчаліся. Не меней жудасныя наступствы выклікалі эпідэмічныя захворванні, завезеныя на астравы еўрапейцамі. У індзейцаў не было супраць іх імунітэту і вопыту барацьбы, а таму большасць хворых памірала. У XVI ст. у Вест-Індыі існавалі цэлыя вобласці і астравы, якія страцілі сваё насельніцтва.

Аднак было б перабольшваннем лічыць, што ўсе таіна змерлі ў часы каланізацыі. Многія выжылыя асіміляваліся сярод еўрапейскага насельніцтва або пазней — сярод афрыканцаў, якіх увозўілі ў Вест-Індыю ў якасці рабоў. Індзейскія пасяленцы ўзгадваліся на Кубе і ў Пуэрта-Рыка ў пазнейшыя часы. У наш час дзейнічаюць аб'яднанні таіна ў Гаіці і Пуэрта-Рыка, а таксама Аб'ядная Канфедэрацыя таіна.

Зноскі

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Commons