Траецкае прадмесце

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці
Гістарычны раён
Траецкае прадмесце
Траецкае прадмесце
Траецкае прадмесце
Каардынаты: 53°54′30.36″ пн. ш. 27°33′22.39″ у. д. / 53.908434° пн. ш. 27.55622° у. д. (G) (O) (Я)53°54′30.36″ пн. ш. 27°33′22.39″ у. д. / 53.908434° пн. ш. 27.55622° у. д. (G) (O) (Я)
Краіна Беларусь
Горад Мінск
Архітэктурны стыль Класіцызм, эклектыка
Першае згадванне XII ст.
Будаўніцтва XVIIXIX стст., XX ст.
Вядомыя жыхары Максім Багдановіч, Янка Купала
Статус Ахоўная зона

Траецкае прадмесце (Мінск Гістарычны цэнтр)
Траецкае прадмесце
Траецкае прадмесце

Траецкае прадмесце — гістарычны раён Мінска на мысе левага берага Свіслачы насупраць Верхняга горада, вусця Нямігі і колішняга замка, цяпер квартал абмежаваны Траецкай набярэжнай — вул. Старавіленскай — вул. Старажоўскай — вул. Максіма Багдановіча. Першапачаткова з'яўляўся гандлёва-адміністрацыйным цэнтрам старадаўняга Мінска.[1][2]

На захадзе ад Траецкай гары размяшчаецца Замчышча, на паўночным захадзе — Татарскія Агароды і Старосцінская Слабада, на поўначы — Старажоўка, на ўсходзе — Залатая Горка, на поўдні — цэнтральныя раёны Высокі і Нізкі Рынак.[3][4]

На тэрыторыі прадмесця быў размешчаны першы каталіцкі храм Мінска. Тут таксама знаходзіліся не захаваныя да нашых дзён Свята-Узнясенскі манастыр з аднайменнай царквой, Свята-Барысаглебская царква, жаночы базыльянскі манастыр Святой Тройцы (захаваўся часткова) і касцёл і манастыр каталіцкага манаскага ордэна марыявітак. Цяпер прадмесце з'яўляецца адным з самых любімых месцаў адпачынку мінчан і гасцей сталіцы[5].

Этымалогія назвы[правіць | правіць зыходнік]

Існуе некалькі гіпотэз адносна паходжання тапоніма «Траецкая гара». Паводле найбольш верагоднай, тапонім паходзіць ад назвы найстаражытнейшага каталіцкага касцёла Мінска, заснаванага вялікім князем літоўскім і каралём польскім Ягайлам [6]. Па іншай версіі, тапонім узнік ад назвы абарончага рэдута Святой Тройцы, які знаходзіўся каля Барысаўскай заставы[7]. Таксама існуе меркаванне, што назва пайшла ад царквы Святой Тройцы[8] ці Свята-Траецкага жаночага манастыра[9].

Гісторыя[правіць | правіць зыходнік]

Левабярэжжа Свіслачы здаўна мела вялікае гандлёвае значэнне, тут злучаліся дарогі з Вільны (у ХII-XIII стагоддзях з Заслаўі), Лагойска і Полацка, Барысава і Смаленска, Друцка, Магілёўа (у ХII-XIII стагоддзях, магчыма, са СвіслачыРагачова)[10]. Археалагічныя раскопкі, праведзеныя ў 1976 годзе Георгіем Штыхавым і Валянцінам Собалем, пацвердзілі існаванне культурнага пласта ў гэтым месцы ўжо ў канцы XII стагоддзя[11].

Даволі шырокае ўжыванне паняцця «Старое месца» у дачыненні да раёна Траецкай гары ў пісьмовых крыніцах мяжы XVI—XVII стагоддзяў сведчыць пра наяўнасць тут агульнагарадскога цэнтра ў XIV—XV стагоддзях[12]. Аднак пасля атрымання Мінскам Магдэбургскага права ў 1499 годзе і будаўніцтва ратушы ў Высокім горадзе Траецкае прадмесце паступова пазбавілася статусу цэнтра.

План горада Мінска, 1790

У XVII—XVIII стагоддзях раён Траецкай гары меў перыферыйнае значэнне ў будаўнічай і сацыяльнай структуры горада. Асновай планавай структуры раёна быў працяг галоўнай вуліцы правабярэжжа Свіслачы — Нямігі (у XVI стагоддзі «Немезской»), якая пачыналася ад пераправы праз раку і звалася Вялікая Барысаўская (па Р. Баравому, Траецкая ці вуліца Траецкай гары[13]). Яна ўзнікла на старым Барысаўскім гасцінцы (адрэзак ад Свіслачы да 2-й клінічнай бальніцы). Працягам Вялікай Барысаўскай была вуліца Траецкая (у XIX стагоддзі пераназваная ў Аляксандраўскую, цяпер вуліца Максіма Багдановіча)[11]. Гэтыя вуліцы пачыналіся на стрэлцы мыса і праходзілі амаль па цэнтральнай восі шырокага ўзгорка, акружанага з трох бакоў лукавінай Свіслачы. У гэтых умовах натуральным, выключна стыхійным планавальным рашэннем было рассяленне жыхароў як уздоўж гэтай дарогі-вуліцы, так і перпендыкулярна да яе, на паўднёвым і паўночным схілах гары, у кірунку да берага ракі. Так узнік шэраг амаль паралельных вулачак, якія адыходзяць ад галоўнай. На паўночным схіле гары такіх вулачак было не менш 8-9, на паўднёвым, дзе паміж цэнтральнай вуліцай і берагам ракі размяшчалася шырокая багністая пойма, — 5. На планаванне паўднёвай часткі Траецкай гары, магчыма, паўплывала і тая акалічнасць, што менавіта ў гэтым раёне вельмі рана ўзнік шэраг манастыроў і цэркваў, якія займалі значныя ўчасткі зямлі, што магло таксама перашкаджаць утварэнню мноства маленькіх вулачак. Як відаць, «Віленскай» звалася самая ўсходняя з вышэйзгаданых васьмі ці дзевяці вулачак на паўночным схіле гары, бо менавіта яна служыла пачаткам дарогі на Зацень-Сёмкаў Гарадок і далей на Вільну[13].

Від Высокага Горада з Траецкай гары, малюнак Язэпа Драздовіча, 1930-я

Вуліца Магілёўская, верагодна, адпавядала сучаснай вуліцы Куйбышава — яе працяг злучаў Траецкую гару з Камароўкай (раён сучаснай вуліцы Янкі Купалы). Камароўка яшчэ ў першай палове XIX стагоддзя ўяўляла сабою вёску, якая знаходзіцца па-за межамі горада. Ад яе пачыналіся Лагойскі і Барысаўскі гасцінцы. Магілёўская дарога 1557 года пачыналася, мабыць, з гэтай жа вуліцы непасрэдна за мяжой горада, стромка зварочваючы ўздоўж берагоў Свіслачы ў раёне цяперашняй плошчы Перамогі, выходзячы далей на прадмесце Доўгі Брод і Сляпянку, дзе ад гэтай дарогі аддзялялася «дарога Друцкая»[13].

З іншых вуліц на Траецкай гары ў дакументах XVI—XVIII стагоддзяў згадваюцца: Плябанская вуліца і «вуліца да Плябанских млыноў» (магчыма, адна і тая ж вуліца) — у раёне сквера каля Опернага тэатра; вуліца Старосцінская Слабада — пачатковы адрэзак ліквідаванай у 1980-я гады Стараслабодскай вуліцы. Там жа, паміж Старосцінскай Слабадой і Замкавым мостам, па паўночным схіле Траецкай гары, уздоўж берага Свіслачы праходзіла адна з самых старых вуліц гэтага раёна — сучасная Старавіленская (у дакументах XVII—XVIII стагоддзяў звалася «вуліца каля ракі да Слабады»)[13].

Старадаўнія будынкі ў прадмесце, некаторыя з іх маюць падмуркі XVII стагоддзя

Прадмесце было звязана з раёнам замка мостам і плацінай, з другой паловы XVI стагоддзя — двума мастамі[7]. У XV—XVII стагоддзях па перыметры Мінска (у тым ліку і ў Траецкім прадмесці) былі пабудаваны ўмацаванні з землянымі валамі і равамі[14]. З канца XVI стагоддзя фіксуюцца першыя згадванні пра Траецкі рынак — найбуйнейшую гандлёвую пляцоўку горада[7].

Старажытная планіроўка прадмесця захоўвалася без змен да пачатку XIX стагоддзя, калі падчас вялікага пажару 1809 года выгарэла практычна ўся забудова Траецкай гары, асабліва ў яе цэнтральнай і паўночнай частках[13]. У наступныя гады быў распрацаваны план аднаўлення забудовы Траецкага прадмесця[15][16]. Да гэтага часу адносіцца прынцыпова новае праектнае рашэнне планавання ўсёй левабярэжнай часткі Мінска, якое ў агульных рысах захавалася да нашых дзён. У яго аснову былі пакладзены пяць доўгіх вуліц, які веерам разыходзіліся ад стрэлкі мыса (гэта значыць ад моста), і пяць папярочных вуліц, якія перасякаюць іх. Гэта сетка з дзесяці вуліц утварала каля 20 прамавугольных і трапецападобных кварталаў з вялікай прамавугольнай плошчай у цэнтры. З пажарам і наступнымі горадабудаўнічымі працамі звязана першае і найбольшае зрыванне мысавай часткі Траецкай гары. Да пачатку XIX стагоддзя сам мыс быў значна вышэй, а яго схілы, звернутыя да Свіслачы, — куды больш стромкімі, чым у наш час[13].

Паводле беларускага падарожніка і краязнаўца Паўла Шпілеўскага ў сярэдзіне XIX стагоддзя мінчукі адносілі Траецкае прадмесце разам з Нізкім рынкам, Ракаўскім прадмесцем і Пятніцкім (Татарскім) канцом да мінскага «Старога месца»[17]. У канцы XIX — пачатку XX стагоддзяў Траецкая гара ўваходзіла ў трэцюю паліцэйскую частку горада. Раён вылучаўся неаднастайным саслоўным складам насельніцтва (сяляне, працоўныя, гандляры, чыноўнікі ніжэйшых рангаў, дробныя памешчыкі) і даволі кантрасным вонкавым відам[18].

Асноўнай вуліцай прадмесця была Аляксандраўская (цяпер Максіма Багдановіча), названая ў гонар расійскага імператара Аляксандра I. Паралельна ёй ішла захаваная і дагэтуль Старавіленская вуліца. Гэтыя вуліцы злучаліся некалькімі завулкамі. Першы з іх — Аляксандраўская набярэжная (цяпер вуліца Траецкая набярэжная). Тут знаходзіліся знакамітыя мінскія лазні, якія стаялі на самым беразе Свіслачы. Другі — Траецка-Паліцэйскі завулак (пачатак сучаснай вуліцы Старажоўскай каля Траецкага прадмесця). Трэці — Першы семінарскі завулак (Камунальны), а чацвёрты — Другі семінарскі, ці Мітрапалічы, завулак, які праходзіў за мужчынскай духоўнай семінарыяй (Сувораўскае вучылішча)[18].

Агульны выгляд Траецкага прадмесця. На заднім плане віднеецца маналіт Палаца Рэспублікі

Лаўская набярэжная цягнулася ад Хлусава (цяпер Багдановіча) да Паліцэйскага моста (цяпер Купалы). Вуліца Георгіеўская (захавалася яе частка — вуліца Чычэрына) ішла ад Свіслачы праз Траецкі рынак (цяпер плошча Парыжскай камуны) у бок Камароўкі. Паралельна Георгіеўскай ішла вуліца Плябанская ці Плябанскіх млыноў (цяпер Куйбышава), назва якой паходзіць ад вадзяных млыноў Траецкай златагорскай плябані, якія знаходзіліся непадалёк . У 1866 годзе яна пераназвана ў Шырокую. Белацаркоўная вуліца (цяпер не існуе; пралягала ад Тэатра оперы і балета да плошчы Перамогі) супадала са старымі дарогамі на Магілёў і Барысаў. Назва яе паходзіць ад «Белай царквы», як звалі гараджане царкву каля жаночага духоўнага вучылішча (цяпер штаб Міністэрствы абароны Рэспублікі Беларусь)[18].

На 1930-1960-я гады прыпадае знішчэнне некаторых аб'ектаў на тэрыторыі прадмесця. Да іх адносяцца: каталіцкія могілкі XVI—XVIII стагоддзяў (цяпер сквер перад оперным тэатрам); тэрыторыя Узнясенскага манастыра XIII (?) — XVI стагоддзяў («Штаб Акругі») і іншыя. Частка вуліц, якія захаваліся пасля перапланоўкі пачатку XIX стагоддзя на ўскраінах Траецкага прадмесця, была знішчана ўжо пазней — у 1980-я гады. Да іх адносіцца, напрыклад, старадаўняя вуліца, якая праходзіла ўздоўж Свіслачы, — яна пачыналася каля сучаснага будынка Сувораўскага вучылішча, а заканчвалася каля сучаснай гасцініцы «Беларусь»[13]. У гэты ж час была праведзена рэстаўрацыя заходняй часткі прадмесця, якая ўяўляла сабой першае ў Беларусі комплекснае аднаўленне гістарычнай забудовы. Аднак рэстаўратарам не атрымалася пазбегнуць некаторых адмоўных момантаў. Напрыклад, была знішчана частка забудовы XVII стагоддзя ўздоўж Камунальнай набярэжнай[19].

Храналогія падзей[правіць | правіць зыходнік]

  • X—XI стагоддзі: на гары, пасярод лесу, заснаваны Свята-Узнясенскі[14] манастыр з драўлянай Свята-Узнясенскай царквой[9].
  • XII—XIII стагоддзі: на левым беразе Свіслачы пабудавана царква Святых Барыса і Глеба і пракладзена Барысаглебская вуліца[20].
Траецкі манастыр базыліянак на малюнку 1800 года
  • 1390: паводле падання, на Траецкай гары ўзвялі драўляны касцёл Найсвяцейшай Тройцы (Мінская Фара)[6].
  • 1505: горад быў выпалены дашчэнту крымскімі татарамі, у тым ліку быў знішчаны і першы мінскі каталіцкі храм[6].
  • 1508: Траецкі касцёл нанова адбудавалі з дрэва. Пры ім дзейнічаў шпіталь, дзе аднайменнае з касцёлам брацтва даглядала нямоглых[6].
  • 1620: на месцы драўлянай Свята-Узнясенскай царквы бурмістр Андрэй Масленка ўзвёў мураваную[14].
  • 1630: Марына Бяжэвіч заснавала ў прадмесце Траецкі манастыр базыліянак пры вядомай з XV стагоддзя драўлянай царквы[21].
Траецкі манастыр. Сучасны выгляд
  • 1709: пры касцёле Святой Тройцы біскуп Бжастоўскі заснаваў брацтва Шчаслівай смерці[22].
  • 1716 (1720): высілкамі мінскага святара Карла Пятра Панцяржанскага быў збудаваны новы драўляны касцёл Святой Тройцы. Храм стаяў на каменным падмурку[23].
Траецкі манастыр, фасад будынка
  • 1771: непадалёк ад Траецкага манастыра базыліянак па ініцыятыве і на сродкі Кунегунды Рушчыц быў заснаваны манастыр каталіцкага манаскага ордэна марыявітак («дом марыявітак»)[17]. Пры ім пачала працаваць школа, у якой паслушніц навучалі мовам, вядзенню хатняй гаспадаркі і арыфметыцы[14].
  • 1799—1800: па праекце губернскага архітэктара Фёдара Крамера былі збудаваны каменныя пабудовы Траецкага базыльянскага манастыра.
  • 14 жніўня 1809: пажар знішчыў значную частку забудовы прадмесця, у тым ліку і драўляны Фарны касцёл[6].
  • 1811: па праекце архітэктара Міхаіла Чахоўскага быў пабудаваны каменны комплекс жаночага манастыра марыявітак, у якім размясціўся шпіталь для сірот, састарэлых і жабракоў. Дамінантай архітэктурнага ансамбля з'яўляўся велізарны касцёл у стылі ампір, па баках да якога прылягалі манастырскія карпусы[24].
  • 1814: губернскі архітэктар Міхаіл Чахоўскі распрацаваў праект новага каменнага касцёла Святой Тройцы, арыентаванага галоўным фасадам на вуліцу Траецкую, але на пабудову храма не хапіла сродкаў. Вядома, што на вуглу Аляксандраўскай і Траецкай быў збудавана аднапавярховы каменны будынак плябаніі з вялікім склепам і дзве невялікія крамы, а таксама драўляныя гаспадарчыя пабудовы[23].
  • 1834: па праекце губернскага архітэктара Казіміра Хрышчановіча пабудовы былога Траецкага манастыра базыліянак рэканструявалі пад шпіталь гарадской бальніцы[21].
  • 1840: комплекс касцёла і манастыра марыявітак[17] перабудавалі пад Мінскую духоўную семінарыю[25].
  • 1850: расійскімі ўладамі была прыпынена дзейнасць манастыра марыявітак[26].
Духоўная семінарыя, дарэвалюцыйная паштоўка
  • 1858: у будынку на Плябанскай вуліцы адкрылася першае ў горадзе фотаатэлье (святлапісны кабінет), якое належала Жазэфіне Адамовіч[27].
  • 1 кастрычніка 1867: адкрылася жаночае духоўнае вучылішча, пабудаванае на месцы Узнясенскага манастыра. У 1870 годзе з рэштак старажытных сцен была адноўлена Свята-Узнясенская царква, якую гараджане назвалі «Белай царквой»[28].
  • 1870: у раёне Траецкай гары з'явіўся першая ў Мінску паштовая скрыня[29].
  • 19 снежня 1891: у адным з будынкаў прадмесця нарадзіўся беларускі паэт Максім Багдановіч.
Міністэрства абароны Рэспублікі Беларусь
  • 1893: па Аляксандраўскай вуліцы праклалі конку — ад Свіслачы да бровара[30].
  • 1909: гарадскі галава Стэфановіч, нягледзячы на пратэсты праваслаўных святароў, выдаў загад прыбраць усе завалы на плаціне Плябанскіх млыноў, якія належалі Архірэйскаму дому, — і такім чынам выратаваў Мінск ад паводкі. Аднак архібіскуп Міхаіл за парушэнне правоў уласнасці прыцягнуў увесь склад гарадской управы да судовай адказнасці. Стэфановіч пазбавіўся пасады[31].
  • 1919: бальшавікі пераназвалі Траецкую плошчу ў Плошча Парыжскай камуны.
  • 1921: у будынках былой Духоўнай семінарыі размясціліся Мінскія пяхотныя курсы, якія ў 1924 годзе трансфарміраваліся ў Аб'яднаную беларускую школу — сярэдняя ваенная навучальная ўстанова з беларускай мовай навучання[32].
  • 1925: з мэтай рашэння жыллёвай праблемы ў раёне Траецкай плошчы пачалося ўзвядзенне тыпавых дзвюх-, трох-, і чатырохкватэрных драўляных хат[33].
  • 1935: у сувязі з будаўніцтвам тэатра мінскія ўлады зачынілі Траецкі рынак.
  • 1936: па праекце архітэктараў Дзянісава і Вараксіна ў прадмесце быў пабудаваны Трэці Дом саветаў[34].
  • 1938: скончылася будаўніцтва Тэатра оперы і балета.
  • 24 чэрвеня 1941: падчас нямецкай бамбардзіроўкі горада ў III Доме Саветаў пачаўся пажар, у выніку якога загінула больш 100 жанчын і дзяцей, якія хаваліся ў будынку ад бамбёжкі[35].
  • 1946: на месцы «Белай царквы» і жаночага духоўнага вучылішча пабудаваны будынак Міністэрствы абароны[36] (па іншых звестках, будынак збудаваны на базе былога духоўнага вучылішча[37]).
  • 1948—1950: на вуглу вуліц Янкі Купалы і Куйбышава, на месцы разбураных падчас вайны будынкаў, мінскія ўлады заклалі парк Піянераў[29].
  • 1949: у будынку Тэатра оперы і балета адкрыўся Беларускі тэатральна-мастацкі інстытут[29].
  • 1950: вакол Опернага тэатра быў пабіты парк.
  • 1953: на базе будынка Духоўнай семінарыі пабудавана Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча (да старога будынка прыбудавалі два паверху)[36].
  • 1959: у парку Піянераў на скрыжаванні вуліц Янкі Купалы і Куйбышава адбылося адкрыццё помніка партызану Марату Казею (скульптар С. Селіханаў).
  • 1964: на вуліцы Янкі Купалы, каля старога Лаўскага моста, пасадзілі каштанавую «Алею дружбы народаў».
  • 1969: на паўднёвым усходзе ад былога Траецкага манастыра пабудаваны будынак ВДНГ БССР (архітэктар С. Баткоўскі), зараз гэта — Нацыянальны выставачны цэнтр «БелЭкспа».
  • 1976: на будынку № 1 па вуліцы Алаізы Пашкевіч змешчана мемарыяльная дошка ў гонар пісьменніцы[38].
  • 9 декабря 1981: перад Оперным тэатрам адбылося адкрыццё помніка класіку беларускай літаратуры Максіму Багдановічу (скульптар Сяргей Вакар).
  • 1982—1985: мінскія ўлады правялі рэстаўрацыю заходняй часткі Траецкага прадмесця (архітэктары Л. Левін, Ю. Градаў, С. Багласаў).
  • 6 лістапада 1987: адкрыўся Дзяржаўны музей беларускай літаратуры.
  • 1988: на востраве ў заходняй частцы прадмесця паставілі валун з выявай абраза Маці Божай — як краевугольны камень будучага мемарыяла «Востраў слёз».
  • 8 снежня 1991: урачыстае адкрыццё літаратурнага музея Максіма Багдановіча.
  • 6 жніўня 1993: у адрэстаўраванай частцы прадмесця адкрыты помнік беларускаму мастаку Язэпу Драздовічу (скульптар І. Голубеў).
Банкнота з выявай прадмесця
  • 1993: Нацыянальны банк Беларусі ўвёў у абарот купюру наміналам 5 000 беларускіх рублёў з выявай Траецкага прадмесця (дэнамінавана ў 2001 годзе да наміналу ў 5 беларускіх рублёў, выведзена з абароту 1 ліпеня 2005)[39].
  • 3 жніўня 1996: на «Востраве слёз» устаноўлены помнік «Сынам Айчыны, якія загінулі за яе межамі» (скульптар Ю. Паўлаў).
  • 16 лютага 2001: у прадмесце адкрылася галерэя «Славутыя майстры».
  • 8 мая 2006: у Сувораўскім ваенным вучылішчы мітрапаліт мінскі і слуцкі Філарэт асвяціў храм у гонар святога апостала і евангеліста Іаана Багаслова[40].
  • 11 красавіка 2008: з пляцоўкі перад оперным тэатрам быў дэмантаваны помнік Максіму Багдановічу. Замест помніка планавалася ўстанавіць фантан. Прыблізна праз тры месяца, напачатку ліпеня 2008 года, помнік быў устаноўлены нанова на вуглу вуліцы Максіма Багдановіча і плошчы Парыжскай камуны.
  • 6 мая 2009: Камісія па найменні і пераназванні праспектаў, вуліц і іншых частак Мінска прыняла рашэнне па наданне безназоўнаму скверу ў межах вуліц Куйбышава — Пашкевіч — Багдановіча — Купалы назвы «Траецкая гара»[41].

Сучаснасць[правіць | правіць зыходнік]

Панарама Траецкага прадмесця і Высокага рынка
Панарама Траецкага прадмесця і Высокага рынка

14 ліпеня 2004 года ўказам прэзідэнта Рэспублікі Беларусь № 330 «Пра развіццё гістарычнага цэнтра г. Мінска» былі зацверджаны межы тэрыторыі гістарычнага цэнтра, а таксама канцэпцыя яго рэканструкцыі, развіцця і функцыянальнага выкарыстання аб'ектаў нерухомай маёмасці і тэрыторыі. У ахоўную зону была ўключана заходняя частка Траецкага прадмесця разам з тэрыторыяй 2-ой гарадской бальніцы[42]. Галоўным элементам ахоўнай зоны з'яўляецца квартал прамавугольнай формы, размешчаны паміж вуліцамі Максіма Багдановіча, архітэктара Заборскага, Старавіленскай і Траецкай набярэжнай. Ён быў узведзены па рэгулярнаму плану Мінска 1817 года. Кожны будынак гэтага квартала мае ўласную гісторыка-архітэктурную каштоўнасць, а разам яны ўтвараюць суцэльны комплекс Старога горада[29]. Адрэстаўраваная заходняя частка прадмесця ўяўляе сабой своеасаблівы музей пад голым небам, у якім адноўлены стыль і пэўныя ўзоры гарадской каменнай забудовы XIX стагоддзя. У старых будынках размяшчаюцца музеі, магазіны і кафэ.

У адпаведнасці з праектам развіцця гістарычнага цэнтра мінскага праектнага інстытута «Мінскпраект», у найбліжэйшай будучыні плануецца рэканструкцыя комплексу былога Траецкага манастыра базыліянак пад цэнтр дзелавых кантактаў і дзелавога турызму. Гэты цэнтр будзе злучаны пешым памостам з адрэстаўраванай у 1982—1985 гадах заходняй часткай прадмесця[43].

Дом Вігдорчыка
Дом Пінсуховіча
«Кітаеўская» сінагога (цяпер «Дом прыроды»)
Будынак фабрыкі Цытвера
Сувораўскае вучылішча
Трэці Дом саветаў
Тэатр оперы і балета пасля рэканструкцыі

Помнікі архітэктуры[правіць | правіць зыходнік]

14 мая 2007 года Савет Міністраў Рэспублікі Беларусь прыняў пастанову «Пра статус гісторыка-культурных каштоўнасцей», паводле якога забудова, планіроўка, ландшафт і культурны пласт гістарычнага цэнтра Мінска атрымалі адпаведны ахоўны статус[36]. Адбор тых ці іншых пэўных аб'ектаў ажыцяўляўся па рашэнні Беларускага рэспубліканскага навукова-метадычнага савета па пытаннях гісторыка-культурнай спадчыны пры Міністэрстве культуры[36]. Важкая частка помнікаў культуры Мінска знаходзіцца менавіта на тэрыторыі Траецкага прадмесця. Так, ахоўны статус мае комплекс з 24 будынкаў пачатку XIX—XX стагоддзяў, размешчаны ў трапецападобным квартале, утвораным вуліцамі Багдановіча, Старавіленскай, Старажоўскай і Траецкай набярэжнай[44]. Некаторыя з гэтых будынкаў збудаваны на аснове больш ранніх камяніц[19]. Сярод гэтага комплексу найбольш вядомыя так званы дом Вігдорчыка па Траецкай набярэжнай 6, у якім у 1890—1891 гадах здымаў кватэру Дамінік Луцэвіч — бацька класіка беларускай літаратуры Янкі Купалы[45], дом Пінсуховіча па Старажоўскай 5 (некалі здаваўся пад казармы 9-й і 10-й роты Серпухаўскага палка)[45], пабудаваная ў 1874 годзе «Кітаеўская» сінагога (Багдановіча, 9а), у якой цяпер размяшчаецца «Дом прыроды». У будынку па адрасе вуліца Багдановіча, 15 (ранняе Аляксандраўская, 11) знаходзілася абутковая фабрыка Цытвера[46]. Вытворчасць адкрылася ў 1871 годзе як шавецкая майстэрня. Вядома, што ў 1913 годзе на фабрыцы было занята 40 працоўных, меўся рухавік. У тым жа годзе было выраблена абутку на 55 тысяч рублёў[47].

На вуглу Аляксандраўскай вуліцы і Аляксандраўскай набярэжнай размяшчаўся дом Ушакова (цяпер магазін «Шкло, фарфор» па Багдановіча, 1). У 1886 годзе ў гэтым доме на кватэры правізара Паўлоўскага быў праведзены сход народнікаў, на якім было вырашана актывізаваць дзейнасць і пачаць выдаваць часопіс «Сацыялістычны будынак»[19][47]. Па невядомых прычынах у спісе гісторыка-культурных каштоўнасцей будынак адсутнічае.

Асобнае месца займае комплекс будынкаў 2-й гарадской клінічнай бальніцы (вуліца Багдановіча, 2), які з'яўляецца помнікам архітэктуры класіцызму. Статус гісторыка-культурнай каштоўнасці маюць чатыры будынкі: корпус былога Траецкага манастыра базыліянак, пабудаваны ў 1799—1800 гадах; дом інвалідаў, багадзельня і гаспадарчая пабудова (усе тры будынкі збудаваны ў 1840—1847 гадах). Губернская земская бальніца была адкрыта ў 1799 годзе[42]. Да 1903 года знаходзілася ў распараджэнні Загада грамадскай апекі. Падчас пажару 1809 года вялікая частка драўляных пабудоў манастыра выгарэла. Захаваныя будынкі пасля ліквідацыі уніі ў 1839 годзе былі перададзены бальніцы. Перабудова манастырскіх будынкаў пад патрэбы бальніцы, якая завяршылася да 1850 года, была ажыццёўлена па праекце губернскага архітэктара Казіміра Хрышчановіча. У будынку Траецкага манастыра базыліянак размяшчалася тэрапеўтычнае аддзяленне, разлічанае на 70 коек. Псіхіятрычнае аддзяленне займала асобны двухпавярховы корпус. Пасля таго, як у 1910 годзе багадзельня была пераведзена ў Барысаў, будынак быў перададзены псіхіятрычнаму аддзяленню, за кошт чаго яно было пашырана з 40 да 180 месцаў. У сярэдзіне XIX стагоддзя ў бальніцы працаваў урачом інспектар мінскай медыцынскай управы Даніла Восіпавіч Спасовіч, які, па словах Шпілеўскага, карыстаўся «павагай і любоўю ўсяго Мінскага края»[17][42].

У спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей занесены таксама некалькі будынкаў, якія цяпер адносяцца да Сувораўскага ваеннага вучылішча (вуліца Багдановіча, 29). Галоўны корпус вучылішча (корпус 2/3) быў пабудаваны на сродкі Таварыствы дабрадзейства па праекце архітэктара Міхаіла Чахоўскага ў 1811 годзе як галоўная частка комплексу кляштара марыявітак і шпіталя[32]. Будынак служыў у якасці касцёла да 1854 года, калі кляштар быў скасаваны, а яго карпусы перададзены праваслаўнай духоўнай семінарыі, заснаванай у 1793 годзе ў Слуцку. У будынку таксама размяшчаліся рэдакцыі епархіяльнай газеты «Минские губернские новости» («Мінскія губернскія навіны» (выдавалася з 1869 па 1920 год)) і часопіса рэлігійнага таварыства «Православный братчик» («Праваслаўны братчык» (у 1910—1911 гадах выйшла сем нумароў)). Пасля Кастрычніцкай рэвалюцыі семінарыю зачынілі. У 1921 годзе ў яе карпусах размясціліся Мінскія пяхотныя курсы, якія ў 1924 годзе трансфарміраваліся ў Аб'яднаную беларускую школу. Выкладанне ў гэтай сярэдняй навучальнай установе вялося на беларускай мове[32]. Да вайны ў будынку таксама знаходзілася рэдакцыя газеты «Чырвонаармейская праўда». Падчас акупацыі немцы наладзілі на старым абсталяванні выданне газеты «Прарыў»[24]. У 1952 годзе пад кіраўніцтвам архітэктара Георгія Заборскага была пачата рэканструкцыя былога комплексу манастыра, у якім планавалася адкрыць Сувораўскае ваеннае вучылішча. Падчас рэканструкцыі, завершанай у 1955 годзе, да галоўнага было дабудавана два паверхі, а таксама збудаваны два новых корпуса[32]. Абодва новыя будынкі — карпусы 2/1 і 2/7 (спартыўная зала) — таксама з'яўляюцца помнікамі архітэктуры і занесены ў спіс ахоўных аб'ектаў.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Зноскі[правіць | правіць зыходнік]

  1. Боровой Р. В. Минские древности. «Cтарый город» средневекового Минска по письменным источникам. // Гістарычна-археалагічны зборнік. № 15. 2000 г.
  2. Баравы Р. В. Дзе быў стары горад // Памяць: Гіст.-дакум. хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — 576 с.: іл. ISBN 985-6302-33-1. С. 543
  3. «План губернского города Минска (1903)» з выпраўленнямі і дадаткамі І. Сацукевіча // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006.— 696 с. ISBN 985-11-0344-6. C. 196—197
  4. «Формирование территории г. Минска (1800—2004)» // Гісторыя Мінска. 1-е выданне. — Мінск: БелЭн, 2006.— 696 с. ISBN 985-11-0344-6. C. 550—551
  5. Траецкае прадмесце. Афіцыйны турыстычны партал Мінска.  Праверана 14 снежня 2010
  6. 6,0 6,1 6,2 6,3 6,4 Ярмоленка, 2008
  7. 7,0 7,1 7,2 Памяць, 2001, с. 553.
  8. (бел.)  Гісторыя Мінска. 1-е выданне. Мн.: БелЭн, 2006. — С. 223.
  9. 9,0 9,1 (бел.)  Кулагін А. М. Праваслаўныя храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. — С. 269.
  10. (бел.)  Баравы Р. В. Гістарычная тапаграфія горада // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. У 4 кн. — Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 541.
  11. 11,0 11,1 (бел.)  Пазняк 3. С. Рэха даўняга часу: Кн. для вучняў. — Мн.: Народная асвета, 1985.
  12. Боровой, 2000
  13. 13,0 13,1 13,2 13,3 13,4 13,5 13,6 Боровой Р., 1997
  14. 14,0 14,1 14,2 14,3 Памяць, 2001
  15. (бел.)  Лакотка А. І. Сілуэты старога Мінска. Нарысы драўлянай архітэктуры. — Мн.: Полымя, 1991. — С. 31.
  16. (бел.)  Беларусы: У 8 т. — Т. 2. Дойлідства / А. І. Лакотка; Ін-т мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору; Рэдкал.: В. К. Бандарчык, М. Ф. Піліпенка, А. І. Лакотка. — Мн.: Тэхналогія, 1997. — С. 72.
  17. 17,0 17,1 17,2 17,3 Шпилевский, 1992
  18. 18,0 18,1 18,2 (бел.)  Сацукевіч I. Тапанімія вуліц і плошчаў Менска ў ХІХ — пачатку ХХ века // Беларускі калегіюм, 4 чэрвеня 2008.
  19. 19,0 19,1 19,2 Троицкое предместье // Сайт «Минск старый и новый».  Праверана 14 снежня 2010.
  20. Боровой, 2000, с. 543.
  21. 21,0 21,1 (бел.)  Дзянісаў У. М. На Траецкай гары // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 337.
  22. (бел.)  Мінск. Стары і новы / Аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мн.: Харвест, 2007. — С. 54.
  23. 23,0 23,1 (бел.)  Дзянісаў У. М. Першы касцёл // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, П15 2001. — С. 310.
  24. 24,0 24,1 Сувораўскае ваеннае вучылішча. // Сайт «Мінск стары і новы».  Праверана 14 снежня 2010.
  25. (бел.)  Ігумен Нікан (Лысенка). Духоўная семінарыя // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 2-я. — Мн.: БЕЛТА, 2002. — С. 456.
  26. (бел.)  Кулагін А. М. Каталіцкія храмы на Беларусі: Энцыкл. даведнік / А. М. Кулагін; маст. І. І. Бокі. — 2-е выд. — Мн.: БелЭн, 2001. — С. 188.
  27. Мінск. Стары і новы, 2007, с. 59.
  28. (бел.)  Яцкевіч З. Л. Невядомая уніяцкая царква // Памяць: Гісторыка-дакументальная хроніка Мінска. У 4 кн. Кн. 1-я. — Мн.: БЕЛТА, 2001. — С. 339.
  29. 29,0 29,1 29,2 29,3 Мінск. Старыя і новыя, 2007
  30. Шыбека, 1994
  31. Шыбека, 1994, с. 114.
  32. 32,0 32,1 32,2 32,3 Будынак, 2007
  33. Куркоў, 2007, с. 11.
  34. (бел.)  III Дом Саветаў // Сайт «МЕНСК.BY».  Праверана 14 снежня 2010.
  35. (бел.)  3-і Дом Саветаў, вул. М. Горкага, 23 // Мінск. Стары і новы / Аўт.-склад. У. Г. Валажынскі; пад. рэд. З. В. Шыбекі — Мн.: Харвест, 2007. — С. 57.
  36. 36,0 36,1 36,2 36,3 Пастанова Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 14 мая 2007 г. № 578 «Аб статусе гісторыка-культурных каштоўнасцей». — С. 49-51. Шаблон:Проверено.
  37. Валажынскі, 2007
  38. Мінск. Стары і новы, 2007, с. 60.
  39. Выведзеныя з абароту банкноты Нацыянальнага банка Рэспублікі Беларусь. 5 000 рублёў. Нацыянальны банк Рэспублікі Беларусь. Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2011. Праверана 14 декабря 2010.
  40. У мінскіх сувораўцаў з'явіўся свой храм // Мінскія духоўныя школы.
  41. (бел.)  У Менску з’явіліся скверы «Траецкая гара», «Старосцінская слабада» ды Лютэранскі // Наша Ніва, 14 мая 2009.
  42. 42,0 42,1 42,2 Другая гарадская клінічная бальніца. Мінск стары і новы. Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2011. Праверана 14 снежня 2010.
  43. Бубноўскі Д. Гістарычны шанец гістарычнага цэнтра Мінска // Архітэктура і будаўніцтва. — № 2, 2005.
  44. Да іх адносяцца будынкі па адрасах: вул. Багдановіча, 3, 7, 7а, 9, 9а, 11, 13, 15, 17, 17а, 19, 21; Траецкая набярэжная, 4, 6, 8; вул. Старавіленская, 2, 4, 6, 8, 12, 14, 16; вул. Старажоўская, 3, 5.
  45. 45,0 45,1 Мінск // Сайт «Глобус Беларусі». — С. 2.  Праверана 14 снежня 2010.
  46. Мінск. Глобус Беларусі. Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2011. Праверана 14 снежня 2010.
  47. 47,0 47,1 Вуліца Максіма Багдановіча. Мінск стары і новы. Архівавана з першакрыніцы 17 жніўня 2011. Праверана 14 снежня 2010.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]