Трансільванскія саксы

З Вікіпедыі, свабоднай энцыклапедыі
Этапы нямецкай каланізацыі Трансільваніі.

Трансільванскія саксы — этнічныя немцы, якія складалі асноўнае насельніцтва гістарычнай вобласці Бурцэнланд у Трансільваніі (сучасная Румынія). За ўсімі нямецкімі каланістамі ў Румыніі замацавалася назва «саксы», хоць большасць выехала не з Саксоніі, а з даліны Мозеля.

Нямецкая каланізацыя Трансільваніі разгарнулася ў сярэдзіне XII стагоддзя са згоды венгерскага караля Гезы II, які разлічваў за кошт прыцягнення нямецкіх рудакопаў развіць мясцовую горную прамысловасць. Акрамя таго, нямецкія паселішчы вакол Германштата (суч. Сібіу) павінны былі паслужыць буферам у выпадку нападу на Венгерскае каралеўства качавых орд з усходу.

Другая хваля каланізацыі пачалася ў 1211 годзе, калі каралём Андрашам II у Бурцэнланд былі запрошаны тэўтонскія рыцары, якія засталіся без справы пасля крыжовых паходаў. Для аказання адпору полаўцам яны перакрылі карпацкія перавалы крэпасцямі і замкамі, такімі, як Кранштат (суч. Брашаў). Самастойнасць рыцараў устрывожыла Андраша II, які ў 1225 годзе настаяў на іх перасяленні ў Прусію.

У 1438 годзе разам з мадзьярамі і секеямі саксы склалі саюз трох нацый, які трымаў у сваіх руках кіраванне Трансільваніяй да канца XVIII стагоддзя.

Нямецкія перасяленцы ахрысцілі Трансільванію Сяміграддзем (ням.: Siebenbürgen) па сямі пабудаваным імі ў гэтых краях замкам. Многія з крапасных пабудоў сярэдневяковых саксаў захавалі дагэтуль, а горад Шасбург (Сігішаара) як цэнтр іх культуры знаходзіцца пад аховай ЮНЕСКА ў якасці помніка Сусветнай спадчыны. У XVI стагоддзі сярод трансільванскіх немцаў распаўсюдзілася лютэранства.

Пасля пераходу кантролю над Трансільваніяй да венскіх Габсбургаў (паўстанне Ферэнца II Ракацы), сацыяльна-палітычнае становішча саксаў стала пагаршацца. Паўзучая мадзьярызацыя і акаталічванне грамадскага жыцця прымушалі нямецка-лютэранскую меншасць шукаць саюза з румынскім сялянствам.

Пасля Другой сусветнай вайны значная частка румынскіх немцаў эмігравала ў ФРГ.

Нямецкае Сяміграддзе[правіць | правіць зыходнік]

# Лютэранскі храм Нямецкая назва Румынская назва Венгерская назва
1 Бістрыц (Bistritz) Бістрыца Beszterce
2 Германштат (Hermannstadt) Сібіу Nagyszeben
3 Клаўзенбург (Klausenburg) Клуж-Напока Kolozsvár
4 Кранштат (Kronstadt) Брашаў Brassó
5 Медыяш (Mediasch) Медыяш Medgyes
6 Мюльбах (Mühlbach) Себеш Szászsebes
7 Шэсбург (Schäßburg) Сігішаара Segesvár

Гл. таксама[правіць | правіць зыходнік]

Германштат (Сібіу) — культурная сталіца трансільванскіх саксаў.
Германштат (Сібіу) — культурная сталіца трансільванскіх саксаў
.