Трэці Рым

З пляцоўкі Вікіпедыя.
Перайсці да: рух, знайсці

«Трэці Рым», «Масква — трэці Рым» — ідэалагема ў палітычнай думцы Маскоўскай дзяржавы — Расійскай імперыі.

Азначае, на думку яе стваральнікаў і карыстальнікаў, тое, што пасля падзення Канстанцінопаля («другога Рыма») яго духоўная (праваслаўная) і палітычная спадчына перайшла да Масквы (потым да Расіі), а горад Масква, пасля старажытнага Рыма і Канстанцінопаля, стаў сусветным цэнтрам і асяродкам праваслаўнай («сапраўднай») рэлігійнасці.

Значэнне і ацэнкі[правіць | правіць зыходнік]

Ідэалагема з'явілася сэнсавай асновай месіянскай канцэпцыі часоў утварэння Рускай цэнтралізаванай дзяржавы, і можа быць названая своеасаблівым пралогам да рускай філасофіі гісторыі, які ў значнай меры вызначыў месіянскі кірунак і праблематыку яе развіцця.

Ідэя «Трэцяга Рыма» з'явілася і своеасаблівым асяродкам росту расійскай нацыянальнай самасвядомасці, якая тады толькі ўзнікала.

На думку Скрыннікава, замацаванне ідэі выключнасці Масквы як «трэцяга Рыма» паспрыяла ізаляцыі Расіі ў той час, калі Расіі былі востра неабходныя культурныя і іншыя сувязі з краінамі Заходняй Еўропы.

Узнікненне[правіць | правіць зыходнік]

Ідэя пераймання Масквой візантыйскай спадчыны ўзнікла ў апошняй чвэрці 15 ст., пасля падзення Канстанцінопаля і наогул Візантыі, калі найбольшай праваслаўнай дзяржавай засталося Маскоўскае вялікае княства, якое ў гэты час няспынна нарошчвала сваю магутнасць. Вялікія князі маскоўскія паслядоўна падпарадкоўвалі сабе ўсе землі колішняй Русі, якія не ўвайшлі ў Вялікае Княства Літоўскае, а вялікі князь Іван III быў жанаты з візантыйскай цароўнай Соф'яй (Зояй) Палеалог.

Першым, на думку Скрыннікава, аформіў такую думку святар Зосіма, адзін з духоўных і кніжных людзей пры двары Алены Валашанкі, жонкі сына Івана III. Зосіма ў сваім «Выкладзе пасхаліі» («Изложение пасхалии»), пададзеным маскоўскаму сабору ў 1492, вывеў пахвальнае слова «самадзержцу» Івану III за вернасць Русі (Маскоўскай) Богу і праваслаўю. Гэта, словамі Зосімы, ператварала Маскву ў «новы Царград», а Іван III называўся ім «новым царом Канстанцінам» над «Масквой і ўсёй Рускай зямлёй і іншым многім землям гаспадара». Шлюб Івана III з візантыйскай цароўнай у творы Зосімы не ўзгадваўся.

Развіццё ідэі візантыйскай спадчыны атрымала ў «Сказанні аб князях уладзімірскіх», дзе даводзілася, што ўладзімірскія князі здаўна пародненыя з візантыйскім імператарскім домам і з'яўляюцца яго нашчадкамі; з гэтага вынікала б, што «грэчаскае» (візантыйскае) сваяцтва ўдзельнага князя Васіля не мае значэння. Абгрунтоўваючы законнасць каранацыі Дзмітрыя, унука Івана III, кніжнік склаў легенду аб візантыйскім імператары Канстанціне Манамаху, які быццам даў царскія рэгаліі («шапку Манамаха») унуку Уладзіміру Манамаху Кіеўскаму, быццам дзеля таго, каб увесь праваслаўны народ стаў пад уладу Візантыйскай імперыі і «вялікага самадзяржаўства вялікай Русі».

Нарэшце, ідэя аб перавазе маскоўскага праваслаўя над візантыйскім і аб унікальнай гістарычнай місіі Масквы набыла сваё найбольш вядомае выражэнне ў пасланні Філафея, пскоўскага манаха, да вялікага князя Васіля III (паміж 1514 і 1521). Развіваючы тэзіс аб богастаўленай еднасці ўсяго хрысціянскага свету — «Рамейскім царстве неадольным», якое склалася ў часы імператара Аўгуста, калі жыў і дзеяў Хрыстос, Філафей даводзіў, што першым сусветным цэнтрам быў стары Рым, за ім новы Рым — Канстанцінопаль, а пасля іх узнік трэці Рым — Масква: «Два Рымы палі, а трэці стаіць, а чацвёртаму не быць». Прычынай падзення Канстанцінопаля сталася, словамі Філафея, духоўная здрада, здача перад каталіцтвам, і падзенне двух царстваў ачысціла месца для Маскоўскага праваслаўнага царства. Такім чынам, на думку Скрыннікава, ідэя ўсясветнай ролі Масквы мела ў Філафея больш сакральны, чым імперскі сэнс.

Ідэі Філафея імпанавалі маскоўскаму двару, але, на думку Скрыннікава, няма доказаў таго, каб тэорыі Філафея набылі характар афіцыйнай маскоўскай дактрыны. Сам Васіль III, грэк па маці, ганарыўся сваяцтвам з візантыйскай імператарскай дынастыяй і цікавіўся грэка-італьянскай культурай, а грэкі пры вялікакняжацкім двары сустрэлі нападкі на артадаксальнасць візантыйскай царквы з абурэннем. Фактычнае засвойванне ідэі Масквы як «трэцяга Рыма» адбылося, разам з умацаваннем самаўладдзя і афіцыйнай царквы, ужо ў часы Івана IV, у часы яго найбольшых ваенных поспехаў.

Падставы[правіць | правіць зыходнік]

Ідэя, выражаная Філафеем, аб'яднала ў сабе рысы распаўсюджанай у многіх краінах тэорыі «Вечнага Рыма». У Расіі праваднікамі гэтай ідэі выступілі кніжнікі з ліку «іасіфлянаў», якія перад 1520-мі гг. занялі паноўнае становішча ў Рускай праваслаўнай царкве і ў афіцыйнай ідэалогіі. Развіваючы ідэі іасіфлянаў, фармулёўка Філафея выдзяляла ў тэорыі «Вечнага Рыма» новы аспект, які звязваў ролю Расіі як адзінай апоры праваслаўя з усясветна-гістарычным працэсам. Такім чынам, у фармулёўцы Філафея былі аб'яднаныя і выражаныя дзве фундаментальныя ідэі: пераемнасці царстваў і богавыбранасці рускага народа. Абедзве гэтыя ідэі давалі прыймальнае для свайго часу растлумачэнне гісторыі і абгрунтаванне ўзвышэння Масквы і яе месіянскай ролі ў будучыні.

Ідэя Масквы як трэцяга Рыма мела і гістарычнае абгрунтаванне. Рэлігійная свядомасць Маскоўскай Русі, арыентаваная на Канстанцінопаль як цэнтр праўдзівай веры, пацярпела глыбокі шок пасля падзення гэтага цэнтра, спачатку духоўнага (Фларэнцыйская унія), а потым палітычнага (аблога Канстанцінопаля, 1453). Грамадская думка шукала адэкватнай замены гэтаму цэнтру, і такой заменай выглядала Масква, якая «перамагала няверных, збірала рускія землі і абараняла ўсе праваслаўныя народы».

Ідэя дакладна адлюстроўвала і тагачасныя палітычныя ўмовы — заканчэнне ўдзельна-родавага перыяду развіцця і пачатак фарміравання Маскоўскай цэнтралізаванай дзяржавы, а разам з гэтым і змяненне палітычнай парадыгмы, прыход нацыянальна-дзяржаўнай палітыкі. Прыйманню ідэі спрыяў і шлюб Івана III з візантыйскай царэўнай, хоць ужо і няіснага царства — такім чынам, разам з перайманнем візантыйскай сімволікі (двухгаловы арол), Масква як бы пераймала і рэлігійную і палітычную місію Візантыі. Таксама ў той час адбылося і канчатковае вызваленне Масквы ад татарскай залежнасці.

Развіццё[правіць | правіць зыходнік]

Пачаткова ідэя «Трэцяга Рыма» мела найперш тэалагічны сэнс, звязаны з вызначэннем новай ролі расійскай царквы ў хрысціянскім свеце, яе міжнароднага становішча і яе становішча ў Расіі, ў дачыненні да царскай улады. Расійская дзяржава прызначалася гэтай ідэяй быць прытулкам «праўдзівага хрысціянства» (гл. рэлігійны правідэнцыялізм).

Але ў такой ідэі існаваў і іншы аспект, у якім праваслаўе абвяшчалася «рускім», а Расійская дзяржава — адзінай «праўдзіва хрысціянскай», і ў гэтым сэнсе — усясветнай дзяржавай. Гэты аспект быў хутка заўважаны маскоўскімі царамі, якія ўбачылі ў ідэі тое, што было сугучна іх уласным памкненням да ўмацавання палітычных пазіцый Масквы і да ўмацавання самаўладдзя (гл. самадзержац, самаўладдзе, цары маскоўскія). Новы рэлігійны статус Масквы рабіў яе цэнтрам хрысціянскага свету, а маскоўскага цара ператвараў ва «ўсетрымальніка», які не быў адказным перад людзьмі, і ні з кім не дзяліў «давераную» яму ўладу, у тым ліку і з царквой.

Такім чынам, адбылося пераарыентацыя ідэі, ад увасаблення рэлігійнага правідэнцыялізму да сродку ідэйна-палітычнага абгрунтавання ўзвышэння Масквы як дзяржавы.

З тым, як умацоўваліся асновы расійскага самаўладдзя і яго ідэалогіі, вучэнне аб Маскве як трэцім Рыме з фактара кансалідацыі нацыі ператварылася ў фактар кансерватыўна-захаваўчы, і мела значную ролю ў перыяд царкоўнага і грамадскага расколу ў Расіі канца 17 ст., калі дзяржава і афіцыйная царква выступілі за ўключэнне Расіі ў сусветны царкоўны і палітычны працэс, але не былі падтрыманыя значнай часткай народу, які захаваў вернасць ідэі «Святой Русі». У гэты перыяд ідэя Масквы як трэцяга Рыма выражалася ў апошні раз непасрэдна народам і ў сваім пачатковым выглядзе, пасля чаго пасланні Філафея пераважна існавалі ў складзе стараабрадніцкай літаратуры. На працягу пэўнага часу ідэя заставалася незапатрабаванай, але пазней была паўторна ўведзеная ў абарот у выглядзе ідэі рускага месіянізму, якая развівалася ўжо ў іншай сістэме філасофскіх поглядаў.[1]

Зноскі

  1. Новікава, Сіземская. Руская філасофія гісторыі.

Літаратура[правіць | правіць зыходнік]

  • Скрынников Р. Третий Рим.
  • Новикова Л., Сиземская И. Русская философия истории.