Трапезундская імперыя
З пляцоўкі Вікіпедыя.
ТРАПЕЗУНДСКАЯ ІМПЕРЫЯ – дзяржава (1204 – 1461) на паўночным усходзе Малой Азіі, са сталіцай у горадзе Трапезунд.
Трапезундская імперыя была створаная пасля захопу Канстанцінопаля крыжакамі – удзельнікамі 4-га крыжовага паходу, пры распадзе Візантыйскай імперыі. У красавіку 1204 года ўнукі візантыйскага імператара Андроніка I Аляксей і Давыд Комніны, з дапамогай войскаў грузінскай царыцы Тамары — сваёй цёткі па кудзелі, занялі Трапезунд, а затым прыбярэжныя раёны з гарадамі: Сіноп, Амастрыда, Іраклія.
• Мануіл II • Васіль I • Ірына • Анна • Іаан III • Міхаіл • Аляксей III • Мануіл • Аляксей IV • Іаан IV
• Аляксей V • Давыд
Імператарам быў абвешчаны Аляксей (1204 – 1222); рэальна яму была падуладная ўсходняя частка імперыі з Трапезундам, а заходняя частка нахадзілася пад уладай Давыда. Імператары сталі звацца Вялікімі Комнінамі. У 1214 Трапезундская імперыя страціла Іраклію і Амастрыду, заваяваныя Нікейскай імперыяй, і Сіноп, захоплены сельджукамі. Пад уладай Трапезундскай імперыі засталася вузкая прыбярэжная паласа ў межах візантыйскай фемы Халдыя, адрэзанай ад астатняй грэчаскай тэрыторыі; засялялі яе грэкі, грузіны і армяне. Адміністрацыйна імперыя першапачаткова дзялілася на тры банды (ваенныя акругі): Трапезунд, Мацука і Гемора на чале з дуксамі або «кефаламі» (главамі, кіраўнікамі). У 14 ст. было ўжо сем банд за кошт драбнення ранейшых акруг: Трыкомія, Трапезунд, Мацука, Палеамацука, Гемора, Сірмена, Рызеон і асобная фема Вялікая Лазія. Асноўнымі гарадамі-крэпасцямі імперыі апроч сталіцы былі: Керасунт, Трыпалі, Ясоній, Месахалдыя і Лімніі.
Трапезундская імперыя падтрымлівала саюз з Грузіяй. Нікейская імперыя, а затым і адноўленая Візантыйская імперыі ніколі не прызнавалі за Вялікімі Комнінамі тытула імператара, у афіцыйных візантыйскіх дакументах яны пісаліся «уладарамі» або «архонтамі». Эканоміка імперыі засноўвалася на вінаградарстве, хлебаробстве і пасрэдніцкім гандле з Паўночным Прычарнамор'ем, Каўказам, Месапатаміяй, Сярэднім Усходам. З серабра, якое здабывалі з радовішчаў на тэрыторыі імперыі, чаканіліся трапезундскія манеты – аспры. Феадалы валодалі значнай самастойнасцю: дынаты вяршылі суд над залежнымі сялянамі (парыкамі), карысталіся правам мёртвага рукі, набіралі з сваіх людзей дружыны. У 1244 Трапезундская імперыя стала данніцай манголаў, у пачатку 14 ст. вяла барацьбу з цюркамі Ак-Каюнлу. У 1456 Трапезундскую імперыю абклалі данінай туркі-асманы, у 1461 Трапезундская імперыя была заваяваная султанам Мехметам II, які ператварыў яе ў правінцыю Асманскай імперыі.