Транспарт

З пляцоўкі Вікіпедыя
Перайсці да: рух, знайсці

Тра́нспарт — сукупнасць сродкаў, прызначаных для перасоўвання людзей, грузаў, сігналаў і інфармацыі з аднаго месца ў іншае. У артыкуле раскрываецца сэнс транспарту менавіта ў гэтым значэнні. Тэрмін транспарт паходзіць ад лац.: транс («праз») і лац.: portare («несці»).

У фізіцы сустракаюцца так званыя транспартныя феномены. Рух малекул ці іонаў скрозь клетачныя мембраны ці пасродкам цыркуляцыі крыві ў біялогіі таксама завуць транспартам. У інфарматыцы і электрамеханіцы тэрмін транспарт азначае апісанне некаторых камп'ютарных сеткавых пратаколаў.

Аспекты транспарту[правіць | правіць зыходнік]

Паняцце транспарту ўлучае ў сябе некалькі аспектаў; прыблізна іх можна разбіць на інфраструктуру, транспартныя сродкі і кіраванне. Інфраструктура ўлучае выкарыстоўваныя транспартныя сеткі ці шляхі зносін (дарогі, чыгуначныя шляхі, паветраныя калідоры, каналы, трубаправоды, масты, тунелі, водныя шляхі і г.д.), а таксама транспартныя вузлы ці тэрміналы, дзе адбываецца перагрузка грузу або перасадка пасажыраў з аднаго тыпу транспарта на іншы (напрыклад, аэрапорты, чыгуначныя станцыі, аўтобусныя прыпынкі і порты).

Транспартнымі сродкамі звычайна з'яўляюцца аўтамабілі, ровары, аўтобусы, цягнікі, самалёты. Пад кіраваннем маецца на ўвазе кантроль над сістэмай, напрыклад сігналы святлафора, стрэлкі на чыгуначных шляхах, кіраванне палётамі і г.д., а таксама правілы (сярод іншага, правілы фінансавання сістэмы: платныя дарогі, падатак на паліва і г.д.).

У шырокім сэнсе, распрацоўка сетак — задача грамадзянскай інжынерыі і гарадскога планавання, распрацоўка транспартных сродкаў — механічнай інжынерыі і спецыялізаваных падзелаў прыкладной навукі, а кіраванне звычайна спецыялізавана ў межах той ці іншай сеткі, альбо датычыць даследавання кіравання ці сістэмнай інжынерыі.

Транспартныя вузлы[правіць | правіць зыходнік]

Двухузроўневая аўтамабільная развязка ў Германіі

Транспартным вузлом завецца комплекс транспартных канструкцый у пункце стыку некалькіх тыпаў транспарта, што сумесна выконваюць аперацыі па абслугоўванні транзітных, мясцовых і гарадскіх перавозак грузаў і пасажыраў. Транспартны вузел як сістэма — сукупнасць транспартных працэсаў і сродкаў для іх рэалізацыі ў месцах стыкавання двух ці некалькіх магістральных тыпаў транспарта. У транспартнай сістэме вузлы маюць функцыю рэгулявальных клапанаў. Збой у працы аднаго такога клапана можа выклікаць да праблем для ўсёй сістэмы.

Найбуйны транспартны вузел Расіі — Масква. Тут перакрыжоўваюцца шляхі пяці тыпаў транспарта: у Маскве сыходзяцца 11 чыгуначных прамянёў, 15 аўтамагістраляў, 5 газаправодаў і 3 нафтаправода; тут ёсць тры рачных порта, пяць аэрапортаў і дзевяць вакзалаў. Іншы цікавы прыклад — Уладзівасток, дзе сканчаецца Транссібірская чыгунка і пачынаюцца шматлікія марскія шляхі.

Буйныя транспартныя вузлы заўсёды з'яўляюцца буйнымі гарадамі. Справа ў тым, што транспартныя вузлы літаральна прыцягваюць гандаль (эфект, які можна назіраць хоць бы на прыкладзе вакзалаў), тут зручна развіваць прамысловасць (няма праблем з пастаўкамі), ды і самі транспартныя тэрміналы ствараюць шмат працоўных месцаў. Шматлікія гарады паўсталі на скрыжаванні наземных ці водных шляхоў, гэта значыць як транспартныя вузлы, а іншыя дагэтуль існуюць за конт гэтай ролі. Першым чынам гэта гарады-парты, але ёсць і меней звыклыя прыклады. Так, горад Шэнан у Ірландыі асноўным чынам жыве за конт аэрапорта. Некаторыя гарады выконваюць ролю не грузавых, а пасажырскіх транспартных вузлоў, напрыклад, Сімферопаль у Крыме, куды з'язджаюцца шматлікія турысты, што перасаджваюцца там на транспарт, які дастаўляе іх у гарады крымскага ўзбярэжжа.

Транспарт і сувязь[правіць | правіць зыходнік]

Транспарт і сувязь могуць быць узаемазаменныя і ўзаемадапаўняльныя. Хоць замена досыць развітай сувяззю транспарта тэарэтычна з'яўляецца магчымай (замест асабістага візіту можна было б адправіць тэлеграму, патэлефанаваць, адправіць факс, электроннае паведамленне), але было выяўлена, што гэтыя спосабы камунікацыі ў рэальнасці спараджаюць больш узаемадзеянняў, у тым ліку асабістых. Рост у транспартнай сферы быў бы немагчымы без сувязі, якая жыццёва неабходна для развітых транспартных сістэм — ад чыгунак у выпадку неабходнасці двухбаковага руху па адной каляіне, да кіравання палётамі, дзе патрабуюцца веды пра месцазнаходжанне паветранага судна ў небе. Так, было выяўлена, што развіццё ў адной галіне выклікае рост у іншай.

Транспарт, энергія і навакольнае асяроддзе[правіць | правіць зыходнік]

Транспарт — адзін з асноўных спажыўцоў энергіі і адна з галоўных крыніц выкідаў двухвокісу вугляроду, парніковага газу, які ўзмацняе глабальнае пацяпленне. Чыннік гэтага — спальванне велізарных аб'ёмаў выкапнёвых тыпаў паліва (у асноўным нафтапрадуктаў, такіх як бензін, газа і дызельнае паліва) у рухавіках унутранага згарання наземных, паветраных і водных транспартных сродкаў.

Сярод іншых адмоўных прыкладаў уплыву транспарта на навакольнае асяроддзе можна назваць: забруджванне паветра выхлапнымі газамі і драбнюткімі цвёрдымі часціцамі, забруджванне грунтавых вод таксічнымі сцёкамі з аўтадарог, аўтамыек і стаянак аўтатранспарту, шумавое забруджванне, страта гарадской жыццёвай прасторы (да 50 % плошчы сучасных гарадоў прыпадае на дарогі, паркоўкі, гаражы і заправачныя станцыі) і разрастанне прыгарадаў, якія паглынаюць месцы рассялення дзікіх жывёл і сельскагаспадарчыя землі.

Грамадскі транспарт і безматорныя тыпы транспарта (напрыклад, пешы ход ці ровар) лічацца больш «экалагічнымі», бо іх уклад у пералічаныя праблемы значна менш а то і зусім нулявы. Транспартныя сродкі з электрычным прывадам (напрыклад, электрацягнікі ці гібрыдныя аўтамабілі) лічацца больш «кліматычна-нейтральнымі», чым іх аналогі на выкапнёвым паліве. Кліматычна-нейтральнага тэхналагічнага вынахаду (паліва ці рухавік) для самалётаў пакуль не існуе, але дырыжаблі прапануюцца ў якасці экалагічнай альтэрнатывы камерцыйнай авіяцыі.

Катэгорыі транспарта[правіць | правіць зыходнік]

Транспарт падзяляецца на тры катэгорыі: транспарт супольнага карыстання, транспарт несупольнага карыстання і асабісты ці індывідуальны транспарт. Транспарт супольнага карыстання не варта блытаць з грамадскім транспартам (грамадскі транспарт з'яўляецца падкатэгорыяй транспарта супольнага карыстання). Транспарт супольнага карыстання абслугоўвае гандаль (перавозіць тавары) і насельніцтва (пасажырскія перавозкі). Транспарт несупольнага карыстання — унутрывытворчы і ўнутрыведамасны транспарт. Нарэшце, асабісты транспарт — гэта легкавыя аўтамабілі, веласіпеды, яхты, прыватныя самалёты.

Персанальны аўтаматычны транспарт утварае новую катэгорыю, бо злучае ў сабе рысы гарадскога грамадскага транспарта і асабістага аўтатранспарту.

Кароткая характарыстыка тыпаў транспарта[правіць | правіць зыходнік]

Водны транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Гл. поўны артыкул: Водны транспарт

Грузавое рачное судна
Суднапад'ёмны ліфт

Водны транспарт — найстаражытны тып транспарта. Прынамсі да з'яўлення транскантынентальных чыгунак (другая палова XIX стагоддзя) заставаўся найважным тыпам транспарта. Нават самае прымітыўнае ветразнае судна за суткі пераадольвала ў чатыры-пяць разоў большую адлегласць, чым караван. Груз на судне быў большым, выдаткі на эксплуатацыю — меншымі.

Водны транспарт дагэтуль захоўвае важную ролю. Дзякуючы сваім перавагам (водны транспарт — самы танны пасля трубаправоднага), водны транспарт цяпер ахоплівае 60-67 % агульнага сусветнага грузазвароту. Па ўнутраных водных шляхах перавозяць галоўным чынам масавыя грузы — будаўнічыя матэрыялы, вугаль, руду — перавозка якіх не патрабуе высокай хуткасці (тут адбіваецца канкурэнцыя з больш хуткімі аўтамабільным і чыгуначным транспартам). На перавозках праз моры і акіяны ў воднага транспарта канкурэнтаў няма (авіяперавозкі вельмі дарагія, і іх сумарная дзель у грузаперавозках нізкая), таму марскія судны перавозяць самыя розныя тыпы тавараў, але вялікую частку грузаў складаюць нафта і нафтапрадукты, звадкаваны газ, вугаль, руда.

Круізнае судна

Роля воднага транспарта ў пасажырскіх перавозках значна зменшылася, што звязана з яго нізкімі хуткасцямі. Выключэнні — хуткасныя судны на падводных крылах (якія часам бяруць на сябе функцыю міжгародных аўтобусаў-экспрэсаў) і судны на паветранай падушцы. Таксама вялікая роля паромаў і круізных лайнераў.

Надрадковы тэкст

Аўтамабільны транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Гл. поўны артыкул: Бязрэйкавы транспарт

Аўтамабільны транспарт сёння — самы распаўсюджаны тып транспарта. Аўтамабільны транспарт маладзей чыгуначнага і воднага, першыя аўтамабілі з'явіліся напрыканцы XIX стагоддзея. Пасля Другой сусветнай вайны аўтамабільны транспарт пачаў ствараць канкурэнцыю чыгунцы. Перавагі аўтамабільнага транспарта — манеўранасць, гнуткасць, хуткасць. Грузавыя аўтамабілі перавозяць сёння практычна ўсе тыпы грузаў, але нават на вялікіх адлегласцях (да 5 і больш тыс. км) аўтацягнікі (грузавік-цягач і прычэп ці паўпрычэп) паспяхова канкуруюць з чыгункай пры перавозцы каштоўных грузаў, для якіх крытычна хуткасць дастаўкі, напрыклад прадукты, якія хутка псуюцца.

Асабісты аўтамабільны транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Гл. поўны артыкул: Асабісты аўтамабіль

Абсалютная большасць сучасных аўтамабіляў — аўтамабілі індывідуальнага карыстання (легкавыя). Іх выкарыстоўваюць, як правіла, для паездак на адлегласці да двухсот кіламетраў.

Грамадскі аўтамабільны транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Шырока распаўсюджаны таксама аўтобусы (шматмесцавыя пасажырскія аўтамабілі з ёмістасцю ад 10 пасажыраў). Для эксплуатацыі ў гарадах і прыгарадах цяпер выкарыстоўваюцца пераважна нізкападлогавыя гарадскія аўтобусы, а для міжгародных і міжнародных рэйсавых і турыстычных перавозак — міжгародныя і турыстычныя лайнеры. Апошнія адрозніваюцца ад гарадскіх мадэляў кампаноўкай з падвышаным узроўнем падлогі (для змяшчэння пад ім багажных адсекаў), камфартабельным салонам толькі з месцамі для сядзення, наяўнасцю дадатковых выгод (кухні, гардэроба, туалета). У сувязі з падвышэннем напрыканцы XX стагоддзея камфортнасці турыстычных аўтобусаў, яны даволі паспяхова канкуруюць у галіне перавозкі турыстаў з чыгункамі.

У гарадах распаўсюджана разнавіднасць аўтобуса з электрычным прывадам — тралейбус.

Аўтамагістраль у Францыі

Перавагі і недахопы[правіць | правіць зыходнік]

Аўтамабільны транспарт патрабуе добрых дарог. Сёння ў развітых краінах існуе сетка аўтамагістраляў — шматпалосных дарог без перакрыжаванняў, дзе дазволены хуткасці руху звыш ста кіламетраў у гадзіну.

Нягледзячы на перавагі, аўтамабільны транспарт мае шмат недахопаў. Легкавыя аўтамабілі — самы марнатраўны транспарт у параўнанні з іншымі тыпамі транспарта ў пераліку на выдаткі, неабходныя на перасоўванне аднаго пасажыра. Асноўная дзель (63 %) экалагічнай шкоды планеце належыць аўтатранспарту. Значная экалагічная шкода прычыняецца навакольнаму асяроддзю і грамадству на ўсіх стадыях вытворчасці, эксплуатацыі і ўтылізацыі аўтамабіляў, паліва, маслаў, покрывак, будаўніцтва дарог і іншых аб'ектаў аўтамабільнай інфраструктуры. У прыватнасці, вокіслы азоту і серы, якія выкідаюцца ў атмасферу пры спальванні бензіну, выклікаюць кіслотныя дажджы. Згодна з дадзенымі камітэта па экалогіі Дзяржаўнай Думы РФ, аўтамабільны парк Расіі да пачатку 2000 года склаў 27,06 млн транспартных сродкаў. Велічыня штогадовай экалагічнай шкоды ад функцыянавання транспартнага комплексу РФ складае 3,4 млрд долараў ЗША, ці прыкладна 1,5 % валавага нацыянальнага прадукта. Выкіды забруджвальных рэчываў у атмасферу ад аўтатранспартных сродкаў склалі 12 190,7 тыс. тон.

Чыгуначны транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Гл. поўны артыкул: Чыгуначны транспарт

Грузавы цягнік у Расіі

Чыгуначны транспарт быў адначасова і прадуктам, і маторам прамысловай рэвалюцыі. Узнікшы напачатку XIX стагоддзя (першы паравоз быў пабудаваны ў 1804 годзе), да сярэдзіны таго ж стагоддзя ён стаў самым важным транспартам прамысловых краін таго часу. Да канца XIX стагоддзя сумарная даўжыня чыгунак пераваліла за мільён кіламетраў. Чыгункі злучылі ўнутраныя прамысловыя раёны з марскімі портамі. Уздоўж чыгунак вырасталі новыя прамысловыя гарады. Аднак пасля Другой сусветнай вайны чыгункі пачалі губляць сваё значэнне. На грузавых перавозках яна не вытрымлівала канкурэнцыі аўтамабільнага транспарта, на пасажырскіх — самалётаў (на вялікіх адлегласцях) і асабістага аўтамабіля (на кароткіх адлегласцях). Аднак калапсу чыгунак, як прадказваў шмат хто ў пяцідзесятых-шасцідзесятых гадах, не адбылося. Чыгункі маюць шмат пераваг — высокую грузападымальнасць, надзейнасць, параўнальна высокую хуткасць. Цяпер па чыгунках перавозяць самыя розныя грузы, але галоўным чынам — масавыя, такія як сыравіна, сельгаспрадукцыя. З'яўленне кантэйнераў, якія палягчаюць перагрузку, таксама падвысіла канкурэнтаздольнасць чыгунак. На сённяшні дзень самай доўгай працягласцю чыгунак валодаюць ЗША, а самай густой сеткай (км чыгункі на квадратны км тэрыторыі) валодае Германія.

Хуткасны цягнік ICE3, Германія

Больш таго, пачынальна з апошняга дзесяцігоддзя XX стагоддзя чыгункі перажываюць своеасаблівы рэнесанс. Спачатку ў Японіі, а зараз і ў Еўропе была створана сістэма хуткасных чыгунак, якія дазваляюць рух з хуткасцямі да трохсот кіламетраў у гадзіну. Такія чыгункі сталі сур'ёзным канкурэнтам авіяліній на невялікіх адлегласцях. Па-ранейшаму высокая роля прыгарадных чыгунак і метрапалітэнаў. Электрыфікаваныя чыгункі (а да цяперашняга часу большасць чыгунак з інтэнсіўным рухам электрыфікавана) нашмат экалагічней аўтамабільнага транспарта. Найбольш электрафікаваны чыгункі ў Швейцарыі (да 95 %), у Расіі ж гэты паказчык даходзіць да 47 %.

Спецыялізаваная лёгкая чыгунка, што ўжываецца ў якасці гарадскога пасажырскага транспарта, завецца трамваем.

Паветраны транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Гл. поўны артыкул: Паветраны транспарт

Пасажырскі рэактыўны самалёт Airbus A319

Паветраны транспарт — самы хуткі і ў той жа час самы дарагі тып транспарта. Асноўная сфера ўжывання паветранага транспарта — пасажырскія перавозкі на адлегласцях звыш тысячы кіламетраў. Таксама ёсць і грузавыя перавозкі, але іх дзель вельмі нізкая. Галоўным чынам авіятранспартам перавозяць хуткапсавальныя прадукты і асабліва каштоўныя грузы, а таксама пошту. У шматлікіх цяжкадаступных раёнах (у гарах, раёнах Крайняй Поўначы) паветранаму транспарту няма альтэрнатыў. У такіх выпадках, калі ў месцы пасадкі адсутнічае аэрадром (напрыклад, дастаўка навуковых груп у цяжкадаступныя раёны) выкарыстоўваюць не самалёты, а верталёты, якія не маюць патрэбы ў пасадкавай паласе. Вялікая праблема сучасных самалётаў — шум, што яны вырабляюць падчас узлёту, які значна псуе якасць жыцця насельнікаў размешчаных побач з аэрапортамі раёнаў.

Дырыжабль У-6 «Осоавіяхім» 30-я гады, СССР

Сёння словы авіяцыя і паветраны транспарт фактычна сталі сінонімамі, бо паветраныя перавозкі ажыццяўляюцца вылучна паветранымі суднамі цяжэй паветра. Аднак першыя паветраныя судны былі лягчэй паветра. У 1709 годзе быў запушчаны першы паветраны шар. Зрэшты, паветраныя шары не мелі кіравання. Да канца XIX стагоддзя дамінаваць у паветры сталі велізарныя паветраныя караблі — дырыжаблі. Іх залатое стагоддзе прыйшлося на першую палову XX стагоддзя, калі пасажырскія дырыжаблі здзяйснялі рэгулярныя пералёты паміж Еўропай і Амерыкай. Эпоха дырыжабляў скончылася ў 1937 годзе, калі прама ў аэрапорце Нью-Ёрка згарэў нямецкі пасажырскі дырыжабль-лайнер «Гіндэнбург». Напрыканцы XX стагоддзя аднавілася цікавасць да дырыжабляў: зараз замест выбуханебяспечнага вадароду ўжываецца інертны гелій, дырыжаблі хоць і шмат павольней самалётаў, але затое нашмат эканамічней. Тым не менш дагэтуль сфера іх ужывання застаецца маргінальнай: рэкламныя і забаўляльныя палёты, назіранне за дарожным рухам. Дырыжаблі таксама прапануюцца ў якасці кліматычна-прымальнай альтэрнатывы самалётам.

Конны транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Два вала і адзін конь у адной запрэжцы

Выкарыстанне жывёл для перавозкі людзей і грузаў вядома са старажытных часоў. Людзі могуць ездзіць на некаторых жывёлах конна ці запрагаць паасобку ці групамі ў фурманкі (фурманкі, абозы) ці санкі для перавозкі грузаў ці пасажыраў, альбо наўючваць іх. У якасці транспартных сродкаў выкарыстоўваліся: коні, валы, сланы, вярблюды, ламы, сабакі.

Трубаправодны транспарт[правіць | правіць зыходнік]

Трубаправодны транспарт даволі незвычайны. Ён не мае транспартных сродкаў, дакладней, сама інфраструктура «па сумяшчальніцтве» з'яўляецца транспартным сродкам. Трубаправодны транспарт танней чыгуначнага і нават воднага. Ён не патрабуе вялікага персанала. Асноўны тып грузаў — вадкія (нафта, нафтапрадукты) ці газападобныя. Трубы ўкладваюць на зямлі ці пад зямлёю, а таксама на эстакадах. Рух грузу ажыццяўляюць помпавыя станцыі.

Існуюць эксперыментальныя трубаправоды, у якіх цвёрдыя сыпкія грузы перамяшчаюцца ў змяшаным з вадой выглядзе. Іншыя прыклады трубаправода для цвёрдых грузаў — пнеўмапошта, смеццеправод. Самы паўсядзённы тып трубаправоднага транспарта — вадаправод і каналізацыя.

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Спасылкі[правіць | правіць зыходнік]

Коды ў сістэмах класіфікацыі ведаў[правіць | правіць зыходнік]